Выступ амбасадара Майкла Карпентэра
Пастаянны савет, Вена
11 мая 2023 года
Дзякуй вам, прафесар Асенсіа, за тое, што далучыліся да нас сёння, і за ваш падрабязны даклад.
Вобразы сотняў тысяч беларусаў, якія мірна выходзілі на вуліцы ад маленькіх вёсак да бульвараў Мінска на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі рэжымам Лукашэнкі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, не магчыма забыць. Рэжым не забыў іх дакладна. Праз страх рэжыму перад уласнай нелегітымнасцю людзей па-ранейшаму рэгулярна пераследуюць за ўдзел у дэманстрацыях. Менавіта таму беларускія ўлады прыступілі да так званых «рэформаў» (оруэлаўскі тэрмін), якія, як адзначаецца ў вашым дакладзе, «утвараюць адзінае цэлае… палітычна матываваных рэпрэсій». Толькі на гэтым тыдні беларускі блогер Мікалай Клімовіч памёр у турме пад Віцебскам пасля таго, як яму адмовілі ў лячэнні хваробы сэрца. Яго злачынства? Публікацыя ў сацыяльных сетках сатырычнай карыкатуры на Аляксандра Лукашэнку.
На такіх форумах, як АБСЕ, Беларусь часта заяўляе, што яе ўнутраныя справы нікога больш не тычацца. Але падпісалася яна пад іншым. Насамрэч, у Капенгагенскім дакуменце 1990 года ўсе дзяржавы-ўдзельніцы пагадзіліся з тым, што «абарона і заахвочванне правоў чалавека і асноўных свабод з’яўляецца адной з асноўных мэт урада». І як ад сябра Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, ад Беларусі чакаецца выкананне Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Аднак лічбы кажуць пра іншае. Улічваючы, што на сённяшні дзень у краіне каля 1500 палітычных зняволеных, і ў Камітэт ААН па правах чалавека за апошнія два гады на Беларусь накіравана больш за 120 скаргаў, Беларусь у адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах атрымлівае большую колькасць скаргаў, чым любая іншая краіна.
Пераканаўчы даклад доктара Асенсіа выявіў сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія адбываюцца на рэгулярнай аснове, уключаючы рэгулярнае ўжыванне катаванняў у дачыненні да затрыманых; бесчалавечныя і прыніжаючыя чалавечую годнасць умовы ўтрымання ў турмах; беспакаранасць за злоўжыванні і парушэнні; а таксама адсутнасць незалежнай судовай сістэмы і справядлівых судовых разглядаў. Шырока паведамляецца, што ўмовы ўтрымання больш цяжкія для палітычных зняволеных, многія з якіх не могуць атрымаць базавую медыцынскую дапамогу.
У сённяшняй Беларусі ні ў чым нельга быць упэўненым. Паведамляецца, што проста размаўляць па-беларуску на вуліцы дастаткова, каб цябе спынілі і арыштавалі. Як адзначаецца ў дакладзе, у Беларусі дзейнічае закон Аб супрацьдзеянні экстрэмізму, які тлумачыцца настолькі шырока, што дысідэнтаў і мірных палітычных актывістаў рэгулярна арыштоўваюць як «экстрэмістаў». У дакладзе ўдакладняецца, што на канец сакавіка 2023 года ва ўрадавым спісе асоб, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці», налічвалася 2637 чалавек. Цяпер гэты спіс вырас да больш чым 2755 чалавек. Нікога не здзівіць, што асноўную частку гэтага спісу складаюць палітолагі, журналісты, палітычныя актывісты, праваабаронцы, кіраўнікі некамерцыйных арганізацый і прадстаўнікі прафсаюзаў. Узяўшы прыклад з крамлёўскай прапаганды, Беларусь таксама спрабуе здушыць іншадумства і апазіцыйны рух, ілжыва прыраўноўваючы іх да нацызму ці фашызму. Гэта відавочная прыкмета таго, наколькі рэжым баіцца любой крытыкі.
Нядаўнія так званыя «канстытуцыйныя рэформы», якія таксама нагадваюць дзеянні Расіі ва Украіне, абавязваюць бацькоў рыхтаваць сваіх дзяцей да «грамадска карыснай працы» і караюць за іх невыкананне пагрозай забраць дзяцей. Закон Аб масавых мерапрыемствах ад 24 траўня 2021 года забараняе журналістам асвятляць несанкцыянаваныя дэманстрацыі і разглядае іх як удзельнікаў такіх мерапрыемстваў, што яшчэ больш знішчае незалежныя СМІ. Гэты закон прымяняецца да любых палітычных сходаў, і за апошнія два гады асацыяцыям або рухам, якія прапагандуюць прадэмакратычныя ідэі або ўспрымаюцца рэжымам як палітычныя апаненты, дазволу на дэманстрацыі не выдавалася. У дакладзе адзначаецца, што, у цэлым, гэтыя заканадаўчыя змены даюць ураду «беспрэцэдэнтны арсенал заканадаўства, закліканага прадухіліць любую форму апазіцыі або, прасцей кажучы, любую альтэрнатыву».
