Кароткі агляд
У адпаведнасці з Канстытуцыяй, кожны грамадзянін мае права прытрымлівацца любых рэлігійных перакананняў, аднак рэлігійная дзейнасць, накіраваная супраць суверэнітэту дзяржавы, яе канстытуцыйнага ладу і “грамадзянскай згоды” знаходзіцца пад забаронай. Згодна з умовамі Пагаднення, Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) валодае правамі і прывілеямі, якіх не маюць іншыя рэлігійныя арганізацыі, а закон замацоўвае “вызначальную ролю БПЦ” і гістарычнае значэнне “традыцыйных канфесій”: каталіцтва, іўдаізму, ісламу і евангелічнага лютэранства. У адпаведнасці з патрабаваннямі закона, любая рэлігійная дзейнасць незарэгістраваных арганізацый забароненая, а ўсе зарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі абавязаныя атрымаць дазвол на распаўсюд свайго вучэння, правядзенне мерапрыемстваў за межамі сваіх памяшканняў, а таксама зараней атрымаць дазвол уладаў на ўвоз и распаўсюд рэлігійнай літаратуры. Цягам года пакаранне за дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных арганізацый стала больш жорсткім і штрафныя санкцыі былі замененыя пазбаўленнем волі тэрмінам да двух год.
Улады працягвалі выкарыстоўваць законы, якія рэгулююць правядзенне “масавых мерапрыемстваў”, у якасці інструмента пераследу прадстаўнікоў духавенства і чальцоў рэлігійных арганізацый, што ўдзельнічалі ў дэмакратычным руху, які распачаўся пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, а таксама ў пратэстах супраць уварвання Расіі ва Украіну. За ўдзел у такіх пратэстах, а таксама ў сувязі з правядзеннем несанкцыянаваных хрышчэнняў, размяшчэннем у сацыяльных сетках матэрыялаў польскага тэлеканала, які рэжым абвясціў “экстрэмісцкім”, і публічнай дэманстрацыі наратываў палітычнай апазіцыі многія рэлігійныя лідары былі затрыманыя. Праваабарончыя арганізацыі заяўлялі, што ўлады абмяжоўвалі доступ святароў у турмы і адмаўлялі ім у магчымасці наведваць некаторых палітзняволеных. Паводле слоў назіральнікаў, сачэнне за зарэгістраванымі і незарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі працягвалася, у тым ліку і шляхам маніторынгу сацыяльных сетак. Пасля пажару, які адбыўся ў верасні, ўлады выгналі парафіян і пазбавілі іх магчымасці доступу ў касцёл Святых Сымона і Алены ў Мінску. Будынак касцёла з’яўляецца аб’ектам шматгадовых падатковых і маёмасных спрэчак паміж дзяржавай і каталіцкай царквой. У верасні царкве “Новая жизнь”, якая цягам многіх год вяла з уладамі падатковыя спрэчкі, было забаронена праводзіць набажэнствы на паркоўцы ля будынка, які да лютага 2021, калі адбылося выгнанне вернікаў, належаў царкве.
У той час калі мітрапаліт Веніямін у сваіх заявах датычна расійскага ўварвання ва Украіну прытрымліваўся нейтральнай пазіцыі, кіраўніцтва БПЦ больш нізкага ўзроўню падтрымала расійскую прапаганду вайны.
У сацсетках і анлайн-каментарах да навінавых атрыкулаў мясцовых СМІ з’яўляліся асобныя выказванні антысеміцкага характару, але паходжанне некаторых з іх не выло зразумелае. Шэраг рэлігійных арганізацый паведамлялі пра выпадкі вандалізму ў дачыненні да іх уласнасці. Міжканфесійныя хрыясціянскія групы працягвалі супрацу над адукацыйнымі і дабрачыннымі праектамі, праводзілі семінары на тэму міжрэлігійных і міжкультурных традыцый, а таксама на іншыя тэмы.
Часовы павераны ў справах і іншыя супрацоўнікі Амбасады ЗША займаліся пытаннямі свабоды веравызнання, у тым ліку датычнымі рэгістрацыі рэлігійных абшчын, ціску з боку дзяржавы на прадстаўнікоў духавенства, свабоды выражэння рэлігійных перакананняў, свабоды выражэння думак святарамі, якія бралі ўдзел у дзейнасці, прызнанай уладамі палітычнай, а таксама праяваў антысемітызму. Павераны ў справах разам з іншымі супрацоўнікамі амбасады сустракаліся з габрэйскімі арганізацыямі з мэтай абмеркавання праблемы антысемітызму і захавання габрэйскай культурнай спадчыны, а таксама ўзялі ўдзел у лістападаўскім мерапрыемстве, прысвечаным памяці ахвяраў Халакосту, што прайшло ў Мінску. Павераны і іншыя прадстаўнікі амбасады сустракаліся таксама з праваслаўнымі, каталікамі, пратэстантамі і іншымі групамі ды актывістамі грамадзянскай супольнасці з мэтай даведацца пра іх рэлігійную дзейнасць і абмеркаваць дзеянні рэжыму, якія аказваюць уплыў на ажыццяўленне свабоды веравызнання.
Раздзел І. Сацыяльна-дэмаграфічны склад вернікаў
Паводле ацэнак урада ЗША, агульная колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь па стане на сярэдзіну 2022 года складала 9,4 мільёны чалавек. У адпаведнасці з апошнімі дасяжнымі дадзенымі, атрыманымі ў 2016 годзе ў ходзе даследавання, праведзенага дзяржаўным Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта, прыкладна 53% дарослага насельніцтва належаць да БПЦ, 6% – да Рымска-каталіцкай царквы, 8% з’яўляюцца атэістамі, а 22% не змаглі даць дакладны адказ. Меншыя рэлігійныя групы, якія ў сукупнасці складаюць прыкладна 2% насельніцтва, уключаюць прадстаўнікоў іўдаізму (прыкладна 30000 чалавек), мусульман (прыкладна 20000 чалавек), грэка-каталікоў (парафіян Грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы), старавераў (папоўцаў і беспапоўцаў), чальцоў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і іншых праваслаўных абшчын, лютэран (каля 1500 чалавек), сведкаў Іеговы, апостальскіх хрысціян, прэсвітарыян і іншых пратэстанцкіх цэркваў, парафіян Армянскай апостальскай царквы, Лаціна-каталіцкай царквы, чальцоў Міжнароднага таварыства свядомасці Крышны, бахаістаў, парафіян Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён і будыстаў. Бальшыня этнічных палякаў, якія складаюць прыкладна 3% насельніцтва рэспублікі, належыць да Рымска-каталіцкай царквы.
Раздзел ІІ. Стаўленне ўладаў да свабоды веравызнання
Нарматыўна-прававая база
Згодна з Канстытуцыяй, кожны грамадзянін мае права на свабоду веравызнання і распаўсюд любых рэлігійных перакананняў, а таксама на ўдзел у набажэнствах і рэлігійных рытуалах і абрадах, не забароненых законам. Канстытуцыя гарантуе роўнасць усіх канфесій перад законам. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, стасункі паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі рэгулююцца законам “з улікам іх уплыву на фармаванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа”. Дзейнасць рэлігійных груп, накіраваная супраць суверэнітэту краіны, яе канстытуцыйнага ладу і “грамадзянскай згоды”, якая парушае правы і свабоды грамадзян, перашкаджае выкананню грамадзянамі дзяржаўных, грамадскіх і сямейных абавязкаў або наносіць шкоду грамадскаму здароўю і маралі, забароненая. Таксама забараняецца стварэнне палітычных партый альбо іншых арганізацый і палітычная дзейнасць, накіраваная на прапаганду рэлігійнай варожасці. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, умовы вызвалення ад вайсковай службы і праходжання замест яе альтэрнатыўнай службы вызначаюцца законам. Згодна з Канстытуцыяй, дзяржава можа даваць прытулак асобам, якія зведалі пераслед у іншых краінах за свае рэлігійныя перакананні.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў (Упаўнаважаны) з’яўляецца органам дзяржаўнага кіравання, які ажыццяўляе палітыку ў сферы міжканфесійных адносін. Упаўнаважаны бярэ ўдзел у распрацоўцы і рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў этнаканфесійнай сферы, забяспечвае і абараняе права грамадзян на свабоду сумлення і веравызнання, ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю рэлігійных арганізацый у частцы выканання імі статутаў, рэгулюе дачыненні паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі, дапамагае ў вырашэнні пытанняў узаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі і рэлігійнымі арганізацыямі па ініцыятыве апошніх, спрыяе распаўсюду талерантнасці і ўзаемаразумення паміж чальцамі рэлігійных арганізацый розных канфесій і нацыянальнасцяў, даследуе дынаміку і тэндэнцыі міжканфесійных адносін з мэтай папярэджання праяваў “рэлігійнай выключнасці” і непаважлівага стаўлення да прадстаўнікоў розных рэлігій і нацыянальнасцяў. У выканаўчых камітэтах шасці абласцей краіны і горада Мінска дзейнічаюць аддзелы па ідэалагічнай працы з моладдзю, якія ў тым ліку займаюцца пытаннямі міжканфесійных дачыненняў. Гэтыя аддзелы дзейнічаюць незалежна ад Упаўнаважанага, але абменьваюцца з ім інфармацыяй. Упаўнаважаны прызначаецца і змяшчацца з пасады Прэзідэнтам па прадстаўленні Савета міністраў.
