6-10 мая адбыўся візіт у Беларусь аркестра Ваенна-паветраных сіл ЗША ў Еўропе. Удзел аркестра ў святкаванні Дня Перамогі засведчыў прызнанне ролі Савецкага Саюза у разгроме нацызму і пераможным заканчэнні Другой сусветнай вайны. Выступленне амерыканскіх вайскоўцаў пакінула незабыўныя ўражанні беларускім гледачам, якія прысутнічалі на іх канцэртах у Брэсце і Мінску ці сачылі за трансляцыяй парада Перамогі.
Беларусаў асабліва ўразілі кампазіцыі па матывах беларускіх народных песень, брадвейскія хіты і мелодыі з галівудскіх фільмаў. Пасля выступленняў гледачы доўга не адпускалі артыстаў са сцэны, жадаючы пагутарыць і сфатаграфавацца з музыкантамі і дырыжорам. Кульмінацыяй візіту стаў удзел аркестра ў парадзе на Дзень Перамогі. Гэта было першае з’яўленне амерыканскіх вайскоўцаў на парадзе за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.