У дакладзе адзначаецца, што ў дамы да людзей меркаваных незалежных поглядаў супрацоўнікі паліцыі ўваходзілі з прымяненнем сілы, і выкарыстоўвалі пагрозы сексуальнага гвалту або пазбаўлення бацькоўскай апекі, каб прымусіць даць паролі да тэлефонаў. Гэтыя ператрусы і наступныя арышты і затрыманні, відаць, з’яўляюцца часткай заяўленай Лукашэнкам мэты поўнай «чысткі» – гэта значыць поўнага знішчэння – грамадзянскай супольнасці.
Рэжым Лукашэнкі таксама стварае варварскія ўмовы ўтрымання беларускіх дысідэнтаў і прымушае іх насіць адметны знак у турме. Возьмем выпадак Віктара Барбарыкі, былога кандыдата ў прэзідэнты, чыё цяперашняе месцазнаходжанне застаецца невядомым пасля таго, як ён быў тэрмінова дастаўлены ў бальніцу для экстраннай аперацыі з прыкметамі збіцця ў ізалятары. Злучаныя Штаты заклікаюць улады неадкладна прадаставіць сям’і і адвакату доступ да спадара Бабарыкі. Гэта падкрэслівае нашу заклапочанасць з нагоды жахлівых, бесчалавечных умоў, у якіх палітычныя зняволеныя ўтрымліваюцца – і ў вышэйзгаданым выпадку Мікалая Клімовіча, паміраюць у зняволенні. Беларускія ўлады павінны прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў, і тыя, хто парушае гэтыя абавязацельствы, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці.
Мы таксама асуджаем вынесеныя на мінулым тыдні прысуды тром стваральнікам і рэдактарам СМІ NEXTA: Раману Пратасевічу, Сцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку, якія атрымалі ад 8 да 20 гадоў турэмнага зняволення проста за выкананне сваіх журналісцкіх абавязкаў. Хто можа забыцца, што, нахабна парушыўшы міжнароднае права і бяспеку палётаў, у маі 2021 года беларускія ўлады перанакіравалі рэйс Ryanair з Афін у Вільню з адзінай мэтай арыштаваць Пратасевіча і ягоную спадарожніцу Соф’ю Сапегу?
Калі трэба яшчэ доказы таго, што ў Беларусі няма вяршэнства закона, то яе ўласныя змены ў Канстытуцыю, прынятыя 27 лютага 2022 года, увялі новае палажэнне аб тым, што Беларусь «павінна выключаць акты вайсковай агрэсіі супраць іншых дзяржаў са сваёй тэрыторыі». Цынічнае ўвядзенне гэтага палажэння ў той час, калі Беларусь наносіла ўдар у спіну сваёй суседцы Украіне, з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што ўнутраныя рэпрэсіі і знешняя агрэсія – два бакі аднаго медаля. Тысячы беларусаў выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць удзелу свайго ўрада ў вайне Крамля, але больш за 1500 з іх былі арыштаваныя.
На жаль, рэжым Лукашэнкі яшчэ больш апусціўся да статусу ізгоя. Сэрца разрываецца бачыць, як простых грамадзян душыць бот паліцэйскай дзяржавы Лукашэнкі ў краіне з гонарам, якая так шмат пацярпела падчас Другой сусветнай вайны і пры савецкай уладзе, і ў грамадстве, якое так смела выказвала сваю нацыянальную ідэнтычнасць і грамадзянскую свядомасць. Намаганні рэжыму па знішчэнні любых слядоў незалежнай грамадзянскай супольнасці або незалежнага мыслення вяртаюць краіну ў цемру мінулага, а не ў светлую будучыню, якая магла б надысці, калі б паважаліся пажаданні народа Беларусі.
Спадар старшыня, у заключэнне мы заклікаем рэжым Лукашэнкі выканаць рэкамендацыі дакладу неадкладна вызваліць палітычных зняволеных; забяспечыць годныя ўмовы ўтрымання пад вартай і неадкладна прадаставіць медыкаменты і доступ да медыцынскага абслугоўвання ўсім асобам, якія знаходзяцца ў месцах утрымання пад вартай; выконваць гарантыі справядлівага судовага разбору і іншыя прыдатныя сродкі прававой абароны і скараціць выкарыстанне закрытых судовых працэсаў і пагадненняў аб неразгалошванні, накіраваных на тое, каб сем’і і грамадскасць не даведаліся пра гэтыя справы; і падтрымліваць палажэнні Канстытуцыі Беларусі, гарантуючы, што Беларусь «выключыць акты ваеннай агрэсіі супраць іншых дзяржаў са сваёй тэрыторыі». Мы таксама заклікаем прыцягнуць да адказнасці ўсіх тых, хто парушаў правы чалавека сваіх суграмадзян.
Спадар старшыня, я перакананы, што дэмакратычныя сілы Беларусі, узначаленыя Святланай Ціханоўскай, мірым чынам пракладуць шлях да больш гуманнай, дэмакратычнай будучыні для сваёй краіны. Аднойчы Беларусь будзе свабоднай. Пытанне ў тым, колькім людзям прыйдзецца пацярпець, перш чым гэты дзень надыдзе.
###