Закон прызнае “вызначальную ролю” БПЦ, экзархата Рускай праваслаўнай царквы, у фармаванні нацыянальных традыцый беларусаў, а таксама гістарычнае значэнне чатырох іншых рэлігій, якія звычайна называюцца “традыцыйнымі” канфесіямі: каталіцтва, іўдаізму, ісламу і евангелічнага лютэранства. Закон не прызнае ў якасці традыцыйных як больш новыя, так і больш старыя канфесіі, якія дзейнічаюць у краіне з 17 стагоддзя, як, напрыклад, стараверы-беспапоўцы, уніяты і кальвіністы.
Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і БПЦ надзяляе царкву аўтаноміяй у пытаннях унутранай арганізацыі, свабодай адпраўлення культавых абрадаў і іншай дзейнасці, а таксама вызначае ўмовы асаблівых стасункаў з дзяржавай. У Пагадненні прызнаецца “ўплыў БПЦ на фармаванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа”. Нягледзячы на палажэнні дакумента пра павагу да права грамадзян на свабоду веравызнання, у ім таксама ўтрымліваецца палажэнне аб сумесным процідзеянні ўладаў і БПЦ неназваным “псеўдарэлігійным структурам, якія ўяўляюць сабой небяспеку для асобы і дзяржавы”. У адрозненне ад іншых рэлігійных абшчын, БПЦ атрымлівае дзяржаўную фінансавую падтрымку ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта. Акрамя таго, БПЦ валодае выключным правам выкарыстання слова “праваслаўны” ў сваім найменні і сімвалічнай выявы Крыжа святой Еўфрасінні, праваслаўнай заступніцы краіны.
Пагадненне з’яўляецца асновай для больш чым тузіна дамоваў аб супрацоўніцтве паміж БПЦ і асобнымі дзяржаўнымі ведамствамі, уключна з Міністэрствам абароны, Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам інфармацыі. Таксама да 2025 года дзейнічае дамова з Міністэрствам адукацыі, якая прадугледжвае рэалізацыю сумесных ініцыятыў па духоўнаму выхаванню навучэнцаў на аснове традыцый і гісторыі БПЦ. Не існуе адмысловых законаў аб распальванні нянавісці, а таксама аб злачынствах на глебе нянавісці, аднак на заканадаўчым узроўні прадугледжаная крымінальная адказнасць за распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці якой-кольвечы іншай нянавісці ў грамадстве альбо варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай альбо іншай сацыяльнай прыналежнасці, што можа быць пакарана штрафам або пазбаўленнем волі тэрмінам да пяці год. Учынак, звязаны з гвалтам або здзейснены службовай асобай з выкарыстаннем сваіх паўнамоцтваў, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці год, а ў тым выпадку, калі быў учынены групай асоб ці яго вынікам сталі цяжкія наступствы для здароўя ахвяры або яе смерць, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці год.
Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму забараняе дзейнасць рэлігійных арганізацый па планаванні, арганізацыі, падрыхтоўцы і ажыццяўленні дзеянняў супраць незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, канстытуцыйнага ладу і грамадскай бяспекі краіны шляхам узбуджэння рэлігійнай варожасці, арганізацыі масавых беспарадкаў або іншых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, заснаваныя на рэлігійнай варожасці і прапагандзе выключнасці, перавагі альбо прызнанні непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай прыналежнасці. Згодна з законам, стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкіх груп з мэтай ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку на глебе расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, а таксама з мэтай апраўдання нацызму, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі год, а ў выпадку здзяйснення падобных злачынстваў службовай асобай – да 10 год зняволення.
Здзяйсненне злачынстваў на глебе расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці ці нянавісці кваліфікуецца Крымінальным кодэксам як абцяжарвальная акалічнасць. Крыміналізуюцца таксама генацыд, у тым ліку на рэлігійнай глебе, за што прадугледжанае пакаранне тэрмінам ад 12 год пазбаўлення волі і да вышэйшай меры пакарання; забойствы і злачынствы супраць чалавечнасці, у тым ліку дэпартацыя, пазасудовае пазбаўленне жыцця, выкраданне людзей, катаванне і гвалт на глебе рэлігійнай прыналежнасці грамадзян.
Закон прадугледжвае трохузроўневую сістэму зарэгістраваных рэлігійных арганізацый: рэлігійныя абшчыны, рэлігійныя аб’яднанні і рэспубліканскія рэлігійныя аб’яднанні. Рэлігійныя абшчыны ствараюцца па ініцыятыве не менш як 20 грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і стала пражываюць у адным альбо некалькіх сумежных раёнах. У склад рэлігійных аб’яднанняў уваходзіць не меней за 10 рэлігійных абшчын адзінага веравызнання, і хаця б адна з іх мусіць ажыццяўляць сваю дзейнасць у краіне на працягу не менш чым 20 год. Рэлігійныя аб’яднанні рэспубліканскага ўзроўню маюць права ствараць рэгіянальныя і мясцовыя рэлігійныя аб’яднанні. Рэспубліканскія рэлігійныя аб’яднанні могуць быць створаныя толькі ў тым выпадку, калі ў іх склад уваходзяць рэлігійныя абшчыны, якія актыўна дзейнічаюць не менш як у чатырох з шасці абласцей краіны.
Паводле дадзеных Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, на 1 студзеня справаздачнага перыяду ў краіне было зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій і дэнамінацый, якія ўключаюць 3409 рэлігійных абшчын і 173 рэлігійныя аб’яднанні, манастыры і кляштары, місіі, братэрствы, сястрыцтвы і школы. У складзе БПЦ налічвалася 1726 рэлігійных абшчын, 15 епархій, шэсць школ, 36 манастыроў, адна місія, 15 братэрстваў, 9 сястрыцтваў. Рымска-каталіцкай царкве належаць чатыры епархіі, шэсць школ, 11 місій, дзевяць кляштараў і 500 абшчын. Пратэстанцкія рэлігійныя арганізацыі 13 дэнамінацый уключаюць 1040 рэлігійных абшчын, 21 аб’яднанне, 21 місію і 5 школ. У краіне зарэгістравана 34 рэлігійныя абшчыны старавераў, а таксама дзейнічае тры габрэйскія рэлігійныя аб’яднанні – артадаксальнае, Хабад-Любавіцкае і рэфармісцкае, якія разам налічваюць 50 абшчын. Акрамя таго зарэгістраваныя 24 мусульманскія рэлігійныя абшчыны, у тым ліку 23 суніцкія і адна шыіцкая.
Да рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў адносяцца БПЦ, Рымска-каталіцкая царква, Стараверская царква, Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў, Саюз хрысціян веры евангельскай, Канфедэрацыя хрысціян-адвентыстаў сёмага дня, Асацыяцыя новаапостальскіх цэркваў, Саюз хрысціянскіх цэркваў поўнага Евангелля, Асацыяцыя сведкаў Іеговы, Саюз евангелічна-лютэранскіх цэркваў, Габрэйскі рэлігійны саюз, Асацыяцыя габрэйскіх рэлігійных абшчын, Саюз абшчын рэфармісцкага іўдаізму, Мусульманская рэлігійная асацыяцыя, Духоўнае ўпраўленне мусульман і Рэлігійная асацыяцыя бахаі.
Для рэгістрацыі рэлігійнай абшчыны яе заснавальнікі падаюць афіцыйную заяву, якая ўтрымлівае наступную інфармацыю: спіс імёнаў грамадзян, якія стварылі рэлігійную абшчыну, з пазнакай іх прозвішча, імя і імя па бацьку, даты і месца нараджэння; пратакол сходу чальцоў абшчыны; дакумент, выдадзены мясцовымі органамі ўлады, які пацвярджае права рэлігійнай абшчыны размяшчацца па месцы знаходжання, пазначаным у яе статуце. Рэлігійная абшчына, якая раней не мела рэгістрацыі, таксама павінна падаць інфармацыю пра сваё веравучэнне. Згодна з законам, для разгляду новай заяўкі на рэгістрацыю можа патрабавацца да шасці месяцаў у сувязі з правядзеннем дзяржаўнай рэлігіязнаўчай экспертызы. У ходзе экспертызы прызначаная рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання камісія вывучае асновы веравучэння і адпаведныя яму культавыя практыкі, у тым ліку гісторыю ўзнікнення рэлігіі, яе рытуалы, формы і метады працы; сацыяльную, дабрачынную, празеліцкую і місіянерскую дзейнасць, а таксама стаўленне да шлюбу і сям’і, адукацыі, атрымання медыцынскай дапамогі паслядоўнікамі дадзенай рэлігіі і выкананне патрабаванняў заканадаўства. Акрамя таго, абшчына абавязаная прадставіць тэксты, напісаныя заснавальнікам рэлігіі, або тыя, што лічацца святымі для яе паслядоўнікаў, звесткі пра забароны для святароў і парафіян, спіс краін, у якіх дадзеная рэлігія шырока распаўсюджаная, а таксама спіс тых краін, якія яе прызнаюць афіцыйна. У дадатак да вышэй пералічанага абшчына мусіць даць звесткі пра краіны, якія адмаўляюцца прызнаваць дадзеную рэлігію, і звесткі пра судовыя разбіральніцтвы ў іншых краінах у дачыненні да дадзенай рэлігіі.
