Сёння ўвага ўсяго свету прыкаваная да Украіны, якая 24 жніўня адзначае 31-ю гадавіну сваёй незалежнасці. Сёння ж спаўняецца шэсць месяцаў з моманту поўнамаштабнага, несправакаванага ўварвання Расіі. Украіна падвяргаецца нападу Расіі з 2014 года. Ужо паўгода Украіна вытрымлівае масіраваныя бамбардзіроўкі, аблогі гарадоў і зверствы супраць свайго народа. Украіна змагаецца за тое, каб абараніць не толькі сваю дэмакратыю, але і само выжыванне як незалежнай краіны. Але наступствы вайны Расіі не абмяжоўваюцца Украінай. Незалежная будучыня як Украіны, так і Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за экспансіянісцкай, імперыялістычнай палітыкі Расіі.
Народ Беларусі, як і народ Украіны, імкнецца да будучыні, заснаванай на захаванні суверэнітэту сваёй краіны, дэмакратычных прынцыпах і вяршэнстве закона. Але выключная засяроджанасць рэжыму Лукашэнкі на захаванні ўлады падарвала беларускі суверэнітэт і аддала беларускую тэрыторыю, паветраную прастору і інфраструктуру на службу вайсковым патрэбам Расіі. Саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны і садзейнічанне ёй супярэчаць волі беларускага народа.
Санкцыі працягваюць зніжаць баявыя магчымасці Пуціна. Тым часам, украінскія войскі паспяхова абараняюць сваю краіну, а ўкраінскі народ згуртаваны як ніколі.
Ад амерыканскіх вуліц да Майдана, ад Капіталійскага ўзгорка да Савета Еўрапейскага Саюза — шырокая падтрымка Украіны прадэманстравала, што несправакаваныя напады на суверэнныя, незалежныя дзяржавы не застануцца без адказу і будуць каштаваць вельмі дорага — як для Расіі, так і для рэжыму Лукашэнкі. Злучаныя Штаты і іх саюзнікі і партнёры па ўсім свеце згуртаваныя як ніколі.
Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года беларускі народ прадэманстраваў выключную стойкасць у падтрыманні дэмакратычнага руху цаной вялікіх асабістых ахвяр. З 24 лютага 2022 года беларускія дэмакратычныя сілы ясна далі зразумець, што беларускі народ выступае супраць уварвання Расіі ва Украіну, супраць садзейнічання рэжыму Лукашэнкі ў гэтай вайне і супраць спроб зняважыць суверэнітэт і незалежнасць абедзвюх краін. Беларускія добраахвотнікі змагаюцца плячо ў плячо з украінскімі войскамі, абараняючы ўкраінскую тэрыторыю. Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці збіраюць гуманітарную дапамогу і дастаўляюць яе ў падтрымку ўкраінскага народа, а беларусы прымаюць захады, каб перашкодзіць транспарціроўцы праз беларускую тэрыторыю ва Украіну расійскіх боепрыпасаў і ваенных.
Злучаныя Штаты будуць працягваць дамагацца прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за абуральныя парушэнні правоў чалавека, уключаючы зняволенне больш за 1300 палітычных вязняў. Мы таксама будзем цвёрда стаяць на тым, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну.