Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў

Заява в.а. Адміністратара Джона Барсы

Панядзелак, 2 лістапада 2020 г.
Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці
Упраўленне па сувязях з прэсай
press@usaid.gov

 

Свабода прэсы – краевугольны камень для любога справядлівага і свабоднага грамадства. Сёння, у Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў, мы аддаем пашану ўсім журналістам, асабліва тым, хто рызыкуе сваёй бяспекай і сваім жыццём, каб інфармаваць грамадзян дакладнай справаздачнасцю. Нішто не павінна пагражаць жыццю тых, хто аб’ектыўна і дакладна асвятляе падзеі.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры паведамляе (знешняя спасылка), што ў 2019 і 2020 гадах 97 журналістаў ва ўсім свеце былі забітыя за тое, што рабілі сваю працу. Тысячы іншых падвяргаюцца пераследу, незаконнаму зняволенню, катаванням і іншым жудасным злачынствам. Многія «зніклі без вестак», а іх сябры і родныя гадамі чакаюць навінаў пра іх лёс. Так дзевяць журналістаў у Сірыі, якія зніклі ў 2012-2015 гадах, дагэтуль застаюцца зніклымі без вестак. Гэта павінна спыніцца.

Мы ўзгадваем тых смелых журналістаў, якія загінулі ад рук брутальных рэжымаў або іншых крымінальных арганізацый, у тым ліку:

  • Хасэ Кармэла Біслік з Венесуэлы, выкрадзены і забіты пасля матэрыялаў пра карупцыю;
  • Хуліо Вальдзівія, знойдзены абезгалоўленым побач з чыгуначнымі пуцямі ў штаце Веракрус пасля матэрыялаў пра злачыннасць і бяспеку ў Мексіцы;
  • Ірына Славіна, якая памерла ад самаспалення пасля кампаніі пераследу з боку расійскіх спецслужбаў за яе рэпартажы;
  • Павел Шарамет, забіты ў 2016 годзе ва Украіне ў выніку замаху, арганізаванага людзьмі, якія застаюцца на волі;
  • Джон Гатлуак Мангет Нхіал з Паўднёвага Судана, забіты ў 2016 годзе ў выніку нападу ваенных на людзей, у тым ліку работнікаў гуманітарнай місіі, у прыватным жылым комплексе;
  • Азімжон Аскараў, які памёр у турме падчас адбыцця пажыццёвага зняволення ў Кыргызскай Рэспубліцы ў выніку судовага працэсу, азмрочанага парушэннямі;
  • Кітайскія грамадзянскія журналісты Чэнь Цюсі і Фанг Бін, затрыманыя органамі грамадскай бяспекі за мужнае і праўдзівае асвятленне сітуацыі ў шпіталях падчас успышкі COVID-19 у правінцыі Ухань;
  • Раберта дэ Хесус Асэс, збіты і падвергнуты здзекам падчас аднагадовага знаходжання ў турме за спробу асвятлення суда над двума кубінскімі пастарамі, якія займаліся хатнім навучаннем сваіх дзяцей;
  • Анібал Торуньё з Нікарагуа, чыю радыёстанцыю ў 2018 годзе падпалілі верныя прыхільнікі рэжыму Артэгі, і які да гэтага часу знаходзіцца пад пастаянным наглядам органаў дзяржаўнай бяспекі;
  • Амаль 300 журналістаў у Беларусі, якія падвергліся збіццю, пераследу і затрыманням за асвятленне акцый пратэсту супраць фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні;
  • Шматлікія актывісты СМІ і журналісты ў Зімбабвэ, арыштаваныя пад выглядам мераў карантыну ў сувязі з COVID-19; і
  • Журналісты, якія, як мяркуецца, падвергліся нападу нігерыйскіх сіл бяспекі за асвятленне пратэстаў супраць паліцэскай жорсткасці;
  • Журналісты, якіх пераследуюць паўстанцы і іншыя групоўкі ў Афганістане і ў іншых рэгіёнах.

Мы таксама ўзгадваем жорсткае забойства саудаўскага журналіста Джамаля Хашогі, які знаходзіўся ў выгнанні, і працягваем патрабаваць прыцягнення да  поўнай адказнасці ўсіх асоб, вінаватых у яго жудасным забойстве.

USAID будзе працягваць падтрымліваць свабодныя і незалежныя СМІ і абарону журналістаў ва ўсім свеце. Мы заклікаем усе ўрады асудзіць рэпрэсіі супраць журналістаў і прыцягнуць да адказнасці тых, хто пагражае іх жыццю і працы. Добрая інфармаванасць насельніцтва з’яўляецца асновай дэмакратыі, і журналісты маюць у гэтым вырашальнае значэнне. Яны павінны мець магчымасць паведамляць праўду, не баючыся рэпрэсій.