Заяўкі на рэгістрацыю разглядаюць абласныя выканаўчыя камітэты, Мінгарвыканкам, а таксама прадстаўнікі мясцовых адміністрацый (для абшчын за межамі Мінска).
Дапушчальнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі з’яўляецца невыкананне патрабаванняў па стварэнні абшчыны, неадпаведнасць статута і іншых дакументаў патрабаванням заканадаўства або непраўдзівасць прыведзеных у іх звестак, парушэнне працэдуры стварэння рэлігійных арганізацый, а таксама адмоўнае заключэнне, выдадзенае дзяржаўнай рэлігіязнаўчай камісіяй. Адмова ў рэгістрацыі можа быць абскарджаная ў судзе.
Для рэгістрацыі рэлігійнага аб’яднання або рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання яго заснавальнікі падаюць заяву аб рэгістрацыі з прыкладзенай копіяй статута, спісам чальцоў органа кіравання аб’яднання з пазнакай прозвішча, імя і імя па бацьку і біяграфічных дадзеных; дакументам, які пацвярджае права размяшчэння аб’яднання па месцы знаходжання, пазначаным у статуце, пратаколам агульнага сходу аб стварэнні рэлігійнага аб’яднання. Рэлігійныя аб’яднанні валодаюць выключным правам ствараць рэлігійныя навучальныя ўстановы і адкрываць манастырскія / кляштарныя і манаскія абшчыны. Заявы аб стварэнні рэлігійных аб’яднанняў і рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў падаюцца Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і мусяць быць разгледжаныя ў 30-дзённы тэрмін. Акрамя падставаў для адмовы ў рэгістрацыі, прадугледжаных для рэлігійных абшчын, дадатковай падставай з’яўляецца неадпаведнасць патрабаванням, якія прад’яўляюцца да рэлігійных аб’яднанняў. Адмова, а таксама ўхіленне Упаўнаважанага ад дзяржаўнай рэгістрацыі могуць быць абскарджаныя ў судзе ў 30-дзённы тэрмін.
У адпаведнасці з законам, дзейнасць рэлігійных абшчын і аб’яднанняў абмяжоўваецца той тэрыторыяй, на якой яны зарэгістраваныя. Згодна з законам, дзяржаўны рэгіструючы орган выносіць пісьмовае папярэджанне ў выпадку парушэння зарэгістраванай рэлігійнай арганізацыяй заканадаўства Рэспублікі Беларусь альбо пры ажыццяўленні дзейнасці, якая супярэчыць статуту рэлігійнай арганізацыі. У выпадку, калі парушэнне, выкладзенае ў пісьмовым папярэджанні, не было ліквідаванае цягам шасці месяцаў або мела месца паўторна на працягу года, рэгіструючы орган мае права звярнуцца ў адпаведны тэрытарыяльны суд з заявай аб закрыцці рэлігійнай арганізацыі. Пры гэтым рэгіструючы орган мае права прыпыніць дзейнасць рэлігійнай арганізацыі да вынясення судовага рашэння. Закон не ўтрымлівае палажэнняў аб абскарджанні папярэджання або рашэння аб прыпыненні дзейнасці.
Заканадаўства забараняе ажыццяўленне незарэгістраванымі арганізацыямі любых відаў рэлігійнай дзейнасці. 4 студзеня ў Крымінальны кодэкс былі ўнесеныя папраўкі, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дзейнасць, што ажыццяўляецца ад імя незарэгістраванай арганізацыі, за што прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух год. Да 4 студзеня за арганізацыю, дзейнасць і ўдзел у незарэгістраваных рэлігійных арганізацыях з грамадзян спаганяўся штраф у памеры да 870 беларускіх рублёў (350 даляраў ЗША).
Жыллёвым кодэксам дапускаецца правядзенне зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі набажэнстваў у жылых памяшканнях пры ўмове атрымання дазволу мясцовых органаў кіравання. Мясцовыя органы ўлады правяраюць адпаведнасць памяшканняў усталяваным патрабаванням, у тым ліку і на прадмет пажарнай бяспекі, адпаведнасці санітарным нормам і правілам. Такія дазволы не выдаюцца аўтаматычна. Пры гэтым правядзенне набажэнстваў у жылых памяшканнях без папярэдняга дазволу мясцовых органаў улады (якія могуць выдаць дазвол на правядзенне рэлігійных службаў на сталай аснове з магчымасцю яго адклікання) забараняецца законам.
У адпаведнасці з законам, усе рэлігійныя арганізацыі абавязаныя атрымліваць дазвол пры правядзенні мерапрыемстваў за межамі сваіх лакацый, уключна з мерапрыемствамі па распаўсюдзе свайго вучэння.
Законам прадугледжаная крымінальная адказнасць за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і ўдзел у ім, абвяшчэнне намеру правесці масавае мерапрыемства да атрымання афіцыйнага дазволу, падрыхтоўку пратэстоўцаў, фінансаванне публічных дэманстрацый або зварот па замежную дапамогу “на шкоду” сваёй краіне. Пад вызначэнне “масавае мерапрыемства” падпадаюць і рэлігійныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў месцах, адмыслова не прызначаных для гэтых мэтаў, незалежна ад таго, на адкрытым паветры ці ў памяшканні яны адбываюцца. Згодна з законам, арганізатары абавязаныя запытваць у органаў улады дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства, у тым ліку з удзелам рэлігійных груп, не пазней як за 15 дзён да яго правядзення. Парушэнне закона аб забароне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў можа карацца пазбаўленнем волі на тэрмін да трох год. Дзяржаўны орган павінен праінфармаваць арганізатараў пра адмову прынамсі за пяць дзён да заяўленай даты правядзення мерапрыемства.
Заканадаўства вызначае парадак кампенсацыі арганізатарамі масавых мерапрыемстваў кошту паслуг па ахове правапарадку, медыцынскім забеспячэнні, прыборцы тэрыторыі. Дадзены парадак распаўсюджваецца ў тым ліку і на рэлігійныя мерапрыемствы, якія праводзяцца па-за месцамі размяшчэння рэлігійных аб’ектаў, а таксама на мітынгі, конкурсы, культавыя мерапрыемствы, фестывалі, канцэрты і г.д. З дзяржаўнага бюджэту пакрываюцца выдаткі на мерапрыемствы, афіцыйна арганізаваныя на мясцовым і рэспубліканскім узроўнях. Згодна з папраўкай у закон, прынятай у 2021 годзе, арганізатары абавязаныя заключаць дамовы на аказанне вызначаных паслуг яшчэ да падачы заявы на атрыманне дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства і кампенсаваць усе выдаткі цягам 10 дзён пасля заканчэння мерапрыемства.
У адпаведнасці з патрабаваннямі закона, усе рэлігійныя арганізацыі абавязаныя атрымліваць папярэдні дазвол уладаў на ўвоз і распаўсюд рэлігійнай літаратуры. Парадак атрымання дазволу прадугледжвае правядзенне дзяржаўнай рэлігіязнаўчай экспертызы ўвозімай літаратуры.
Нягледзячы на адсутнасць закона, які вызначае парадак рэстытуцыі маёмасці, у тым ліку ўласнасці рэлігійных арганізацый, канфіскаванай у савецкі перыяд і ў перыяд нямецка-нацысцкай акупацыі, па пытаннях звароту ўласнасці рэлігійныя арганізацыі маюць права звяртацца ў мясцовыя органы ўлады. Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях утрымлівае наўпроставую забарону на перадачу рэлігійным арганізацыям канфіскаванай маёмасці, што выкарыстоўваецца ў якасці аб’ектаў культуры, фізкультуры і спорту.
Згаданы закон дапускае стварэнне рэлігійнымі аб’яднаннямі і рэспубліканскімі рэлігійнымі аб’яднаннямі навучальных устаноў для падрыхтоўкі святароў. Рэлігійныя абшчыны такім правам не валодаюць.
