Місія ЗША пры АБСЕ: Апошнія падзеі ў Беларусі

We continue to be amazed by the strength, resilience, and courage of the Belarusian people demanding their voices be heard. (AP Photo/Evgeniy Maloletka)

Апошнія падзеі ў Беларусі

Выступ Часовай Паверанай у справах ЗША Кортні Острыен
перад Пастаянным саветам у Вене
4 лютага 2020 года

 

Дзякуй, спадар старшыня.

Спадар старшыня, Злучаныя Штаты вітаюць гэту магчымасць адзначыць надыходзячы Дзень салідарнасці з народам Беларусі ў гэтую нядзелю, 7 лютага. У панядзелак споўніцца шэсць месяцаў з пачатку мірных пратэстаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года. Мы працягваем дзівіцца з сілы, стойкасці і мужнасці беларускага народа, які патрабуе, каб яго голас быў пачуты. Ва ўмовах узмацнення рэпрэсій з боку дзяржаўных сілавых органаў і прадузятых судоў яны працягваюць актыўны і яркі рух на невялікіх сходах і ў дварах ад Гомеля да Мінска і да Брэста, а таксама ў рамках дыяспары і супольнасцяў тых, хто быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.

Рашучасць грамадзян Беларусі самастойна вызначаць сваю будучыню і свабодна выбіраць сваіх лідэраў не падлягае сумневу. Спадар Лукашэнка абвясціў, што 11 лютага правядзе Усебеларускі народны сход – канферэнцыю, якая не прэтэндуе на легітымнасць, бо наўмысна не прыцягвае да ўдзелу больш шырокае грамадства або пратэстны рух і яго лідэраў, уключаючы Святлану Ціханоўскую і Каардынацыйны савет.

Дзеля будучыні Беларусі мы зноў заклікаем рэжым Лукашэнкі ўступіць у адкрыты дыялог са спадарыняй Ціханоўскай і іншымі членамі ўсё большай беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

Замест таго, каб удзельнічаць у штучна арганізаваных нацыянальных сходах, беларускім уладам неабходна зрабіць рэальныя крокі, каб спыніць крызіс, выкліканы іх фальсіфікацыямі на выбарах і рэпрэсіямі, якія трываюць. Улады Беларусі павінны выканаць рэкамендацыі, выкладзеныя ў дакладзе Маскоўскага механізма, які прафесар Вольфганг Бенедэк прадставіў у гэтай зале ў лістападзе мінулага года. Рэкамендацыі ўключаюць неадкладнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і спыненне празмернага гвалту з боку сілавых органаў супраць грамадзян, якія мірна дамагаюцца лепшай, больш дэмакратычнай будучыні.

На жаль, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца. Незалежныя СМІ ўсё часцей становяцца мішэнню для ўладаў, што стала тэмай абмеркаванняў на пасяджэнні па формуле Арыі ў ААН у мінулым месяцы. Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч была арыштавана ў лістападзе пасля таго, як у яе артыкулах была выкрыта хлусня ўладаў пра смерць 31-гадовага Рамана Бандарэнкі, мірнага пратэстоўца, які памёр у бальніцы на наступны дзень пасля таго, як яго жорстка збілі міліцыянты і праўладныя цывільныя асобы, блізкія да Лукашэнкі. Спадарыня Барысевіч знаходзіцца ў СІЗА на працягу 77 дзён проста таму, што паведаміла пра факты. Блогер і актывіст Ігар Лосік, які нядаўна спыніў шасцітыднёвую галадоўку, распачатую для прыцягнення ўвагі да цяжкага становішча апазіцыі ў Беларусі, ужо амаль сем месяцаў знаходзіцца ў турме па абвінавачванні ў арганізацыі дэманстрацый да выбараў.

Улады выкарыстоўваюць драконаўскія метады, каб схаваць праўду і пазбегнуць адказнасці за парушэнні правоў чалавека.

Мы далучаемся да дэмакратычных партнёраў і праваабарончых арганізацый па ўсім свеце ў патрабаванні неадкладнага вызвалення амаль дзвюх сотняў палітвязняў, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі, і некаторыя з якіх былі затрыманыя па надуманых абвінавачваннях яшчэ задоўга да прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года. Прымяненне гвалту для падаўлення іншадумства, пакаранне за рэалізацыю права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркаванняў супярэчаць абавязацельствам, якія Беларусь узяла на сябе як дзяржава-ўдзельніца АБСЕ, а таксама абавязкам Беларусі згодна міжнароднаму праву. Тыя члены рэжыму Лукашэнкі і яго спецслужбаў, якія ўчыняюць жорсткасць супраць мірных дэманстрантаў, членаў апазіцыйных партый і незалежных журналістаў, павінны разумець, што іх цяперашняя беспакаранасць не будзе вечнай – рана ці позна яны адкажуць за свае парушэнні.

Злучаныя Штаты дзякуюць “Тройцы” АБСЕ за прапанову садзейнічаць нацыянальнаму дыялогу паміж беларускімі ўладамі і палітычнай апазіцыяй. Мы працягваем заклікаць Аляксандра Лукашэнку прыняць прапанову “Тройкі”.

Беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч аднойчы сказала: “Свабода – гэта не хуткае свята, як мы пра тое марылі. Гэта шлях, доўгі шлях”.

З нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю Злучаныя Штаты зноў пацвярджаюць гатоўнасць ісці па гэтым доўгім шляху кожны дзень разам з беларускім народам, пакуль гэта будзе патрэбным для рэалізацыі яго памкненняў.

Дзякуй, спадар старшыня.