Рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі аб ліквідацыі ўсіх беларускіх незалежных прафсаюзных арганізацый — Беларускага незалежнага прафсаюза, Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Свабоднага прафсаюза беларускага, Свабоднага прафсаюза металістаў і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — чарговы напад на свабоду беларусаў, спроба падавіць грамадзянскую супольнасць і абараніць рэжым, напалоханы сілай сваіх уласных грамадзян.
Крокі па роспуску незалежных прафсаюзаў пазбавяць прыкладна 10 000 беларускіх рабочых якой-кольвек дзейснай магчымасці абараніць сябе ці свае сем’і ад дыктатарскага рэжыму. Такія дзеянні замацоўваюць сістэму, у якой законы цынічна выкарыстоўваюцца для абароны ўлады нямногіх замест абароны правоў усяго беларускага народа. На працягу двух дзесяцігоддзяў ААН і міжнародныя арганізацыі працы асуджалі парушэнні правоў працоўных у Беларусі, гэтыя арганізацыі часта называлі Беларусь адным з горшых парушальнікаў правоў працоўных у свеце. Апошнія рашэнні не толькі пагаршаюць становішча працоўных беларусаў, але і цалкам выкрываюць фікцыю аб тым, што ў рэжыма ёсць іншыя мэты, акрамя абароны сваіх уласных эгаістычных інтарэсаў за кошт народа Беларусі. Гэтыя дзеянні паказваюць, што рэжым разумее, што цяжкі стан беларускай эканомікі ва ўмовах міжнародных санкцый можа выклікаць значную незадаволенасць сярод працоўнага класа.
Знішчаючы незалежны працоўны рух, рэжым Лукашэнкі працягвае знішчаць беларускую грамадзянскую супольнасць. Тым не менш, Злучаныя Штаты разам са сваімі саюзнікамі і партнёрамі будуць працягваць падтрымліваць унутры Беларусі і за яе мяжой тых, хто змагаецца за правы працоўных і імкнецца да суверэннай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні для народа Беларусі.