Хуберт Ван Тул, прафесар гісторыі ўніверсітэта Рыджэнтс з г. Аўгуста, штат Джорджыя, наведаў Беларусь 26-30 красавіка. Прафесар правёў шэраг сустрэч з рознымі беларускімі аўдыторыямі, на якіх абмяркоўваліся пытанні дапамогі ЗША Савецкаму Саюзу падчас Другой сусветнай вайны. Дапамога па праграме Ленд-лізу, ухваленая Кангрэсам па патрабаванні Прэзідэнта Рузвельта, склала 140 мільярдаў даляраў у сённяшняй валюце і ўключала ў сябе ваенную тэхніку, зброю, ежу, адзенне, сродкі сувязі і сыравіну, да якой савецкая прамысловасць не мела доступу. Прафесар Ван Тул выступіў з прэзентацыяй перад студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, музейнымі работнікамі і гісторыкамі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, а таксама перад грамадскасцю ў Магілёве і Мінску, адказаўшы на шматлікія пытанні па гісторыі Другой сусветнай вайны.