Арганізацыя пазашкольных і пазакласных рэлігійных мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі дазволена выключна зарэгістраваным рэлігійным арганізацыям, якія ўваходзяць у склад рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў. У адпаведнасці з патрабаваннямі закона, абавязковай папярэдняй умовай з’яўляецца заключэнне пагаднення аб супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі. На сёння такое пагадненне мае толькі адна рэлігійная арганізацыя ў краіне – Беларуская праваслаўная царква. Аднак нават пры наяўнасці такога пагаднення навучэнцы, якія выказалі жаданне ўзяць удзел у добраахвотных мерапрыемствах духоўнага, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, арганізаваных у супрацы з рэлігійнымі арганізацыямі, абавязаныя падаць пісьмовую заяву пра свой намер удзельнічаць або згоду на тое сваіх законных прадстаўнікоў. У адпаведнасці з законам, у ходзе выхаваўчых мерапрыемстваў неабходна звяртаць увагу вучняў на дзейнасць рэлігійных арганізацый, накіраваную на падрыў суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, грамадзянскай згоды, канстытуцыйнага ладу, а таксама парушэнне правоў і свабод чалавека. Вучні сярэдняй школы маюць магчымасць наведваць штотыднёвыя факультатыўныя заняткі “Духоўна-этычная культура і патрыятызм”, прысвечаныя гісторыі і традыцыям Рускай праваслаўнай царквы.
Незалежна ад наяўнасці пагаднення з Міністэрствам адукацыі, на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям забараняецца ладзіць ва ўстановах адукацыі мерапрыемствы без пазнакі свайго наймення. Закон таксама забараняе наведванне ўстаноў адукацыі прадстаўнікамі замежных рэлігійных арганізацый; місіянерскую дзейнасць; збор ахвяраванняў і плацяжоў ад навучэнцаў на карысць рэлігійных і дабрачынных арганізацый; распаўсюд рэлігійнай літаратуры, аўдыё-, відэа- і іншых матэрыялаў рэлігійнага зместу; адпраўленне рэлігійных абрадаў, рытуалаў і цырымоній і размяшчэнне ва ўстановых адукацыі рэлігійных сімвалаў або прадметаў царкоўнага рыштунку.
Закон забараняе адкрыццё прыватных рэлігійных школ на ўзроўні пачатковай, базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама хатняе навучанне дзяцей па рэлігійных матывах.
За ўхіленне ад абавязковай вайсковай службы законам прадугледжаныя санкцыі ў выглядзе штрафаў і пазбаўлення волі тэрмінам да пяці год. Дадзеныя нормы не распаўсюджваюцца на асоб, накіраваных на альтэрнатыўную грамадзянскую службу па прычыне іх перакананняў. Магчымасць праходжання альтэрнатыўнай грамадзянскай службы прадугледжаная законам. Вайсковая служба звычайна доўжыцца ад шасці да 18 месяцаў; тэрмін альтэрнатыўнай службы можа дасягаць 36 месяцаў. Ухіленне ад праходжання альтэрнатыўнай грамадзянскай службы караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці год.
Зарэгістраваныя рэлігійныя аб’яднанні могуць звяртацца да Упаўнаважанага па дазвол на запрашэнне ў краіну замежных святароў. Атрыманне такога дазволу з’яўляецца абавязковым для вядзення замежнымі грамадзянамі рэлігійных служб, навучання і выкладання ва ўстановах адукацыі, удзелу ў дабрачыннай дзейнасці. Як правіла, гэты дазвол выдаецца на адзін год і тэрмін яго дзеяння можа быць скарочаны або працягнуты. Упаўнаважаны абавязаны паведаміць заяўніку пра ўзгадненне запрашэння (выдачу візы для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці) або адмове цягам 30 дзён. Адсутнасць адказу з боку Упаўнаважанага сведчыць пра тое, што такі дазвол ім не быў выдадзены. Магчымасць абскарджання адмовы не прадугледжаная.
У адпаведнасці з законам, атрыманы дазвол дае замежным місіянерам права займацца рэлігійнай дзейнасцю выключна па месцы рэгістрацыі свайго рэлігійнага аб’яднання. Перавод замежных святароў у межах рэлігійнага аб’яднання, у тым ліку з адной парафіі ў іншую, дапускаецца толькі пасля атрымання згоды органа кіравання па справах рэлігій. Згодна з законам, замежныя грамадзяне не маюць права стаяць на чале рэлігійных арганізацый. Органы ўлады надзеленыя правам выносіць папярэджанні альбо высылаць замежных грамадзян, якая знаходзяцца ў краіне на афіцыйнай падставе, за арганізацыю імі рэлігійных мерапрыемстваў, калі заяўленыя тымі мэты знаходжання не звязаныя з рэлігійнай дзейнасцю. Праваахоўныя органы маюць права па ўласнай ініцыятыве або па загадзе іншых дзяржаўных органаў, такіх як, напрыклад, службы бяспекі, запатрабаваць ад замежных святароў пакінуць краіну (рашэнне, якое не падлягае абскарджанню).
Краіна з’яўляецца ўдзельніцай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). 27 кастрычніка Лукашэнка падпісаў закон аб выхадзе краіны з Факультатыўнага пратаколу да МПГПП, у якім прапісана права фізічных асоб пасля вычарпання ўнутраных сродкаў прававой абароны падаваць у Камітэт ААН па правах чалавека скаргі на парушэнне палажэнняў МПГПП. Закон уступіў у сілу 29 кастрычніка.
Павага дзяржавы да свабоды веравызнання
Паводле дадзеных мясцовых і міжнародных арганізацый грамадзянскай супольнасці, цягам года пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія, на думку многіх, былі сфальсіфікаваныя, заканадаўства, якое забараняе “несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы”, прымянялася супраць прыхільнікаў дэмакратыі, у тым ліку і супраць прадстаўнікоў духавенства. Гэты ж закон быў выкарыстаны для пераследу святароў, якія пратэставалі супраць вайны Расіі ва Украіне. Улады працягвалі пераслед асобных грамадзян, у тым ліку святароў, якія выказвалі нязгоду з рэжымам Лукашэнкі, асуджалі гвалт з боку падкантрольных яму структур і ўварванне Расіі ва Украіну. Паводле інфармацыі, пасля няспыннага пераследу і пагрозаў пакарання з боку рэжыму шмат якія рэлігійныя лідары і прадстаўнікі духавенства палічылі за лепшае ўстрымлівацца ад публічных каментароў дзеянняў рэжыму, у тым ліку і ў інтэрнэце. Прадстаўнікі органаў улады заяўлялі, што выказванні рэлігійных лідараў уяўлялі сабой умяшанне ў “палітычную сферу”.
31 жніўня праваахоўнікі затрымалі на 14 сутак святара БПЦ і выкладчыка філасофіі Мінскай духоўнай акадэміі Уладзіслава Багамольнікава, які адкрыта падтрымаў пратэсты 2020 года, арганізаваў галадоўку ў падтрымку палітзняволеных і збіраў сродкі для ўкраінскіх уцекачоў і украінскага войска. Пазней, паводле паведамленняў, яго абвінавацілі ў рэпостах “экстрэмісцкіх матэрыялаў” і кінулі за краты да 19 снежня, пасля чаго ён быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе і атрымаў забарону на выезд з краіны. Паведамляецца, што супраць яго было высунутае абвінавачанне ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года.
14 кастрычніка суд у Расонах прызнаў “экстрэмісцкім” інтэрв’ю каталіцкага святара Вячаслава Барка ад 29 студзеня, у якім той асудзіў парушэнні рэжымам правоў чалавека і жорсткае абыходжанне з палітвязнямі. У чэрвені 2021 года ўлады вымусілі Барка пакінуць краіну, пагражаючы пераследам за ягоную крытыку рэакцыі рэжыму Лукашэнкі на пратэсты 2020 года, а таксама абвінавачваючы ў неаднаразовых парушэннях закона аб масавых мерапрыемствах. Па стане на канец года Барок заставаўся ў выгнанні ў Польшчы і не мог вярнуцца на радзіму.
28 ліпеня суд ў Гомелі аштрафаваў Дзмітрыя Падлобку, пастара мясцовай царквы “Жывая вера поўнага Евангелля”, на 640 рублёў (250 даляраў ЗША) за правядзенне 9 ліпеня ў прыватным доме несанкцыянаванага хрышчэння. 24 жніўня прадстаўнікі праваахоўных органаў папярэдзілі яго пра недапушчальнасць правядзення любых несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, за што ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, і запатрабавалі ад яго штомесячна з’яўляцца ў РАУС на прафілактычную гутарку.
28 лютага, паводле дадзеных незалежнай беларускаарыентаванай маніторынгавай групы “Хрысціянская візія”, на антываенным мітынгу ў Мінску міліцыянты затрымалі святара БПЦ Міхаіла Маруху і прысудзілі яму 13 сутак пазбаўлення волі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
У перыяд з сакавіка па красавік, паводле дадзеных міжнароднай недзяржаўнай арганізацыі (НДА) за свабоду веравызнання “Форум 18”, супрацоўнікі правапарадку па ўсёй краіне запрасілі на гутарку і вынеслі папярэджанні амаль 20 святарам БПЦ, якія падпісалі 1 сакавіка анлайн-зварот з заклікам да “прымірэння і тэрміновага спынення агню ва Украіне” і асуджэннем здушэння ўладамі супрацьваенных пратэстаў. Паведамляецца, што ўлады прыгразілі святарам магчымай крымінальнай адказнасцю за падобныя дзеянні ў будучыні.
