Справаздача аб правах чалавека за 2022 год: Беларусь

Кароткі змест

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца аўтарытарнай дзяржавай. Згодна з Канстытуцыяй, кіраўніком дзяржавы выступае прэзідэнт, які абіраецца прамым галасаваннем. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе двухпалатны парламент – так званы Нацыянальны сход, а таксама Усебеларускі народны сход – спецыяльны орган, статус якога быў замацаваны ў Канстытуцыі шляхам рэферэндуму, што адбыўся ў лютым 2022 года. Прэм’ер-міністр, прызначаны прэзідэнтам, намінальна ўзначальвае ўрад, але дэ-юрэ і дэ-факта ўлада засяроджаная ў руках прэзідэнта. Грамадзяне краіны пазбаўленыя магчымасці абіраць уладу на свабодных і справядлівых выбарах. З моманту абрання прэзідэнтам у 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка ўмацаваў сваю ўладу над усімі інстытутамі і адмяніў вяршэнства закону з дапамогай аўтарытарных інструментаў, у тым ліку шляхам маніпулявання выбарамі і прыняцця адвольных указаў. Усе наступныя з 1994 года выбары, у тым ліку прэзідэнцкія выбары ў жніўні 2020 года і канстытуцыйны рэферэндум 2022 года, таксама не сталіся свабоднымі і справядлівымі.

Міністэрства ўнутраных спраў узначальвае сістэму органаў унутраных спраў, аднак праваахоўнай дзейнасцю таксама займаюцца і іншыя органы, якія не знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС, такія як Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Следчы камітэт, Служба бяспекі прэзідэнта. Прэзідэнт мае дастатковыя паўнамоцтвы для падпарадкавання сабе ўсіх сілавых структур. Паводле інфармацыі, супрацоўнікі сіл бяспекі агрэсіўна, наўмысна і сістэматычна злоўжывалі ўладай з мэтай здушыць праявы палітычнага іншадумства і перашкодзіць ажыццяўленню правоў чалавека.

Найбольш істотныя парушэнні правоў чалавека ўключалі незаконнае і адвольнае пазбаўленне жыцця прадстаўнікамі сілавых структур; катаванні ў турмах і выпадкі жорсткага, бесчалавечнага ці зневажальнага для чалавечай годнасці стаўлення да грамадзян з боку сілавых структур; суровыя і небяспечныя для жыцця ўмовы ўтрымання зняволеных; адвольныя арышты і затрыманні; наяўнасць палітычных зняволеных; палітычна матываваныя рэпрэсіі супраць асоб у іншых краінах; сур’ёзныя праблемы з незалежнасцю судовай улады; адвольнае або незаконнае ўмяшанне ў прыватнае жыццё; пераслед чальцоў сям’і за правапарушэнні, нібыта ўчыненыя іх сваякамі; сур’ёзныя злоўжыванні ў канфлікце, звязаным з саўдзелам Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны; значнае абмежаванне свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку спалучаныя з гвалтам або пагрозамі гвалту ў дачыненні да журналістаў, неабгрунтаваныя арышты і судовы пераслед журналістаў, цэнзуру і наяўнасць крымінальных законаў аб дыфамацыі; жорсткае абмежаванне свабоды інтэрнэту; істотнае парушэнне свабоды мірных сходаў і свабоды аб’яднанняў, у тым ліку празмерна абмежавальныя законы ў дачыненні да стварэння, фінансавання або дзейнасці НДА і арганізацый грамадзянскай супольнасці; пазбаўленне грамадзян магчымасці змены ўлады мірным шляхам праз свабодныя і справядлівыя выбары; жорсткае і неабгрунтаванае абмежаванне ўдзелу грамадзян у палітычным жыцці; высокі ўзровень карупцыі ва ўрадзе; значнае абмежаванне дзейнасці і пераслед рэспубліканскіх і міжнародных праваабарончых арганізацый; неналежнае расследаванне і беспакаранасць за праява гендарнага гвалту, у тым ліку сямейнага і сексуальнага; гандаль людзьмі; злачынствы, звязаныя з гвалтам або пагрозай гвалту ў дачыненні да лесбіянак, геяў, бісексуалаў, трансгендэраў, гомасексуалістаў ці інтэрсексуалаў; а таксама забарону на дзейнасць незалежных прафсаюзаў і істотнае абмежаванне правоў працоўных на свабоду аб’яднанняў.

Улады ўсіх узроўняў у цэлым дзейнічалі ва ўмовах беспакаранасці ў адпаведнасці з указаннямі Лукашэнкі і ўхіляліся ад прыняцця рэгулярных мер па пераследзе і пакаранні дзяржаўных служачых і супрацоўнікаў праваахоўных структур за дзеянні, якія парушаюць правы чалавека.

Раздзел 1. Недатыкальнасць асобы, у тым ліку абарона ад такіх дзеянняў, як:

а. Адвольнае пазбаўленне жыцця і іншыя незаконныя і палітычна матываваныя забойствы

На працягу года паступала дакладная інфармацыя пра здзяйсненне ўладай або асобамі, якія дзейнічаюць ад яе імя, адвольных або незаконных забойстваў і прычыненні смерці ў выніку катаванняў. Следчы камітэт Беларусі, орган, які займаецца ўнутранымі расследаваннямі і падпарадкоўваецца непасрэдна прэзідэнту, адказвае за расследаванне правамернасці здзейсненых сілавікамі забойстваў і ўзбуджэнне крымінальных спраў.

Увечары 31 снежня 2021 года Зміцер Усхопаў быў дастаўлены сілавікамі ў лякарню ў пагрозлівым для жыцця стане пасля свайго затрымання а 23:00 на аўтобусным прыпынку папярэдняй ноччу. 1 студзеня а 1:20 ночы ўлады канстатавалі ягоную смерць. Сябры сям’і паведамілі, што, калі ўбачылі цела, то адзенне на ім відавочна была падранае, ён быў увесь мокры ад вады, на лбе была бачная рана, а запясці ссінелі. Сям’я лічыць, што траўмы былі нанесеныя сілавікамі падчас затрымання і сталі прычынай ягонай смерці. У Следчым камітэце абверглі гэтыя сцвярджэнні, заявіўшы, што не знайшлі на яго целе слядоў траўмаў і што ён памёр ад інтаксікацыі ў выніку перадазіроўкі алкаголю, а міліцыя прымяніла сілу да Усхопава пасля таго, як той аказаў ім супраціў пры затрыманні. Праваабарончыя арганізацыі паведамілі, што сама меней чацвёра сяброў Усхопава былі затрыманыя за захоўванне наркатычных рэчываў.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе АМАП, унутраныя войскі і сілавікі ў цывільным ажыццяўлялі жорсткі разгон масавых пратэстаў. Сама меней два чалавекі ў 2021 і чатыры чалавекі ў 2020 годзе загінулі ў выніку гвалту і жорсткага абыходжання з боку міліцыянтаў, прымянення сілавікамі зброі або неаказання своечасовай медычнай дапамогі. У выніку гэтых забойстваў ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні да сілавікоў так і не было ўзбуджана. Падчас расследаванняў улады здымалі віну з сілавікоў, сцвярджаючы, што пацярпелыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення ці самі неслі адказнасць за ўласную смерць, нават у тым выпадку, калі фактам і заявам дзяржчыноўнікаў супярэчыла сама доказная база. Асобы, якія распаўсюджвалі дакладную інфармацыю, што супярэчыла афіцыйнай пазіцыі, падвяргаліся арыштам або пагрозам штрафаў і пазбаўлення волі. У лістападзе 2020 года прадстаўнік Следчага камітэта заявіў прадстаўнікам Савета ААН па правах чалавека пра адсутнасць ў вытворчасці камітэта спраў аб перавышэнні супрацоўнікамі праваахоўных органаў паўнамоцтваў, а таксама пра тое, што “фактаў учынення супрацоўнікамі праваахоўных органаў супрацьпраўных дзеянняў не ўстаноўлена”. Цягам года ўлады не расследавалі ніякіх спраў аб парушэнні правоў чалавека з боку дзяржаўных чыноўнікаў. Па стане на канец года не вялося расследаванне і не былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні да асоб, адказных за смерць Вітольда Ашурка, які памёр у 2021 годзе ў турме пад наглядам уладаў. Расследаванне абставін гібелі ў 2020 годзе Аляксандра Тарайкоўскага, застрэленага супрацоўнікам сілавых структур падчас мірнай акцыі пратэсту з нелятальнай агнястрэльнай зброі, з лістапада 2021 года было прыпынена. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці на падставе вывучэння відэазапісаў таго, што адбылося, заяўлялі, што сілавіком, які забіў Тарайкоўскага, быў Мікіта Каровін, аднак улады не апублічылі яго імя.

б. Знікненні

Цягам года паведамленняў пра факты гвалтоўных знікненняў па віне ўладаў не паступала.

в. Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці прыніжальныя для чалавечай  годнасці віды абыходжання і пакарання

Падобныя дзеянні забароненыя законам. Аднак прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ), АМАП і іншых сілавых структур, часта без апазнавальных знакаў, у цывільным і масках, рэгулярна прымянялі празмерную сілу ў дачыненні да затрыманых і мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў незалежных СМІ і звычайных грамадзян. Паводле інфармацыі, сілавікі таксама жорстка абыходзіліся з людзьмі падчас следчых дзеянняў. Па сведчаннях недзяржаўных праваабарончых арганізацый і былых зняволеных, супрацоўнікі ўнутраных спраў сістэматычна падвяргалі грамадзян збіццю і катаванням пры іх затрыманні і ў месцах зняволення. Праваабарончыя арганізацыі таксама паведамлялі пра жорсткае абыходжанне са зняволенымі з боку супрацоўнікаў месцаў прымусовага ўтрымання, у тым ліку пра бесчалавечнае збіццё, прымяненне электрашокераў, псіхалагічнае прыніжэнне праз гвалтоўнае распрананне з мэтай прынізіць чалавечую годнасць і публікацыю ў сацсетках відэазапісаў вымушаных прызнанняў, а таксама дзеянні з мэтай падарваць маральныя і фізічныя сілы зняволеных.

Так, напрыклад, 27 лютага супрацоўнікі органаў унутраных спраў жорстка збівалі і затрымлівалі людзей, якія пратэставалі супраць вайны, развязанай Расіяй ва Украіне. Жыхар Мінска распавёў праваабарончай арганізацыі “Вясна” пра тое, як падчас акцыі да яго падышлі трое ці чацвёра сілавікоў, павалілі на зямлю і збілі міліцэйскімі дручкамі. Мужчына паведаміў, што яму нанеслі не менш за 14 удараў, у тым ліку прынамсі пяць разоў па галаве. Пасля яго кінулі ў бусік і даставілі ў міліцэйскі ўчастак, дзе ён паскардзіўся на моцны боль, аднак у медычнай дапамозе яму было адмоўлена. Пасля гэтага ён быў змешчаны ў перапоўненую камеру з 20 іншымі затрыманымі, нягледзячы на тое, што камера была разлічана на шэсць чалавек. У следчым ізалятары яму чарговы раз адмовілі ў медычнай дапамозе. Праз тры дні яго судзілі і прыгаварылі да 10 сутак турэмнага зняволення. Пасля суда мужчына быў змешчаны ў камеру № 19, якую з-за невыноснай спякоты і задухі зняволеныя называлі “Крэматорый 19”. Адзін са зняволеных расказваў: “З нас ліўся пот. Мы нават распрануліся да ніжняй бялізны. Мы зрабілі ўсё, што маглі, але дыхаць усё роўна не было чым”.

14 лістапада некалькі затрыманых, што ўтрымліваліся ў мінскіх ізалятарах з верасня па лістапад, распавялі незалежным СМІ, як супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС збівалі іх па нагах і ягадзіцах да такой ступені, што яны суткамі не маглі сядзець або ляжаць. Яны таксама паведамлялі пра пазбаўленне сну, калі ім даводзілася спаць на халодных цэментных падлогах у камерах, дзе не было гарачай вады.

30 сакавіка ўлады апублікавалі відэа з прымусовымі прызнаннямі па меншай меры 38 затрыманых чыгуначнікаў, якія, як мяркуецца, уваходзілі ў Telegram-канал “Супольнасць чыгуначнікаў”, прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім» за заклікі да здзяйснення “тэрарыстычных актаў” і дыверсій на чыгунках. У шматлікіх відэа з прызнаннямі людзі асуджалі сваё далучэнне да супольнасці ў Telegram і заклікі да актаў сабатажу.

Жыхарка Мінска, затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіК у красавіку, паведаміла, што падчас затрымання яе катавалі электрычным токам. Жанчына патлумачыла, што ёй сказалі сесці на крэсла задам наперад, што, на яе думку, было зроблена для таго, каб яна не магла бачыць тых, хто выкарыстоўваў электрашокер. У гэты час сілавікі задралі яе джынсы, агаліўшы ногі, і ўжылі электрашокер. Яна патлумачыла, што пасля перанесеных кароткачасовых удараў токам у яе звяло ногі і яны анямелі так, што яна спачатку не магла хадзіць. Сляды ад удараў токам трымаліся на яе нагах цягам 10 дзён. Жанчыне прад’явілі абвінавачанне ў хуліганстве, а пазней затрымалі ў другі раз за нібыта нецэнзурную лаянку ў аддзяленні міліцыі. Падчас другога затрымання яе змясцілі з 17 іншымі асобамі ў двухмесную камеру, у якой увесь час гарэла святло і зняволеным не давалі спаць.

27 лютага, у дзень агульнанацыянальнага канстытуцыйнага рэферэндуму, міліцыянты  арыштавалі не менш як 900 чалавек за пратэсты супраць рэферэндуму і расійскага ўварвання ва Украіну. Наступным днём пасля рэферэндуму ўлады арыштавалі яшчэ каля 200 чалавек. Затрыманыя былі асуджаныя на тэрмін да 30 сутак і ўтрымліваліся ў перапоўненых халодных камерах, дзе, як паведамлялася, іх збівалі, пазбаўлялі сну, не кармілі і не прадастаўлялі медычную дапамогу і сродкі асабістай гігіены.

6 красавіка намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч паведаміў, што за пашкоджанне чыгуначнай інфраструктуры з мэтай перашкодзіць перамяшчэнню расійскай вайсковай тэхнікі, якая накіроўвалася ва Украіну, міліцыя затрымала чатырох «дыверсантаў». Ён паведаміў, што падчас арышту затрыманым прастрэлілі ногі, каб тыя не змаглі ўцячы. Ён не апраўдваў іх жорсткае затрыманне, аднак назіральнікі-праваабаронцы ацанілі дзеянні ўладаў як неадэкватныя і накіраваныя на запалохванне актывістаў апазіцыі з мэтай прадухіліць далейшае знішчэнне чыгуначнага абсталявання.

Сур’ёзнай праблемай заставалася беспакаранасць сілавікоў за ўчыненыя імі злачынствы. Па стане на канец года не было ніякіх сведчанняў таго, што ўлады праводзілі расследаванне ці прымалі меры адносна супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія мелі дачыненне да фактаў гвалту, што адбыўся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У ліку мноства беспакараных правапарушэнняў прадстаўнікоў улады, задакументаваных пасля выбараў 2020 года, былі жорсткае збіццё; псіхалагічнае прыніжэнне; катаванні нязручнай паставай, не менш за адзін зарэгістраваны выпадак згвалтавання і гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару; выкарыстанне электрашокераў і празмернае прымяненне слёзатачывага газу; наўмыснае пазбаўленне на перыяд да 3-х сутак ежы, пітной вады, сродкаў асабістай гігіены, сну і медычнай дапамогі, а таксама магчымасці карыстання прыбіральняй. У той жа час улады ажыццяўлялі судовы пераслед былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў і службаў бяспекі, звольненых па палітычных матывах або тых, што пайшлі ў адстаўку ў знак пратэсту супраць гвалту з боку міліцыі, за спробу распачаць расследаванне дзеянняў сваіх калег і асоб, якія кансультавалі чыноўнікаў. Так, напрыклад, 12 траўня Мінскі раённы суд прыгаварыў былога памочніка пракурора Яўгена Бабака да чатырох гадоў пазбаўлення волі за нібыта ўдзел у акцыях, што парушаюць грамадскі парадак і распальваюць сацыяльную варожасць, – абвінавачанне, якое прадстаўнікі праваабарончых груп палічылі палітычна матываваным. Бабак быў адным з нямногіх пракурораў, якія спрабавалі расследаваць напад сілавікоў на байкераў падчас мірных акцый пратэсту, якія паследавалі за выбарамі 2020 года. Пасля таго, як ягонае кіраўніцтва спыніла справу, ён на знак пратэсту пайшоў у адстаўку.

2 снежня па аналагічнай справе Мінскім гарадскім судом па абвінавачанні ва ўцечцы асабістых дадзеных супрацоўнікаў праваахоўных органаў і распальванні сацыяльнай варожасці быў асуджаны былы следчы Мікіта Старажэнка. Ён пайшоў у адстаўку ў 2020 годзе пасля таго, як яму было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з выпадкам жорсткага збіцця ў Мінску 16-гадовага пратэстоўца. Старажэнку асудзілі да  сямі гадоў пазбаўлення волі. 26 снежня Мінскі гарадскі суд прызнаў арыштаванага ў красавіку 2021 года былога следчага і палітвязня Яўгена Юшкевіча вінаватым па абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варожасці, удзеле ў акцыях пратэсту 2020 года і арганізацыі масавых беспарадкаў і прыгаварыў яго да 11 гадоў пазбаўлення волі. На думку назіральнікаў-праваабаронцаў, гэта палітычна матываваныя абвінавачанні  сталі адказам на створаны Юшкевічам у 2020 годзе праект па перанавучанні дзяржаўных служачых, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сілавых структур, звольненых па палітычных матывах, або тых, хто вырашыў пакінуць службу ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і жорсткіх дзеянняў міліцыі.

Умовы ўтрымання ў турмах і следчых ізалятарах

Умовы ў турмах і следчых ізалятарах заставаліся нездавальняльнымі і ў шмат якіх выпадках уяўлялі пагрозу жыццю і здароўю зняволеных.

Прыніжальныя для чалавечай годнасці фізічныя ўмовы ўтрымання: Па словах былых зняволеных і юрыстаў-праваабаронцаў, вязніцы па-ранейшаму былі ў значнай ступені перанаселеныя, не хапала прадуктаў харчавання, пітной вады, лекавых сродкаў, цёплага адзення, прадметаў асабістай гігіены і пасцельнай бялізны, быў абмежаваны доступ да базавай і неадкладнай медыцынскай дапамогі. На працягу доўгага часу зняволеныя знаходзіліся ў камерах без магчымасці перасоўвацца, займацца фізічнымі практыкаваннямі, выкарыстоўваць душ і прыбіральню, што ўяўляла сабой сур’ёзную праблему. Такія ўмовы былі асабліва распаўсюджаныя ва ўстановах, дзе ўтрымліваліся палітычныя вязні. Затрыманыя паведамлялі, што з мэтай пакарання за супрацьдзеянне рэжыму і ажыццяўленне асноўных свабод супрацоўнікі калоніі наўмысна пазбаўлялі іх харчавання, пітной вады, лекаў, цёплай вопраткі, пасцельнай бялізны, неабходнай медыцынскай дапамогі і прадметаў асабістай гігіены часам на працягу некалькіх дзён. У цэлым санітарныя ўмовы заставаліся нездавальняльнымі.

Улады не рабілі нават мінімальныя захады для прадухілення распаўсюду COVID-19 у месцах зняволення, але ў той жа час выкарыстоўвалі COVID-19 як падставу для абмежавання наведванняў і дастаўкі перадач з прадуктамі харчавання, прадметамі гігіены і адзеннем. Так, напрыклад, былыя затрыманыя паведамлялі, што асобаў з сімптомамі COVID-19 рэдка ізалявалі і яны не атрымлівалі належнай медычнай дапамогі. Назіральнікі лічылі, што сухоты, пнеўманія, ВІЧ, СНІД, COVID-19 і іншыя інфекцыйныя захворванні былі шырока распаўсюджаныя ў турмах праз у цэлым дрэннае медыцынскае абслугоўванне і меры грамадскай аховы здароўя. Шэраг асоб, затрыманых па палітычна матываваных абвінавачаннях, паведамлялі, што адміністрацыя пастаянна змяшчала ў іх камеры бяздомных з педыкулёзам, блыхамі, клапамі, а таксама рознымі інфекцыйнымі захворваннямі, уключна з COVID-19.

Па словах сваячкі, палітзняволенай Галіне Дзербыш, асуджанай 17 кастрычніка да 20 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў тэрарызме і змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, адмовілі ў правядзенні УГД органаў брушнай паражніны. Сваячка паведаміла, што ў следчым ізалятары гродзенскай турмы, дзе ўтрымлівалася Дзербыш, таксама не было стаматолага, а затрыманым казалі “прымаць абязбольвальныя”, адмаўляючы ў медычнайй і стаматалагічнай дапамозе.

На працягу года многія грамадзяне паведамлялі аб палітычна матываваным і адвольным пазбаўленні волі тэрмінам да 90 дзён і апісвалі турэмныя ўмовы як наўмысна створаныя для пакарання тых, хто імкнуўся свабодна выказваць свае палітычныя погляды. Гаворка ідзе пра значную перанаселенасць камер і звычайна прымусовае размяшчэнне дзясяткаў чалавек у адной камеры, прызначанай на пяцярых, пры тым што суседнія камеры заставаліся пустымі. Былыя затрыманыя распавялі журналістам незалежных СМІ, што ў той час як непалітычным зняволеным дазвалялася выходзіць на кароткія шпацыры і прымаць душ, у палітычных наўмысна канфіскоўвалі матрацы, прадуктовыя перадачы ад сваякоў, пітную ваду, абмяжоўвалі магчымасць карыстацца вентыляцыяй і падтрымліваць санітарныя ўмовы, а наяўнасць насякомых у іх камерах была звычайнай з’явай. Муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк 30 красавіка паведаміў літоўскай прэсе, што адміністрацыя калоніі ў Гомелі, дзе яна адбывала пакаранне, у канцы 2021 года змясціла Паліну ў адзіночную камеру больш чым на 80 сутак, прычым не менш за 60 дзён з іх ёй забаранялася гуляць на свежым паветры і прымаць душ. Паведамляецца, што адміністрацыя пакарала яе за адмову працаваць і парушэнне іншых правілаў унутранага распарадку турмы.

Асобы, затрыманыя па палітычных матывах, сутыкаліся з горшымі ўмовамі ўтрымання ў турмах, чым астатнія зняволеныя, і, па наяўных паведамленнях, часцей падвяргаліся катаванням і жорсткаму абыходжанню.

Нягледзячы на асобныя сцвярджэнні пра сумеснае утрыманне ў месцах папярэдняга зняволення няпоўнагадовых і дарослых падазраваных, у калоніях, ізалятарах і цэнтрах часовага ўтрымання ўлады як правіла змяшчалі дарослых зняволеных асобна ад няпоўнагадовых. Жанчыны і няпоўнагадовыя ў цэлым утрымліваліся ў лепшых умовах, чым вязні мужчынскага полу.

Карупцыя ў месцах пазбаўлення волі працягвала заставацца сур’ёзнай праблемай, і, як адзначалі назіральнікі, умоўна-датэрміновае вызваленне часта залежала ад хабараў, прапанаваных персаналу турмы. Умоўна-датэрміновае вызваленне таксама магло залежаць ад палітычных поглядаў зняволенага.

Адміністрацыя: Былыя зняволеныя і адвакаты абароны паведамляюць пра частыя выпадкі цэнзуры або адмовы ў накіраванні скаргаў зняволеных у вышэйшыя інстанцыі, а таксама аб ігнараванні або выбарчым разглядзе просьбаў аб правядзенні разбораў па фактах меркаваных злоўжыванняў і наступным адхіленні іх як неправамерных. Зняволеныя таксама паведамляюць пра адмову адміністрацыі ў прадастаўленні ім копій адказаў на іх скаргі, што стварала дадатковыя цяжкасці для абароны. Пры падачы скаргі зняволены мог спазнаць у дачыненні да сябе рэпрэсіўныя дзеянні: абразы, пагрозу забойства і іншыя формы пераследу і пакарання. Па сцвярджэннях былых вязняў, у некаторых выпадках зняволеныя не вытрымлівалі сістэматычнага пераследу з боку адміністрацыі і здзяйснялі самагубства, але такія выпадкі не атрымлівалі агалоскі і не расследаваліся.

Зняволеным і затрыманым абмяжоўвалі наведванні, а палітычным зняволеным часам адмаўлялі ў спатканнях са сваякамі і сустрэчах з адвакатамі, таксама шырока прымяняючы гэтую меру пакарання за так званыя дысцыплінарныя правіннасці.

Як правіла, зняволеным, якія не адносяцца да праваслаўнай канфесіі, адмаўлялася ў правядзенні рэлігійных службаў і адпраўленні рэлігійных абрадаў, якія не адпавядаюць унутранаму распарадку турмы, нягледзячы на наяўнасць палажэнняў, што дапускаюць падобную практыку. Зрэшты, на тэрыторыі некаторых турэмных устаноў размяшчаліся храмы Беларускай праваслаўнай царквы, і яе святарам, як правіла, давалася магчымасць праводзіць набажэнствы.

