Выступленне Часовага паверанага Скота Роланда на адкрыцці выставы “Перазвон стагоддзяў” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

Мы сабраліся сёння тут, каб адзначыць стагоддзе ад пачатку Першай сусветнай вайны, каб ушанаваць памяць тых, хто ваяваў на той вайне за свабоду і свае краіны. Мы тут, каб ушанаваць нашу агульную гісторыю і каштоўнасці.

Мы рады прадставіць вам экспазіцыю амбасады ЗША «Першая сусветная вайна ў амерыканскіх плакатах, кнігах, фільмах і музыцы.” Экспазіцыя расказвае пра ўнёсак Злучаных Штатаў у саюзную перамогу і распавядае аб адной з найбольш важных падзей 20 стагоддзя – Вялікай вайне.

Гэтая калекцыя, якая ўключае 26 рэпрадукцый амерыканскіх плакатаў, апублікаваных падчас вайны, сорак дзве ўнікальныя кнігі, мастацкія і дакументальныя фільмы, а таксама музычныя творы аб Першай сусветнай вайне, аддае даніну памяці дзясяткам тысяч салдат, якія загінулі далёка ад дому на тэрыторыі краін, што супрацьстаялі нападу германскіх войскаў, і тым, хто набліжаў перамогу, працуючы дома, у ЗША.

У выніку беспрэцэдэнтнага загада урада, амерыканская прамысловасць была мабілізаваная для вытворчасці зброі, абсталявання, боепрыпасаў і прадуктаў харчавання. Амаль мільён жанчын папоўнілі шэрагі рабочых. Сотні тысяч афраамерыканцаў пераехалі з поўдня на поўнач, каб працаваць на заводах.

Два мільёны амерыканцаў пайшлі ў войска добраахвотнікамі, амаль тры мільёны былі прызваныя. Больш за 350, 000 афраамерыканцаў служылі ў асобных падраздзяленнях. Упершыню ў строй ўсталі жанчыны. Амаль 13 тысяч з іх служылі на флоце і ў марской пяхоце. Больш за 20 тысяч жанчын служылі ў медыцынскіх частках арміі і флоту. Злучаныя Штаты страцілі ў Першай сусветнай вайне 116 тысяч 516 вайскоўцаў. Яшчэ 205 тысяч 690 былі параненыя.

Прэзідэнт Вудра Вільсан сказаў у 1917 годзе: «Неабходна зрабіць свет бяспечным для дэмакратыі. Мір ва ўсім свеце павінен грунтавацца на выпрабаваным падмурку палітычнай свабоды”. Сёння, як ніколі, мы павінны памятаць пра пакуты таго часу і ўрэгуляваць канфлікты, каб пазбегнуць падобнай агоніі ў сучаснасці і ў будучыні.

Я хацеў бы падзякаваць Нацыянальнай бібліятэцы і грамадскаму аб’яднанню «Зялёны Крыж» за ідэю, арганізацыю і правядзенне гэтага мерапрыемства.