25 сакавіка, паводле паведамленняў арганізацыі “Хрысціянская візія”, у мястэчку Чэрыкаў Магілёўскай вобласці быў затрыманы баптысцкі пастар Раман Раждзественскі, а ягоныя кампутар і мабільны тэлефон былі канфіскаваныя. Улады абвінавацілі яго ў распаўсюдзе і захаванні экстрэмісцкай інфармацыі ў асабістым акаўнце ў Facebook у 2020 годзе на падставе матэрыялаў, апублікаваных незалежнымі СМІ. У той самы дзень Раждзественскага адпусцілі, але 5 красавіка за размяшчэнне “экстрэмісцкіх матэрыялаў” прысудзілі штраф у памеры 640 рублёў (250 даляраў ЗША).
Таксама 25 сакавіка ў Магілёве быў затрыманы святар Грэка-каталіцкай царквы Васіль Ягораў. Прычынай стала налепка “Украіна, прабач” на бамперы яго аўто. Пасля трох сутак зняволення 28 сакавіка па рашэнні раённага суда горада Магілёва ён быў аштрафаваны на 1600 рублёў (640 даляраў ЗША) за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах, які ўлады часта выкарыстоўваюць як інструмент здушэння любых форм пратэсту або для пераследу за асабістыя выказванні ў адрас рэжыму.
29 сакавіка, паводле дадзеных праваабаронцаў, грамадзянін Польшчы айцец Анджэй Бульчак, які праслужыў у краіне больш за 14 год і з’яўляўся святаром касцёла Ісуса Міласэрнага ў Паставах Віцебскай вобласці, пакінуў Беларусь пасля ператрусу па месцы жыхарства і прагрозы крымінальнага пераследу. 7 сакавіка Бульчак змясціў на YouTube відэа, на якім дзяўчына ў лісце сябру з Польшчы распавядае пра сваю нязгоду з вайной ва Украіне, дэманструецца лагатып польскага тэлеканала «Белсат» (які ўлады прызнаюць “экстрэмісцкім”), а таксама апазіцыйны бел-чырвона-белы сцяг, які сімвалізуе падтрымку дэмакратычнай супольнасці. Пасля ад’езду Бульчака з Беларусі ўлады скасавалі выдадзены яму дазвол на службу, а таксама рэлігійную візу на знаходжанне ў краіне. Акрамя таго, 13 траўня суд у Паставах завочна аштрафаваў яго на 960 рублёў (380 даляраў ЗША) за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
4 красавіка суд у Паставах Віцебскай вобласці выдаў пастанову аб затрыманні на восем сутак святара-каталіка Аляксандра Барана, які служыў у касцёле святога апостала Андрэя ў Лынтупах, па абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў у сувязі з размяшчэннем у сацыяльных сетках апазіцыйнага бел-чырвона-белага сцяга разам з украінскім сцягам. Баран знаходзіўся ў СІЗА з 25 па 31 сакавіка, а рэшту тэрміну адбыў пасля судовых слуханняў 4 красавіка. 9 жніўня па аналагічным абвінавачанні ён быў затрыманы яшчэ на 17 сутак.
28 красавіка суд у Стоўбцах аштрафаваў каталіцкага святара парафіі Святога Казіміра Ігара Лашука на 960 рублёў (380 даляраў ЗША) за распаўсюд “экстрэмісцкіх” матэрыялаў, у тым ліку з сайта “Радыё Свабода”. 4 сакавіка, пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну, Лашук арганізаваў у парафіях, размешчаных блізу мяжы з Украінай, адмысловыя малебны, на якіх заклікаў да міру.
Суд у Горках спачатку адхіліў абвінавачанні супраць мясцовага каталіцкага святара Андрэя Кеўліча за распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў” з сайтаў “Радыё Свабоды” і польскага тэлеканала “Белсат”, але пасля таго як матэрыялы справы былі перафармуляваныя і паўторна накіраваныя ў суд, на перанесеным на 12 траўня судовым паседжанні Кеўліч быў аштрафаваны на 640 рублёў (250 даляраў ЗША). 18 красавіка ён яшчэ раз быў затрыманы на непрацяглы тэрмін.
8 ліпеня суд у Смаргоні аштрафаваў на 640 рублёў (250 даляраў ЗША) каталіцкага святара Яўгена Учкуроніса з парафіі Святога Яна Паўла ІІ за рэпост у сацыяльных сетках кантэнту польскага тэлеканала “Белсат”, прызнанага рэжымам экстрэмісцкім.
9 верасня Віцебскі раённы суд завочна аштрафаваў каталіцкага святара Свята-Духавай парафіі Андрэя Вашчука на 320 рублёў (130 даляраў ЗША) за публікацыю ў чаце Telegram-канала “карыкатуры на свастыку”. 15 ліпеня сілавікі затрымалі Вашчука і той адбыў за кратамі 30 сутак арышту па абвінавачанні за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і правядзенне несанкцыянаванага пікетавання. 15 жніўня ён пакінуў краіну.
11 кастрычніка незалежныя СМІ паведамілі, што мінскімі праваахоўнымі органамі на падставе відэа- і фотаматэрыялаў, размешчаных у сацыяльных сетках, па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года быў затрыманы Сергій Паўлоўскі, пастар царквы хрысціян поўнага Евангелля.
Паводле паведамленняў незалежных СМІ, 4 лістапада ў Брэсце былі прынятыя судовыя пастановы аб затрыманні грэка-каталіцкага святара Ігара Кондрата і рэдактара незалежнай газеты “Царква” Ігара Бараноўскага на 12 і 15 сутак адпаведна. Паведамляецца, што абодва былі арыштаваныя за дзень да таго па абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым ліку і польскага тэлеканала “Белсат”.
Паводле дадзеных праваабарончых арганізацый, 11 лістапада Мінскі раённы суд прызнаў вінаватым пастара баптысцкай царквы “Свет надзеі” Віталя Чычмарова па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах у жніўні 2020 года, а таксама ва ўдзеле ў дзейнасці незалежных прафсаюзаў. Суддзя прыгаварыла Чычмарова да трох год “хатняй хіміі” і вызваліла ў зале суда пасля сямімесячнага знаходжання ў СІЗА.
Прадстаўнікі пратэстанцкіх груп заяўлялі, што іх па-ранейшаму непакоіць магчымасць уладаў пераследаваць у судовым парадку незарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі, нягледзячы на тое, што цягам года паведамленняў пра такі пераслед не паступала.
Прадстаўнікі хрыясціянскіх абшчын працягваюць лічыць існыя патрабаванні да рэгістрацыі рэлігійных арганізацый празмерна складанымі і цяжкавыканальнымі, што, на іх думку, замінае іх дзейнасці, абмяжоўвае свабоду веравызнання і ўзаконьвае адміністрацыйны пераслед у выглядзе штрафаў, якія спаганяюцца з асобных прадстаўнікоў незарэгістраваных арганізацый за іх рэлігійныя перакананні. На іх думку, палажэнні аб разглядзе заяваў на рэгістрацыю напісаныя настолькі агульна і шырока, што дазваляюць рэгіструючым органам лёгка знаходзіць падставу для адмовы ў рэгістрацыі непажаданых арганізацый. Назіральнікі ад праваабарончых арганізацый адзначалі, што некаторыя спробы рэгістрацыі цягам года аказаліся паспяховымі.
Прадстаўнікі рэлігійных арганізацый, абвешчаных уладамі “нетрадыцыйнымі”, працягвалі заяўляць, што парадак рэгістрацыі абшчын і выкарыстання імі жылых памяшканняў для правядзення рэлігійных служб заставаўся складаным і прымяняўся адвольна. Улады Ліды па-ранейшаму адмаўлялі мясцовай абшчыне сведкаў Іеговы ў рэгістрацыі.
Некаторыя арганізацыі рэлігійных меншасцяў паведамлялі, што не хацелі звяртацца па рэгістрацыю праз страх пераследу з боку ўладаў і нежаданне паведамляць імёны заснавальнікаў у адпаведнасці з усталяваным парадкам падачы заявак. Шэраг арганізацый рэлігійных меншасцяў аддавалі перавагу магчымасці дамовіцца з мясцовымі ўладамі па рэгістрацыйных і іншых пытаннях.
Крынiцы заяўлялі, што прадстаўнікі незарэгістраваных рэлігійных арганізацый па-ранейшаму імкнуліся заставацца ў ценю праз страх судовага пераследу і, на іх думку, варожага стаўлення з боку ўладаў. Некаторыя зарэгістраваныя абшчыны заяўлялі, што не хацелі б паведамляць пра перашкоды, з якімі яны сутыкаліся ў сваёй дзейнасці, праз нежаданне прыцягнуць да сябе ўвагу.