Незалежны маніторынг: Улады забаранялі незалежным назіральнікам ажыццяўляць маніторынг месцаў утрымання пад вартай, не даючы магчымасці праводзіць праверкі ўмоваў утрымання зняволеных, якія, па сцвярджэнні былых палітвязняў, былі надзвычай дрэннымі і прызначаліся менавіта для пакарання асоб за палітычнае іншадумства.

г. Адвольны арышт і затрыманне

Закон абмяжоўвае магчымасць адвольнага затрымання, але ўлады ігнаравалі гэтыя абмежаванні. Улады, у тым ліку супрацоўнікі сілавых структур у цывільным, на працягу года працягвалі рэгулярна арыштоўваць і затрымліваць тысячы людзей за ажыццяўленне асноўных свабод, супрацьдзеянне дыктатуры Лукашэнкі і за актыўную падтрымку дэмакратычнага руху.

Працэдуры арышту і абыходжанне з затрыманымі

У адпаведнасці з законам, для затрымання міліцыяй асобы на тэрмін больш за тры гадзіны патрабуецца санкцыя пракурора. Паступалі паведамленні, што асобы ўтрымліваліся пад вартай без судовых санкцый нашмат даўжэй за гэты перыяд. Затрыманыя маюць права звяртацца ў суд з хадайніцтвам пра законнасць свайго затрымання, аднак улады ўвесь час спынялі, ігнаравалі і адхілялі такія хадайніцтвы. Хадайніцтвы аб аспрэчванні ўтрымання пад вартай таксама, як правіла, адхіляліся.

Грамадзянін можа быць затрыманы на тэрмін да 72 гадзін без прад’яўлення абвінавачання, пасля чаго супрацоўнікамі праваахоўных органаў павінна быць прынята афіцыйнае рашэнне пра вызваленеі грамадзяніна (з прад’яўленнем або без прад’яўлення абвінавачання) або  падаўжэнне тэрміну яго ўтрымання пад вартай у якасці падазронага. Улады часта затрымлівалі грамадзян на тэрмін, большы за 72 гадзіны, па справах, якія лічацца шырокай грамадскасцю палітычна матываванымі. Калі асоба прызнаная падазронай на працягу першых 72 гадзін затрымання, дапускаецца яе затрыманне на тэрмін да 20 сутак без прад’яўлення афіцыйных абвінавачанняў і на тэрмін да 18 месяцаў з моманту прад’яўлення абвінавачанняў. Аднак у некаторых выпадках асобы затрымліваліся на тэрмін, які перавышаў 18 месяцаў. Напрыклад, у 2020 годзе супрацоўнікі Упраўлення фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю затрымалі Эдуарда Бабарыку, сына кандыдата ў прэзідэнты 2020 года Віктара Бабарыкі, паводле абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, якое многія праваабарончыя групы лічаць палітычна матываваным. Па стане на канец года ён заставаўся ў папярэднім зняволенні і, як паведамляецца, у дачыненні да яго былі высунутыя дадатковыя абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варожасці і арганізацыі масавых беспарадкаў.

Згодна з законам, затрыманым неадкладна даецца доступ да абранага імі адваката або да бясплатнага адваката, прызначанага дзяржавай, аднак гэтая ўмова ў дачыненні да вядомых палітычных зняволеных часта не выконвалася, з чым яны рэгулярна сутыкаліся на пачатковых этапах следства і падчас допытаў. У адпаведнасці з законам, пракуроры, следчыя і прадстаўнікі спецслужбаў маюць права прымаць рашэнне аб падаўжэнні тэрміну затрымання без звароту ў суд. Затрыманыя маюць права звярнуцца ў суд, каб  аспрэчыць законнасці затрымання, але ўлады сістэматычна перашкаджалі ім альбо ігнаравалі такія звароты. У Беларусі адсутнічае практыка вызвалення пад заклад.

Таксама паступалі паведамленні пра наяўнасць зняволеных, якія ўтрымліваюцца без права перапіскі і зносін. На працягу года некаторыя асобы, затрыманыя па палітычна матываваных абвінавачаннях у «тэрарызме», цягам некалькіх дзён утрымліваліся пад вартай без права перапіскі і зносін з навакольным светам, перш чым улады звязваліся з іх сем’ямі.

Адвольны арышт: Сярод шматлікіх затрыманых былі палітолагі, палітычныя лідары, удзельнікі перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі, кіраўнікі і сябры апазіцыі, актывісты грамадскіх арганізацый, удзельнікі пратэстаў, а таксама звычайныя грамадзяне. Іх затрыманні ўспрымаюцца многімі як палітычна матываваныя. Улады дазвалялі і нават падбухторвалі супрацоўнікаў праваахоўных органаў прымяняць на практыцы прынцып “спачатку арыштаваць, а пасля задаваць пытанні”, які вызваляў іх ад адказнасці і любых наступстваў за незаконныя затрыманні і іншыя злоўжыванні падчас або пасля арышту. Сілавікі маглі затрымліваць грамадзян па сваім меркаванні, не называючы сябе і не агучваючы прычыну арышту. Пасля затрымання грамадзяніна сілавікі сілком забіралі яго мабільны тэлефон, праглядалі паведамленні, сацыяльныя сеткі, кантакты, а таксама відэа і фатаграфіі, якія пасля часта выкарыстоўваліся ў якасці падставы для абвінавачання ў экстрэмісцкай ці апазіцыйнай дзейнасці. Зносіны з іншымі асобамі, якія нібыта крытычна ставяцца да ўладаў і маюць антываенную ці экстрэмісцкую пазіцыю, часта прыводзілі да таго, што міліцыянты пасля таксама затрымлівалі і іх. Улады таксама правяралі, ці не рабілі затрыманыя якія-небудзь ахвяраванні на карысць так званых экстрэмісцкіх арганізацый і ў падтрымку палітвязняў, іх сем’яў, дэмакратычнай дзейнасці, а таксама беларусаў за мяжой.

18 кастрычніка ў сябе дома ў Баранавічах была затрыманая Дар’я Лосік, жонка палітвязня і кансультанта “Радыё Свабода” Ігара Лосіка. Паводле паведамленняў дзяржаўных СМІ, Дар’ю абвінавацілі ў тым, што яна дала інтэрв’ю польскаму тэлеканалу “Белсат”, абвешчанаму рэжымам экстрэмісцкім, аднак аўтарытэтныя праваабарончыя арганізацыі мяркуюць, што рэжым пераследуе Дар’ю Лосік з мэтай адпомсціць яе мужу (гл. раздзел 1.д., “Палітвязні” і “Канфіскацыя і рэстытуцыя ўласнасці”).

3 сакавіка пасля заканчэння антываеннага малебна ў праваслаўным саборы Святога Духа ў цэнтры Мінска ўлады затрымалі шасцярых вернікаў. Сілавікі рабілі відэазапіс як унутры, так і звонку, і на ўваходзе спынялі некаторых вернікаў для праверкі дакументаў, у той час як міліцэйскія бусікі стаялі звонку. Пасля затрыманых адпусцілі, дапытаўшы іх і папярэдзіўшы пра адказнасць за правядзенне новых несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Папярэдняе зняволенне: Працяглае дасудовае ўтрыманне пад вартай заставалася праблемай перадусім для тых, каго рэгулярна і на нявызначаны тэрмін затрымлівалі па палітычна матываваных абвінавачаннях і трымалі ў няведанні пра пачатак судовых слуханняў. На думку назіральнікаў, улады выкарыстоўвалі працэс дасудовага ўтрымання пад вартай, каб трымаць палітвязняў у стане псіхалагічнай і эмацыйнай нявызначанасці. На дату падрыхтоўкі справаздачы дадзеныя пра сярэднюю працягласць тэрмінаў папярэдняга расследавання спраў адсутнічалі. Назіральнікі мяркуюць, што працяглыя тэрміны ўтрымання ў СІЗА былі абумоўленыя некалькімі прычынамі, у тым ліку палітычным умяшаннем і матывамі; высоўваннем новых абвінавачанняў і адкрыццём новых спраў падчас знаходжання падазраванага пад вартай; зменай следчага, які вядзе справу, складаным характарам спраў з вялікай колькасцю падазраваных; неабходнасцю правядзення вялікай колькасці экспертыз і даследаванняў па справе. Як правіла, нават у палітычна матываваных справах тэрмін папярэдняга зняволення быў дакладна разлічаны і вылічаны з канчатковага тэрміну, прысуджанага абвінавачанаму, а працягласць папярэдняга зняволення не перавышала ўсталяванага законам максімальнага пакарання за інкрымінаванае злачынства.

д. Адмова ў справядлівым і адкрытым судовым разглядзе

Канстытуцыя гарантуе незалежнасць судовай улады, але ўлады ігнаравалі прынцыпы незалежнасці і бесстароннасці судоў. На думку назіральнікаў, шырокі распаўсюд у судовай сістэме атрымалі карупцыя, зацягванне справаў і палітычнае ўмяшанне ў рашэнні судоў. Ёсць шматлікія выпадкі вынясення судамі абвінаваўчых прысудаў па лжывых і палітычна матываваных абвінавачаннях, падтрыманых пракуратурай. Па меркаванні назіральнікаў, высокапастаўленыя прадстаўнікі рэспубліканскай і мясцовай уладаў дыктавалі вынікі судовых працэсаў.

На думку праваабарончых груп, пракуроры і следчыя валодалі празмернымі і незбалансаванымі паўнамоцтвамі, паколькі маглі працягваць тэрмін утрымання пад вартай без санкцыі суда. Абаронцы часта не мелі магчымасці знаёміцца з матэрыяламі следства, прысутнічаць на следчых дзеяннях і допытах ці вывучаць доказы супраць падсудных да таго часу, пакуль пракурор афіцыйна не перадаў справу ў суд. Юрыстам было складана аспрэчыць некаторыя доказы, паколькі пракуратура кантралявала ўсю тэхнічную экспертызу. Па меркаванні шматлікіх абаронцаў, гэты дысбаланс сіл захоўваўся, асабліва ў палітычна матываваных крымінальных і адміністрацыйных справах. У месцах папярэдняга зняволення кантраляваліся любыя зносіны паміж адвакатамі і іх кліентамі.

Закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці скасоўвае такія формы ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, як адвакацкае бюро і індывідуальная адвакацкая практыка, і адзінай формай прызнае дзейнасць у складзе юрыдычнай кансультацыі, якая ствараецца па ўзгадненні з Мінюстам. Парадак дзейнасці юрыдычных кансультацый вызначаецца Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў. Закон забараняе адвакатам быць уласнікамі або ўдзельнікамі камерцыйнай арганізацыі, якая аказвае кансалтынгавыя юрыдычныя і рыэлтарскія паслугі. Адвакаты, якія з’яўляюцца ўласнікамі ці супрацоўнікамі іншых камерцыйных арганізацый, не могуць прадстаўляць правы і інтарэсы гэтых арганізацый.

Паводле леташняй справаздачы арганізацыі “Lawyers for Lawyers”, Інстытута правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў і Цэнтра па абароне правоў чалавека Амерыканскай асацыяцыі юрыстаў, улады выкарыстоўвалі тактыку, якая перашкаджае незалежнай працы адвакатаў. У справаздачы адзначаецца, што “рашэнні аб працягу адвакацкай дзейнасці прымаюцца не незалежным бюро”, а Міністэрствам юстыцыі. Паступала інфармацыя пра прыцягненне да адказнасці і дыскваліфікацыю адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы палітычных арганізацый, лідараў і актывістаў апазіцыі. Напрыклад, 9 чэрвеня Мінюст пазбавіў ліцэнзіі як мінімум пяцярых мінскіх і рэгіянальных адвакатаў за тое, што яны нібыта не здалі кваліфікацыйныя іспыты. Палітвязень Максім Знак, адвакат палітвязня і кандыдата ў прэзідэнты 2020 года Віктара Бабарыкі, у студзені таксама быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі. Знак працягваў адбываць 10-гадовы турэмны тэрмін па абвінавачаннях у “змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”, закліках да “дзеянняў з мэтай нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы” і кіраўніцтве “экстрэмісцкай групоўкай”, якія праваабарончыя арганізацыі лічаць палітычна матываванымі. На працягу года Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій дзясяткі іншых адвакатаў абароны і арыштавала па меншай меры семярых абаронцаў па розных палітычна матываваных абвінавачаннях, у тым ліку за нібыта распаўсюд інфармацыі пра пракурораў, суддзяў і іншых службовых асобаў, якія ўдзельнічаюць у розных палітычна матываваных судовых справах.

Судовы разгляд

Закон гарантуе права на справядлівы, своечасовы і адкрыты судовы разгляд, але ўлады сістэматычна ігнаравалі гэтае права. Акрамя таго, суды над абвінавачанымі па палітычна матываваных справах рэгулярна праходзілі за зачыненымі дзвярыма. У шмат якіх палітычна матываваных выпадках улады зацягвалі расследаванне, пакідаючы затрыманых у няведанні, калі ў дачыненні іх будзе распачаты судовы працэс.

Закон гарантуе прэзумпцыю невінаватасці. Тым не менш, у многіх выпадках на абвінавачаных ускладаўся цяжар даказвання ўласнай невінаватасці ў сувязі з парушэннем незалежнасці судоў, распаўсюджанай практыкай асвятлення рэзанансных спраў у СМІ з пазіцыі даказанай вінаватасці абвінавачанага і шматлікімі абмежаваннямі правоў абароны.

У адпаведнасці з законам, падазроныя ў межах крымінальных спраў могуць утрымлівацца пад вартай да 10 ці 20 сутак без прад’яўлення абвінавачання.

Закон дае абвінавачаным права прысутнічаць на судовых пасяджэннях, але некаторых абвінавачаных судзілі завочна. 21 ліпеня Лукашэнка падпісаў папраўкі да Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, якія дазваляюць весці завочныя расследаванні і крымінальныя справы ў дачыненні да падазраваных і абвінавачаных, якія знаходзяцца за межамі краіны. Судовы пераслед і завочны суд у дачыненні да беларусаў можа праводзіцца за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, супраць дзяржавы, з прычыны пагрозы нацыянальнай бяспецы, тэрарызму, генацыду, дзяржаўнай здрады, стварэння экстрэмісцкай арганізацыі, удзелу ў масавых беспарадках, заклікаў да санкцый. Крымінальныя справы па такіх абвінавачаннях ужо былі ўзбуджаныя ў дачыненні да практычна ўсіх лідараў і ключавых актывістаў дэмакратычнай апазіцыі ў выгнанні, а таксама ў дачыненні да многіх вядомых бізнесоўцаў, што ўцяклі з краіны па прычыне пераследу. Праваабарончыя арганізацыі прыйшлі да агульнай думкі, што гэтыя папраўкі былі распрацаваныя спецыяльна для пераследу прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі, вымушаных пакінуць краіну.

12 снежня Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд першай завочнай справы ў дачыненні да пяці чалавек — Яніны Сазановіч, Дзмітрыя Навошы, Данііла Багдановіча, Валерыі Занямонскай і Вольгі Высоцкай, якія, як паведамляецца, адміністравалі тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» з-за мяжы. Усім пяцярым былі прад’яўленыя абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай нянавісці і незаконным абыходжанні з асабістай інфармацыяй супрацоўнікаў праваахоўных органаў, пракурораў, суддзяў і іншых дзяржаўных служачых. 16 снежня Генеральная пракуратура завочна ўзбудзіла крымінальныя справы ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі і іншых вядомых дзеячаў палітычнай апазіцыі. 26 снежня ўлады вынеслі рашэнне па першым завочным судовым працэсе ў дачыненні да двух заснавальнікаў Беларускага фонда спартовай салідарнасці (БФСС), прыгаварыўшы Аляксандра Апейкіна і алімпійскую чэмпіёнку Аляксандру Герасіменю да 12 гадоў пазбаўлення волі кожнага (гл. таксама раздзел “Транснацыянальныя рэпрэсіі”).

У дадатак да гэтага, старшыня Следчага камітэта і старшыня КДБ са згоды генеральнага пракурора могуць санкцыянаваць завочны судовы разгляд у дачыненні да асоб і па іншых абвінавачаннях. Завочныя судовыя працэсы таксама могуць праводзіцца ў тым выпадку, калі замежная дзяржава адмаўляецца выдаваць падазраванага ці калі замежны ўрад не адказвае на запыты аб экстрадыцыі праз шэсць месяцаў пасля іх накіравання генеральным пракурорам. 12 траўня старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара заявіў, што завочны крымінальны пераслед будзе распаўсюджвацца на тых, “хто нанёс значную шкоду нашай дзяржаве… і на кіраўнікоў фондаў, якія фінансавалі экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць”. Гара заявіў, што ўрад быў вымушаны прыняць гэтыя змены ў адказ на пагрозу нацыянальнай бяспецы і з прычыны “пастаяннай адмовы замежных дзяржаў на запыты аб экстрадыцыі”. У якасці прыкладу Гара звярнуў увагу на адмову Літвы экстрадаваць вядомую лідарку апазіцыі і былую кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую.

Улады імкнуліся звесці да мінімуму назіранне за судовымі працэсамі з боку незалежных назіральнікаў, у тым ліку і акрэдытаваных у краіне замежных дыпламатаў, перашкаджаючы ажыццяўленню кантролю над судовымі працэдурамі і выкананню вяршэнства права. Незалежныя журналісты і прадстаўнікі грамадскасці не дапускаліся да назірання за судовымі працэсамі, у першую чаргу, па палітычных справах. Часта абмежаванне або забарона на незалежнае назіранне тлумачылася пандэміяй COVID-19, а таксама перапоўненасцю залы суда або запаўненнем памяшкання вялікай колькасцю журналістаў дзяржаўных выданняў і супрацоўнікаў дзяржорганаў.

Законам гарантуецца права абвінавачанага на адваката, і абавязак суда — прызначыць бясплатнага адваката тым, хто не мае сродкаў для аплаты яго паслуг. Законам вызначаецца  права абвінавачанага на самастойны выбар адваката. Тым не менш, указам прэзідэнта забараняецца ажыццяўленне прадстаўніцтва ў судзе адвакатамі – сябрамі няўрадавых арганізацый, акрамя як у дачыненні да абвінавачаных – сябраў іх арганізацыі. Спробы ўладаў пазбавіць права на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці адвакатаў, якія прадстаўлялі ў судзе палітычных супернікаў рэжыму, яшчэ больш абмяжоўвалі свабоду выбару адваката падсудным. Ад адвакатаў таксама патрабавалася афармляць падпіску аб неразгалошанні, якая абавязвала іх не паведамляць інфармацыю пра справу грамадскасці, СМІ і нават сваякам падсудных. На працягу года па меншай меры 50 адвакатаў атрымалі штрафы або былі пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзій за прадстаўленне і абарону палітычных зняволеных у судзе.

Пры разглядзе спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, уключна з удзелам у несанкцыянаваных мірных пратэстах, супраціўленнем супрацоўнікам праваахоўных органаў і хуліганствам, суддзі часта не інфармавалі затрыманых удзельнікаў пратэстаў пра іх права на адваката, не дазвалялі падсудным наймаць абаронцаў і адхілялі хадайніцтвы адвакатаў аб выкліку дадатковых сведкаў для дачы паказанняў у судзе.

Па законе падсудным павінен быць прадстаўлены дастатковы тэрмін для падрыхтоўкі абароны. Тым не менш, праз адсутнасць неабходных умоў у месцах зняволення сустрэчы з адвакатамі часта былі забароненыя, абмежаваныя або не насілі канфідэнцыйны характар.

Хаця паводле закона абвінавачаныя маюць права запатрабаваць правядзення судовых пасяджэнняў на беларускай мове, многія суддзі і пракуроры, не валодаючы беларускай у дастатковай меры, адхілялі гэтыя патрабаванні і праводзілі пасяджэнні на рускай, адной з дзвюх дзяржаўных моў у краіне. Перакладчыкі прызначаюцца выключна тым абвінавачаным, якія не размаўляюць ні на рускай, ні на беларускай мовах.

У адпаведнасці з законам, абвінавачаныя надзеленыя правам на вочную стаўку са сведкамі і правам прадстаўляць доказы на сваю карысць, аднак у гэтым праве ім рэгулярна адмаўлялі. Акрамя таго, пры дачы паказанняў супраць абвінавачаных супрацоўнікі АМАП і іншых сілавых падраздзяленняў не называлі свайго імя і хавалі твары, тлумачачы гэта клопатам пра сваю бяспеку.

Паводле закона, падсудныя не могуць быць прымушаныя да дачы паказанняў ці прызнання віны. Аднак паведамляецца пра шматлікія выпадкі, калі падазраваных вымушалі даваць паказанні супраць саміх сябе ці іншых падазраваных па іх справе, у тым ліку ў палітычна матываваных справах або справах, па якіх не мелася пераканаўчых доказаў. Праваабаронцы сцвярджалі, што гэтая тактыка была прымусовай і палітычна матываванай. Таксама паступалі паведамленні пра выпадкі прымусу падазраваных да падпісання яўкі з пакаяннем або іншых заяў, у тым ліку прашэнняў аб памілаванні. Суды часта дапускалі выкарыстанне супраць падсудных заяў, атрыманых падчас допытаў з ужываннем сілы і пагрозаў фізічнай расправы.

Так, напрыклад, на слуханнях у гродзенскай турме ў траўні і чэрвені сама меней чацвёра затрыманых, прызнаных праваабарончымі арганізацыямі палітвязнямі і абвінавачаных у “садзейнічанні тэрарызму”, заявілі, што іх “маральна і фізічна катавалі”, прымушаючы падчас следства сведчыць супраць саміх сябе. Адзін з іх, Павел Разановіч, які быў затрыманы і абвінавачаны разам з маці Любоўю Разановіч, распавёў, што падчас допыту ён быў змушаны падпісаць паперы і прызнаць віну пасля таго, як супрацоўнікі КДБ і следчыя прыгразілі яго жонцы арыштам. Разановіч сцвярджаў, што са сваёй камеры чуў, як яго маці збівалі і яна крычала ад болю ў калідорах турмы. Іншая фігурантка гэтай справы, Галіна Дзербыш, якая пакутавала на рак і сардэчную недастатковасць, паведаміла, што следчыя аказвалі на яе ціск, змяшчаючы ў ізалятар на тэрмін да 10 сутак і адмаўляючы ў прыёме лекаў нават тады, калі яна “губляла прытомнасць”.

Улады прымушалі палітвязняў падпісваць прашэнне аб памілаванні, якое ўключала прызнанне віны і выплату дзяржаве ў якасці “кампенсацыі” за нібыта здзейсненыя імі правапарушэнні. 28 верасня Мінскі гарадскі суд прызнаў журналістку Ксенію Луцкіну, затрыманую ў снежні 2020 года па палітычна матываваным абвінавачанні, вінаватай у змове з мэтай неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады, і прыгаварыў яе да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Цягам года яна адмаўлялася падпісваць зварот да Лукашэнкі з просьбай прабачыць яе за здзейсненыя “злачынствы”, а таксама падаваць прашэнне аб памілаванні. Улады таксама адмовілі Луцкінай у лячэнні пасля таго, як яе здароўе рэзка пагоршылася, верагодна, з-за пухліны галаўнога мозгу, якая раней знаходзілася ў стадыі рэмісіі. Былы палітвязень і журналіст “Радыё Свабода” Алег Груздзіловіч, вызвалены 19 верасня, паведаміў прэсе, што ягоны сукамернік і палітвязень Мікалай Папека быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі па абвінавачанні ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Брэсце ў верасні 2010г пасля неаднаразовай адмовы падаць прашэнне аб памілаванні.

Абвінавачаныя маюць права абскардзіць абвінаваўчы прысуд, і многія з іх гэтым правам скарысталіся. Тым не менш, у пераважнай большасці выпадкаў вышэйстаячыя суды пакідалі скаргі без задавальнення.

Палітвязні

Мясцовыя праваабарончыя арганізацыі вядуць сумесны спіс палітычных вязняў Беларусі, які карыстаецца шырокім даверам. Па стане на канец года спіс, апублікаваны на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”, уключаў 1443 імя, у тым ліку лідараў палітычнай апазіцыі і іх калег.

Па словах праваабаронцаў, улады часта неабгрунтавана абвінавачвалі мірных дысідэнтаў, журналістаў і прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі ў гвалце, па сутнасці атаясамляючы існуючы рэжым з нацыянальнай бяспекай дзяржавы. Сцвярджалася, што любы, хто не падтрымлівае рэжым, уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, што па факце прыводзіла да крыміналізацыі палітычных поглядаў апазіцыі і іншых асоб, якія карыстаюцца асноўнымі свабодамі. Дзейнасць мірных палітычных апанентаў, арганізацый, незалежных журналістаў, а таксама любое выражэнне палітычнага іншадумства ўспрымаліся і пераследаваліся дзяржавай як “экстрэмісцкія” і “тэрарыстычныя” пагрозы нацыянальнай бяспецы, дзяржслужбоўцам і прыхільнікам улады. Колькасць асоб у “экстрэмісцкім” спісе рэжыму на працягу года рэзка павялічылася і па стане на пачатак  снежня перавысіла 2 100 чалавек.

