Першы Стратэгічны дыялог паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і беларускім дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасцю

НАТАТКА ДЛЯ ПРЭСЫ

OФІС ПРЭС-САКРАТАРА

8 СНЕЖНЯ, 2023 г.

6-8 снежня ў Дзяржаўным дэпартаменце адбыўся першы Стратэгічны дыялог паміж Урадам Злучаных Штатаў Амерыкі і беларускім дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасцю. У Стратэгічным дыялогу, сустаршынямі якога выступілі беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Крыстафер У. Сміт, прынялі ўдзел прадстаўнікі шматлікіх урадавых устаноў ЗША разам з шырокім колам беларускіх дэмакратычных актараў, у тым ліку палітычных лідараў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных журналістаў, праваабаронцаў, юрыстаў, прафсаюзных лідараў, вучоных і простых беларусаў.

Падчас Дыялогу Злучаныя Штаты зрабілі некалькі заяў:

  • Намаганні Злучаных Штатаў па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злоўжыванні ў Беларусі і за мяжой будуць працягвацца, пра што сведчаць санкцыі, уведзеныя 5 снежня ў дачыненні да 11 кампаній і васьмі фізічных асоб, якія дапамагаюць або маюць дачыненне да злачынстваў рэжыму.
  • У гэтым месяцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) адкрывае для сваёй беларускай праграмы спецыяльны офіс у Вільнюсе (Літва). USAID супрацоўнічае з беларусамі на працягу 20 гадоў, і новы офіс з’яўляецца доказам таго, што партнёрства будзе працягвацца, бо беларусы імкнуцца да суверэннай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны.
  • Злучаныя Штаты ініцыююць праграмы абмену і іншыя праграмы, накіраваныя на пашырэнне і абарону ўнікальнай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці беларусаў, уключаючы мову, літаратуру, мастацтва і гісторыю.
  • Злучаныя Штаты і прадстаўнікі беларускага дэмакратычнага руху дамовіліся ў бліжэйшыя месяцы склікацьпрацоўныя групы каб працягнуць важныя абмеркаванні, распачатыя ў рамках Стратэгічнага дыялогу.

 

Ключавой тэмай стала катастрофа ў галіне правоў чалавека, у якую рэжым у Мінску наўмысна загнаў народ Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Абодва бакі асудзілі жудаснае становішча, уякім знаходзяцца палітвязні, і падкрэслілі неабходнасць падтрымкі іх рэабілітацыі і рэсацыялізацыі. Злучаныя Штаты працягваюць заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі амаль 1500 палітычных зняволеных рэжыму. Мы таксама шукаем спосабы падтрымаць намаганні па рэабілітацыі палітвязняў і іх сем’яў.

Удзельнікі Стратэгічнага дыялогу таксама абмеркавалі будучае эканамічнае развіццё дэмакратычнай Беларусі, важную ролю суполак беларускай дыяспары, ціск на незалежныя СМІ, супрацьдзеянне дэзінфармацыі і прапагандзе, а таксама аказанне дапамогі Беларусі ў абароне і аднаўленні свайго поўнага суверэнітэту. Злучаныя Штаты працягваюць непахісна падтрымліваць імкненне беларускага народа да суверэннай, дэмакратычнай будучыні і вітаюць мужных беларусаў, якія рызыкавалі і працягваюць рызыкаваць многім дзеля дасягнення гэтай мэты.