Паводле паведамленняў праваабаронцаў, турэмная адміністрацыя адвольна адмаўляла ў наведваннях святарамі некаторых зняволенымх, пераважна палітычных. У многіх папраўчых установах былі абсталяваныя месцы для правядзення праваслаўных набажэнстваў, куды цягам года дапускаліся святары БПЦ. Адміністрацыя некаторых турэмных устаноў выбарачным чынам дазваляла прадстаўнікам розных пратэстанцкіх канфесій праводзіць для зняволеных рэлігійныя службы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 3 сакавіка АМАП затрымаў шасцёрых парафіян, калі тыя пакідалі антываенны малебен у Свята-Духавым кафедральным саборы БПЦ у цэнтры Мінска. Прадстаўнікі органаў бяспекі вялі відэаздымкі ўнутры і звонку храма і спынялі некаторых парафіян для праверкі дакументаў, у той час як міліцэйскія бусы чакалі на двары. Пазней, дапытаўшы затрыманых і папярэдзіўшы іх пра недапушчальнасць правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у далейшым, праваахоўнікі іх адпусцілі. Міліцыянты таксама затрымалі журналістку незалежнай газеты “Новы час” Дзіяну Серадзюк і яе мужа, апазіцыйнага актывіста Яўгена Батуру, калі тыя 3 сакавіка выходзілі са Свята-Духава сабора. Па рашэнні Мінскага раённага суда за непадпарадкаванне загадам праваахоўных органаў яны былі на 15 сутак змешчаныя ў СІЗА.
Улады падвяргалі цэнзуры агульнахрысціянскі гімн “Магутны Божа” і працягвалі пераследаваць і караць рэлігійных лідараў, святароў, арганізатараў мерапрыемстваў і цывільных за яго выкананне і спрыянне яго выкананню. На пачатку 1990-х гадоў “Магутны Божа” стаў сімвалам постсавецкага нацыянальнага адраджэння краіны, калі ён быў прапанаваны (беспаспяхова) у якасці дзяржаўнага гімна, і з тых часоў яго рэгулярна выконвалі прадстаўнікі як рэлігійных абшчын, так і апазіцыйных сіл. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху “Магутны Божа” стаў неафіцыйным гімнам і малітвай, у тым ліку падчас пратэстаў.
18 траўня БПЦ перавяла святара Андрэя Ноздрына з гродзенскай парафіі ў аддаленую парафію ў вёсцы Коматава Гродзенскай вобласці пасля таго, як мясцовая праўладная актывістка паведаміла, што той у сакавіку і красавіку выконваў гімн “Магутны Божа” і выступаў супраць уварвання Расіі ва Украіну. Ён таксама быў вызвалены ад пасады кіраўніка місіянерскага аддзела і адказнага па пытаннях фізкультуры і спорту Гродзенскай дыяцэзіі БПЦ. У лісце ад 25 красавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў перасцерагалі Ноздрына ад удзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці і распальванні сацыяльнай і рэлігійнай варожасці, за што яму магла пагражаць крымінальная адказнасць.
Па словах прадстаўніка Рымска-каталіцкай царквы айца Юрыя Санько, пасля атрымання афіцыйнага дазволу і выплаты ўсіх неабходных збораў касцёл змог праводзіць публічныя рэлігійныя мерапрыемствы і службы. Напрыклад, 29 траўня сотні чалавек прынялі ўдзел у арганізаваным касцёлам шэсці Цела Хрыстова ў цэнтры Мінска. У жніўні каля 90 пілігрымаў на працягу трох дзён ішлі з аграгарадка Друя ў вёску Росіца, каб ушанаваць памяць мясцовых ахвяр нацыстаў, забітых у 1943 годзе, у ліку якіх было і два святары.
Паводле заяў назіральнікаў, улады працягвалі сачэнне за зарэгістраванымі і незарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі, у тым ліку адсочвалі ўліковыя запісы прадстаўнікоў духавенства ў сацыяльных сетках. Крыніцы заяўлялі, што “ідэалагічныя работнікі” і іншыя прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі працягвалі кантраляваць дзейнасць сябраў незарэгістраваных рэлігійных арганізацый, у тым ліку і па месцы іх працы. Пры гэтым інфармацыі пра выпадкі судовых пераследаў на падставе такога кшталту сачэння не паступала.
Прадстаўнікі рэлігійных арганізацый, у прыватнасці пратэстанцкіх канфесій і сведкаў Іеговы, працягвалі паведамляць, што яны па-ранейшаму з асцярожнасцю займаюцца распаўсюдам сваёй веры і рэлігійнай літаратуры, баючыся пераследу і пакарання, паколькі празелітызм без папярэдняга дазволу лічыцца ў дзяржаве несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, і, адпаведна, супярэчыць закону. Некаторыя з гэтых арганізацый запытвалі дазвол на такую дзейнасць, аднак улады або адхілялі, або ігнаравалі гэтыя запыты.
Як паведамлялі медыі, БПЦ карысталася шырокай свабодай у распаўсюдзе свайго веравучэння і не сутыкалася з якімі-небудзь абмежаваннямі, у тым ліку на тэлебачанні і ў друкаваных СМІ, а таксама ў грамадскіх месцах.
Паводле неафіцыйных звестак і паведамленняў незалежных СМІ, святары рэлігійных арганізацый, якія ўлады адносяць як да традыцыйных, так і да нетрадыцыйных канфесій, займаліся самацэнзурай і пазбягалі выказвацца адносна няспынных палітычных рэпрэсій ці вайны Расіі супраць Украіны ў сваіх пропаведзях і падчас набажэнстваў.
Улады працягвалі адмаўляць у выдачы ліцэнзіі на радыёвяшчанне каталіцкай станцыі “Радыё Марыя”, аднак не перашкаджалі вяшчанню станцыі ў інтэрнеце.
У цэлым ад абшчын не паступала паведамленняў пра перашкоды пры набыцці і арэндзе будынкаў, дазволеных у якасці месцаў для правядзення богаслужэнняў. Некаторыя рэлігійныя суполкі, што маюць нявырашаныя маёмасныя спрэчкі, напрыклад, касцёл Святых Сымона і Алены (“Чырвоны касцёл”) і царква поўнага Евангелля “Новая жизнь”, размешчаныя ў Мінску, вымушаныя былі адстойваць свае правы ў адміністрацыйным парадку і ў судзе. Па-ранейшаму перавод памяшканняў з жылых у культавыя быў надзвычай складаны. Па заявах прадстаўнікоў пратэстанцкіх арганізацый, дадзенае становішча адбівалася на іх дзейнасці ў большай ступені, чым на дзейнасці астатніх абшчын, паколькі яны радзей, чым іншыя, з’яўляліся ўласнікамі культавых будынкаў. Пры гэтым атрыманне дазволу на правядзенне рэлігійных мерапрыемстваў у прыватных дамах для іх было надзвычай складаным праз невялікі памер памяшканняў, недастатковых для таго, каб змясціць усіх жадаючых.
22 сакавіка, паводле паведамленняў НДА «Форум 18», якая займаецца пытаннямі свабоды веравызнання, улады Мінскай вобласці адмовілі афіцыйна зарэгістраванай паморскай абшчыне старавераў Мінска ў падаўжэнні дазволу на будаўніцтва храма на ўчастку зямлі, выдзеленым ім афіцыйна ў 2017 годзе. Паведамляецца, што царква прапусціла крайні тэрмін падачы канчатковых планаў будаўніцтва да жніўня 2021 года, які, як заяўляе абшчына, не абмяркоўваўся на сустрэчах з афіцыйнымі асобамі. Прадстаўнікі абшчыны лічаць, што мітрапаліт БПЦ Веніямін наклаў вета на будаўніцтва, паколькі насуперак ціску з мэтай далучэння, стараверская царква, якая следуе праваслаўным традыцыям, заставалася аддзеленай ад БПЦ.
26 верасня пасля пажару ў адной з прыбудоў улады забаранілі Чырвонаму касцёлу выкарыстоўваць свой будынак, які яшчэ з савецкіх часоў з’яўляўся прадметам маёмасных спрэчак паміж рэжымам і Каталіцкай царквой. Улады патлумачылі вераснёўскі пажар праблемамі з электраправодкай.
7 кастрычніка Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак сустрэўся з Апостальскім нунцыем арцыбіскупам Антэ Йозічам і арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім Іосіфам Станеўскім, каб абмеркаваць лёс Чырвонага касцёла. Румак абгрунтаваў перад журналістамі закрыццё касцёла неабходнасцю агляду і рамонту будынка пасля пажару, пры гэтым абвінаваціўшы дэмакратычную апазіцыю і духавенства ў выгнанні ў «распальванні нянавісці» паміж БПЦ і Каталіцкай царквой праз публічныя заявы, у тым ліку ў сацыяльных сетках, пра тое, што касцёл нібыта будзе перададзены праваслаўным. Румак заявіў, што будынак па-ранейшаму будзе належаць Рымска-каталіцкай царкве, але пашкоджанне электра- і цеплазабеспячэння зрабіла немагчымым працяг бяспечнай эксплуатацыі будынка да правядзення экспертызы пашкоджанняў. Прызнаючы, паводле яго слоў, “нязручнасці”, звязаныя з прыпыненнем будаўнічых работ, Румак заявіў, што мясцовыя ўлады прафінансуюць выдаткі на аднаўленне. Ён прапанаваў вернікам наведваць астатнія 12 каталіцкіх храмаў Мінска.