Палітвязняў рэгулярна і наўмысна змяшчалі ў бесчалавечныя турэмныя ўмовы (гл. раздзел 1.в., “Умовы ўтрымання ў турмах і следчых ізалятарах”), якія характарызаваліся крайняй перапоўненасцю памяшканняў, недахопам харчавання, лекаў, адсутнасцю ацяплення і цёплай вопраткі, сродкаў асабістай гігіены і пасцельных прыналежнасцяў, а таксама недаступнасцю базавай ці неадкладнай медыцынскай дапамогі і чыстай пітной вады.

Улады падвяргалі палітычных вязняў дадатковым пакаранням, а таксама працягвалі тэрміны зняволення за нязначныя або меркаваныя парушэнні турэмных правілаў.

Улады, як правіла, не дазвалялі прадстаўнікам праваабарончых і гуманітарных арганізацый наведваць палітычных вязняў. Былыя палітвязні заяўлялі, што не мелі такой абароны, як непалітычныя зняволеныя, часта падчас утрымання пад вартай падвяргаліся гвалту і жорсткаму абыходжанню, а таксама знаходзіліся ў горшых умовах (гл. раздзел 1.в.). Былыя палітвязні па-ранейшаму былі абмежаваныя ў шэрагу сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.

Палітвязняў, як мяркуецца, затрымлівалі за здзяйсненне цэлага шэрагу злачынстваў, у тым ліку звычайна за распальванне нянавісці; незаконны збор і распаўсюд асабістай інфармацыі; паклёп; абразу дзяржчыноўніка; наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці; незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; злоснае хуліганства; адмыванне грошай; атрыманне хабару; ухіленне ад выплаты падаткаў; знішчэнне афіцыйных дакументаў; тэрарыстычныя акты або спробы іх здзяйснення; наўмыснае пашкоджанне транспартнага сродка або ліній сувязі; арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх; здраду; несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі; заклік да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы; супраціў супрацоўніку праваахоўных органаў або іншай асобе, якая забяспечвае грамадскі парадак; махлярства, учыненае арганізаванай групай асоб або ў буйным памеры; гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў; узбуджэнне варожасці; незаконнае перасячэнне мяжы; удзел у злачыннай або экстрэмісцкай арганізацыі; змову з мэтай неканстытуцыйнага захопу ўлады; стварэнне экстрэмісцкіх фармаванняў; фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкай групы; замах на забойства супрацоўніка праваахоўных органаў; незаконны распаўсюд наркотыкаў; здзек з дзяржаўных сімвалаў; арганізацыю масавых беспарадкаў або ўдзел у іх; перашкоды ажыццяўленню выбарчых правоў; апраўданне нацызму і апаганьванне гістарычных і культурных каштоўнасцей.

Таксама назіраліся беспадстаўныя спробы сцвярджаць, што ўсе асобы, што знаходзяцца ў палітычнай апазіцыі да рэжыму, незалежныя журналісты, а таксама тыя, хто актыўна ўдзельнічае ў грамадзянскім жыцці ці іншым чынам рэалізуе асноўныя свабоды, з’яўляюцца “экстрэмістамі” і “тэрарыстамі” альбо прыхільнікамі фашызму. З мэтай спрасціць вылучэнне падобных абвінавачанняў, у 2021 годзе былі ўнесеныя папраўкі ў закон “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, а таксама быў прыняты новы закон “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму””(гл. раздзел 2.а.). У 2021 годзе Лукашэнка таксама падпісаў закон аб унясенні паправак у Крымінальны кодэкс, паводле якіх уводзіцца смяротнае пакаранне асуджаных за замах на здзяйсненне тэрарыстычнага акту – абвінавачанне, якое ўлады часта выкарыстоўваюць у дачыненні да палітычных зняволеных і актывістаў. Улады адмаўляліся прызнаваць існаванне палітычных зняволеных, заяўляючы, што ўсе затрыманыя здзейснілі крымінальныя ці адміністрацыйныя злачынствы, і ігнаруючы прадстаўленыя праваабарончымі групамі і актывістамі доказы палітычнага характару іх арыштаў, затрыманняў і прысудаў у рамках падкантрольнай ураду судовай сістэмы. На канец года Міністэрства ўнутраных спраў занесла ў спіс 105 “экстрэмісцкіх” арганізацый і груп, у тым ліку незалежныя СМІ і апазіцыйныя чат-групы, а таксама 2 181 “экстрэміста”, уключна з большасцю палітычных апазіцыянераў у выгнанні. Спіс тэрарыстаў, падрыхтаваны КДБ, уключаў 997 чалавек, сярод якіх было 262 беларускіх грамадзяніна і чатыры беларускія арганізацыі, як, напрыклад, медыя-канал Nexta.

У турме заставаўся палітвязень і кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, адбываючы 14-гадовы тэрмін за нібыта атрыманне буйнога хабару і адмыванне сродкаў, атрыманых незаконным шляхам пасля таго, як ён спрабаваў балатавацца на пост прэзідэнта на выбарах 2020 года. Праваабарончыя групы прызналі яго палітвязнем. Сын Бабарыкі Эдуард па стане на канец года заставаўся пад вартай (гл. раздзел 1.г., “Працэдуры арышту і абыходжанне з затрыманымі”). Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады і адзін з адвакатаў Бабарыкі Максім Знак, а таксама кіраўнік перадвыбарчага штаба Бабарыкі Марыя Калеснікава працягвалі адбываць адпаведна свае 10-гадовы і 11-гадовы турэмныя тэрміны па абвінавачаннях у “дзеяннях, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы”, у стварэнні і кіраванні “экстрэмісцкім фармаваннем” і ўдзеле ў “змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам”. 25 траўня КДБ унесла Калеснікаву і Знака ў спіс тэрарыстаў. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Максіма Знака і Марыю Калеснікаву палітвязнямі.

Па стане на канец года палітвязень і кандыдат у прэзідэнты Сяргей Ціханоўскі (муж лідаркі апазіцыі Святланы Ціханоўскай), яго аператар Арцём Сакаў і мадэратар сацыяльных сетак Зміцер Папоў працягвалі адбываць адпаведна 18, 16 і 16 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў і дзейнасці, якая парушае грамадскі парадак, распальвае сацыяльную варожасць і перашкаджае працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, і за меркаваную ролю Ціханоўскага ў арганізацыі мірных дэмакратычных пратэстаў у 2020 годзе. Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і журналіст “Радыё Свабода” Ігар Лосік, асуджаныя па той самай справе, працягнулі адбываць 14 і 15 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Усіх пяцярых праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі. 1 чэрвеня Вярхоўны суд адхіліў апеляцыі Ціханоўскага, Статкевіча, Лосіка і яшчэ трох іх асуджаных аднадумцаў і пакінуў у сіле ўсе прысуды. 11 жніўня ўлады аформілі перавод Ціханоўскага з папраўчай калоніі ў турэмную ўстанову строгага рэжыму.

17 кастрычніка суд Мінскай вобласці прызнаў Сяргея Глябко вінаватым па абвінавачанні ў акце тэрарызму і ажыццяўленні 1 сакавіка падпалу чыгуначных шляхоў з мэтай перашкодзіць руху расійскай ваеннай тэхнікі. Суд прыгаварыў яго да 11 гадоў зняволення з адбываннем тэрміну ў калоніі строгага рэжыму. Праваабарончыя групы прызналі яго палітвязнем. Па аналагічнай справе Гомельскі абласны суд на закрытым пасяджэнні 27 снежня прызнаў Дзяніса Дзікуна, Дзмітрыя Равіча і Алега Малчанава вінаватымі ў падпале 28 лютага чыгуначнай рэлейнай шафы, што прывяло да збою ў рабоце святлафораў і стрэлачных пераводаў, і прыгаварыў кожнага з іх да больш як 20 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе, учыненні тэрарыстычных актаў і ўдзеле ў экстрэмісцкай групе. Праваабарончыя арганізацыі прызналі ўсіх траіх палітвязнямі.

На працягу года да шматлікіх палітвязняў прымяняліся дадатковыя меры пакарання за нязначныя або надуманыя парушэнні турэмнага распарадку. Гэта звычайная тактыка, якая выкарыстоўваецца ўладамі для далейшага пакарання палітычных зняволеных праз выключэнне іх са спісаў амніставаных і памілаваных, пазбаўленне прадметаў першай неабходнасці і падаўжэнне тэрмінаў іх утрымання ў месцах пазбаўлення волі. Напрыклад, 30 сакавіка адміністрацыя Гомельскай калоніі неаднаразова адмаўляла палітзняволенай Марыі Калеснікавай у спатканні з сям’ёй. У адным з выпадкаў яе бацька паведаміў журналістам, што Калеснікава нібыта няветліва размаўляла з турэмным наглядчыкам, за што ёй была абвешчаная вымова. 12 красавіка ёй вынеслі другую вымову і пазбавілі спатканняў за тое, што яна нібыта перапыніла начальніка калоніі падчас размовы.

15 верасня Івацэвіцкі раённы суд перавёў палітвязня Сцяпана Латыпава з калоніі ўзмоцненага рэжыму на турэмны рэжым нібыта за парушэнне правілаў унутранага распарадку калоніі. Першапачаткова ён быў прыгавораны ў жніўні 2021 года да васьмі з паловай гадоў пазбаўлення волі за супраціўленне міліцыі і арганізацыю і фінансаванне дзейнасці, якая груба парушае грамадскі парадак. Сям’я Латыпава паведаміла, што ў ліпені Сцяпан праглынуў лязо і перарэзаў сабе вены ў знак пратэсту супраць няспынных парушэнняў яго правоў у зняволенні. У 2021 годзе Латыпаў таксама здзейсніў у судзе спробу суіцыду, заявіўшы перад тым, што яго вымусілі даць прызнальныя паказанні.

Амністыя: 8 снежня Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі, які, паводле інфармацыі ў дзяржаўных СМІ, прадугледжвае змякчэнне прыгавораў або памілаванне для больш чым 8 000 чалавек, але ў лік якіх, паводле слоў праваабарончых арганізацый, зусім не трапілі палітычныя зняволеныя. Па дадзеных МУС, не менш за 4 545 чалавек будуць вызваленыя ад прысудаў і мер пакарання, вынесеных судом, у тым ліку ад турэмнага зняволення, а яшчэ прыкладна для 4 000 чалавек тэрмін будзе скарочаны на год. Дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ўладам спатрэбіцца шэсць месяцаў для поўнага ажыццяўлення амністыі, і ўдакладнілі, што амністыя не будзе распаўсюджвацца на асоб, асуджаных за “экстрэмісцкую” ці “тэрарыстычную” дзейнасць, за выключэннем дзясяткаў палітычных зняволеных, ілжыва асуджаных за такія злачынствы. Нараўне з вышэй пазначанымі катэгорыямі амністыя таксама не распаўсюджваецца на палітвязняў, часта асуджаных і па іншых абвінавачаннях: удзел ці арганізацыя масавых беспарадкаў; стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім; узбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай нянавісці ці варожасці; падрыхтоўка або вядзенне вайны; тэрарыстычныя акты; прымяненне гвалту ў дачыненні да міліцыі; абразу і паклёп на прэзідэнта, дзяржаўных служачых або службовых асоб. Дзяржаўныя СМІ таксама заяўлялі, што закон аб амністыі будзе прымяняцца да тых, хто атрымаў станоўчую характарыстыку ад праваахоўных органаў і турэмнай адміністрацыі, што прадугледжвае прыняцце судовага рашэння для разгляду спраў аб амністыі з мэтай далейшага выключэння тых, хто не вырашыў пытанне з кампенсацыяй шкоды і штрафамі (часта наўмысна празмернымі ў выпадку палітычных справаў), ці тых, хто меў дысцыплінарныя спагнанні ў месцах пазбаўлення волі, якія звычайна выкарыстоўваюцца турэмнай адміністрацыяй для пераследу палітычных зняволеных за нязначныя або надуманыя парушэнні.

На працягу года некаторыя асобы былі поўнасцю або ўмоўна памілаваныя. Паступалі паведамленні пра тое, што палітычных зняволеных пераконвалі прызнаць сваю віну і афіцыйна падаць прашэнне аб памілаванні, але гэтыя крокі не гарантавалі ўмоўнага памілавання, паколькі падчас працэсу памілавання ўлады ўказвалі на іншыя адвольныя прычыны, якія перашкаджаюць іх вызваленню. У рамках працэсу памілавання для вызвалення палітвязням часам прапаноўвалася заручыцца паручальніцтвам трэціх асоб. Паводле закона, паручальнік можа быць аштрафаваны ў выпадку, калі памілаваная асоба не выканала ўмовы вызвалення.

Так, напрыклад, да Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка Лукашэнка памілаваў і вызваліў чатырох жанчын-палітвязняў. Пасля гэтага рэжым апублікаваў відэа, у якім жанчыны падзякавалі Лукашэнку і адміністрацыі турмы, заявіўшы, што раскаяліся, прызналі сваю віну і падалі прашэнне аб памілаванні. Адна з жанчын, Наталля Турава, асуджаная за абразу прэзідэнта і прыгавораная да 13 месяцаў пазбаўлення волі, на камеру заявіла, што з яе знятыя ўсе абвінавачанні. Трыма іншымі жанчынамі былі Анастасія Ярашэвіч, асуджаная на два гады за прымяненне сілы ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, Людміла Кузняцова, асуджаная на адзін год за абразу прэзідэнта, і Ала Ціхамірава, асуджаная на два гады па аналагічным абвінавачанні.

21 верасня быў вызвалены палітвязень і карэспандэнт “Радыё Свабода” Алег Груздзіловіч пасля таго, як 19 верасня яго памілаваў Лукашэнка. Ён заявіў прэсе, што не прызнаў сваёй віны, але падпісаў прашэнне аб памілаванні. Умовай вызвалення Груздзіловіча быў неадкладны ад’езд з краіны. Груздзіловіч быў асуджаны па абвінавачанні ў нібыта ўдзеле ў пратэстах, якія ён асвятляў як незалежны журналіст СМІ, і 3 сакавіка прыгавораны да палутара год турэмнага зняволення (гл. раздзел 2.г., “Выгнанне”).

17 лістапада першы намеснік старшыні Следчага камітэта Алег Шандаровіч заявіў, што праваахоўныя органы завяршылі расследаванне крымінальных спраў у дачыненні да супрацоўнікаў незалежных СМІ і што, нягледзячы на тое, што некаторыя супрацоўнікі і журналісты Tut.by (найбуйнейшага незалежнага СМІ краіны) супрацоўнічалі са следствам, пакрылі ўсе страты, прычыненыя ўхіленнем ад выплаты падаткаў, і звярнуліся з прашэннем аб  памілаванні, яны тым не менш паўстануць перад судом.

Транснацыянальныя рэпрэсіі

На працягу года ўлады ўдзельнічалі ў актах транснацыянальных рэпрэсій з мэтай запалохвання ці пакарання асоб па-за межамі краіны, уключна з лідарамі дэмакратычнай апазіцыі, актывістамі грамадзянскай супольнасці, праваабаронцамі і журналістамі, якія знаходзяцца ў выгнанні. У прыватнасці, рэжым ажыццяўляў выкраданні людзей і прымусовае вяртанне, ініцыяваў палітычна матываваныя расследаванні ў дачыненні да актывістаў дэмакратычнага руху і сябраў дэмакратычнай апазіцыі, праводзіў завочныя судовыя працэсы, рэгулярна злоўжываў запытамі ў Інтэрпол і часта пераследаваў беларусаў у выгнанні, сочачы за імі і пагражаючы гвалтам.

21 ліпеня Лукашэнка ўхваліў папраўкі да Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, якія дазваляюць завочнае вядзенне следства і крымінальных спраў у дачыненні да падазраваных і абвінавачаных, якія знаходзяцца па-за межамі краіны. Праваабарончыя арганізацыі лічаць, што такое рашэнне дае магчымасць ажыццяўляць пераслед выгнаных палітычных дзеячаў (гл. раздзел 1.д., “Судовы разгляд”).

Напрыклад, 18 кастрычніка па паведамленні Генеральнай пракуратуры, у суд былі перададзеныя крымінальныя справы ў дачыненні да Яніны Сазановіч, Дзмітрыя Навошы, Данііла Багдановіча, Вольгі Высоцкай і Валерыі Занямонскай па абвінавачанні ў распальванні варожасці ў грамадстве, а таксама ў незаконным зборы і распаўсюдзе персанальных дадзеных супрацоўнікаў органаў бяспекі. Пяцярым актывістам у выгнанні прад’явілі палітычна матываваныя абвінавачанні ў стварэнні “экстрэмісцкіх” груп і чатаў у Telegram. 12 снежня ў Мінскім гарадскім судзе ў дачыненні да іх быў распачаўся судовы працэс. Генпракуратура таксама паведаміла, што срэбраную прызёрку Алімпійскіх гульняў па плаванні Аляксандру Герасіменю і спартовага менеджара Аляксандра Апейкіна, які заснаваў у Вільнюсе незалежны Фонд беларускай спартовай салідарнасці, таксама будуць судзіць завочна па абвінавачанні ў закліках да ўвядзення санкцый супраць рэжыму. Герасіменю і Апейкіна судзілі завочна, і 26 снежня кожны з іх быў прыгавораны да 12 гадоў пазбаўлення волі (гл. таксама раздзел “Судовы разгляд”). 28 верасня Следчы камітэт таксама заявіў, што кандыдату ў прэзідэнты ў 2020 годзе Валерыю Цапкалу прад’яўлены крымінальныя абвінавачанні ў “карупцыі і экстрэмізме” і яго будуць судзіць завочна.

Экстэрытарыяльныя забойствы, выкраданні, прымусовае вяртанне ці іншыя формы гвалту або яго пагроза: Паводле інфармацыі з дакладных крыніц, улады практыкавалі выкраданні і прымяненне гвалту або пагрозы гвалту ў дачыненні да асоб, якія знаходзяцца ў іншых краінах, у тым ліку для таго, каб у палітычна-рэпрэсіўных мэтах прымусіць іх вярнуцца ў краіну.

У траўні 2021 года пасажырскі лайнер кампаніі Ryanair, які ажыццяўляў пералёт з Афін у Вільнюс, прымусова прызямліўся ў Мінску пасля таго, як пілот атрымаў паведамленне пра рэальную пагрозу выбуху на борце і для яго суправаджэння ў паветра быў ўзняты МіГ-29. Пасля прызямлення блогера і журналіста Рамана Пратасевіча, які актыўна крытыкаваў рэжым Лукашэнкі, і яго спадарожніцу Сафію Сапегу знялі з борта і арыштавалі. Па стане на кастрычнік улады працягвалі крымінальны пераслед Пратасевіча, і яму былі прад’яўленыя тры абвінавачанні, якія праваабарончыя арганізацыі расцэньваюць як палітычна матываваныя. 6 траўня Гродзенскі абласны суд прыгаварыў грамадзянку Расіі Сафію Сапегу да шасці гадоў пазбаўлення волі пасля таго, як яна была асуджана па двух крымінальных артыкулах за распальванне нянавісці ў групе і незаконны збор інфармацыі пра прыватнае жыццё – абвінавачанні, якія праваабарончыя НДА палічылі палітычна матываванымі. Па дадзеных пракуратуры, Сапега адміністравала некалькі Telegram-каналаў, дзе размяшчалася інфармацыя пра дзяржаўных служачых і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вінаватых у злоўжываннях у дачыненні да мірных дэманстрантаў падчас жорсткага разгону, які адбыўся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Сафіі Сапега таксама было загадана кампенсаваць “пацярпелым ад яе дзеянняў” асобам “маральную шкоду” ў памеры 167 500 рублёў (64 500 даляраў ЗША). Яна звярнулася да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні. Па стане на канец года Сапега заставалася ў зняволенні. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Пратасевіча і Сапегу палітвязнямі.

У ліпені следчая група Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі апублікавала свае высновы аб пасадцы ў траўні 2021 года рэйса 4978 Ryanair. У справаздачы зроблена выснова пра тое, што беларускія афіцыйныя асобы наўмысна сфабрыкавалі лжывую пагрозу закладкі бомбы, каб прымусіць пілотаў прызямліцца ў Мінску.

5 верасня Мінскі абласны суд прызнаў адваката па іміграцыйных пытаннях Юрася Зянковіча, які мае падвойнае амерыканска-беларускае грамадзянства, кіраўніка апазіцыйнай партыі БНФ Рыгора Кастусёва, палітолага Аляксандра Фядуту, памочніцу Зянковіча Вольгу Галубовіч і дэмакратычнага актывіста Дзяніса Краўчука нібыта вінаватымі ў здзяйсненні спробы дзяржаўнага перавароту. Зянковічу таксама было прад’яўлена абвінавачанне ў стварэнні экстрэмісцкай арганізацыі і распальванні сацыяльнай варожасці, і ў канчатковым выніку ён быў прыгавораны да 11 гадоў зняволення. Фядута і Кастусёў атрымалі па 10 гадоў пазбаўлення волі кожны, а Галубовіч і Краўчук, якім было прад’яўлена афіцыйнае абвінавачанне ва ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, атрымалі па два з паловай гады пазбаўлення волі кожны. Паведамляецца, што ў красавіку 2021 года Зянковіч і Фядута былі выкрадзеныя з гатэля Nordic Rooms у Маскве і гвалтоўна вернутыя ў Мінск беларускімі сілавікамі, якія дзейнічалі пры маўклівай падтрымцы ці папушчальніцтве з боку расійскіх сілавікоў. Незалежныя назіральнікі заяўлялі, што да выкрадання і прымусовага вяртання ў дачыненні да іх не было ініцыявана ніякіх працэдур экстрадыцыі або судовых разбіральніцтваў.

Пагрозы, пераследы, сачэнне і прымяненне сілы: Беларусы, якія знаходзяцца за межамі краіны, паведамлялі пра пераслед, назіранне і завуаляваныя пагрозы з боку асоб, падазраваных у сувязях з рэжымам Лукашэнкі. Праваабаронцы таксама паведамлялі пра выпадкі пераследу і арыштаў на тэрыторыі краіны людзей, чые сваякі ўцяклі з Беларусі або далучыліся да аднаго з беларускіх батальёнаў, што змагаюцца на баку ўкраінскіх узброеных сіл. Паводле паведамлення польскага «Радыё Рацыя» ад 7 лістапада, Сяргей Бандарэнка, стрыечны брат загінулага ва Украіне байца-добраахвотніка Васіля Парфянкова, пасля публікацыі «экстрэмісцкай» інфармацыі пра смерць свайго стрыечнага брата 8 ліпеня быў арыштаваны, асуджаны і правёў 15 сутак за кратамі. Пасля Бандарэнку збілі, высунуўшы супраць яго новыя абвінавачанні, змясцілі ў лякарню, адкуль ён збег і пакінуў краіну. У ліпені праваабарончыя арганізацыі паведамілі, што маці і сястра Парфянкова былі затрыманыя, а ў іх доме адбыўся ператрус. Паведамляецца, што ім было прад’яўлена абвінавачанне ў супраціўленні органам правапарадку, за што яны адбылі 10 сутак арышту. У красавіку звязаныя з органамі ўнутраных справаў Telegram-каналы апублікавалі відэа маці, на якім тая асудзіла ўдзел сына ў вайне і яго падтрымку Украіны.

З меркаванняў помсты ўлады неаднаразова псавалі і знішчалі маёмасць актывістаў, якія пакінулі краіну. Так, 28 чэрвеня праваахоўныя органы правялі ператрусы ў мінскай кватэры збеглага блогера і вайсковага аналітыка Антона Матолькі. Арганізацыя Матолькі сочыць за ваеннай і разведвальнай дзейнасцю, перамяшчэннямі тэхнікі і расійскімі войскамі ў Беларусі. Улады разграмілі яго кватэру і апублікавалі інфармацыю пра знішчаную маёмасць на праўладных старонках у сацыяльных сетках.

Паступалі паведамленні пра тое, што на сваякоў прыхільнікаў апазіцыі, якія ўцяклі з краіны, аказваўся ціск з мэтай пакараць уцекачоў. Напрыклад, 28 студзеня Яна Латушка, дачка апазіцыянера ў выгнанні Паўла Латушкі, паведаміла прэсе, што Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю распачаў супраць яе крымінальную справу і замарозіў яе актывы, у тым ліку кватэру ў Мінску. 20 верасня мінскі суд прыгаварыў Анатоля Латушку, стрыечнага брата Паўла Латушкі, да шасці гадоў пазбаўлення волі. Яго і яшчэ двух чалавек абвінавацілі ў тым, што яны намалявалі незаконны герб “Пагоня” на паштовых скрынях. Двое іншых падсудных атрымалі мякчэйшыя прысуды.

Злоўжыванне міжнароднымі правапрымяняльнымі інструментамі: Маюцца вартыя даверу звесткі пра тое, што ўлады злоўжываюць міжнароднымі правапрымяняльнымі інструментамі для ажыццяўлення палітычных рэпрэсій супраць беларусаў. У верасні, напрыклад, Генеральная пракуратура заявіла, што накіравала 179 апавяшчэнняў у Інтэрпол, у асноўным у Расію (140 апавяшчэнняў). Паведамленняў пра дэпартацыю на падставе апавяшчэнняў не паступала.

