23-30 кастрычніка Павераны ў справах ЗША Скот Роланд узяў удзел у тыднёвай акцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі “UN70 Беларускі Экспрэс: на шляху да партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця”. Акцыя была прымеркаваная да 70-годдзя стварэння ААН, сярод заснавальнікаў якой былі Злучаныя Штаты і Беларусь. На шляху следавання спецыяльнага цягніка, які наведаў Мінск, Гродна, Гомель, Віцебск і Магілёў, сп. Роланд разам з прадстаўнікамі дзяржаў-членаў ААН і Беларускага ўрада, грамадзянскай супольнасці, прыватнага сектара, а таксама дзеячамі мастацтва браў удзел у публічных мерапрыемствах пад эгідай ААН і Амбасады ЗША. Сярод іх – выступленні амерыканскага кантры-гурта “Blended 328”. Амерыканскія выканаўцы з Нэшвіла, штат Тэнэсі, якія ў сваёй творчасці падкрэсліваюць універсальныя каштоўнасці разнастайнасці, талерантнасці і міру, былі цёпла прынятыя беларускай публікай.
У Гомелі і Віцебску кiраўнiк амбасады ЗША перадаў мясцовым бібліятэкам 3D-прынтары і рэсурсы творчых лабараторый. Ён таксама наведаў Спецыяльную Школу # 5 у Гомелі, дзе прадставіў калекцыю кніг для развіцця дзіцячай творчасці. У межах сумесных мерапрыемстваў Скот Роланд ўзяў удзел у прэзентацыях партнёрскіх грамадскіх арганізацый, якія дэманстравалі прыклады паспяховага супрацоўніцтва паміж ЗША і Беларуссю і акрэслівалі перспектывы будучых сумесных праектаў.