ЗАЯВА ВЕДАНТА ПАТЭЛЯ, ПЕРШАГА НАМЕСНІКА ПРЭС-САКРАТАРА
25 сакавіка 2023 года
Сёння мы разам з беларусамі ўсяго свету адзначаем Дзень Волі. Гэты дзень ушаноўвае дэмакратычную спадчыну першай незалежнай беларускай дзяржавы, створанай у 1918 годзе пасля 150 гадоў пад расійскай акупацыяй.
Нягледзячы на саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны, адважныя беларусы працягваюць адстойваць незалежную, стабільную і дэмакратычную будучыню для Беларусі. Перад тварам жорсткіх і сістэмных рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць усіх слаёў беларускага грамадства беларускі дэмакратычны рух і грамадзянская супольнасць па-ранейшаму мужна рухаюцца наперад да свабоднай Беларусі.
Учора Злучаныя Штаты распачалі дзеянні, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да беларускага народа і за садзейнічанне недапушчальнай вайне Расійскай Федэрацыі супраць Украіны. Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла аб санкцыйных дзеяннях у дачыненні да дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватных асоб, якія аказваюць падтрымку гвалтоўным дзеянням рэжыму. Адначасова мы абвясцілі аб увядзенні візавых абмежаванняў у дачыненні яшчэ да 14 асоб у адпаведнасці з прэзідэнцкай пракламацыяй 8015 за іх дачыненне да падрыву дэмакратыі.
Мы таксама робім крокі па ўмацаванні падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Урад ЗША мае намер пачаць усёабдымны Стратэгічны дыялог з беларускім дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасцю па актуальных тэмах, цікавых для абодвух бакоў.
У Дзень Волі мы пацвярджаем даўнюю палітыку Злучаных Штатаў па падтрымцы дэмакратычнай, суверэннай і стабільнай Беларусі. Гэтая прыхільнасць непахісная, не залежная ад партыйнай прыналежнасці, і трывала ўкаранёная ў каштоўнасцях нашай нацыі. Адміністрацыя Байдэна цалкам падтрымлівае гэтую палітыку, як і ўсе прэзідэнты ЗША на працягу больш за 30 гадоў.
Мы прысвячаем гэты дзень свабодзе амаль 1,5 тысячы палітвязняў рэжыму Лукашэнкі і свабодзе ўсіх беларусаў, якія заслугоўваюць таго, каб стварыць сваю будучыню, вольную ад лукашэнкаўскіх рэпрэсій і пуцінскага прымусу.