Меры кантролю, звязаныя з мабільнасцю: Многія ўцекачы, якія пакінулі краіну, паведамлялі, што беларускія пасольствы адмаўлялі ім у аказанні консульскіх паслуг і перанакіроўвалі ў Беларусь для іх атрымання, уключна з выдачай новых пашпартоў і пасведчанняў аб нараджэнні. Яны заяўлялі, што не вернуцца ў краіну, баючыся затрыманняў па палітычных матывах, катаванняў у турмах і адсутнасці вяршэнства закону, які гарантуе абарону іх правоў.

Двухбаковы ціск: Паступалі вартыя даверу паведамленні пра тое, што беларускія ўлады спрабавалі аказаць двухбаковы ціск на краіны, у тым ліку Літву, каб прымусіць іх прыняць жорсткія меры ў дачыненні да беларусаў, якія пакідаюць Беларусь з мэтай пазбегнуць парушэння сваіх правоў, палітычна матываваных арыштаў і пакаранняў з боку ўладаў. У сакавіку 2021 года, напрыклад, Генпракурор заявіў, што лідарка апазіцыі Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў вышуку за “злачынствы супраць грамадскага парадку, грамадскай бяспекі і дзяржавы” і што беларускія ўлады звярнуліся да Літвы з просьбай аб яе экстрадыцыі. 4 сакавіка Генеральная пракуратура ўзбудзіла супраць Ціханоўскай яшчэ адну крымінальную справу па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе і прычыненні шкоды нацыянальнай бяспецы шляхам публічных заклікаў у яе антываенных заявах да “тэрактаў, дыверсій” і санкцый. Урад Літвы ўвесь час адхіляў запыты Беларусі аб экстрадыцыі, што, паводле прэс-рэліза Следчага камітэта Беларусі ад 21 кастрычніка, прывяло да таго, што супраць Святланы Ціханоўскай і яе Каардынацыйнай Рады, у тым ліку Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага і Марыі Мароз, была распачата спецыяльная вытворчасць і патэнцыйна адбудзецца завочны суд. Улады абвінавацілі іх у спробе захопу ўрадавых будынкаў, падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, дзяржаўнай здрадзе, закліках да санкцый, стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкімі групамі, а таксама ў іншых крымінальных злачынствах.

Грамадзянска-прававыя працэдуры і сродкі прававой абароны

Законам прадугледжана права фізічных асоб на зварот у суд з пазовам аб кампенсацыі шкоды за парушэнні правоў чалавека, аднак сістэма грамадзянскага судаводства не валодае дастатковай незалежнасцю і рэдка аказвалася бесстаронняй пры разглядзе падобных спраў.

Канфіскацыя і рэстытуцыя ўласнасці

Праз арышты і канфіскацыю маёмасці ўлады ажыццяўлялі пераслед лідараў і актывістаў апазіцыі і аказвалі на іх ціск. Так, напрыклад, 11 лістапада незалежныя СМІ паведамілі, што на аўкцыён было выстаўлена лецішча, канфіскаванае ў 2016 годзе за шматлікія неаплачаныя штрафы ў апазіцыйнай актывісткі з Мінска Ніны Багінскай. Пра іншы выпадак 6 верасня паведаміла прэсе Святлана Ціханоўская, калі ўлады канфіскавалі належную ёй і яе мужу Сяргею Ціханоўскаму мінскую кватэру ў якасці кампенсацыі за шкоду, якую Ціханоўскі нібыта прычыніў дзяржаве. Маёмасць палітвязня Ігара Лосіка, у тым ліку бытавая тэхніка і мэбля, у ліпені таксама была канфіскаваная па месцы жыхарства, а ў жніўні выстаўленая на таргі. Жонка Лосіка заявіла, што ёй было адмоўлена ў выкупе маёмасці (гл. раздзелы 1.г. “Адвольны арышт” і 1.д., “Палітвязні”).

У краіне адсутнічаюць законы аб рэстытуцыі ці кампенсацыі за канфіскацыю нерухомай маёмасці прыватных асоб падчас Другой сусветнай вайны ці ў савецкі перыяд. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, апублікаванай у 2019 годзе, у папярэднія 11 гадоў у органы ўлады Рэспублікі Беларусь не паступала хадайніцтваў або прэтэнзій ад прыватных асоб, НДА або любых іншых грамадскіх арганізацый, габрэйскіх або замежных, па пытаннях атрымання кампенсацыі або рэстытуцыі аб’ектаў уласнасці.

Звесткі па пытаннях, звязаных з рэстытуцыяй аб’ектаў уласнасці, незаконна канфіскаваных у перыяд Халакосту, прадстаўленыя ў Дакладзе Кангрэсу ЗША Дзяржаўнага дэпартамента, падрыхтаванага у выкананне патрабаванняў Закона аб вяртанні ахвярам Халакосту страчанай маёмасці (“Правасуддзе для тых, хто выжыў, але не атрымаў кампенсацыі”): https://www.state.gov/reports/just-act-report-to-congress/.

е. Адвольнае або незаконнае ўмяшальніцтва ў прыватнае і сямейнае жыццё, парушэнне недатыкальнасці жытла і таямніцы перапіскі

Закон забараняе падобныя дзеянні, аднак на практыцы гэтыя забароны часта не выконваліся. Улады выкарыстоўвалі самыя разнастайныя ці незаконныя метады назірання і іншыя формы незаконных парушэнняў канфідэнцыйнасці грамадзян для кантролю над іншадумствам і свабодай слова, а таксама для назірання за апазіцыйнымі групамі, актывістамі, журналістамі і звычайнымі грамадзянамі. У парушэнне права грамадзян на прыватнае жыццё ўлады выкарыстоўвалі методыку распазнання асоб, вялі праслухоўванне тэлефонных размоў, ажыццяўлялі відэаназіранне і ўтрымлівалі сетку інфарматараў.

У адпаведнасці з патрабаваннямі закона, ператрус праводзіцца на падставе санкцыі, атрыманай да яго пачатку або непасрэдна пасля яго заканчэння. У той жа час аператыўныя супрацоўнікі КДБ маюць права ўваходзіць у любы будынак пры ўмове наступнага звароту па ордар на працягу 24 гадзін пасля пранікнення. Аднак поўны кантроль рэжыму над судовай сістэмай ператварыў працэс выдачы дакументаў у чыстую фармальнасць.

У той час як супрацоўнікі службаў бяспекі, як правіла, маглі атрымаць ордар нават у палітычна матываваных выпадках, паступалі паведамленні пра выпадкі пранікнення ў будынкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў без санкцыі суда ці іншай законнай падставы. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і на працягу ўсяго 2022 года мелі месца шматлікія выпадкі гвалтоўнага пранікнення супрацоўнікаў органаў у цывільным у прыватныя дамы ці ў памяшканні юрыдычных асоб. Указаныя супрацоўнікі часта адмаўляліся прад’яўляць службовыя пасведчанні і ордар, сцвярджаючы, што для пранікнення ў будынкі ім дастаткова назваць орган, супрацоўнікамі якога яны з’яўляюцца. Улады ажыццяўлялі сачэнне ў анлайн-рэжыме.

21 кастрычніка Лукашэнка падпісаў новую пастанову аб прадастаўленні КДБ доступу да ўсіх баз дадзеных любых сайтаў унутры краіны. Згодна з указам, усе аператары сувязі і ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў абавязаны выкарыстоўваць “інфармацыйную сістэму электроннага ўзаемадзеяння” для сувязі са Службай дзяржаўнай бяспекі і КДБ. Паступалі паведамленні пра тое, што органы ўлады атрымлівалі доступ, збіралі і выкарыстоўвалі прыватныя паведамленні або персанальныя дадзеныя адвольна, незаконна ці без адпаведных юрыдычных паўнамоцтваў. Напрыклад, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў далейшым супрацоўнікі службы бяспекі часта пагражалі затрыманым расправай, калі тыя не разблакуюць свае мабільныя тэлефоны для праверкі. Службовыя асобы таксама пагражалі грамадзянам, якія знаходзяцца ў месцах утрымання пад вартай, больш суровымі прыгаворамі ў выпадку, калі тыя не разблакуюць свае канфіскаваныя мабільныя тэлефоны або ноўтбукі. Паведамлялася, што на працягу года супрацоўнікі службы бяспекі ўсё больш жорстка абыходзіліся з людзьмі, фатаграфіі і сацыяльныя сеткі каторых расцэньваліся імі як апазіцыйныя або ў іх былі зафіксаваныя правапарушэнні з боку сілавікоў. 26 траўня Мінскі раённы суд на падставе фотаздымкаў, знойдзеных у мабільным тэлефоне папулярнай блогеркі Вольгі Томінай, асудзіў яе на падставе палітычна матываванага абвінавачання ва ўдзеле ў 2020 годзе ў акцыі, якая груба парушала грамадскі парадак. Яе прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі. У іншым выпадку, паводле паведамлення гомельскай міліцыі ад 15 красавіка, на падставе матэрыялаў, знойдзеных сілавікамі ў мабільных тэлефонах, за нанясенне графіці ў падтрымку Украіны і за прыхільнасць “радыкальнаму ўкраінскаму, беларускаму і польскаму нацыяналізму” былі затрыманыя двое мясцовых жыхароў. Праваабарончыя групы таксама паведамлялі пра шматлікія выпадкі ператрусаў у палітвязняў, якія адбываюць пакаранне ў следчых ізалятарах, і праверкі іх мабільных тэлефонаў на наяўнасць падпіскі на нібыта “экстрэмісцкія” месенджары і іншыя забароненыя інтэрнэт-рэсурсы.

Нягледзячы на заканадаўчую забарону на праслухоўванне тэлефонаў і іншае парушэнне таямніцы карэспандэнцыі без санкцыі пракурора, пранікненне ў жытло, праслухоўванне тэлефонных размоваў і незаконны прагляд змесціва кампутараў былі штодзённай практыкай. Апазіцыйныя палітычныя дзеячы і актывісты грамадзянскай супольнасці заяўлялі аб праслухоўванні ўладамі іх перамоваў і вядзенні назірання за імі. Улады працягвалі збор і захоўванне персанальнай інфармацыі пра незалежных журналістаў і актывістаў дэмакратычных рухаў, урываючыся ў памяшканні і канфіскуючы іх кампутарную тэхніку.

У адпаведнасці з законам, правам ажыццяўляць перахоп тэлефонных паведамленняў валодаюць органы Камітэта дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў, спецыяльныя службы бяспекі, фінансавай разведкі і некаторыя падраздзяленні памежнага камітэта. Перахоп ажыццяўляецца з дазволу пракурора, але дадзенае патрабаванне неэфектыўнае праз адсутнасць незалежнасці пракуратуры. Міністэрства сувязі мае права спыніць аказанне паслуг тэлефоннай сувязі за парушэнне карыстальнікам умоў дагавора, у тым ліку за ўчыненне з выкарыстаннем тэлефоннай сувязі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак і наносяць шкоду інтарэсам дзяржавы.

Для сачэння за шырокімі групамі насельніцтва ўлады выкарыстоўвалі сродкі кантролю над інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі, блакаванне і фільтраванне вэб-сайтаў і платформ сацыяльных сетак, шпіёнскае ПЗ, аналіз дадзеных і іншыя формы інтэрнэт-кантролю. Згодна з дакладам арганізацыі Freedom House аб свабодзе інтэрнэту за 2022 год, свабода інтэрнэту працягвала ў значнай ступені абмяжоўвацца пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, што прывяло да рэпрэсій супраць анлайн-журналістаў, актывістаў і карыстальнікаў інтэрнэту. Улады таксама блакавалі вэб-сайты арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя-груп, якія дзейнічаюць у выгнанні. Гэтая практыка існавала на працягу ўсяго года. Дзяржава выкарыстоўвала сістэматычныя і дасканалыя спосабы сачэння за сваімі грамадзянамі і кантролю інтэрнэт-камунікацыі па сваім меркаванні без дазволу і незалежнага нагляду.

Згодна з пастановай ад 21 кастрычніка, якая рэгулюе “ўзаемадзеянне аператараў сувязі, пастаўшчыкоў паслуг сувязі, уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць”, інтэрнэт-рэсурсы, такія як паштовыя правайдары, месенджары, інтэрнэт-крамы, службы таксі і каршэрынгу, абавязаны захоўваць дадзеныя карыстальнікаў і забяспечваць уладам аддалены доступ да іх. Указам таксама быў створаны Аператыўна-аналітычны цэнтр, які падпарадкоўваецца непасрэдна Лукашэнку і мае наўпроставы кругласутачны доступ да агульнадзяржаўных і мясцовых баз дадзеных і інфармацыйных сістэм інтэрнэт-рэсурсаў у мэтах правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Усе вызначаныя агенцтвам вэб-сайты павінны ўсталяваць сістэму, якая забяспечвае такі доступ. На думку экспертаў па правах чалавека, праваахоўныя органы і спецслужбы атрымлівалі і параўноўвалі тэлекамунікацыйныя дадзеныя са звесткамі анлайн-сэрвісаў, што не можа быць аспрэчана ў судзе з-за іх непублічнага характару. Акрамя таго, уладальнікі вэб-сайтаў і аператары сувязі абавязаныя захоўваць інфармацыю пра ўсе паслугі, аказаныя карыстальнікам, не менш за адзін год.

Пасля выбараў 2020 года супрацоўнікі службы бяспекі актывізавалі свае намаганні па адсочванні зашыфраваных чат-груп у месенджарах і пранікненні ў іх. Паводле шматлікіх паведамленняў, дзясяткі палітвязняў былі абвінавачаныя на падставе скрыншотаў чатаў з анлайн-месенджара Telegram або IP-адрасоў, атрыманых пры адкрыцці фэйкавых неабароненых спасылак, адпраўленых уладамі ў зашыфраваныя чаты.

У краіне функцыянуе расійская Сістэма аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якая дазваляе ўладам атрымаць наўпроставы аўтаматызаваны доступ да дадзеных сетак фіксаванай сувязі, мабільных аператараў і інтэрнет-правайдараў. Таксама ажыццяўляецца блакіроўка і фільтраванне ў сацсетках вэб-старонак і платформ (гл. раздзел 2.а., «Свабода інтэрнэту»). У краіне існуе цэнтралізаваная сістэма відэаназірання. Улады імкнуліся набыць у шэрагу краін інструменты для назірання і ўзлому, а таксама развівалі ўнутраны патэнцыял, распрацоўваючы інтэграваныя сістэмы відэаназірання ў Беларусі і іншых краінах СНД. У 2020 годзе ЕС увёў санкцыі супраць Synesis за прадастаўленне беларускім уладам пляцоўкі для маніторынгу, што “робіць кампанію адказнай за рэпрэсіі беларускага дзяржаўнага апарата ў адносінах да грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі”. 24 жніўня старшы оперупаўнаважаны па Мінскай вобласці Сяргей Пасько заявіў, што Следчае ўпраўленне Мінгарвыканкама стварыла базу дадзеных “соцень тысяч відэафайлаў, па якіх удалося ўстанавіць больш за 1 400 удзельнікаў вулічных пратэстаў” з мэтай арышту і прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Паведамлялася, што для падрыхтоўкі праўладных рэпартажаў і праграм дзяржаўнаму тэлебачанню перадаваліся дадзеныя аператыўных здымак і праслухоўвання тэлефонных размоў, атрыманыя органамі дзяржаўнай бяспекі.

Паводле слоў палітычных актывістаў, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўлады выкарыстоўвалі таемных інфарматараў для выяўлення рабочых, якія мелі намер узяць удзел у страйках або заклікалі да палітычных перамен.

Паведамлялася пра выпадкі прыцягнення грамадзян да адказнасці за злачынствы, як мяркуецца, учыненыя іх сваякамі і роднымі (гл. раздзел 1.д., “Транснацыянальныя рэпрэсіі”). Улады часова забіралі дзяцей з сем’яў або пагражалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў з мэтай пакараць за ўдзел у акцыях пратэсту і іншыя формы палітычнай актыўнасці. 19 жніўня, напрыклад, паводле абвінавачанняў, звязаных з пратэстамі, мінская міліцыя арыштавала Наталлю Карнееву і яе мужа, які праз 10 сутак выйшаў на волю. Улады змясцілі іх 10-гадовую дачку ў дзяржаўную выхаваўчую ўстанову, бо муж Наталлі быў айчымам дзяўчынкі і ў яе не было найбліжэйшых сваякоў. Наталля ў гэты час заставалася за кратамі, а 2 лістапада была асуджаная па абвінавачанні ва ўдзеле ў акцыі, якая груба парушае грамадскі парадак, і атрымала тры гады хатняй “хіміі”.

ж. Злоўжыванні, звязаныя з ваенным канфліктам

Беларусь садзейнічала ўварванню Расіі ва Украіну і падтрымлівала вайну супраць яе, дазволіўшы Расіі практычна неабмежавана выкарыстоўваць сваю тэрыторыю, паветраную прастору і ваенныя аб’екты, забяспечыўшы ёй сур’ёзную стратэгічную перавагу і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку. Расійскія войскі здзейснілі частку свайго першапачатковага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, што дазволіла Расіі атрымаць максімальна хуткі доступ да Кіева. Беларусь таксама дазволіла Расіі размяшчаць ракетныя ўстаноўкі, самалёты і іншае ўзбраенне для паражэння ўкраінскіх цэляў на сваёй тэрыторыі. Лукашэнка аб’явіў аб разгортванні “сумеснай рэгіянальнай групы” войскаў з Расіяй у кастрычніку, але да канца года актыўна не накіроўваў беларускія войскі ва Украіну. Пасля гэтай аб’явы Расія накіравала новую партыю войскаў і тэхнікі на беларускія ваенныя аб’екты для навучання і падрыхтоўкі. На працягу года Беларусь аказвала медычную, матэрыяльную і тылавую падтрымку расійскім войскам. Праваабарончыя арганізацыі сцвярджалі, што гэтыя дзеянні ператварылі Беларусь у саўдзельніка парушэнняў Расіяй правоў чалавека ва Украіне (больш падрабязна пра парушэнні гл. у Справаздачы аб правах чалавека ў Расіі за 2022 год).

Раздзел 2. Павага да грамадзянскіх свабод:

а. Свабода выказвання меркаванняў, у тым ліку ў СМІ

Канстытуцыяй гарантаванае права на свабоду выказвання меркаванняў, у тым ліку свабоду друку, аднак дадзеныя гарантыі дзяржавай не выконваліся. Шматлікія законы прымяняліся выбарчна ў мэтах кантролю і цэнзуры выказванняў грамадзян ды публікацый СМІ, а таксама  падаўлення незалежнай журналістыкі. Былі прымусова закрытыя практычна ўсе незалежныя сродкі масавай інфармацыі, а журналісцкія і апазіцыйныя выказванні атрымалі цэтлік !экстрэмісцкіх”, што давала законную падставу для затрымання і пераследу тых, хто знаходзіўся ў апазіцыі да рэжыму або паведамляў пра яго злоўжыванні. У 2021 годзе былі прынятыя дадатковыя законы, якія забараняюць рэпартажы або стрымы з несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, што спрасціла працэдуру закрыцця СМІ. Дзяржаўная прэса і звязаныя з ёй сацыяльныя сеткі актыўна займаліся прапагандай прапрэзідэнцкіх пазіцый і рашэнняў уладаў, не пакідаючы прасторы для крытычных заўваг і актыўна абражаючы супернікаў рэжыму.

Свабода слова і самавыражэння: Грамадзяне не маглі публічна крытыкаваць урад і дзяржаўную палітыку, а таксама абмяркоўваць актуальныя для грамадства пытанні, не баючыся рэпрэсій, якія ўключалі крымінальны пераслед, прымусовае выгнанне і іншыя формы запалохвання і ціску. Існуюць таксама законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за паклёп, “распальванне нянавісці” і выражэнне палітычных поглядаў, якія ўлады выкарыстоўвалі для абмежавання свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў.

5 ліпеня суд у Магілёве прыгаварыў мясцовую студэнтку Дануту Перадню да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў абразе Лукашэнкі і нанясенні шкоды нацыянальным інтарэсам. Паведамляецца, што Перадня размяшчала ў інтэрнэце антываенныя матэрыялы з крытыкай прэзідэнта Расіі Пуціна і Лукашэнкі і заклікамі да вулічных пратэстаў 27 лютага. 6 верасня Мінскі раённы суд прызнаў апазіцыйнага і прафсаюзнага актывіста Ігара Ледніка вінаватым па палітычна матываваных абвінавачаннях у “паклёпе на прэзідэнта” і прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі. Паводле прысуду, Леднік, які знаходзіўся ў СІЗА з 18 красавіка, у снежні 2020 года напісаў артыкул, у якім “прыводзяцца яўна лжывыя звесткі, якія змяшчаюць паклёп і зневажаюць годнасць прэзідэнта”, і нібыта абвінавачванні Лукашэнкі ў злачынствах супраць чалавечнасці.

Забаранялася дэманстрацыя некаторых відаў гістарычнай сімволікі і сцягоў, у тым ліку гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга, прынятага апазіцыяй, а таксама плакатаў з тэкстамі, у якіх улада бачыла пагрозу сабе ці “грамадскаму парадку”.

Улады працягвалі рабіць істотныя крокі па здушэнні свабоды меркаванняў, рэгулярна ажыццяўляючы затрыманні і судовы пераслед апазіцыйных блогераў, журналістаў і карыстальнікаў сацыяльных сетак. Напрыклад, 30 сакавіка раённы суд Мінска прыгаварыў блогера і тэлепрадусара Уладзіслава Савіна да васьмі гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў махлярстве, арганізацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і ўдзеле ў іх. Праваабарончыя арганізацыі заявілі, што арышт Савіна быў звязаны з ягоным удзелам у трох мірных акцыях пратэсту ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года і арганізацыяй мірных акцый пратэсту з дапамогай відэаролікаў, якія ён размясціў у сваім акаўнце ў Instagram.

14 верасня Гродзенскі абласны суд прызнаў незалежнага журналіста Дзяніса Івашына вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і прыгаварыў да 13 гадоў пазбаўлення волі. Дзяржаўныя СМІ сцвярджалі, што Івашын заклікаў да нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы, і паведамілі, што на яго накладзены штраф у памеры 4 800 рублёў (1 900 даляраў ЗША), а таксама ён мусіць выплаціць кампенсацыю ў памеры 2 000 рублёў (800 даляраў ЗША) кожнаму з дзевяці неназваных супрацоўнікаў АМАП, якіх ён нібыта абылгаў у сваіх публікацыях. Праваабарончыя арганізацыі расцэньваюць судовы пераслед Івашына як рэакцыю ў адказ на яго выкрыццё былых супрацоўнікаў украінскага паліцэйскага спецназу (“Беркут”), нанятых беларускімі праваахоўным органамі.

За выказванне палітычнага іншадумства або ўдзел у поствыбарных пратэстах у 2020 годзе працягвалі звальняць працаўнікоў дзяржсектара, у тым ліку настаўнікаў, дзяржаўных служачых, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спартсменаў, а таксама супрацоўнікаў адукацыйных і лячэбных устаноў.

Так, 19 верасня Лукашэнка падпісаў указ аб пазбаўленні 83 былых вайскоўцаў, сілавікоў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў званняў, рэгалій і пенсій за крытыку ўладаў і дзеянні ў падтрымку палітычнай апазіцыі. Аналагічны ўказ аб пазбаўленні 87 асоб званняў і льгот быў выдадзены ў траўні 2021 года. Указ 2022 года быў накіраваны, напрыклад, супраць былога ваеннага афіцэра Валерыя Сахашчыка, які ўвайшоў у склад Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), створанага дэмакратычнай апазіцыяй з мэтай садзейнічаць дэмакратычнай перадачы ўлады. Ва ўказе таксама згадваецца алімпійская бягуння-спрынтарка Крысціна Ціманоўская (якая з’яўляецца супрацоўніцай праваахоўных органаў і атрымлівала фінансаванне забеспячэнне падчас камандіроўкі ў складзе алімпійскай зборнай), якую ўлады спрабавалі прымусова вярнуць у Беларусь з Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе пасля таго, як тая раскрытыкавала ўлады ў сацыяльных сетках, і Алег Талерчык, былы пракурор і дзейны сябра аб’яднання былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў BYPOL, якое базуецца ў Варшаве і дакументавала злоўжыванні, здзейсненыя супрацоўнікамі дзяржбяспекі і праваахоўных органаў. Сярод іншых, пазбаўленых званняў, пенсій і афіцыйна звольненых, былі супрацоўнікі сілавых структур, што пайшлі ў адстаўку ў знак пратэсту супраць гвалту з боку міліцыі, асобы, якія ваявалі ва Украіне супраць расійскіх вайскоўцаў, а таксама асобы, раней судзімыя або прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па палітычна матываваных абвінавачаннях. Так, напрыклад, 5 верасня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў былога следчага Станіслава Пугачова да сямі гадоў пазбаўлення волі ў выніку закрытага судовага разгляду па абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варожасці, а таксама ў збіранні і распаўсюдзе персанальных звестак пасля таго, як той апублікаваў у сетках асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў органаў правапарадку. Пазней ён патрапіў пад дзеянне ўказа як былы следчы.

