Заява Марка Тоўнэра,
намесніка прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША
12 кастрычніка 2015 г.
ЗША вітаюць мірнае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка ў Беларусі. Аднак мы расчараваныя тым, што выбары ў значнай ступені не адпавядалі міжнародным абавязацельствам Беларусі па забеспячэнню іх свабоднага і справядлівага характару, пра што сведчаць справаздачы місій назіральнікаў БДІПЧ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ. У справаздачах адзначаны сур’ёзныя праблемы з падлікам галасоў і фармаваннем акруговых і мясцовых выбарчых камісій, а таксама адсутнасць фундаментальных рэформ недасканалага беларускага выбарчага заканадаўства.
Свабодныя і справядлівыя выбары немагчымыя без свабоды прэсы, наяўнасці магчымасці для працы структур грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных партый і забеспячэння бесперашкоднага доступу для міжнародных і нацыянальных назіральнікаў. Мы вітаем удзел апазіцыйных палітычных партый і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, аднак немагчымасць для міжнародных і нацыянальных назіральнікаў прысутнічаць пры падліку галасоў і практычна поўная адсутнасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый і незалежных прадстаўнікоў у складзе выбарчых камісій азначае неадпаведнасць дэмакратычным працэсам і нормам.
Мы заклікаем Беларусь прытрымлівацца палажэнняў сумеснай амерыкана-беларускай заявы, зробленай ў снежні 2010 г., у якой “Беларусь прызнае, што большая павага да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі застаецца галоўнай умовай для паляпшэння двухбаковых адносін і жыццёва важная для забеспячэння прагрэсу краіны і яе грамадзян”. Гэта ўмацуе суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, якія ЗША безумоўна і цвёрда падтрымліваюць, як было пацверджана падчас двухбаковых кансультацый па правах чалавека і дэмакратыі ў траўні гэтага года, і пракладзе шлях да паляпшэння двухбаковых сувязяў на аснове дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.