Больш за 1500 палітвязняў у Беларусі

Заява Дзяржсакратара Энтані Дж. Блінкена
20 мая 2023 г.

Напярэдадні Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі мы асуджаем рэжым Лукашэнкі ў Беларусі за несправядлівае ўтрыманне больш за 1500 палітвязняў.

Гэтыя мужчыны і жанчыны былі арыштаваныя і зняволеныя за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека і асноўных свабод, імкнучыся да дэмакратыі ў Беларусі, выказваючы пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў або выступаючы супраць вайны Расіі ва Украіне. Многія з судовых працэсаў праходзілі за зачыненымі дзвярыма, без магчымасці грамадскага кантролю або падсправаздачнасці. Cем’і палітвязняў, іх сябры, калегі і іншыя людзі кожны дзень жывуць з думкай аб тым, што іх блізкія пакутуюць за кратамі. Нядаўна ўлады Беларусі прыбегнулі да спынення любых кантактаў са знешнім светам для палітвязняў Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Алеся Бяляцкага, Ігара Лосіка. Сем’і і законныя прадстаўнікі многіх палітвязняў на працягу некалькіх месяцаў не мелі магчымасці з імі звязацца або пацвердзіць, дзе яны ўтрымліваюцца. На жаль, імёны большасці палітвязняў малавядомыя.

Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненні да будучыні, заснаванай на вяршэнстве закона, павазе да правоў чалавека, і падсправаздачным, дэмакратычна абраным урадзе. Мы паўтараем моцнае жаданне пабачыць неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца рэжымам Лукашэнкі, і заклікаем Беларусь да выканання сваіх міжнародных прававых абавязацельстваў, а таксама абавязацельстваў па выкананні правоў чалавека і асноўных свабод у якасці дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Злучаныя Штаты адданыя справе садзейнічання прыцягненню да адказнасці тых, хто здзяйсняе парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, і да падвышэння коштаў такіх парушэнняў выкарыстоўваючы візавыя абмежаванні і санкцыі.