Абмежаваннем свабоды слова з’яўляюцца заканадаўчыя палажэнні, якія прапісваюць адказнасць асобы за прадастаўленне замежным грамадзянам інфармацыі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча краіны, якая, на думку ўладаў, з’яўляецца лжывай або мае непаважлівы характар. Тым не менш, выпадкаў прыцягнення грамадзян да адказнасці па гэтым законе не ўстаноўлена.

Заклікі да ўдзелу ў “несанкцыянаваных дэманстрацыях” забароненыя (гл. раздзел 2.б., “Свабода мірных сходаў і асацыяцый”).

Таксама дзейнічае забарона на распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Экстрэмісцкімі матэрыяламі лічыцца інфармацыйная прадукцыя (друкаваныя, аўдыё-, аўдыёвізуальныя і іншыя інфармацыйныя матэрыялы, плакаты, банеры і іншая наглядная агітацыя), прызначаная для публічнага выкарыстання і распаўсюду, накіраваная на гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу і (ці) тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь; захоп улады неканстытуцыйным шляхам; стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання; ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці; распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або нянавісці; арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеянняў і актаў вандалізму на глебе расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або нянавісці, палітычнай і ідэалагічнай варожасці; прапаганду перавагі пэўных груп насельніцтва па прыкмеце іх сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай прыналежнасці; рэабілітацыю нацызму, прапаганду ці публічнае дэманстраванне, выраб і распаўсюд нацысцкай сімволікі. Да “экстрэмісцкай” інфармацыі таксама адносяцца выявы асоб, прызнаных экстрэмістамі або асуджаных па “экстрэмісцкіх” справах – абвінавачванні, інкрымінаваныя палітычнай апазіцыі, журналістам, актывістам грамадзянскай супольнасці і простым грамадзянам. 17 траўня прадстаўнік МУС паведаміў, што са студзеня па красавік за распаўсюд “экстрэмісцкіх” матэрыялаў міліцыяй было затрымана 237 чалавек у параўнанні з 315 асобамі за ўвесь 2021 год.

У 2021 годзе ў Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму былі ўнесены папраўкі. Было пашырана вызначэнне “экстрэмісцкай дзейнасці”, якое ўключыла ў сябе распаўсюд яўна лжывых, на думку ўладаў, звестак, арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў (напрыклад, вольных сходаў), а таксама нібыта абразы ці спробы дыскрэдытацыі дзяржаўных органаў ці службовых асоб. Пад «экстрэмісцкай» маецца на ўвазе рэгулярная незалежная журналістыка, а таксама дзеянні апазіцыі, актывістаў і пратэстоўцаў, накіраваныя на выказванне сваіх поглядаў ці спробы правядзення мірных сходаў; меркаваныя спробы захопу дзяржаўнай улады; акты “тэрарызму”; апраўданне нацызму; фінансаванне “экстрэмісцкай” ці “тэрарыстычнай” дзейнасці, а таксама распальванне сацыяльнай і іншай варожасці. Была ўведзеная індывідуальная адказнасць за “экстрэмісцкую дзейнасць” і пашыраны спіс патэнцыйных “экстрэмісцкіх” арганізацый, у які ўвайшлі прафсаюзы, няўрадавыя арганізацыі, сродкі масавай інфармацыі і дэмакратычныя апазіцыйныя групы ў выгнанні. Супрацоўнікі праваахоўных органаў таксама атрымалі дазвол на выкарыстанне па сваім меркаванні агнястрэльнай зброі ў мэтах “процідзеяння экстрэмізму”, у чым незалежныя назіральнікі бачаць адкрытую пагрозу журналістам, пратэстоўцам, актывістам і палітычным апанентам рэжыму.

У чэрвені 2021 года ў сілу ўступіў Закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, які пашырыў спіс забароненых “нацысцкіх сімвалаў і атрыбутыкі”, уключыўшы ў яго сімволіку, якая выкарыстоўваецца для абазначэння прыналежнасці да апазіцыі. Нягледзячы на ўключэнне герба “Пагоня” ў рэестр дзяржаўных гістарычных і культурных сімвалаў, улада дэманстравала варожае стаўленне да выкарыстання бел-чырвона-белых сцягоў і “Пагоні”, а супрацоўнікі сілавых структур затрымлівалі пратэстоўцаў і асоб, якія выкарыстоўвалі названыя сімвалы, што, як правіла, атаясамляліся з прыналежнасцю да апазіцыі. 28 кастрычніка МУС аб’явіў слоган “Жыве Беларусь!” і адказ на яго “Жыве вечна!”, які суправаджаецца ўскідваннем ад пляча правай рукі з выпрастанай кісцю, нацысцкай сімволікай і атрыбутыкай, спаслаўшыся на тое, што гэта “прывітанне калабарацыяніста”, падобнае на нацысцкі салют “Sieg Heil”. Слоган-дэвіз “Жыве Беларусь! – Жыве вечна!” быў звязаны з рухам нацыянальнага адраджэння, а затым з апазіцыйнай і дэмакратычнай дзейнасцю і асабліва шырока выкарыстоўваўся мірнымі пратэстоўцамі ў 2020 годзе.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што 5 верасня ў санаторыі, што знаходзіцца ў Мінскай вобласці, быў затрыманы чалавек у футболцы з выявай герба “Пагоня” і пазней асуджаны па абвінавачанні ў парушэнні закона аб правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Паведамляецца, што ён адседзеў за кратамі 15 сутак. У такім самым выпадку ў верасні за тое ж злачынства была аштрафаваная старшыня грамадскай арганізацыі “Пазітыўны рух” Таццяна Пячко. Штаф за бела-чырвоныя колеры рамкі яе аўтамабільных нумароў склаў 3 200 рублёў (1 280 даляраў ЗША).

Па стане на верасень МУС заявіла, што больш за 700 Telegram-каналаў займаліся распаўсюдам “экстрэмісцкіх» матэрыялаў і больш за 90 Telegram-каналаў і анлайн-чатаў былі прызнаныя «экстрэмісцкімі арганізацыямі”, у тым ліку вядомыя незалежныя медыя-рэсурсы Kyky.org і БелаПАН, а таксама шэраг мясцовых чатаў. Улады папярэдзілі, што падпіска, загрузка матэрыялаў і рэпост інфармацыі з гэтых каналаў будуць пераследавацца паводле закону. Так, напрыклад, актывістка грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Алена Лазарчык 19 верасня была асуджаная да васьмі гадоў пазбаўлення волі па некалькіх крымінальных абвінавачаннях, уключна са стварэннем і кіраваннем “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

18 красавіка МУС аб’явіў папулярны Telegram-канал “Беларусь галаўнога мозгу” і яго акаўнты ў сацыяльных сетках “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

Гвалт у дачыненні да журналістаў і іх пераслед: Улады працягвалі рэгулярна пераследаваць і затрымліваць мясцовых журналістаў. Па дадзеных незалежнай Беларускай асацыяцыі журналістаў, са жніўня 2020 года з-за рэпрэсій з краіны ўцяклі не менш за 400 журналістаў. Сілавікі высоўвалі супраць журналістаў ілжывыя абвінавачанні і прыгаворвалі да турэмных тэрмінаў за выкананне іх працы. Па стане на верасень Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што з пачатку года зафіксавала не менш за 70 выпадкаў пераследу мясцовых журналістаў, уключна з затрыманнямі, неабгрунтаванымі ператрусамі, штрафамі і турэмнымі тэрмінамі. У ліпені 2021 года сілавікі затрымалі і збілі галоўнага рэдактара незалежнай газеты “Наша Ніва” Ягора Марціновіча і сябра рэдакцыйнай калегіі Андрэя Скурко. Па словах жонкі Марціновіча, пры затрыманні ён атрымаў траўму галавы, што было пацверджана медыкамі пры аглядзе ў кабінеце следчага. 15 сакавіка раённы суд Мінска прыгаварыў Марціновіча і Скурко да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў неаплаце камунальных паслуг за жылое памяшканне, якое выкарыстоўвалася ў якасці офіса.

Па стане на канец года не менш за 30 прадстаўнікоў СМІ заставаліся за кратамі па розных палітычна матываваных абвінавачаннях, уключаючы стварэнне або ўдзел у “экстрэмісцкай” групе, заклікі да парушэння грамадскага парадку, ухіленне ад выплаты падаткаў, арганізацыю і ўдзел у акцыях, якія парушаюць грамадскі парадак. 8 чэрвеня, напрыклад, пазаштатнага супрацоўніка “Радыё Свабода” Андрэя Кузнечыка пасля затрымання ў лістапада 2021 года прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў кіраўніцтве “экстрэмісцкай” арганізацыяй. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Андрэя палітвязнем і заявілі, што палітычна матываванае абвінавачанне з’яўляецца пакараннем за рэалізацыю ім свабоды слова і журналісцкія рэпартажы.

Аналагічным чынам, 3 жніўня на пяць гадоў пазбаўлення волі была асуджаная журналістка тэлеканала “Белсат” Ірына Слаўнікава за нібыта фармаванне “экстрэмісцкай” групы, а таксама арганізацыю і ўдзел у акцыях, што парушаюць грамадскі парадак, за яе рэпартажную працу на тэлеканале “Белсат”, якую улады палічылі “экстрэмісцкай”, і за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах 2020 года.

Пераслед і запалохванне журналістаў часта выражалася ў гвалтоўных ператрусах іх офісаў і дамоў, канфіскацыі маёмасці, а таксама ў затрыманнях і судовым пераследзе. Напрыклад, 6 кастрычніка незалежныя СМІ паведамілі, што міліцыя правяла ператрус у доме незалежнай журналісткі Сняжаны Інанец і яе мужа Аляксандра Лычаўкі, які таксама пісаў для некалькіх незалежных сайтаў, і затрымала іх па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года.

Аб’ектам пераследу выступалі і прадстаўнікі аналітычнай супольнасці, якія рэгулярна публікавалі ў незалежных СМІ артыкулы ці каментары па палітычных і эканамічных пытаннях. Так, з чэрвеня 2021 года па абвінавачанні ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады і закліках да нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы ў СІЗА знаходзілася палітолаг, аналітык, рэдактарка выдання “Беларускі штогоднік” Валерыя Касцюгова. 13 ліпеня міліцыя затрымала ваеннага аглядальніка Ягора Лебядка за інтэрв’ю «экстрэмісцкім СМІ» і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. 23 снежня Мінскі абласны суд прыгаварыў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Згодна з паведамленнямі незалежных СМІ ад 2 лістапада, у рамках больш шырокага здушэння любога кшталту палітычнага іншадумства былі затрыманыя, дапытаныя і арыштаваныя не менш як 44 супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук. Праўда, большасць навукоўцаў былі вызваленыя пасля праверкі мабільных тэлефонаў на наяўнасць “экстрэмісцкіх” матэрыялаў, а таксама пасля перасцярогі ад заняткаў палітычнай дзейнасцю. Як мінімум аднаму акадэмічнаму супрацоўніку, Алегу Давыдзенку, і яго жонцы было прад’яўленае абвінавачанне ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года на падставе фота- і відэаматэрыялаў, пасля чаго ён быў звольнены. 29 снежня Мінскі раённы суд прыгаварыў іх да двух і трох гадоў хатняга арышту. Па абвінавачанні ў нібыта распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў на 10 сутак быў затрыманы яшчэ адзін акадэмічны супрацоўнік.

Улады таксама працягвалі пераслед журналістаў падчас адбывання імі палітычна матываваных турэмных тэрмінаў. Напрыклад, па завяршэнні двухгадовага тэрміну пазбаўлення волі 13 ліпеня ўлады прызналі журналістку тэлеканала “Белсат” Кацярыну Андрэеву вінаватай таксама ў дзяржаўнай здрадзе і шпіянажы, а затым па выніках закрытага судовага разгляду прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі дадаткова. Першапачаткова ў лютым 2021 года Андрэева была прыгаворана да двух гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў “арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” за наўпроставую трансляцыю жорсткага разгону сілавікамі мірнай акцыі пратэсту ў Мінску ў лістападзе 2020 года. Да таго як атрымала дадатковы тэрмін, журналістка павінна была выйсці на волю ў верасні.

Цэнзура і абмежаванне кантэнту для прадстаўнікоў прэсы і іншых СМІ, уключаючы анлайн-выданні: Улады жорстка абмяжоўвалі доступ да інфармацыі, закрывалі незалежныя СМІ і каралі любога незалежнага журналіста, які апублікаваў інфармацыю, якая ўтрымлівае крытыку ўрада. Да канца года практычна ўсе існуючыя буйныя незалежныя СМІ ў краіне былі ліквідаваныя, а дзейнасць рэгіянальных СМІ была ў значнай ступені абмежаваная. У адпаведнасці з законам, любое выданне – друкаванае або анлайнавае – можа быць закрыта пасля вынясення на працягу 12 месяцаў двух папярэджанняў у сувязі з парушэннем пэўнага шэрагу абмежаванняў, накладзеных на прэсу. Улада таксама надзеленая адвольнымі паўнамоцтвамі, што дазваляе ёй забараняць ці цэнзураваць журналісцкія рэпартажы. Міністэрства інфармацыі можа прыпыніць выпуск перыядычных выданняў і газет на тры месяцы без рашэння суда.

Праз пагрозу помсты некалькі невялікіх незалежных выданняў, што працягвалі працаваць у краіне, практыкавалі самацэнзуру, пазбягаючы асвятленні пэўных тэм, уключна з вайной Расіі супраць Украіны і крытыкай уладаў. Пры гэтым улада захоўвала жорсткі і непасрэдны кантроль за зместам матэрыялаў у дзяржаўных вяшчальных і друкаваных СМІ. Шырокі распаўсюд атрымала практыка дзяржаўнай цэнзуры інтэрнэту (гл. раздзел 2.а., “Свабода інтэрнэту”).

12 снежня рэдакцыя апошняй рэспубліканскай газеты “Белорусы и рынок”, якая яшчэ працягвала выходзіць, паведаміла пра атрыманне ліста Мінінфармацыі аб ануляванні з 1 снежня ліцэнзіі газеты. 23 ліпеня міністэрства заблакавала сайт газеты, спаслаўшыся на наяўнасць на ім “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Рэдактар выдання Канстанцін Залатых з 18 траўня знаходзіцца ў СІЗА па палітычна матываваным абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варожасці.

Падкантрольныя дзяржаве СМІ не забяспечвалі збалансаванага асвятлення падзей і ў сваёй пераважнай большасці прадстаўлялі пралукашэнкаўскую версію, поўную хлусні і дэзінфармацыі. У інфармацыйным полі дамінавалі дзяржаўныя СМІ. Іх высокі наклад  падтрымліваўся за кошт шчодрых субсідый і прэферэнцый з боку рэжыму. Агульнанацыянальнага прыватнага тэлебачання ў краіне не існавала, а ў вяшчальнай медыйнай прасторы дамінавалі дзяржаўныя беларускія і расійскія каналы. У беларускай прэсе працягвалі пераважаць пралукашэнкаўская і прарасійская пазіцыя, якая ў тым распаўсюджвалася праз расійскія СМІ. На працягу года дзяржаўныя СМІ і сацыяльныя сеткі, фінансаваныя дзяржавай, актыўна і сістэматычна прасоўвалі спробы рэжыму Лукашэнкі паказваць апазіцыйных палітыкаў ворагамі дзяржавы, злачынцамі або “экстрэмістамі”. Улады папярэджвалі, штрафавалі, затрымлівалі, дапытвалі і пазбаўлялі акрэдытацыі прадстаўнікоў незалежных айчынных СМІ. Некаторыя журналісты дзяржаўных СМІ, якія звольніліся, пазней былі затрыманыя. Так  адбылося, напрыклад, з журналістам Дзмітрыем Семчанкам, затрыманым 15 верасня на 15 сутак.

Атрымаць акрэдытацыю ў якасці карэспандэнтаў маглі толькі грамадзяне той краіны, дзе базуецца СМІ. Усе грамадзяне Беларусі, якія працавалі ў буйных заходніх СМІ, у 2020 годзе былі пазбаўленыя акрэдытацыі і не былі акрэдытаваныя паўторна.

Закон забараняе СМІ распаўсюджваць інфармацыю ад імя незарэгістраваных палітычных партый, прафсаюзаў і НДА. Да канца года ўлады ліквідавалі ўсе рэспубліканскія і буйныя рэгіянальныя незалежныя СМІ ў краіне праз некалькі этапаў мэтанакіраваных рэпрэсій, прымусовых закрыццяў і ліквідацый, палітычных пераследаў, блакіровак вэб-сайтаў ці іншых спробаў спыніць дзейнасць арганізацый. Пасля пазбаўлення Tut.by ліцэнзіі ў 2020 годзе ўлады правялі ператрусы ў офісах выдання, заблакавалі яго вэб-сайт і ў траўні 2021 года арыштавалі журналістаў і кіраўніцтва выдання. 14 чэрвеня Вярхоўны суд прызнаў Tut.by Media Ltd. “экстрэмісцкім” фармаваннем, што прывяло да забароны яго дзейнасці, выкарыстання яго лагатыпа і гандлёвай маркі, а таксама дазволіла ўладам канфіскаваць маёмасць выдання. На працягу года ўлады працягвалі закрываць буйныя рэгіянальныя і мясцовыя СМІ, якія ўсё яшчэ працавалі. Барацьба з незалежнымі СМІ прывяла да таго, што 11 ліпеня за рэпост “экстрэмісцкіх матэрыялаў” быў заблакаваны доступ да вядомага незалежнага гістарычнага часопіса arche.by, а з 24 жніўня заблакаваны папулярны інфармацыйна-аналітычны рэсурс reform.news і інтэрнэт-часопіс citydog.io, прысвечаны мінскаму жыццю. Некаторыя закрытыя ці заблакаваныя СМІ аднавілі сваю дзейнасць па-за межамі краіны.

У адказ на матэрыялы, якія супярэчылі афіцыйнай пазіцыі, улады рабілі крокі, што пагаршалі становішча тых СМІ, якія размясцілі гэтыя матэрыялы. Пад ціскам з боку дзяржавы некаторыя прыватныя раздробныя гандлёвыя сеткі прыпынялі рэалізацыю незалежных выданняў, а дзяржаўныя і прыватныя друкарні адмаўляліся друкаваць іх наклады. Напрыклад, з 1 студзеня брэсцкая друкарня адмовілася далей друкаваць наклад рэгіянальнай незалежнай газеты “Ганцавіцкі час”. Як правіла, рэдактары змушаныя былі купляць паліграфічныя паслугі за мяжой. Аднак гэтая магчымасць таксама была закрытая пасля таго, як у некаторых краінах, напрыклад у Расіі, друкарні сталі адмаўляць беларускім незалежным выданням у друку. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку газеты і інтэрнэт-сайты навін, сутыкаліся з дыскрымінацыйнай палітыкай публікацыі і распаўсюду, а таксама ў абмежаваным доступе да ўдзелу ў брыфінгах для прэсы, зносінаў з прадстаўнікамі органаў улады і друку сваіх выданняў.

Улады перасцерагалі кампаніі ад размяшчэння рэкламы ў газетах, што займаюць крытычную пазіцыю ў адносінах да дзяржавы. Прыватныя гандлёвыя ўстановы, такія як раздробныя крамы, што ўсведамлялі пагрозу падатковых праверак і іншых формаў эканамічнага ціску, адмаўляліся прадаваць незалежныя газеты. На рэкламадаўцаў па-ранейшаму аказваўся ціск з мэтай спыніць уліццё рэкламных сродкаў у “непажаданыя” недзяржаўныя газеты.

Законы аб паклёпе і распаўсюдзе звестак, якія ганьбяць рэпутацыю: Паклёп і распаўсюд звестак, якія ганьбяць рэпутацыю, прызнаюцца крымінальнымі злачынствамі, і ўлады дзейнічалі ў адпаведнасці з заканадаўствам, абмяжоўваючы ў высокай ступені свабоду выказвання меркаванняў, забараняючы выказваць нязгоду з дзяржавай і, як правіла, прымаючы карныя захады супраць журналістаў і палітычных апанентаў. У адпаведнасці з законам, абраза або паклёп на прэзідэнта караецца буйным штрафам і пазбаўленнем волі на тэрмін да чатырох гадоў. Пакаранне за паклёп прызначаецца без уліку таго, ці з’яўляецца пацярпелы прыватнай або публічнай асобай. Публічная асоба, раскрытыкаваная за нізкія паказальнікі працы, мае права звярнуцца ў суд з пазовам аб паклёпе як супраць журналіста – аўтара матэрыялу, так і супраць СМІ, які яго апублікаваў.

Пасля інцыдэнту ў верасні 2021 года, калі падчас рэйду КДБ былі застрэленыя афіцэр дзяржбяспекі і супрацоўнік ІТ-кампаніі, за крытычныя каментары дзеянняў КДБ было затрымана 200 чалавек, у дачыненні да якіх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў адпаведнасці з палажэннем закона, што забараняе абразу службовай асобы. Пасля публікацыі ў расійскім выданні “Камсамольская праўда” артыкула з каментаром прыяцелькі айцішніка, у якім той апісваецца са станоўчага боку, беларускія ўлады заблакавалі доступ да сайта выдання і арыштавалі аўтара артыкула, беларускага журналіста Генадзя Мажэйку. Па стане на канец года Мажэйка заставаўся ў СІЗА. Расійскі бок раскрытыкаваў гэтае дзеянне як парушэнне свабоды СМІ і было прынятае рашэнне закрыць офіс газеты ў Беларусі, перавёўшы супрацоўнікаў у Расію.

Па ўсёй краіне адбыліся суды, на якіх па крымінальных абвінавачваннях у паклёпе на службовых асоб і распальванні сацыяльнай нянавісці за каментары ў сацсетках былі асуджаныя дзясяткі асоб, пасля прызнаных палітвязнямі. Так, напрыклад, 8 верасня Брэсцкі абласны суд прыгаварыў былую журналістку дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва “Белта” Іну Можчанку, затрыманую ў верасні 2021 года, да трох гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 3 200 рублёў (1 200 даляраў ЗША).

Нацыянальная бяспека: У многіх выпадках падставай для здушэння ўладай крытыкі дзяржаўнай палітыкі і пэўных службовых асоб былі меркаванні нацыянальнай бяспекі, а таксама “экстрэмізм” і “тэрарызм”. Абвінавачанні ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы, “экстрэмізме” і “тэрарызме” выкарыстоўваліся для выкрыцця прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, журналістаў і простых грамадзян (гл. раздзелы 1.г., “Адвольны арышт і затрыманні” і 1.д., “Палітвязні”).

Свабода інтэрнэту

Улады адсочвалі інтэрнэт-камунікацыю без адпаведных юрыдычных паўнамоцтваў, а татальны кантроль рэжыму над заканадаўчай, праваахоўнай і судовай сістэмамі краіны дазваляў кантраляваць інтэрнэт-трафік без якой-кольвечы падсправаздачнасці або незалежнай праверкі. Паводле справаздачы Freedom House “Свабода ў інтэрнэце” за 2022 год, быў заблакаваны палітычны, сацыяльны і рэлігійны кантэнт, а таксама сайты грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, якія дзейнічаюць у выгнанні. Законы таксама абмяжоўвалі дзейнасць анлайн-СМІ і перадачу дадзеных за мяжу. Прарэжымныя каментатары рэгулярна маніпулявалі анлайн-дыскусіямі. Усе інтэрнэт-правайдары ў краіне былі абавязаныя захоўваць інфармацыю пра гісторыі праглядаў сваіх кліентаў на працягу аднаго года. Кампаніі-пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг таксама былі абавязаныя захоўваць ідэнтыфікацыйныя нумары прылад і дадзеныя пра інтэрнэт-актыўнасць кліентаў як мінімум за пяць гадоў і перадаваць гэтыя звесткі ўпаўнаважаным органам па іх патрабаванні.

Улады таксама ажыццяўлялі маніторынг электроннай пошты і сацыяльных сетак. Усе, хто выказваў свае погляды праз інтэрнэт, сутыкаліся з рызыкай магчымых юрыдычных і асабістых наступстваў, і многія рэгулярна практыкавалі самацэнзуру. Выкарыстанне VPN (віртуальных прыватных сетак) трохі памяншала гэтую рызыку, але, па паведамленнях, прадстаўнікі праваахоўных органаў рэгулярна прымушалі адвольна арыштаваных разблакоўваць свае мабільныя тэлефоны, каб атрымаць доступ да іх сацыяльных сетак і электроннай пошты.

Паводле звестак украінскай ваеннай разведкі, з 1 красавіка ў працы інтэрнэту ў Беларусі назіраліся перабоі, а затым на працягу месяца ў цэлых раёнах на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Мінска, дзе часцей за ўсё перавозілася расійская ваенная тэхніка, доступ да інтэрнэту быў абмежаваны. Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны заявіла, што абмежаванне інтэрнэту было ўведзенае для таго, каб скрыць перамяшчэнне расійскай ваеннай тэхнікі праз тэрыторыю краіны.

Меліся выпадкі фільтрацыі інтэрнэт-трафіку і яго блакіроўкі па рашэнні ўладаў. Пастаўшчыкі паслуг сувязі паведамілі, што на загад уладаў строга абмяжоўвалі перадачу мабільных дадзеных у дні, калі чакаліся або праходзілі масавыя дэманстрацыі.

