28-30 кастрычніка Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд наведаў Гродна. У праграме яго другой афіцыйнай паездкі па рэгіёнах былі сустрэчы з шырокім колам беларусаў – ад прадстаўнікоў мясцовых уладаў да актывістаў недзяржаўных арганізацый і прыватных прадпрымальнікаў.
У пошуках шляхоў пашырэння ўзаемадзеяння з Беларуссю ЗША надае вялікае значэнне культурным і адукацыйным сувязям, заўважыў Скот Роланд на сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. Менавіта таму сярод асноўных пунктаў візіту былі адкрыццё перасоўнай выставы амерыканскіх коміксаў у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы і сустрэча са студэнтамі і адміністрацыяй Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе сп. Роланд распавёў пра магчымасці атрымання адукацыі ў ЗША.
Скот Роланд наведаў Барысаглебскую (Каложскую) царкву – знакаміты помнік ранняга хрысціянства ў Беларусі, а таксама пабываў у сядзібе Тызенгаўза, гаспадары якой удзельнічалі ў праграме USAID/ ПРААН па падтрымцы мясцовага прадпрымальніцтва і эканамічнага развіцця, з асаблівым акцэнтам на сельскі і экатурызм.
Фотаздымкі візіту можна пабачыць на нашай старонцы ў Flickr.