У гэтым годзе дыпламатычным адносінам паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Рэспублікай Беларусь спаўняецца дваццаць пяць год. З моманту іх усталявання ў 1991 годзе Злучаныя Штаты цвёрда падтрымлівалі незалежнасць і суверэнітэт Беларусі на шляху да большай дэмакратыі і дабрабыту.
На працягу гэтых дваццаці пяці год Злучаныя Штаты і Беларусь сумесна працавалі над умацаваннем еўрапейскай і сусветнай бяспекі. Мы віталі прынятае Беларуссю ў 1994 годзе гістарычнае рашэнне адмовіцца ад ядзернай зброі, якое было значным унёскам у ядзернае разбраенне, і яшчэ раз пацьвердзілі гарантыі бяспекі Беларусі, зафіксаваныя ў Будапешцкім мемарандуме ад 5 снежня 1994 г. У якасці часткі Паўночнай сеткі размеркавання Беларусь садзейнічала дзеянням ЗША і НАТА ў Аўганістане. Злучаныя Штаты таксама дапамагаюць умацаванню бяспекі ядзерных і радыялагічных матэрыялаў у Беларусі і супрацоўнічаюць з беларускімі ўладамі па выяўленні такіх матэрыялаў на межах Беларусі.
З 1991 года Злучаныя Штаты выдаткавалі амаль 250 мільёнаў долараў на падтрымку развіцця дэмакратыі і эканомікі. Мы супрацоўнічаем з шырокім колам няўрадавых арганізацый, каб пашырыць іх магчымасці па падтрымцы і адстойванні інтарэсаў мясцовых супольнасцяў па ўсёй Беларусі.
За гэтыя гады тысячы беларусаў наведалі Злучаныя Штаты ў рамках адукацыйных і прафесійных праграм абменаў. У сваю чаргу амерыканскія эксперты, выкладчыкі і настаўнікі прыязджалі ў Беларусь для абмену ведамі з мясцовымі калегамі. Мы арганізавалі прыезд у Беларусь мноства амерыканскіх артыстаў і спартоўцаў для сумеснай працы з беларусамі і выступаў перад мясцовымі аўдыторыямі. У 2015 годзе аркестр Ваенна-паветраных сіл ЗША ў Еуропе ўзяў ўдзел у святочным парадзе з нагоды 70-ай гадавіны Перамогі ў Мінску.
Злучаныя Штаты спадзяюцца на ўзмацненне адносінаў на карысць інтарэсаў абедзвюх краін.