Улады ажыццяўлялі кантроль за зместам публікацый у інтэрнэце. Навінавыя анлайн-рэсурсы былі абавязаныя выдаляць кантэнт і публікаваць выпраўленні па патрабаванні ўладаў, а таксама выконваць абмежаванні свабоды слова (гл. раздзел 2.а., “Свабода слова”). Без санкцыі пракурора і пастановы суда ўлады могуць заблакаваць доступ да сайтаў, якія не выконваюць распараджэнняў дзяржаўных органаў, у тым ліку за аднаразовы распаўсюд забароненай інфармацыі. У выпадку блакіроўкі сеткавае выданне губляе рэгістрацыю ў якасці СМІ. Уладальнікі сайта або сеткавага выдання маюць права абскардзіць у судзе рашэнне дзяржаўнага органа аб абмежаванні або адмове ў доступе да яго на працягу 30 дзён пасля яго вынясення. Па стане на верасень Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да больш як 50 інтэрнэт-сайтаў і іх “люстэркаў”. Напрыклад, Мінскі раённы суд 17 жніўня заблакаваў доступ да сайта symbal.by і прызнаў яго “экстрэмісцкім”. Symbal.by — вэб-старонка вядомай крамы, якая гандлюе нібыта апазіцыйнымі таварамі з нацыянальнай сімволікай, такімі як герб “Пагоня”.

Улады таксама пераследавалі асоб за анлайн-кантэнт, які супярэчыў пазіцыі рэжыму і дзяржаўнай прапаганды і выкрываў яго злоўжыванні. Напрыклад, 24 чэрвеня Мінскі раённы суд прыгаварыў Марка Бернштэйна да трох гадоў хатняга арышту за праўкі, зробленыя ім на старонцы Вікіпедыі, прысвечанай вайне Расіі супраць Украіны.

Рабіліся таксама спробы абмежаваць або заблакаваць акаўнты ў сацыяльных сетках (гл. раздзел 2.а., “Цэнзура і абмежаванне кантэнту для прадстаўнікоў прэсы і іншых СМІ, уключаючы анлайн-выданні”). Улады пераследавалі асобаў за выказванне іх палітычных поглядаў у інтэрнэце (гл. раздзел 2.а., “Свабода слова”). Так, напрыклад, на працягу года ўлады пераследавалі карыстальнікаў Telegram і адміністратараў групавых чатаў, прыцягваючы іх да адказнасці нібыта за арганізацыю і каардынацыю акцый пратэсту. 12 красавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў Яўгена Маранца да чатырох гадоў пазбаўлення волі за нібыта адміністраванне чата, праз які арганізоўваліся пратэстныя акцыі. Маранца асудзілі па абвінавачанні ў стварэнні экстрэмісцкай арганізацыі і ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Уладальнікі інтэрнэт-сайтаў могуць прыцягвацца да адказнасці ў тым ліку і за каментары карыстальнікаў, якія змяшчаюць забароненую інфармацыю, і ў гэтым выпадку іх сайты таксама могуць быць заблакаваныя. Акрамя таго, заканадаўча замацавана патрабаванне аб стварэнні банка дадзеных навінавых сайтаў і ідэнтыфікацыі ўсіх каментатараў з пазнакай іх асабістых дадзеных і нумароў мабільных тэлефонаў. Пры атрыманні навінавым сайтам двух ці некалькіх афіцыйных папярэджанняў, ён можа быць выдалены з банка дадзеных і страціць права на распаўсюд інфармацыі.

У адпаведнасці з законам, выключнае права на абслугоўванне даменаў належыць тэлекамунікацыйнай манаполіі “Белтэлекам” і іншым упаўнаважаным арганізацыям.

Улады рабілі захады з мэтай абмежаваць ананімнасць у інтэрнэце. Указам прэзідэнта ўстаноўлена патрабаванне аб абавязковай рэгістрацыі пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг і інтэрнэт-сайтаў, а таксама аб зборы інфармацыі пра карыстальнікаў агульнадаступных сетак. У адпаведнасці з указам, пастаўшчыкі паслуг абавязаныя захоўваць дадзеныя пра выкарыстанне інтэрнэту на працягу года і прадастаўляць іх праваахоўным органам на іх запыт. Парушэнне патрабаванняў указа цягне за сабой адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі, але выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці за такія правапарушэнні адсутнічаюць. Тым не менш, названыя меры прывялі да больш частага выкарыстання месенджараў з крыптаграфічнай абаронай, такіх як Telegram, што дазваляюць абыходзіць гэтыя патрабаванні.

Паступалі паведамленні пра палітычна матываваныя кібер-атакі. Паведамляецца пра выпадкі ўзлому хакерамі ўрадавых старонак. У сакавіку ўлады пацвердзілі факт атакі на Беларускі дзяржаўны інстытут сертыфікацыі і стандартызацыі. Дзяржаўныя дзеячы рэгулярна выкарыстоўвалі ботаў ці троляў для маніпулявання дыскурсам сацыяльных сетак і чатаў у Telegram.

Абмежаванні акадэмічных свабод і культурнага жыцця

Улады абмяжоўвалі акадэмічныя свабоды і культурнае жыццё.

На ўстановы адукацыі ўскладаўся абавязак выкладаць дзяржаўную ідэалогію, заснаваную на ўшанаванні дасягненняў былога СССР і Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. У афіцыйна зацверджаных падручніках выкладаецца палітычна ангажаваная версія гісторыі ды іншых дысцыплін. Дзяржава абавязала ўсе школы, у тым ліку прыватныя ўстановы адукацыі, выконваць указанні ўлады па пашырэнні дзяржаўнай ідэалогіі і забараніла прымаць на працу прадстаўнікоў апазіцыі і актывістаў. Міністр адукацыі мае права прызначаць і вызваляць з пасады кіраўнікоў прыватных навучальных устаноў.

На працягу года ўлады абмяжоўвалі мастацкія імпрэзы і іншую культурную дзейнасць, а дзясяткі работнікаў культурных устаноў за сваю падтрымку дэмакратычнага руху ці за іншае выражэнне нязгоды з рэжымам і яго поглядамі пазбавіліся працы. Па стане на 1 красавіка, напрыклад, дырэкцыя Нацыянальнага тэатра оперы і балета не працягнула працоўны дагавор з вядомым дырыжорам Іванам Касцяхіным праз яго ўдзел у паслявыбарных пратэстах 2020 года і актыўнасць ў інтэрнэце. Аналагічным чынам, 26 красавіка, як паведамілі незалежныя СМІ, Міністэрства культуры прымусіла па палітычных матывах звольніць з Віцебскага драматычнага тэатра дырэктара Міхаіла Краснабаева і забараніць яго пастаноўку. З 1 студзеня таксама былі звольненыя двое актораў тэатра, задзейнічаныя у спектаклі.

Паводле звестак, 26 верасня гарадскія ўлады Мінска адмянілі прэм’еру аперэты “Герцагіня з Чыкага” ў Мінскім музычным тэатры з-за станоўчага іміджу ў ёй Злучаных Штатаў. Арганізоўваць і праводзіць музычныя імпрэзы і канцэрты мелі права выключна прыватныя і дзяржаўныя арганізацыі, якія атрымалі ліцэнзію. Тыя, хто выступаў перад масавай аўдыторыяй без афіцыйнага дазволу, і тыя, хто выконваў песні, якія, як мяркуецца, мелі пратэстны ці антываенны характар, падвяргаліся пераследу. Так, 4 жніўня пасля выканання ўкраінскай песні ў папулярным начным клубе была затрыманая спявачка Мерыем Герасіменка. На падставе фатаграфій з інтэрнэту і сацыяльных сетак, у тым ліку тых, што былі знойдзеныя ў яе мабільным тэлефоне, ёй было прад’яўленае абвінавачанне ва ўдзеле ў пратэстных акцыях у 2020 годзе, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

б. Свабода мірных сходаў і асацыяцый

Канстытуцыяй абвешчаная свабода мірных сходаў, але ўлады жорстка абмяжоўвалі гэтае права. З гэтай мэтай ствараліся шматлікія перашкоды для правядзення мірных дэманстрацый, ажыццяўляўся іх жорсткі разгон, рабіліся захады па зніжэнні іх грамадскага рэзанансу і пераследаваліся ўдзельнікі акцый. Законам прадугледжана свабода аб’яднанняў, аднак дзяржава сур’ёзна абмяжоўвала гэтую свабоду, ліквідаваўшы сотні арганізацый грамадзянскай супольнасці, НДА і ўсе незалежныя прафсаюзы.

Свабода мірных сходаў

Звяртацца па дазвол на правядзенне дэманстрацыі з колькасцю ўдзельнікаў больш за  1 000 могуць толькі зарэгістраваныя палітычныя партыі, прафсаюзы і грамадскія арганізацыі. Заяўкі ад незалежных і апазіцыйных груп, а таксама самаарганізаваных супольнасцяў грамадзян сістэматычна адхіляліся.

Законам прадугледжана крымінальная адказнасць за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваных сходах, абвяшчэнне правядзення акцыі да яе афіцыйнага ўзгаднення, навучанне ўдзельнікаў пратэстаў, фінансаванне масавых дэманстрацый, прыцягненне знешняй дапамогі на шкоду нацыянальным інтарэсам. Закон таксама крыміналізуе публічныя заклікі да арганізацыі і правядзення несанкцыянаваных сходаў, вулічных шэсцяў і іншых відаў дэманстрацый, заахвочванне іншых грамадзян да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах або аплату за ўдзел у іх. За некаторыя дзеянні прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да пяці гадоў. Да правядзення масавых мерапрыемстваў не дапускаюцца асобы, асуджаныя за ўчыненне злачынстваў супраць міру і грамадскага парадку, дзяржаўнасці і кіравання, грамадскай бяспекі і духоўнасці, а таксама злачынстваў супраць дзяржавы. Асобы, аштрафаваныя або арыштаваныя за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, таксама не маюць права арганізоўваць масавыя мерапрыемствы на працягу аднаго года з дня вынясення прысуду. Законам аб масавых мерапрыемствах таксама забараняецца збор і выкарыстанне грашовых сродкаў для пагашэння штрафаў, накладзеных уладамі на правапарушальнікаў. Таксама “ў мэтах папулярызацыі або прапаганды” забараняецца асвятляць у сродках масавай інфармацыі ў рэжыме рэальнага часу (у наўпроставым эфіры) масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца з парушэннем усталяванага парадку. Закон вызначае практыку кампенсацыі арганізатарамі мерапрыемстваў выдаткаў на работу органаў правапарадку, медычнае забеспячэнне і прыборку месцаў правядзення мерапрыемства.

Улады працягвалі адмаўляць у выдачы дазволу на правядзенне публічных дэманстрацый. Напрыклад, 22 красавіка мінскія гарадскія ўлады не выдалі апазіцыйнай партыі “Зялёныя” дазвол на правядзенне 26 красавіка Чарнобыльскага шляху, прысвечанага 36-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, заявіўшы, што маршрут шэсця не адпавядае патрабаванням уладаў да правядзення масавых мерапрыемстваў, а час правядзення можа перашкодзіць транспартнаму і пешаходнаму руху. У якасці дадатковых прычын для адмовы ў дазволе на правядзенне мерапрыемства ўлады таксама спаслаліся на нежаданне органаў правапарадку, хуткай дапамогі і клінінгавых службаў заключаць дамову з арганізатарамі.

Сілавікі затрымлівалі актывістаў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, журналістаў і звычайных грамадзян пры спробе арганізацыі палітычных мерапрыемстваў, шэсцяў і акцыяў пратэстаў ці ўдзелу ў іх. Па паведамленнях праваабарончых груп, 27-28 лютага за ўдзел у несанкцыянаваных дэманстрацыях ці іншых акцыях пратэсту, якія ўспыхнулі ў краіне ў адказ на лютаўскі рэферэндум, было затрымана больш за 1 000 чалавек. Большасць удзельнікаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, што звычайна прыводзіла да штрафаў, кароткатэрміновых турэмных зняволенняў тэрмінам да 30 сутак, а часам да таго і іншага адначасова.

Удзельнікі акцый падвяргаліся фізічным здзекам і прыніжэнням з боку супрацоўнікаў сіл правапарадку як пры разгоне акцый, так і пры затрыманні, транспарціроўцы ў аўтазаках і ў месцах прымусовага ўтрымання (гл. раздзел 1.в.). У адказ на скаргі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека з боку міліцыі і прымяненнем празмернай сілы, ніякіх расследаванняў не праводзілася.

У шматлікіх выпадках удзельнікаў мірных пратэстаў прыгаворвалі да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі па крымінальных абвінавачаннях, паколькі ўлады часта спасылаліся на тое, што пратэстоўцы выкарыстоўвалі гвалтоўныя метады або пагражалі грамадскаму парадку.

Напрыклад, 4 траўня брэсцкі раённы суд прыгаварыў групу з 11 чалавек да трох гадоў хатняга арышту або ўмоўна за нібыта “стварэнне пагрозы бяспецы дарожнага руху” і ўдзел у несанкцыянаванай масавай песенна-карагоднай акцыі ў 2020 годзе ў Брэсце. Па стане на верасень агульная колькасць абвінаваўчых прысудаў па “карагоднай” справе з моманту пачатку судовых працэсаў увесну 2021 года дасягнула не менш за 127 чалавек. Абвінавачаныя былі прыгавораныя да пазбаўлення волі тэрмінам да пяці з паловай гадоў.

Удзельнікі дэманстрацый станавіліся аб’ектам рэпрэсій па месцы працы і вучобы. У адпаведнасці з распараджэннем Міністэрства адукацыі, навучальныя ўстановы маюць права адлічваць навучэнцаў за антыдзяржаўныя выступленні або несанкцыянаваны ўдзел у палітычнай дзейнасці і абавязаныя на належным узроўні весці ідэалагічную работу сярод навучэнцаў. Тым не менш, прадстаўнікі адміністрацый навучальных устаноў у якасці афіцыйнай прычыны адлічэння часта ўказвалі нізкую паспяховасць або пропускі заняткаў. Па дадзеных праваабарончых арганізацый, на працягу года з навучальных устаноў па палітычных матывах было адлічана не менш за 20 студэнтаў.

Свабода аб’яднанняў

Дзейнае заканадаўства і Канстытуцыя прадугледжваюць свабоду асацыяцый, аднак гэтым правам звычайна маглі скарыстацца толькі лаяльныя і праўладныя арганізацыі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і дэмакратычнага ўздыму, які паследаваў за імі, былі ліквідаваныя, забароненыя або абвешчаныя «экстрэмісцкімі» пераважная большасць НДА і арганізацый грамадзянскай супольнасці, а ўсе незалежныя прафсаюзныя арганізацыі былі зачыненыя. Іншыя НДА і арганізацыі грамадзянскай супольнасці вырашылі спыніць сваю дзейнасць з прычыны пастаянных запалохванняў і пераследу з боку ўладаў. Улады паскорылі гэтую практыку пасля таго, як Лукашэнка ў ліпені 2021 года выдаў дадатковыя дырэктывы, якія абмяжоўваюць свабоду аб’яднанняў. З дапамогай юрыдычных механізмаў адмены рэгістрацыі, такіх як судовыя разбіральніцтвы, па стане на верасень улады ліквідавалі больш за 950 арганізацый грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацый. Па ўказанні Лукашэнкі рэгістрацыі былі пазбаўленыя ўсе віды незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабарончыя групы, спартовыя асацыяцыі, сродкі масавай інфармацыі, экалагічныя арганізацыі, рэлігійныя групы, групы падтрымкі людзей з інваліднасцю і арганізацыі ў сферы  супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Напрыклад, 25 кастрычніка Мінскі гарадскі суд закрыў дабрачынную грамадскую арганізацыю “Вяртанне”, якая займалася папулярызацыяй беларускай культуры, адукацыі, навукі, а таксама рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй гістарычных аб’ектаў. 4 лістапада быў затрыманы актывіст “Вяртання” Сяргей Макарэвіч, а ў ягоным доме адбыўся ператрус. 27 кастрычніка па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў таксама былі затрыманыя тры чалавекі: Юрась Меляшкевіч, Зміцер Карабач і Вольга Балтрукевіч, якія працавалі ў межах НДА над рэстаўрацыйным праектам. Праз тры дні пасля затрымання Балтрукевіч вызвалілі, двое ж астатніх засталіся ў СІЗА. Уся дакументацыя і кампутарнае абсталяванне арганізацыі былі канфіскаваныя.

Для рэгістрацыі ўсім няўрадавым арганізацыям, палітычным партыям і прафсаюзам неабходна атрымаць дазвол Міністэрства юстыцыі. Разглядам і зацвярджэннем дакументаў на рэгістрацыю займаецца ўрадавая камісія. Адным з асноўных крытэрыяў для вынясення рашэнняў з’яўляецца палітычная і ідэалагічная сумяшчальнасць з пазіцыяй і практыкай дзяржавы.

Згодна з дзейным парадкам рэгістрацыі, пры падачы дакументаў заяўнікі абавязаныя прадаставіць прозвішчы, імёны і нумары тэлефонаў заснавальнікаў, а таксама адрас месцазнаходжання ў нежылым фондзе. Апошняе патрабаванне з’яўляецца вельмі складаным для большасці грамадскіх арганізацый у сілу іх абмежаванага матэрыяльнага становішча, а таксама занепакоенасці ўладальнікаў памяшканняў у звязку з тым, што прадастаўленне памяшканняў у арэнду няўрадавай арганізацыі можа справакаваць пераслед з боку ўладаў. Улады адмаўлялі ў рэгістрацыі арганізацыям, якія не маглі арандаваць або набыць офісныя памяшканні, арганізацыям, размешчаным у жылым фондзе, а таксама арганізацыям, што абвінавачваліся ў незаконнай дзейнасці. 4 студзеня былі ўнесеныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дзейнасць, што ажыццяўляецца ад імя незарэгістраваных груп і можа прывесці да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

У адпаведнасці з законам аб грамадскіх аб’яднаннях, няўрадавым арганізацыям забараняецца захоўваць сродкі для фінансавання дзейнасці ўнутры Рэспублікі Беларусь у замежных фінансавых установах. Атрымальнікамі замежнай бязвыплатнай і тэхнічнай дапамогі могуць выступаць толькі зарэгістраваныя НДА, і названая дапамога можа выкарыстоўвацца толькі для ажыццяўлення абмежаванай колькасці зацверджаных відаў дзейнасці. НДА павінны атрымаць ухвалу Міжведамаснай камісіі па пытаннях замежнай бязвыплатнай дапамогі, перш чым яны змогуць прыняць сродкі або зарэгістраваць гранты, якія не ўваходзяць у спіс зацверджаных катэгорый дапамогі. Акрамя таго, па відах выкарыстання замежная дапамога падзяляецца на вызваленую ад падаткаў і тую, што не падлягае такому вызваленню. За рэгістрацыю дапамогі, якая абкладаецца падаткам, з атрымальнікаў спаганяецца плата ў памеры 0,55% ад усёй сумы. Прадугледжана адказнасць за выкарыстанне несанкцыянаванай і незадэклараванай дапамогі першаснымі і другаснымі бенефіцыярамі, што дае магчымасць уладам спыняць атрыманне імі фінансавай дапамогі.

Хаця закон і прадугледжвае магчымасць закрыцця НДА пасля вынясення аднаразовага папярэджання аб парушэнні закона, на практыцы закрыць арганізацыю можна было і без ніводнага папярэджання. Закон дазваляе ўладам закрываць НДА за атрыманне, на іх думку, незаконных формаў замежнай дапамогі і надзяляе Міністэрства юстыцыі паўнамоцтвамі кантраляваць любую дзейнасць НДА і правяраць усю іх дакументацыю. НДА таксама павінны штогод прадстаўляць у міністэрства падрабязныя справаздачы пра сваю дзейнасць, месцазнаходжанне офісаў, службовых асоб і агульную колькасць сябраў (гл. раздзел 5).

Улады пераследавалі і запалохвалі прадстаўнікоў незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама перашкаджалі ажыццяўленню іх дзейнасці. На працягу года сілавікі канфіскоўвалі кампутары і іншае абсталяванне, наносілі шкоду прыватнай уласнасці, урываючыся ў офісы і дамы актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і палітычных дзеячаў. Напрыклад, 23 сакавіка быў праведзены ператрус у доме Змітра і Насты Дашкевічаў, дэмакратычных актывістаў і былых лідараў апазіцыйнай моладзевай групы “Малады фронт”, пасля чаго тыя былі затрыманыя, а іх кампутарнае абсталяванне канфіскаванае. У той час як цяжарную на той момант Насту Дашкевіч неўзабаве адпусцілі да трох іх дзяцей, яе муж быў затрыманы на 15 сутак за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а пазней абодвум было прад’яўлена абвінавачанне ў вырабе апазіцыйных бел-чырвона-белых сцягоў і ўдзеле ў жнівеньскіх пратэстах 2020 года. 14 ліпеня па абвінавачанні ва ўдзеле ў акцыі, якая груба парушае грамадскі парадак, Мінскі раённы суд прыгаварыў Змітра і Насту да 18 месяцаў пазбаўлення волі і трох гадоў хатняй “хіміі” адпаведна. Па дадзеных праваабаронцаў, абодва адмовіліся даваць паказанні ў судзе.

Сябры Каардынацыйнай Рады, створанай для садзейнічання мірнаму вырашэнню палітычнага крызісу і пераходу краіны да дэмакратыі, падвяргаліся запалохванню і пераследу, а некаторыя былі кінутыя ў турму. Па стане на верасень два сябры прэзідыума Каардынацыйнай Рады, Максім Знак і Марыя Калеснікава, заставаліся ў зняволенні па абвінавачванні ў рэалізацыі свайго права на свабоду слова, сходаў і аб’яднанняў (гл. раздзел 1.д., “Палітвязні”). Рада была ўтвораная ў жніўні 2020 года і на той момант у яе ўвайшлі 70 чальцоў, сем з якіх былі абраныя ў прэзідыум. Пасля колькасць чальцоў Рады павялічылася да некалькіх тысяч, аднак большасць з іх былі вымушаныя пакінуць краіну. Таксама працягваўся пераслед сябраў лічбавай платформы народных прадстаўнікоў “Сход”, створанай пасля выбараў 2020 года. Пасля неаднаразовых ператрусаў, затрыманняў і пагроз платформа была распушчаная, а ў жніўні 2021 года быў затрыманы адзін з яе лідараў, вядомы філосаф Уладзімір Мацкевіч. 24 чэрвеня Мінскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні «экстрэмісцкай» групы, паклёпе на прэзідэнта і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і прыгаварыў да пяці гадоў пазбаўлення волі.

в. Свабода веравызнання

Глядзіце даклад Дзяржаўнага дэпартамента аб свабодзе веравызнання ў свеце па адрасе: https://www.state.gov/religiousfreedomreport/.

г. Свабода перамяшчэння і права пакінуць краіну

Закон прадугледжвае свабоду перамяшчэння ўнутры краіны, выезду за мяжу часова і на пастаяннае жыхарства, а таксама вяртання ў краіну. Тым не менш, права грамадзян, асабліва былых палітычных зняволеных, на выезд за мяжу часам абмяжоўвалася. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўрад узмацніў абмежаванні магчымасці грамадзян вярнуцца дадому з-за мяжы, не баючыся судовага пераследу.

Перамяшчэнне ўнутры краіны: У адпаведнасці з законам, асобы, якія ўязджаюць на тэрыторыю, размешчаную ў межах 15 міль ад мяжы, за выключэннем устаноўленых пунктаў пропуску, абавязаныя афармляць пропуск у памежную зону.

Выезд за мяжу: Грамадзяне звычайна маюць права пакінуць краіну без адвольных абмежаванняў. У дзяржаўную базу асоб, якім абмежаваны выезд за мяжу, унесены дадзеныя пра асоб, што маюць допуск да дзяржаўнай таямніцы, знаходзяцца пад крымінальным або адміністрацыйным пераследам або маюць нявыкананыя фінансавыя абавязацельствы. Правам унясення асоб у спісы “прэвентыўнага” нагляду надзеленыя Міністэрства ўнутраных спраў і органы бяспекі, памежныя і мытныя службы, а таксама аддзелы фінансавых расследаванняў. На сайце МУС фізічныя асобы маглі даведацца, ці забаронены ім выезд за мяжу, а для грамадзян, якія знаходзіліся па-за межамі краіны, такую інфармацыю на іх запыт прадастаўлялі дыпламатычныя прадстаўніцтвы.

Міністэрства ўнутраных спраў адсочвла інфармацыю пра грамадзян, якія працуюць за мяжой, а фірмы па працаўладкаванні за мяжой былі абавязаныя прадастаўляць дадзеныя пра асоб, якія не вярнуліся з-за мяжы ў меркаваныя тэрміны.

