Аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі

On Human Rights Violations in Belarus (AP Photo)

Выступ Амбасадара Джэймса С. Гілмара
на пасяджэнні Пастаяннага савета ў Вене
19 лістапада 2020 года

Дзякуй, спадар Старшыня.

Еўрапейскі саюз мае рацыю. І мы падтрымліваем іх заяву. Права на мірныя сходы – гэта тое права, якое амерыканцы заўзята абараняюць. Але рэч не толькі ў гэтым, спадар Старшыня. Гэта права, якое абавязалася адстойваць кожная дзяржава-ўдзельніца, якая прадстаўлена ў гэтай зале. Таму я з жахам пачуў паведамленні пра маладога беларуса, які быў забіты на мінулым тыдні за рэалізацыю права на мірны пратэст. Уначы 11 лістапада на мінскай Плошчы Перамен трыццаціаднагадовы Раман Бандарэнка быў жорстка збіты і арыштаваны прадстаўнікамі сілавых структур у масках. Пасля некалькіх гадзін утрымання пад вартай, на працягу якіх, як паведамляецца, ён быў падвергнуты дадатковаму сур’ёзнаму гвалту з боку сілавых структур, Бандарэнка быў у непрытомным стане пераведзены ў бальніцу, дзе на наступны дзень памёр ад траўмаў галавы і калапса лёгкага. Раману быў толькі 31 год, і ягоным суайчыннікам нават не дазволілі публічна аплакваць яго смерць, бо 15 лістапада сілавікі ўжылі гвалт для разгону і арышту больш за 1200 чалавек, а потым нахабна разбурылі народныя мемарыялы ў Мінску і па ўсёй краіне.

На жаль, выпадак з Раманам не адзінкавы. У той самы дзень, калі загінуў Бандарэнка, беларускія ўлады абвясцілі аб прыпыненні на тры месяцы расследавання смерці Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў пасля таго, як супрацоўнікі міліцыі, відавочна, стрэлілі ў яго. Справа спадара Тарайкоўскага была згаданая ў дакладзе Маскоўскага механізму. Гэтыя жудасныя выпадкі дадаюць усё больш доказаў беспакаранасці, з якой беларускія сілавыя структуры праводзяць жорсткае падаўленне мірных дэманстрантаў і журналістаў, а таксама іх бязлітасных злоўжыванняў у дачыненні да затрыманых.

Паводле пэўных звестак, больш за 100 палітычных зняволеных у цяперашні час ўтрымліваюцца ў Беларусі за ажыццяўленне правоў чалавека і асноўных свабод: за мірны ўдзел у акцыях пратэсту, заклікі да правядзення свабодных і сумленных выбараў і адстойванне нацыянальнага дыялогу для спынення бягучага палітычнага крызісу. Гэтыя палітычныя зняволеныя ўтрымліваюцца ў жорсткіх і небяспечных для жыцця ўмовах і падвяргаюцца фізічным злоўжыванням, у тым ліку, паводле пэўных паведамленняў, катаванням. Яны сярод дзясяткаў тысяч чалавек, якія былі несправядліва затрыманыя з моманту пачатку рэпрэсій больш за тры месяцы таму.

Спадар старшыня, ці верыць хто-небудзь у тое, што народ Беларусі паслухмяна вернецца да жыцця пры рэжыме і ў краіне, якая здзяйсняе падобныя злачынствы ад яго імя? Гэта рашэнне ўсё яшчэ наперадзе. Вы можаце прыгадаць, што 5 лістапада, усяго два тыдні таму, дакладчык Маскоўскага механізма доктар Бенедэк праінфармаваў Пастаянны савет пра жудасную сітуацыю ў Беларусі. Выглядае так, што з таго часу нічога не змянілася.

Мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады выканаць рэкамендацыі даклада Маскоўскага механізма аб правядзенні новых выбараў з міжнароднымі назіральнікамі і спыненні гвалту супраць мірных дэманстрантаў. Мы па-ранейшаму заклікаем Беларусь вызваліць усіх палітвязняў, журналістаў і ўсіх несправядліва затрыманых і ўступіць у змястоўны дыялог з Каардынацыйнай радай і беларускай грамадзянскай супольнасцю. Вызваленне з-пад варты члена Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай – важны крок на шляху да нацыянальнага дыялогу. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць яе. Я ўзгадваю, спадар старшыня, іронію адносна гэтых страшных злачынстваў, якія адбываюцца ў Беларусі з мэтай падаўлення грамадзян Беларусі, і нагадваю ўсім, што мы толькі што скончылі абмеркаванне Нюрнбергскага працэсу і таго, як людзі, якія здзяйсняюць такога кшталту злачынствы, у рэшце рэшт прыцягваюцца да адказнасці. Калі не нацыянальным судом, то міжнародным.

У заключэнне я хацеў бы выказаць салідарнасць са Злучаным Каралеўствам і асудзіць пераслед і выгнанне з Беларусі двух брытанскіх дыпламатаў 9 лістапада. Гэтыя неабгрунтаваныя дзеянні беларускіх уладаў – толькі апошняя з іх спроб адцягнуць увагу ад бесперапынных рэпрэсій супраць іх суграмадзян-беларусаў, якія мужна імкнуцца да справядлівасці і дэмакратыі.

 

Дзякуй, спадар Старшыня.