10 кастрычніка касцёл накіраваў гарадской адміністрацыі і органам улады петыцыю з патрабаваннем адкрыць будынак, падпісаную больш чым 600 вернікамі. У лісце пробашч храма ксёндз Уладзіслаў Завальнюк выказаў падазрэнні наконт узнікнення пажару і заклікаў не дэмантаваць святыні, якія знаходзяцца ўнутры храма. Завальнюк паведаміў, што абшчыне быў забаронены доступ у будынак, нягледзячы на пратакол МНС ад 26 верасня, у якім утрымліваецца заклік да сумеснага агляду і інвентарызацыі пашкоджаных збудаванняў і рэлігійнай маёмасці уладальнікам будынка (дзяржавай) і каталіцкай абшчынай. 11 кастрычніка незалежная прэса паведаміла, што міліцыя і невядомыя ў цывільным не дазволілі дзясяткам вернікаў разам з айцом Завальнюком памаліцца на прыступках будынка і разагналі людзей, перасцерагаючы ад любых сходаў у далейшым. Прадстаўнікі парафіі публічна заявілі пра свой недавер таму факту, што шкода ад пажару нібыта была дастаткова значнай, каб стаць падставай для закрыцця памяшкання і высялення вернікаў.
Пасля свайго высялення ў лютым 2021 года ў выніку працяглай спрэчкі з уладамі наконт аплаты падаткаў цягам года царква «Новае жыццё» працягвала праводзіць службы на паркоўцы будынка, які яна раней набыла і выкарыстоўвала для царкоўных богаслужэнняў.
У жніўні мясцовыя ўлады неаднаразова запрашалі на гутарку пастара царквы «Новая жизнь» Вячаслава Ганчарэнку і, спасылаючыся на незаконнасць службаў і скаргі мясцовых жыхароў на несанкцыянаваныя сходы, папярэджвалі пра тое, што ў выпадку працягу набажэнстваў на паркоўцы вернікам будзе пагражаць затрыманне, а царкве – пазбаўленне рэгістрацыі.
У жніўні пасля шматгадовых роздумаў улады ўзгаднілі будаўніцтва новай Армянскай апостальскай царквы ў цэнтры Мінска.
19 і 22 верасня ўлады затрымалі Вячаслава Ганчарэнку і мінскага пастара пяцідзясятніцкай царквы Яна Хрысціцеля Антонія Бокуна за пропаведзь, якую тыя прачыталі на паркоўцы 18 верасня. Кожны з іх быў аштрафаваны на 3200 рублёў (1300 даляраў ЗША). Ганчарэнка быў яшчэ раз папярэджаны пра магчымую крымінальную адказнасць. 25 верасня перад пачаткам службы на паркоўку прыбылі прадстаўнікі праваахоўных органаў і загадалі вернікам разысціся. Улады адхілілі неаднаразовыя запыты царквы “Новая жизнь” аб дазволе на правядзенне богаслужэнняў на паркоўцы, заявіўшы, што гэта супярэчыць правілам правядзення масавых мерапрыемстваў.
7 кастрычніка Мінска-Магілёўская каталіцкая архідыяцэзія паведаміла, што ўлады Магілёва выдалі пяцігадовы бясплатны дазвол на выкарыстанне сабора Успення Панны Марыі і Святога Станіслава, які належыць мясцовым уладам, а працамі па яго аднаўленні займалася мясцовая парафія.
Паводле паведамленняў у СМІ, адзінай рэлігійнай арганізацыяй, якая супрацоўнічала з адміністрацыяй школ, заставалася Беларуская праваслаўная царква. Дзейнасць ажыццяўлялася ў рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве БПЦ з беларускім рэжымам. Святары БПЦ запрашаліся да выступаў перад навучэнцамі. Кіраўніцтва і супрацоўнікі школ арганізоўвалі паездкі да святых мясцін, удзельнічалі ў царкоўных святах і ў рэалізацыі праваслаўных гуманітарных праграм ды ініцыятыў.
Урад працягваў вылучаць сродкі на выплату заработнай платы прафесарска-выкладчыцкаму складу духоўных семінарый БПЦ, а таксама на стыпендыі іх навучэнцам. Як і ў папярэднія гады, пратэстанцкія абшчыны і Рымска-каталіцкая царква заяўлялі, што на свае навучальныя ўстановы не атрымлівалі ад уладаў ніякай фінансавай дапамогі.
У адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве БПЦ з Міністэрствам адукацыі і рознымі навучальнымі ўстановамі 6 красавіка адбылося пасяджэнне каардынацыйнай рады, у склад якой увайшлі міністр адукацыі Андрэй Іванец, мітрапаліт БПЦ Веніямін і іншыя адказныя асобы. На пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні распрацоўкі і рэалізацыі праграм супрацоўніцтва. Паведамляецца, што сябры каардынацыйнай рады акцэнтавалі ўвагу на “важнасці духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі”, а міністр адукацыі падкрэсліў ключавую ролю БПЦ, заявіўшы, што БПЦ варта пашыраць такое супрацоўніцтва.
У адрозненне ад іншых рэлігійных арганізацый БПЦ працягвала ўдзельнічаць у шматлікіх дзяржаўных грамадскіх мерапрыемствах, такіх як мітынгі і ўрачыстасці, без неабходнасці атрымання папярэдняга афіцыйнага дазволу. Рэгіянальныя ўлады і дзяржаўныя кампаніі часта запрашалі прадстаўнікоў БПЦ на свае мерапрыемствы.
Улады не перашкаджалі БПЦ у зборы дабрачынных ахвяраванняў як у храмах, так і ў грамадскіх месцах. Нягледзячы на адсутнасць заканадаўчай забароны на збор рэлігійнымі арганізацыямі ахвяраванняў у грамадскіх месцах, іх прадстаўнікі паведамлялі, што на практыцы ўлады працягвалі абмяжоўваць гэтую дзейнасць тэрыторыяй цэркваў і іншых культавых памяшканняў. Паводле слоў прадстаўнікоў, збор сродкаў па-за месцамі іх размяшчэння ствараў пагрозу супрацьдзеяння і пераследу арганізацыі з боку ўладаў.
У той час як мітрапаліт БПЦ Веніямін захоўваў нейтралітэт у сваіх заявах аб агрэсіі Расіі супраць Украіны, у выступах патрыярха РПЦ Кірыла, а таксама некаторых іншых лідараў БПЦ расійская прапаганда вайны ўзмацнілася. 3 сакавіка, напрыклад, Веніямін у сваім афіцыйным звароце заявіў, што тыя, хто «сёння стаіць адзін супраць аднаго на баявых пазіцыях, часта людзі родныя па крыві, па веры і па духу. Наўкола гінуць вайскоўцы, пакутуюць мірныя грамадзяне». Пазней ён заклікаў вернікаў маліцца за вяртанне міру на ўкраінскую зямлю і за тое, каб брацкія народы знайшлі шлях да прымірэння і ўзаемнага прабачэння.
28 сакавіка арцыбіскуп Навагрудскі і Слонімскі Гурый заявіў, што «на ўкраінскай зямлі ідзе вайна з Амерыкай» і што «сітуацыя ва Украіне – адзін з эпізодаў глабальнага працэсу змены сусветнага парадку, у які ніяк не ўпісваюцца праваслаўныя народы». Арцыбіскуп пацвердзіў сваю падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну і рэтрансляваў заявы Расіі пра тое, што Пентагон распрацоўваў ва Украіне біялагічную зброю. У тым жа інтэрв’ю арцыбіскуп заявіў, што Кіеў накіраваў у Амерыку тысячы ўзораў сывараткі хворых пераважна славянскай нацыянальнасці нібыта для вывучэння генетычных дадзеных славян з наступнай магчымасцю ўздзеяння на іх. Абвясціўшы пра падтрымку патрыярха Кірыла, арцыбіскуп Гурый таксама выказаў меркаванне, што галоўнай маральнай прычынай спецыяльнай ваеннай аперацыі была барацьба з заходняй гей-павесткай.
У сваіх шматлікіх інтэрв’ю, пропаведзях і публічных выступах на працягу года протаіерэй і настаяцель Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску Андрэй Лемяшонак сцвярджаў, што гэта не Расія пачала вайну, а, наадварот, увесь свет апалчыўся супраць Расіі. У інтэрв’ю ад 1 сакавіка протаіерэй апраўдваў уварванне тым, што “Данбас бамбілі восем год” і што вайна непазбежная, паколькі Захад абвясціў праваслаўе пагрозай. У інтэрв’ю ад 4 кастрычніка ён асудзіў уцёкі расійскіх грамадзян з краіны з мэтай пазбегнуць мабілізацыі і назваў прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства, якія праводзяць богаслужэнні для расійскіх ваенных у зоне баявых дзеянняў, “святымі”.