Выгнанне: Прымусовае выгнанне з’яўляецца незаконным. Тым не менш, улады працягвалі практыку прымусовага выгнання сябраў дэмакратычнай апазіцыі, журналістаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці ды іншых нязгодных з рэжымам асоб пры маўклівым ці яўным разуменні таго, што ў выпадку вяртання ў краіну яны будуць зняволеныя. Па паведамленнях крыніц, некаторых грамадзян, нязгодных з рэжымам, змушалі пакінуць краіну пад пагрозай фізічнай расправы або крымінальнага пераследу з боку сілавых структур, у прыватнасці пасля выбараў у жніўні 2020 года. 19 верасня ў інтэрв’ю пасля памілавання і вызвалення былы палітвязень і журналіст “Радыё Свабода” Алег Груздзіловіч паведаміў, што папярэдняй умовай яго вызвалення з турмы была згода пакінуць краіну (гл. раздзел 1.д., “Амністыя”).

Пераважная большасць людзей, змушаных пакінуць краіну ў 2020 годзе, на працягу года заставаліся ў вымушаным выгнанні. Сярод іх былі кандыдатка ў прэзідэнты і лідарка апазіцыі Святлана Ціханоўская і іншыя лідары дэмакратычнай апазіцыі, незалежныя журналісты, актывісты, лідары праваабарончых арганізацый і арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Грамадзянства: Закон дазваляе пазбаўляць грамадзянства натуралізаваных асоб ва ўзросце ад 18 гадоў і старэйшых за ўдзел у “экстрэмісцкай” дзейнасці або нанясенне сур’ёзнай шкоды інтарэсам краіны (абвінавачанні, якія часта выкарыстоўваюцца ўладамі ў палітычна матываваных справах). Палажэнне не распаўсюджваецца на грамадзян па праве нараджэння.

д. Абарона ўцекачоў

Урад у абмежаванай ступені супрацоўнічаў з Упраўленнем Вярхоўнага Камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў (УВКБ ААН), Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі і іншымі гуманітарнымі арганізацыямі па пытаннях прадастаўлення абароны і дапамогі уцекачам; садзейнічання добраахвотнаму вяртанню, дапамозе асобам, якія шукаюць прыстанішча, асобам без грамадзянства і іншым падмандатным асобам. Улады альбо не ўхвалялі, альбо адкладалі ўхвалу запытаў УВКБ ААН аб аказанні дапамогі нелегальным мігрантам у краіне, у тым ліку тым, хто знаходзіцца блізу межаў з ЕС.

Прадастаўленне прытулку: За некаторым выключэннем, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства ў адпаведнасці з законам могуць быць прадастаўленыя прытулак, статус уцекача, дадатковая і часовая абарона. Урадам распрацаваны парадак прадастаўлення іншаземцу прытулку і сістэма мер па абароне ўцекачоў. У законе змяшчаюцца гарантыі ад прымусовага вяртання для іншаземцаў, якім было адмоўлена ў статусе ўцеккача ці часовай абароне, але якія не маюць магчымасці вярнуцца ў краіну паходжання.

Звычайна хадайнічаць аб прадастаўленні прытулку маюць права ўсе замежнікі, за выключэннем грамадзян Расійскай Федэрацыі. Згодна з умовамі Саюзнай дамовы з Расійскай Федэрацыяй, грамадзяне РФ маюць права заставацца на сталае месца жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь і атрымліваць від на жыхарства. Аднак па стане на 1 верасня выключэнне з гэтага парадку было зроблена для аднаго расійскага грамадзяніна – чальца сям’і ўкраінскіх бежанцаў, а дадатковая абарона была прадастаўленая яшчэ тром грамадзянам РФ, таксама чальцам сем’яў ўкраінскіх бежанцаў.

Высылка: Не паступала паведамленняў пра тое, што ўлады на працягу года высылалі ці вярталі просьбітаў прытулку ці ўцекачоў у краіны, у якіх яны маглі быць падвергнутыя жорсткаму абыходжанню. У гэтым заключаецца адрозненне ад сітуацыі з ахвярамі так званага міграцыйнага крызісу, справакаванага рэжымам, калі ўлады прыцягвалі нелегальных мігрантаў і садзейнічалі ім у іх імкненні патрапіць у ЕС з тэрыторыі Беларусі.

У лістападзе афганскі ўцякач Нагіра Хашымі, які пражыў у Беларусі 24 гады, распавёў незалежным СМІ пра свой досвед дэпартацыі ў Іран пасля адбыцця дзевяці гадоў турмы па абвінавачанні ў гандлі наркотыкамі. Хашымі паведаміў, што восенню 2021 года яго вызвалілі, а праз тры месяцы паўторна арыштавалі ў Беларусі. Перад дэпартацыяй у Іран ён правёў у жудасных умовах іміграцыйнага ізалятара дзевяць месяцаў.

Жорсткае абыходжанне з мігрантамі і ўцекачамі: У час міграцыйнага крызісу паступалі паведамленні пра тое, што службы бяспекі збівалі мігрантаў, якім не ўдалося пранікнуць у ЕС, і прымушалі іх заставацца на мяжы, каб тыя маглі зрабіць дадатковыя спробы па яе перасячэнні. 7 чэрвеня арганізацыя Human Rights Watch (HRW) апублікавала справаздачу пра гвалтоўныя дзеянні ў адносінах да мігрантаў на мяжы з Польшчай. У справаздачу ўвайшлі інтэрв’ю, праведзеныя з сакавіка па травень з дзевяццю выхадцамі з Бліжняга Усходу – мігрантамі і асобамі, якія шукаюць прыстанішча, у тым ліку з сямю ў Беларусі. HRW паведаміла, што мігранты “агучылі жахлівыя сведчанні пра гвалт, смерць, згвалтаванні, вымагальніцтва, крадзяжы і абмежаванне свабоды перамяшчэння з боку беларускіх памежнікаў”. Напрыклад, 9 сакавіка беларускія памежнікі даставілі да мяжы з Літвой групу з чатырох мігрантаў і прымусілі іх зайсці ў ваду і паплысці на іншы бераг ракі. Паведамляецца, што адзін мігрант патануў, а яшчэ адзін прапаў без вестак. Паводле звестак латвійскіх памежнікаў, 20 снежня ад пераахаладжэння і абмаражэння памёр мігрант з Афганістана, якога беларускія ўлады перавозілі цераз мяжу. Мігранты таксама паведамлялі пра нечалавечыя ўмовы жыцця і выпадкі згвалтаванняў і сексуальных замахаў у цэнтры ўтрымання мігрантаў у Брузгах у перыяд з лістапада 2021 года па сакавік 2022 года.

У перыяд з траўня 2021 года па сакавік 2022 года сродкі масавай інфармацыі асвятлялі незаконную міграцыю ў Беларусь з такіх краін, як Ірак, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Камерун, Сірыя і Афганістан, часта праз дзяржаўныя або афіляваныя з дзяржавай турыстычныя агенцтвы з мэтай спрашчэння далейшага перамяшчэння мігрантаў па сушы для нелегальнага перасячэння мяжы з ЕС. Пасля таго як нелегальныя мігранты і асобы, якія шукаюць прыстанішча, прыбываюць у краіну, улады часта арганізуюць іх дастаўку да межаў суседніх краін, такіх як Латвія, Літва і Польшча, і заахвочваюць, а ў многіх выпадках прымушаюць мігрантаў да спроб незаконнага перасячэння мяжы. Некаторыя з гэтых нелегальных мігрантаў пасля звярталіся па абарону ў Беларусі, але, як паведамляецца, большасць пакінулі краіну да таго, як па іх справах было прынятае рашэнне.

У некаторых выпадках улады вымушалі незаконных мігрантаў выбіраць паміж дэпартацыяй і дадатковымі спробамі, часта ў небяспечных умовах, незаконнага перасячэння мяжы ЕС пасля таго, як першапачатковыя спробы перасячы мяжу аказаліся няўдалымі. Апытаныя СМІ нелегальныя мігранты паведамлялі, што толькі некаторыя пакінулі краіну добраахвотна, а многія замест гэтага былі затрыманыя на арандаваных кватэрах і на вуліцы, а затым супраць іх волі дастаўленыя ў мінскі аэрапорт для дэпартацыі.

Свабода перамяшчэння: Паводле справаздачы HRW ад 7 чэрвеня, улады ў некаторых выпадках змяшчалі мігрантаў і просьбітаў прытулку, якія ўехалі ў краіну праз афіляваныя з дзяржавай турыстычныя агенцтвы ў рамках арганізаванай дзяржавай аперацыі па незаконным увозе мігрантаў, у “месцы збору” – на тэрыторыю пад адкрытым небам, без намётаў, сховішчаў і каналізацыі – недалёка ад мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Іх размяшчалі ў тым ліку ў лагістычным цэнтры “Брузгі”, які з лістапада 2021 года быў ператвораны ў прытулак для мігрантаў і працягваў працаваць да сакавіка 2022 года. Мігранты і асобы, якія шукаюць прытулку, паведамілі HRW, што яны былі збітыя пры спробе пакінуць месцы, дзе ім адмаўлялі ў ежы і вадзе, а таксама ў магчымасці развесці вогнішча. Адзін з мігрантаў паведаміў HRW, што прытулак быў перапоўнены, халодны і для такой колькасці людзей, якія там змяшчаюцца, не меў належных санітарна-гігіенічных умоў, уключна з адсутнасцю адэкватных гігіенічных мер для прадухілення распаўсюду COVID-19. У ім было ўсяго восем прыбіральняў, не падзеленых па палавой прыкмеце, а душавыя кабіны адсутнічалі. Мігранты спалі на драўляных паддонах на цэментнай падлозе, і ахоўнікі штодня давалі ім “печыва”, прымушаючы іх купляць іншыя прадукты ў фургоне з ежай, размешчаным на тэрыторыі комплексу. Згодна са справаздачай, ахоўнікі таксама вымагалі грошы за зарадку мабільных тэлефонаў.

Па-за кантэкстам незаконнага ўвозу мігрантаў, асобам, якія шукаюць прыстанішча, па законе даецца свабода перамяшчэння ўнутры краіны, аднак яны абавязаныя пражываць у рэгіёне, у якім запыталі статус бежанца, апавяшчаць улады пра месца свайго пражывання ў перыяд разгляду іх запыту, а таксама падчас абскарджання вынесеных рашэнняў. Паведамляецца, што асоб, якія шукаюць прытулак, часта заклікаюць сяліцца ў сельскіх раёнах, аднак большасць з іх застаюцца ў гарадах. Змена месца жыхарства магчымая з апавяшчэння ўлад. Асобам, якія шукаюць прыстанішча, выдаюцца пасведчанні ўстаноўленага ўзору, якія пацвярджаюць іх статус, засведчваюць асобу і забяспечваюць абарону ад высылкі. У адпаведнасці з законам, гэтыя асобы абавязаныя зарэгістравацца ў мясцовым распарадчым органе ўлады па месцы жыхарства.

Доўгатэрміновыя рашэнні: Натуралізацыя уцекачоў магчымая пасля сямі гадоў сталага пражывання гэтак жа, як і для іншых замежнікаў. Па стане на кастрычнік Лукашэнка дазволіў як мінімум 700 украінскім уцекачам з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну 24 лютага прайсці паскораную працэдуру атрымання грамадзянства.

Часовая абарона: У асобных выпадках урад даваў часовую абарону (на тэрмін да аднаго года) асобам, якія не мелі статусу ўцекача. Звестак пра колькась тых, хто атрымаў часовую абарону ў 2022 годзе, у адкрытым доступе не было.

е. Статус унутрана перамешчаных асоб і абыходжанне з імі

Не вызначаны.

ж. Асобы без грамадзянства

Па дадзеных уліку Міністэрства ўнутраных спраў і УВКБ ААН, па стане на 30 чэрвеня ў Беларусі налічвалася 5 985 асоб без грамадзянства. Паводле звестак УВКБ ААН, усе яны мелі часовы або сталы від на жыхарства.

У сферы занятасці асобы без грамадзянства, якія стала пражываюць у краіне, карысталіся супастаўнымі з грамадзянамі краіны правамі, за выключэннем магчымасці прэтэндаваць на абмежаванае кола пасад (галоўным чынам у сферы дзяржаўнага кіравання і праваахоўнай сферы), даступных толькі грамадзянам Беларусі. Паведамлялася пра асобныя выпадкі дыскрымінацыі ў сферы занятасці ў дачыненні да асоб без грамадзянства: паколькі ў многіх выпадках асоб без грамадзянства заахвочвалі ўладкоўвацца ў сельскіх раёнах, яны сутыкаліся з больш абмежаваным выбарам месцаў для працаўладкавання. Па дадзеных УВКБ, асобы без грамадзянства могуць свабодна мяняць рэгіён пражывання.

Асобы без грамадзянства маюць магчымасць атрымаць грамадзянства Беларусі ва ўстаноўленым парадку. Асноўным патрабаваннем з’яўляецца сталае пражыванне на тэрыторыі Беларусі на працягу як мінімум сямі гадоў. Таксама прадугледжаны парадак паскоранай натуралізацыі, які ў асноўным распаўсюджваецца на асоб, што нарадзіліся або пастаянна пражывалі ў Беларусі да распаду Савецкага Саюза, этнічных беларусаў, іх мужоў і жонак, а таксама нашчадкаў. Дзіця, якое нарадзілася ў сям’і асоб без грамадзянства, што стала  пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, мае права на атрыманне грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Дзяржава садзейнічае фактычнаму пазбаўленню грамадзянства выгнаных дзеячаў беларускай апазіцыі праз адміністрацыйную практыку адмовы ў аказанні консульскіх паслуг, уключна з выдачай пашпартоў, праязных дакументаў і пасведчанняў аб нараджэнні. Многія з дзеячаў апазіцыі, якія знаходзяцца ў выгнанні, вымушаныя былі падарожнічаць па праязных дакументах неграмадзян трэціх краін.

Раздзел 3. Свабода ўдзелу ў палітычным жыцці

Намінальна закон гарантуе права грамадзян Рэспублікі Беларусь абіраць уладу на свабодных і справядлівых выбарах, якія праводзяцца з усталяванай перыядычнасцю, шляхам таемнага галасавання на аснове ўсеагульнага і роўнага выбарчага права. Аднак на практыцы гэтае права сістэматычна і цалкам парушалася з-за невыканання ўладай міжнародных стандартаў пры правядзенні выбараў: фальсіфікацыі вынікаў выбараў, арыштаў, турэмнага зняволення, выгнання ці пагрозы тым, хто імкнуўся да свабодных і справядлівых выбараў.

Аляксандр Лукашэнка быў абраны першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у 1994 годзе тэрмінам на чатыры гады, і з гэтага моманту ён мэтанакіравана засяроджваў паўнамоцтвы ў руках выканаўчай улады і ўмацоўваў асабістае дамінаванне над усімі галінамі ўлады, што фактычна прывяло да знішчэння раздзялення ўладаў. У выніку рэферэндумаў 1996, 2004 гадоў, а таксама рэферэндуму 27 лютага ў Канстытуцыю былі ўнесеныя папраўкі, якія пашыраюць яго паўнамоцтвы і адмяняюць абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Наступныя выбары, у тым ліку прэзідэнцкія выбары ў жніўні 2020 года, пазбавілі грамадзян права выражаць сваю волю ў рамках сумленнага і празрыстага выбарчага працэсу, зрабілі немагчымым  выказваць ўласнае меркаванне (у тым ліку і для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі), праводзіць мірныя сходы, уступаць у асацыяцыі, а таксама шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і праводзіць выбарчую кампанію.

Выбары і ўдзел у палітычным жыцці

Апошнія выбары: Па дадзеных мясцовых незалежных назіральнікаў, прэзідэнцкія выбары 2020 года былі азмрочаныя шматлікімі злоўжываннямі: выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу на карысць дзейнага прэзідэнта, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, няроўным доступам да сродкаў масавай інфармацыі, прымусам выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, непразрыстым падвядзеннем вынікаў галасавання, абмежаваннямі на дзейнасць незалежных назіральнікаў. Парушэнні, выяўленыя недзяржаўнымі арганізацыямі і незалежнымі назіральнікамі, паставілі пад сур’ёзны сумнеў дакладнасць заяў улады пра атрыманне Аляксандрам Лукашэнкам 80% галасоў. Цягам года працягваліся рэпрэсіі супраць тых, хто ўдзельнічаў у акцыях па зборы подпісаў у падтрымку іншых кандыдатаў у прэзідэнты, і тых, хто ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту ў сувязі з выбарамі 2020 года.

Цягам года працягваліся ціск і рэпрэсіі з боку дзяржавы ў дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі і іх штабоў, тых, хто збіраў подпісы за кандыдатаў, а таксама ўдзельнікаў паслявыбарчых мірных сходаў. Грамадзян выганялі з краіны, падвяргалі судоваму пераследу завочна, адвольна затрымлівалі, пераследавалі, прысуджалі працяглыя турэмныя тэрміны, а таксама выкарыстоўвалі супраць іх іншыя формы запалохвання і пераследу. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года ўлады перашкаджалі рэалізацыі патэнцыйнымі кандыдатамі іх права на атрыманне рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў, чынілі перашкоды правядзенню кандыдатамі выбарчай кампаніі; аказвалі ціск на прадстаўнікоў выбарчых штабоў і затрымлівалі некаторых з іх; падвяргалі ціску грамадзян, якія выказалі падтрымку апазіцыйным кандыдатам, а таксама затрымлівалі карэспандэнтаў СМІ з мэтай абмежаваць асвятленне апазіцыйнай дзейнасці.

У апублікаванай АБСЕ ў лістападзе 2020 года Справаздачы Дакладчыка Маскоўскага механізма па пытаннях меркаваных парушэнняў правоў чалавека падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года падрабязна пералічаныя наступныя парушэнні, якія меркавана мелі месца падчас выбараў: “1) несвоечасовае запрашэнне міжнародных назіральнікаў, 2) недахопы ў фармаванні камісій усіх узроўняў, 3) абмежаванне права балатавацца на выбарчую пасаду, 4) абмежаваны доступ да працэдуры вырашэння выбарчых спрэчак, 5) агульнае ігнараванне права на свабоду сходаў, 6) няроўныя ўмовы для кандыдатаў, у тым ліку непразрыстасць фінансавання выбарчай кампаніі, 7) непразрыстасць працэдуры датэрміновага галасавання, 8) перапоўненасць выбарчых участкаў, 9) адсутнасць сістэмы “стрымак і проціва”, немагчымасць незалежнага маніторынгу вынікаў выбараў, 10) закрытасць усіх этапаў выбарчага працэсу для назірання, што перашкаджае эфектыўнай ацэнцы выбараў”. У справаздачы гаворыцца: “З прычыны відавочных недахопаў падчас прэзідэнцкіх выбараў, якія не адпавядалі асноўным патрабаванням, з улікам папярэдняга маніторынгу выбараў і назіранняў грамадзян, выбары прэзідэнта варта прызнаць не адпаведнымі міжнародным абавязальніцтвам краіны ў дачыненні да выбараў. Сцвярджэнні пра непразрыстасць выбараў і пра тое, што выбары былі несвабоднымі ці несправядлівымі, знайшлі пацверджанне”.

27 лютага адбыўся Канстытуцыйны рэферэндум, па выніках якога ўлады абвясцілі пра  падтрымку выбаршчыкамі паправак у Канстытуцыю, уключна з адменай бяз’ядзернага статусу краіны, а таксама шэрагу паправак, якія, як сцвярджаюць НДА і грамадзянская супольнасць, умацавалі ўладу Лукашэнкі.

Кампанія “Праваабаронцы за сумленныя выбары”, у якую ўвайшлі назіральнікі за выбарамі ад НДА, у тым ліку праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт, абвясціла Канстытуцыйны рэферэндум, які адбыўся 27 лютага, не адпаведным міжнародным стандартам. “Праваабаронцы за сумленныя выбары” выступілі з заявай пра тое, што з-за рэпрэсій рэжыму і высокай рызыкі арыштаў яны, а таксама іншыя мясцовыя незалежныя НДА не плануюць арганізоўваць групы незалежных назіральнікаў для назірання за рэферэндумам.

Назіральнікі сцвярджалі, што абмеркаванне канстытуцыйнай рэформы было непразрыстым, дыскрымінацыйным і адбывалася ва ўмовах бесперапынных палітычных рэпрэсій. «Праваабаронцы за сумленныя выбары» адзначалі «напружаную міжнародную абстаноўку, [першапачаткова] выкліканую здагадкамі пра магчымы узброены канфлікт і [пазней] пра ўварванне Расіі ва Украіну, а таксама расійска-беларускія ваенныя вучэнні», што з’яўлялася яшчэ адным сведчаннем адсутнасці законнай сілы гэтага рэферэндуму. Акрамя таго, патэнцыйныя рэформы не абмяркоўваліся з прадстаўнікамі апазіцыі і незалежнай грамадзянскай супольнасці, а іншадумцы служылі аб’ектам пераследу. На рэферэндуме ўлады абмежавалі прысутнасць назіральнікаў на кожным з выбарчых участкаў трыма асобамі падчас датэрміновага галасавання, 22-26 лютага, і пяццю – у асноўны дзень галасавання, 27 лютага.

27 лютага каля 1 500 чалавек сабраліся ў Мінску (а таксама больш чым у 40 іншых гарадах) на мірныя пратэсты супраць дакладнасці вынікаў рэферэндуму, пра якія паведамілі ўлады, і адначасова на пратэст супраць удзелу дзяржавы ў вайне Расіі ва Украіне. У Мінску было затрымана больш за 1 000 чалавек (гл. раздзел 2.б., “Свабода мірных сходаў”).

Палітычныя партыі і ўдзел у палітычным жыцці: Улады сістэматычна перашкаджалі дзейнасці апазіцыйных палітычных партый і актывістаў. Частка апазіцыйных партый не мела законнага статусу з-за адмовы ўладаў у іх рэгістрацыі, а таксама немагчымасці рэалізацыі права грамадзян на арганізацыю, удзел у выбарах, агітацыю сярод выбаршчыкаў і свабоднае выказванне апазіцыйных меркаванняў. Па стане на канец года ў краіне дзейнічала восем зарэгістраваных праўладных партый, а таксама сем апазіцыйных, вельмі малаактыўных з прычыны палітычных пераследаў і рэпрэсій, аднак ніводзін кандыдат ад незалежных апазіцыйных партый не патрапіў у парламент па выніках выбараў 2019 года. Цягам года манапольнае становішча ўлады ў сферы вяшчальных СМІ выкарыстоўвалася для прасоўвання праўладных партый і дэманстрацыі ў нявыгадным святле апазіцыі, а таксама для абмежавання магчымасцяў апазіцыйных кандыдатаў прадстаўляць грамадскасці сваю пазіцыю.

На працягу года ўлады штрафавалі і затрымлівалі лідараў апазіцыйных палітычных партый і палітычных актывістаў за парушэнне Закона аб масавых мерапрыемствах і ўдзел у несанкцыянаваных дэманстрацыях (гл. раздзелы 2.а. і 2.б.). Улады таксама перыядычна прыпынялі дзейнасць партый на шэсць месяцаў пасля аднаразовага папярэджання. Наяўнасць двух папярэджанняў служыла падставай для роспуску партый. У адпаведнасці з законам, палітычным партыям забараняецца атрыманне падтрымкі з-за мяжы, а любыя палітычныя групы і кааліцыі абавязаныя рэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі.

На працягу года ўлады пераследавалі і пазбаўлялі волі сябраў апазіцыйных палітычных партый. 3 лістапада лідар апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў быў прыгавораны да 30 месяцаў пазбаўлення волі, а два яго паплечнікі па партыі — да 18 месяцаў і аднаго года адпаведна. Усе трое ў ліпені былі арыштаваныя і ўзятыя пад варту за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту, якая паследавала за прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года. Яшчэ трох сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Андруся Асмалоўскага, Дзіяну Чарнушыну і Артура Смалякова – 31 кастрычніка прысудзілі да турэмнага зняволення на тэрмін ад двух да трох гадоў таксама па абвінавачванні ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, звязаных з выбарамі.

Уцягванне жанчын і прадстаўнікоў меншасцяў ў палітычнае жыццё: Закон не змяшчае абмежаванняў на ўдзел у палітычным жыцці жанчын і прадстаўнікоў меншасцяў, але перавага ў сферы кіравання патрыярхальных гендарных установак перашкаджала жанчынам займаць кіроўныя пасады. Па стане на верасень толькі адно з 30 міністэрстваў у складзе ўрада ўзначальвала жанчынай. Пачынаючы з 2020 года, жанчыны ўсё часцей далучаліся да апазіцыі ў якасці лідарак, выступалі актыўнымі сябрамі апазіцыі і больш шырока ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў параўнанні з перыядам папярэдніх выбараў, хаця гістарычна маргіналізаваныя жанчыны, асабліва бедныя жыхаркі сельскай мясцовасці і жанчыны сталага веку, заставаліся найменш палітычна ангажаванымі групамі.

Раздзел 4. Карупцыя і недастатковая празрыстасць працэсаў кіравання

Закон ўстанаўлівае крымінальнае пакаранне за карупцыю службовых асоб, і, паводле наяўных паведамленняў, выпадкі крымінальнага пераследу асоб, падазраваных у карупцыі, адбываліся сістэматычна. Вынікі комплекснага даследавання Групы Сусветнага банка “Паказчыкі якасці дзяржаўнага кіравання” дэманструюць, што карупцыя ў краіне ўяўляе сабой сур’ёзную праблему. Усёабдымных справаздач аб карупцыі не было, паколькі, не маючы доступу да любой дакладнай інфармацыі пра маштабы афіцыйнай карупцыі, праваабарончыя групы не маглі ажыццяўляць маніторынг. Раней журналісты, якія расследавалі карупцыю ў афіцыйных органах улады, асабліва ў сферы аховы здароўя, аказваліся за кратамі.