Рэлігійныя арганізацыі звярталі ўвагу на непрадказальнасць прымянення ўладамі візавых абмежаванняў, што стварала перашкоды для працы і пражывання прадстаўнікоў замежнага духавенства. Прадстаўнікі ўладаў патрабавалі ад усіх замежных святароў, якія працуюць у краіне, атрымліваць спецыяльны дазвол для службы ў рэлігійных установах і выканання рэлігійных абавязкаў.
Рымска-каталіцкае духавенства па-ранейшаму паведамляла пра шматлікія цяжкасці, з якімі сутыкаліся замежныя святары, уключаючы працягласць працэдур атрымання дазволу ўладаў на вядзенне службаў, а таксама кароткія тэрміны дзеяння віз (ад трох да шасці месяцаў).
Паводле звестак прадстаўнікоў рымска-каталіцкай абшчыны, езуіт і каталіцкі святар з Расіі Клеменс Верт заставаўся ў Віцебску, дзе працягваў працу ў епархіі і кіраваў будаўніцтвам новага храма, які быў асвечаны 9 ліпеня. Яго заяўка на атрыманне рэлігійнай візы ў ліпені была адхіленая Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у сувязі з чым той не меў права весці імшу і займацца любымі іншымі формамі рэлігійнага служэння. 30 снежня Гродзенская рымска-каталіцкая епархія паведаміла, што апарат Упаўнаважанага адмовіў у падаўжэнні візы грамадзяніну Польшчы айцу Юзафу Гезу, які бесперапынна працаваў у краіне з 1997 года і з’ехаў, адслужыўшы 27 снежня апошнюю службу ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Сябры габрэйскай абшчыны і замежныя донары супольна з мясцовымі ўладамі на прыватныя сродкі ўсталявалі пяць помнікаў і тры мемарыяльныя шыльды ў памяць пра ахвяр Халакосту на месцах масавых забойстваў у пасёлку Петралевічы, гарадах Смалявічы, Слонім, Ашмяны і іншых населеных пунктах краіны. Абшчына працавала таксама над аднаўленнем васьмі іншых помнікаў.
Раздзел ІІІ. Павага да свабоды веравызнання ў грамадстве
У сацыяльных сетках, чатах і анлайн-каментарах да навінавых артыкулаў мясцовых СМІ з’яўляліся асобныя выказванні антысеміцкага характару, пры гэтым, аднак, было невідавочным, што ўсе згаданыя каментары пакінутыя жыхарамі Беларусі. Так, напрыклад, інтэрнэт-супольнасці ў расійскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» працягвалі публікаваць як выявы і відэаролікі на неанацысцкую тэматыку, так і заклікі да гвалту ў дачыненні да габрэяў і іншых асоб. Частка кантэнту была разлічаная менавіта на беларускую аўдыторыю. 12 лістапада праўладная група “Сохрани Беларусь!” у адказ на фатаграфію пратэстоўцаў з бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі Ізраіля ў Кракаве апублікавала пост, у якім параўнала габрэяў з неанацыстамі і абвінаваціла іх у забыцці Халакосту. Група сцвярджала, што нацысцкія калабарацыяністы забівалі беларускіх габрэяў пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Некаторыя каментары ў сацыяльных сетках таксама былі звязаныя з вайной ва Украіне і ўключалі ў тым ліку абразлівыя выказванні наконт габрэйскага паходжання Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Габрэйскія абшчыны заяўлялі пра асобныя выпадкі вандалізму. 3 траўня габрэйская абшчына горада Бабруйска паведаміла, што невядомыя здзейснілі на руінах сінагогі акт вандалізму, намаляваўшы балончыкам літару «Z», якая асацыюецца з расейскім уварваннем ва Украіну.
Беларуская праваслаўная царква працягвала штогадовае ўшанаванне Гаўрыіла Беластоцкага, дзіцяці, паводле падання забітага габрэямі Беластока ў 1690 годзе. Гаўрыіл Беластоцкі ўшанаваны Рускай царквой як святы пакутнік, і БПЦ працягвае гэтую традыцыю, паколькі знаходзіцца ў падпарадкаванні Рускай праваслаўнай царквы, адказнай за пытанні ўшанавання святых. У традыцыйнай памінальнай малітве, якая прамаўляецца ў дзень смерці Беластоцкага 3 траўня, гаворыцца, што мужны пакутнік Гаўрыіл быў выкрывальнікам габрэйскай ганьбы, нягледзячы на апраўданне судом габрэя, які падазраваўся ў яго забойстве. На афіцыйным сайце БПЦ захаваліся пэўныя згадкі антысеміцкага характару ў сувязі з Гаўрыілам Беластоцкім, хоць у апошнія гады ў анлайн-матэрыялах БПЦ больш увагі надавалася яго ролі як шанаванага ў краіне святога – апекуна дзяцей. Нягледзячы на тое, што лідары габрэйскай абшчыны заяўлялі, што надаюць першачарговую ўвагу іншым праблемам, яны паведамлялі, што ў тэксце малітваў, якія праслаўляюць святога, па-ранейшаму захоўваюцца радкі антысеміцкага зместу.
Міжрэлігійная рабочая група ў складзе прадстаўнікоў БПЦ, Рымска-каталіцкай царквы, Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў, Саюза евангелісцка-лютэранскіх цэркваў і габрэйскіх рэлігійных абшчын на працягу года займалася арганізацыяй семінараў і адукацыйных мерапрыемстваў. Так, напрыклад, група правяла некалькі семінараў на тэмы, звязаныя з міжрэлігійнымі і міжкультурнымі традыцыямі, захаваннем памяці пра Халакост, а таксама Бібліяй як асновай духоўнай еднасці і культурнай разнастайнасці.
Раздзел IV. Палітыка і дзейнасць Урада ЗША
Нягледзячы на прыпыненне працы Амбасады ЗША ў Мінску з лютага справаздачнага года, Часовы павераны ў справах, які знаходзіўся ў сталіцы Літвы Вільнюсе, а таксама іншыя супрацоўнікі амбасады працягвалі займацца рэлігійнымі пытаннямі. На працягу года Часовы павераны ў справах падтрымліваў кантакты з рэлігійнымі лідарамі па пытаннях свабоды веравызнання, у тым ліку рэгістрацыі рэлігійных абшчын, стану рэлігійнага навучання і адукацыі для абшчын рэлігійных меншасцяў, свабоды выказвання і вызнання рэлігійныя перакананняў, а таксама ціску з боку дзяржавы на святароў з мэтай перашкодзіць выказванню рэлігійных перакананняў і іх асабістаму ўдзелу ў палітычным жыцці краіны.
Цягам года Часовы павераны ў справах сустракаўся з мітрапалітам БПЦ Веніямінам і каталіцкім арцыбіскупам Мінска-Магілёўскай епархіі Іосіфам Станеўскім. Павераны і іншыя супрацоўнікі амбасады працягвалі рэгулярна кантактаваць з прадстаўнікамі БПЦ і Рымска-каталіцкай царквы, пратэстанцкіх цэркваў, габрэйскіх абшчын і іншых рэлігійных меншасцяў, а таксама з актывістамі грамадзянскай супольнасці з мэтай збору звестак пра ўмовы ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці і абмеркавання дзеянняў рэжыму, якія ствараюць перашкоды свабодзе веравызнання.
З грамадзянскімі актывістамі і рэлігійнымі лідарамі супрацоўнікі амбасады працягвалі рэгулярна абмяркоўваць абмежаванні свабоды веравызнання. Супрацоўнікі амбасады абмеркавалі статус рымска-каталіцкай супольнасці ў краіне і стаўленне дзяржавы да Касцёла з калегамі-дыпламатамі з Апостальскай нунцыятуры, а таксама падтрымлівалі актыўныя кантакты з місіяй ЗША пры Святым Прастоле. Амбасада ажыццяўляла шчыльную каардынацыю па пытаннях свабоды веравызнання ў Беларусі з дыпламатычнымі місіямі-аднадумцамі як у Мінску, так і ў Вільнюсе.
Палітычныя абмежаванні пры правядзенні масавых мерапрыемстваў скарачалі магчымасці амбасады праводзіць мерапрыемствы і публічныя сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных суполак. На сустрэчах з прадстаўнікамі габрэйскіх арганізацый супрацоўнікі амбасады абмяркоўвалі пытанні антысемітызму і захавання габрэйскай рэлігійнай спадчыны.
У лістападзе Часовы павераны ў справах узяў удзел у мемарыяльным мерапрыемстве, прысвечаным ахвярам Халакосту, што адбылося на месцы былых габрэйскіх могілак у Мінску. З мэтай прадэманстраваць падтрымку габрэйскай супольнасці краіны і падкрэсліць важнасць гістарычнай праўды амбасада падзялілася ў сацыяльных сетках фатаграфіямі з мерапрыемства ў памяць аб тысячах ахвяр габрэйскага народа.