Карупцыя: Паводле афіцыйных дадзеных, у большасці выпадкаў карупцыйныя злачынствы былі звязаныя з вымагальніцтвам і атрыманнем хабару, махлярствам і злоўжываннем уладай. Разам з тым, паводле меркавання, такія формы карупцыі не характэрныя для штодзённага ўзаемадзеяння паміж грамадзянамі і шараговымі супрацоўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання. Па дадзеных Вярхоўнага суда, колькасць крымінальных спраў, звязаных з карупцыяй, расла, і ў перыяд са студзеня па чэрвень па іх было прыцягнута да адказнасці 336 чалавек, з якіх 112 былі пазбаўленыя волі, у той час як у 2021 годзе было асуджана 259 чалавек. Як правіла, абвінавачанні ў карупцыі ў палітычна матываваных мэтах не прад’яўляліся, і хоць судовы пераслед за карупцыйныя злачынствы магчыма і быў выбарачным, незалежныя назіральнікі і праваабарончыя групы лічылі дадзеныя, прадстаўленыя Вярхоўным судом, дакладнымі.

25 снежня Генеральны пракурор Андрэй Швед паведаміў прэсе, што за год было расследавана больш за 1 560 спраў, звязаных з карупцыяй, што на 40% больш, чым у 2021 годзе.

Паступалі паведамленні пра тое, што асобы, звязаныя з прэзідэнтам, атрымлівалі ад рэжыму льготныя ўмовы ў выглядзе манаполій, падатковых ільгот, ільготных кантрактаў і іншых магчымасцяў, часта замацаваных у прэзідэнцкіх указах, падпісаных самім Лукашэнкам. Узамен яны нібыта давалі Лукашэнку і яго бліжэйшаму атачэнню сродкі, фінансавалі асабістыя праекты Лукашэнкі і публічна падтрымлівалі рэжым.

У лістападзе Беларускі расследавальніцкі цэнтр заявіў, што сын Лукашэнкі Дзмітрый і яго сям’я былі замяшаныя ў афёры на суму больш за 200 мільёнаў даляраў, у рамках якой падкантрольны Дзмітрыю дзяржаўны манапольны дылер “Гандлёвы дом “БелАЗ” прадаваў прыватным кампаніям, звязаным з ім і ягонымі сябрукамі, расійскую тэхніку па завышаных коштах.

Практычная немагчымасць вызначэння рэальнага ўзроўню карупцыі і эфектыўнай барацьбы з ёю абумоўлена адсутнасцю незалежнай судовай і праваахоўнай сістэм, недастатковым падзелам улады, а таксама практычна знішчанымі незалежнымі СМІ.

Найбольш карумпаванымі сектарамі лічыліся дзяржаўнае кіраванне (уключна з самім Лукашэнкам), закупкі, прамысловы сектар, будаўнічая галіна, сельская гаспадарка, ахова здароўя і адукацыя.

9 лістапада незалежныя СМІ паведамілі, што міліцыя затрымала першага намесніка мэра Мінска Дзмітрыя Мікулёнка па абвінавачанні ў карупцыйных дзеяннях, учыненых у бытнасць яго міністрам архітэктуры і будаўніцтва. 8 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожы, затрыманага ў красавіку ва ўласным кабінеце. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару ў буйным памеры. Як і ў іншых падобных выпадках, улады не пацвердзілі іх арышт.

Раздзел 5. Супрацоўніцтва ўладаў з міжнароднымі і недзяржаўнымі арганізацыямі ў расследаванні меркаваных фактаў парушэння правоў чалавека

Па стане на верасень улады ліквідавалі больш за 950 арганізацый грамадзянскай супольнасці і НДА. Таксама адбываліся арышты праваабаронцаў і судовыя разбіральніцтвы ў сувязі з ліквідацыяй НДА па розных палітычна матываваных абвінавачаннях, у асноўным накіраваных на тое, каб перашкодзіць ім выказваць крытыку ў адрас урада, рэгістраваць парушэнні правоў чалавека і аказваць дапамогу ахвярам названых парушэнняў. Пасля паслявыбарчых пратэстаў 2020 года і наступных указаў ад ліпеня 2021 года дзейнасць амаль усіх незалежных НДА была жорстка абмежаваная або цалкам спыненая (гл. раздзел 2.б., “Свабода аб’яднанняў”). У сувязі з пазбаўленнем большасці незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці ў краіне рэгістрацыі сотні актывістаў і праваабаронцаў вымушана апынуліся за межамі краіны ці ў зняволенні. Сярод іх былі і сябры вядомых праваабарончых і грамадзянскіх НДА, такіх як “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Рэжым працягваў арыштоўваць, пераследаваць і затрымліваць праваабаронцаў у межах сваёй кампаніі запалохванні і ціску на прадстаўнікоў і актывістаў незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці. Напрыклад, актывістка “Human Constanta” Наста Лойка была арыштаваная 6 верасня і атрымала 30 сутак. Пасля 28 кастрычніка ёй было прад’яўлена абвінавачанне ў дробным хуліганстве, пасля чаго яе ўтрыманне пад вартай некалькі разоў працягвалася, апошні раз гэта адбылося 14 снежня. Сілавікі правялі ператрус у яе кватэры, дзе канфіскавалі кампутарнае абсталяванне. На судовым працэсе, які праходзіў анлайн, Лойка заявіла, што міліцыянты выкарысталі супраць яе электрашокер, прымусілі правесці восем гадзін у двары міліцэйскага ўчастка без цёплага адзення і адмовілі ёй у ежы, сродках гігіены і медыцынскай дапамогі. Яе зноў арыштавалі 14 снежня па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. 20 снежня прапрэзідэнцкі штодзённік “СБ. Беларусь сегодня” абвінаваціў Лойку ў шпіянажы, і па стане на канец года яна працягвала заставацца ў СІЗА.

З 23 па 28 лістапада сілавікі ажыццяўлялі пастаянны пераслед, арышты, ператрусы і допыты па меншай меры 13 актывістаў руху “За свабоду”, пазбаўленага рэгістрацыі ў лістападзе 2021 года. Падчас допытаў у актывістаў спрабавалі высветліць, ці падтрымліваюць тыя сувязь з лідарам руху Юрыем Губарэвічам, які пакінуў краіну. Большасці актывістаў было прапанавана падпісаць дакумент аб тым, што яны не будуць замешаныя ў дзяржаўнай здрадзе.

26 лістапада Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да сябраў праваабарончай арганізацыі “Вясна” па абвінавачанні ў кантрабандзе ў краіну 290 тысяч даляраў. Справа была перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

У лютым 2021 года прайшлі ператрусы ў офісах і прыватных дамах “вясноўцаў” і сябраў БАЖ у межах крымінальнай справы па абвінавачанні ва ўдзеле ў дзейнасці, якая парушае грамадскі парадак. У ліпені 2021 года былі затрыманыя старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і галоўны юрыст Уладзімір Лабковіч. Пасля іх абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, кантрабандзе прыблізна 201 000 еўра і 54 000 даляраў ЗША ў замежнай валюце, а таксама ў фінансаванні пратэстаў. У верасні абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў было знята. Сама меней сем іншых сябраў “Вясны” таксама былі затрыманыя, але праз некалькі дзён адпушчаныя і чакалі ўзбуджэння крымінальнай справы. Па стане на лістапад сем прадстаўнікоў “Вясны” заставаліся пад вартай. Знаходзячыся ў зняволенні, Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру 2022 года.

Улады не супрацоўнічалі з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі ды іншымі міжнароднымі службовымі асобамі ў пытаннях правоў чалавека. Большасці міжнародных прадстаўнікоў па правах чалавека было адмоўлена ва ўездзе ў краіну ў афіцыйнай якасці. Рэкамендацыі мясцовых і міжнародных арганізацый па паляпшэнні становішча ў галіне правоў чалавека, а таксама просьбы аб спыненні прыгнёту праваабарончай супольнасці сістэматычна ігнараваліся.

Пераслед праваабаронцаў: Працягваліся арышты, пазбаўленне волі і іншыя віды пераследу, запалохванні і затрыманні праваабаронцаў у рамках здушэння дзейнасці незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх актывістаў. Напрыклад, 6 верасня праваабаронцы “Вясны” Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк былі прыгавораны да 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна за дзейнасць па абароне правоў чалавека. На Рабкову і Чапюка былі ўскладзены штрафы ў памеры 22 400 рублёў (8 800 даляраў ЗША) і 18 000 рублёў (6 300 даляраў ЗША) адпаведна. “Вясна” сцвярджала, што затрыманне і абвінавачанні Рабковай былі палітычна матываваным адказам на яе захады па навучанні кароткатэрміновых назіральнікаў за выбарамі і яе працу па дакументаванні сур’ёзных парушэнняў правоў затрыманых.

ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі: У 2018 годзе Савет ААН па правах чалавека прызначыў Анаіс Марын спецыяльным дакладчыкам па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Урад працягваў выступаць супраць “палітызаванага і бессэнсоўнага” мандата дакладчыка, адмаўляўся прызнаваць яго і забараніў Марын ўезд у краіну. У 2020 годзе 17 краін-сябраў АБСЕ падтрымалі рашэнне задзейнічаць Маскоўскі механізм у адносінах да Рэспублікі Беларусь і стварыць экспертную місію для расследавання і аналізу заяў аб парушэннях правоў чалавека і злоўжываннях у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 года. Улады краіны не сталі супрацоўнічаць з экспертнай місіяй і не дапусцілі яе ў краіну. У лістападзе 2021 года 35 краін-сябраў АБСЕ, скарыстаўшыся Венскім механізмам АБСЕ, запатрабавалі ад Беларусі як сябра АБСЕ адказаць на шэраг пытанняў аб выкананні сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека. Пасол Францыі ў АБСЕ ад імя 35 краін-сябраў зазначыў, што адказ беларускай дэлегацыі ў АБСЕ “не сведчыць пра істотную змену падыходу беларускіх уладаў” да праблемы сур’ёзных парушэнняў і злоўжыванняў у сферы правоў чалавека.

27 кастрычніка Лукашэнка падпісаў закон аб дэнансацыі краінай Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які набыў моц 29 кастрычніка.

Дзяржаўныя праваабарончыя інстытуты: У краіне адсутнічае інстытут упаўнаважанага па правах чалавека, роўна як і іншыя нацыянальныя праваабарончыя ўстановы. Дзейнасць пастаяннай камісіі па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу заставалася неэфектыўнай.

Раздзел 6. Дыскрымінацыя і гвалт у грамадстве

Жанчыны

Сексуальны і бытавы гвалт: Законам прадугледжана крымінальная адказнасць за сексуальны гвалт у дачыненні як да жанчын, так і да мужчын, але адсутнічаюць спецыяльныя палажэнні аб згвалтаванні ў шлюбе. Пры наяўнасці абцяжварвальных абставін згвалтаванне караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да пятнаццаці гадоў. Па назіраннях недзяржаўных арганізацый, у многіх выпадках улады адмаўляюць ва ўзбуджэнні крымінальных спраў аб згвалтаванні мужа і жонкі, калі пры гэтым адсутнічалі абцяжарвальныя абставіны і непасрэдная пагроза жыццю пацярпелых. Хоць сексуальныя замахі і згвалтаванні працягвалі заставацца сур’ёзнай праблемай, грамадзяне, якія здзейснілі згвалтаванне асобы, з якой не знаходзіліся ў шлюбе, як правіла прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. Напрыклад, дзяржаўныя СМІ паведамілі 28 кастрычніка, што суд у Жлобіне прызнаў мужчыну вінаватым у згвалтаванні сваёй 15-гадовай пляменніцы і прыгаварыў яго да 11 гадоў пазбаўлення волі. Раней ён ужо быў судзімы паводле аналагічнага абвінавачання, і суд таксама прызначыў яму прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Яшчэ ў адным выпадку 6 траўня Брэсцкі абласны суд прыгаварыў двух мужчын да 5 і 17 гадоў пазбаўлення волі за згвалтаванне і забойства жанчыны ў Баранавічах у жніўні 2021 года.

Хатні гвалт заставаўся сур’ёзнай праблемай, але на працягу года не рабілася ніякіх эфектыўных захадаў па яго прадухіленні або ліквідацыі яго першапрычын, такіх як злоўжыванне алкаголем і наркотыкамі, беспрацоўе і іншыя эканамічныя, культурныя і сацыяльныя праблемы. Закон ад 6 студзеня пашырыў вызначэнне “бытавога гвалту”, уключыўшы ў яго былых мужа і жонку, блізкіх сваякоў, асоб, якія маюць агульнае дзіця, і грамадзянскіх мужа і жонку, што вядуць сумесную хатнюю гаспадарку, якія прычыняюць адзін аднаму фізічныя або псіхічныя пакуты сваімі яўна супрацьпраўнымі або амаральнымі дзеяннямі фізічнага, псіхалагічнага або сексуальнага характару. Акрамя таго, у яго былі ўключаныя палажэнні аб аказанні дапамогі аб’юзерам у выпраўленні сваіх паводзін і аб стварэнні агульнанацыянальнай базы дадзеных выпадкаў хатняга гвалту.

11 ліпеня была прынятая Пастанова аб стварэнні абласных і раённых міжведамасных саветаў па аказанні дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту і ўпарадкаваныя механізмы комплекснай прафілактыкі, усебаковай дапамогі пацярпелым, а таксама абмену перадавым досведам і інфармацыяй паміж ведамствамі, якія адказваюць за прафілактыку і дапамогу пацярпелым. Палажэннем таксама былі ўведзены ўніфікаваныя формы вынясення папярэджання аб’юзерам, пастаноўкі іх на прафілактычны ўлік, выдачы ахоўных прадпісанняў і згоды на разгалошванне інфармацыі пра факты хатняга гвалту. Паведамленняў пра эфектыўнасць гэтых мер не паступала. Працягнулася практыка выдачы ахоўных ордараў аб раздзяленні гвалтаўніка і ахвяры, што накладае на гвалтаўніка абавязацельства пражываць асобна ад ахвяры ў перыяд дзеяння ордара. Па стане на красавік у краіне дзейнічала 136 крызісных пакояў, якія давалі ахвярам гвалту магчымасць часовага пражывання, а таксама псіхалагічную і медычную дапамогу. Па словах высокапастаўленага чыноўніка аддзела працы і сацыяльнага забеспячэння, за першыя шэсць месяцаў года крызісныя пакоі аказалі дапамогу 142 ахвярам хатняга гвалту. За перыяд са студзеня па кастрычнік МУС зарэгістравана каля 70 000 выпадкаў хатняга гвалту, з іх 2 500 былі расследаваныя як крымінальныя і 15 000 як грамадзянскія справы. Па стане на 1 лістапада ў выніку хатняга гвалту былі забітыя 69 асоб, а 126 атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. У перыяд са студзеня па кастрычнік было выдадзена каля 13 тысяч ахоўных прадпісанняў.

Закон уводзіць спецыяльнае вызначэнне хатняга гвалту і прадугледжвае выдачу ахоўных ордараў на тэрмін ад трох да 30 дзён. Іх дзеянне якіх можа быць падоўжанае на аналагічны перыяд часу. На перыяд дзеяння ахоўнага ордара закон абавязвае ўлады прадастаўляць ахвяры і аб’юзеру часовае жытло. Акрамя таго, за парушэнне ўмоў ахоўнага ордара, збіццё, наўмыснае прычыненне блізкаму чалавеку болю, псіхалагічных або фізічных пакут прадугледжаныя буйныя штрафы або пазбаўленне волі на тэрмін да 15 сутак.

У некаторых сур’ёзных выпадках пракуратура аддавала распараджэнне аб расследаванні выпадкаў хатняга гвалту без папярэдняй згоды пацярпелых. Напрыклад, у ліпені пракуратура Полацкага раёна ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да 36-гадовага жыхара за злоўжыванне алкаголем і здзекі з маці, якая баялася заявіць на сына ў міліцыю. Раней ён быў судзімы па абвінавачанні ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў свайму бацьку, які ад атрыманых траўм памёр.

12 ліпеня Міністэрства ўнутраных спраў зацвердзіла інструкцыю аб ацэнцы рызыкі хатняга гвалту, якая ўключае такія фактары, як рэцыдыў і магчымыя сур’ёзныя наступствы. Інструкцыяй на супрацоўнікаў міліцыі ўскладаецца адказнасць за ацэнку рызык і пры рабоце з адміністрацыйнымі правапарушэннямі, і ў рамках крымінальнай справы, і падчас правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Згодна з інструкцыяй, праваахоўнікі павінны дапытаць пацярпелага, а таксама праверыць мінулае аб’юзера і наяўнасць судзімасцяў. Па выніках ацэнкі рызык супрацоўнікі МУС могуць прыняць рашэнне пра неабходнасць падаўжэння ахоўнага прадпісання. Згодна з інструкцыяй, на высокую рызыку рэцыдыву варта ўказваць пры наяўнасці ў пацярпелага прыкмет пабояў ці пашкоджанняў адзення, мэблі ці іншых прадметаў ужытку. Да іншых прыкмет высокай рызыкі адносяцца няспынныя агрэсіўныя паводзіны, алкагольная ці наркатычная інтаксікацыя ці адхіленні ў псіхіцы аб’юзера. Па словах абаронцаў правоў жанчын, якія ўхвалілі прыняцце новых правіл, ахоўныя прадпісанні і крызісныя пакоі заставаліся неэфектыўнымі і забяспечвалі толькі абмежаваную абарону правоў пацярпелых. Таксама не рабіліся захады па прыцягненні да адказнасці правапарушальнікаў і забеспячэнні сродкаў прававой абароны для выпраўлення іх паводзін. Эксперты НДА працягвалі адзначаць недахоп спецыяльных прытулкаў і адмыслоўцаў, якія фінансуюцца дзяржавай, такіх як сацыяльныя работнікі і псіхолагі, што працуюць з пацярпелымі, дзецьмі і аб’юзерамі.

Паводле словаў высокапастаўленага супрацоўніка МУС, па стане на красавік пад назіраннем праваахоўных органаў знаходзілася больш за 8 тысяч асоб, якія ўчынілі злачынствы, звязаныя з хатнім гвалтам. У перыяд са студзеня па сакавік было ўзбуджана больш за 13 000 адміністрацыйных спраў. Чыноўнік заявіў, што колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў, звязаных з хатнім гвалтам, павялічылася са студзеня па сакавік 2022 года з 47 да 52 выпадкаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года, а колькасць асоб, забітых сужэнцамі, вырасла з 22 да 23. Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама Міністэрства аховы здароўя сумесна з грамадскімі арганізацыямі працягнулі акцыю «Дом без гвалту», якая прайшла 4-8 красавіка. Кампанія асвятлялася ў дзяржаўных СМІ, і, як паведамляецца, супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі агляд месцаў пражывання сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і ў якіх былі зафіксаваныя факты хатняга гвалту, а таксама правялі з імі «прафілактычныя» гутаркі.

У рамках падаўлення дэмакратычнага руху і гвалтоўнай ліквідацыі НДА і арганізацый грамадзянскай супольнасці (гл. раздзел 2.б., “Свабода аб’яднанняў”) улады працягвалі пазбаўляць рэгістрацыі НДА, што займаюцца праблемамі хатняга гвалту, а таксама пераследавалі, запалохвалі і арыштоўвалі іх персанал. Напрыклад, 9 сакавіка была ліквідаваная няўрадавая арганізацыя “Радзіслава”, якая абслугоўвае адзіную ў краіне кругласуткавую гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту. Да свайго закрыцця “Радзіслава” таксама кіравала прыватным прытулкам для ахвяраў хатняга гвалту, абараняючы іх правы і дапамагаючы жанчынам і іх дзецям у пытаннях аховы здароўя, юрыдычнай падтрымкі, працаўладкавання, сацыяльнай рэінтэграцыі і псіхатэрапіі. 6 траўня Мінскі раённы суд прыгаварыў адну з каардынатарак “Радзіславы” і вядучую праваабаронцу ў галіне правоў жанчын Вольгу Гарбунову, затрыманую ў лістападзе 2021 года, да трох гадоў умоўна. Ёй было прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў і акцый пратэсту ў 2020 годзе.

Сексуальныя дамаганні: Нягледзячы на меркавана высокі распаўсюд сексуальных дамаганняў, адмысловыя законы з мэтай супрацьдзеяння гэтай з’яве адсутнічаюць, за выключэннем законаў аб забароне фізічнага гвалту і пакаранне за яго прымяненне. Ахвяры сексуальнага пераследу на працоўным месцы не мелі доступу да крымінальна-прававых і грамадзянска-прававых сродкаў абароны.

Рэпрадукцыйныя правы: У папярэднія гады жанчыны з інваліднасцю, асабліва тыя, што знаходзяцца ў спецыяльных лячэбных установах, і цяжарныя жанчыны з пагрозай інваліднасці плода паведамлялі, што некаторыя лекары настойвалі на перарыванні іх цяжарнасці. Хаця прыкметных зменаў у такой практыцы не назіраецца, ні журналісты,  ні недзяржаўныя арганізацыі пра канкрэтныя выпадкі не паведамлялі.

Ва ўстановах інтэрнатнага тыпу людзі з інваліднасцю былі пазбаўленыя палітычных і грамадзянскіх правоў, а адміністрацыя інтэрнатаў у судовым парадку прызнавалася іх законнымі апекунамі. Такія асобы ў сілу псіхічных або іншых расстройстваў не маглі даць інфармаваную згоду на лячэнне, якое ўплывае на іх рэпрадукцыйнае здароўе, у тым ліку на стэрылізацыю.

Хоць у школах і не праводзіліся агульнаадукацыйныя заняткі па рэпрадукцыйным  здароўі і цяжарнасці, інфармацыя пра супрацьзачаткавыя сродкі была шырока даступная. Доступ да супрацьзачаткавых сродкаў у дзяржаве не абмежаваны, аднак некаторыя групы могуць выступаць супраць іх выкарыстання па рэлігійных меркаваннях. Нягледзячы на тое, што для атрымання кваліфікаванай медычнай дапамогі падчас цяжарнасці і родаў не існавала юрыдычных або культурных бар’ераў, а кваліфікаваная пасляродавая дапамога была шырока даступная, за межамі Мінска было менш спецыялістаў, што валодаюць навыкамі догляду за цяжкімі выпадкамі цяжарнасці. Ахвяры сексуальнага гвалту мелі доступ да неадкладнай медычнай дапамогі, уключна з экстранай кантрацэпцыяй.

Дыскрымінацыя: Законам прадугледжана роўнасць правоў і абавязкаў жанчын у пытаннях рэлігійнага і асабістага статусу, грамадзянства, заканадаўства ў галіне працы, уласнасці, атрымання спадчыны, занятасці, доступу да крэдытаў, валодання або кіравання прадпрыемствамі і маёмасцю. Жанчыны, як правіла, не падвяргаліся дыскрымінацыі ў такіх галінах, як шлюб, развод, апека над дзецьмі, адукацыя, судовыя працэдуры і іншыя дзяржаўныя інстытуты, уключна з жыллёвай палітыкай. Аднак закон нельга ў поўнай меры лічыць эфектыўным.

Нягледзячы на роўныя з мужчынамі юрыдычныя правы, жанчыны сутыкаліся з дыскрымінацыяй, у прыватнасці з ўзроставымі абмежаваннямі пры працаўладкаванні і ў доступе да эканамічных рэсурсаў, у тым ліку да крэдытаў, а таксама з дыскрымінацыяй на працоўным месцы. Не назіралася ніякіх істотных перашкод або дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, якія пражываюць у розных мясцовасцях або належаць да пэўных расавых, этнічных груп або меншасцяў.

Сістэматычны расавы ці этнічны гвалт і дыскрымінацыя

Згодна з Законам аб нацыянальных меншасцях, абмежаванне правоў і свабод чалавека на падставе яго прыналежнасці да нацыянальнай меншасці і гвалтоўная асіміляцыі забароненыя. Па законе асобу нельга прымусіць вызначыць і ўказаць сваю нацыянальную прыналежнасць або адмовяцца ад яе, а дзяржава гарантуе роўныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы і свабоды асобам, якія належаць да нацыянальных меншасцяў, у тым ліку права карыстацца роднай мовай, права прымаць удзел і балатавацца на выбарах, ствараць сродкі масавай інфармацыі, атрымліваць і захоўваць інфармацыю на роднай мове, вызнаваць любую рэлігію або ўдзельнічаць у рэлігійных абрадах на роднай мове, захоўваць гісторыка-культурную спадчыну, ствараць грамадскія аб’яднанні і інш. Закон забараняе дзейнасць любых грамадскіх аб’яднанняў нацыянальных меншасцей, якія лічацца звязанымі з палітычнай арганізацыяй замежнай дзяржавы або ўваходзяць у яе склад. Нягледзячы на тое, што закон таксама забараняе любыя дзеянні, накіраваныя на дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце, уключна з распальваннем міжнацыянальнай варожасці, ён прымяняўся адвольна, неэфектыўна, а ў некаторых выпадках і палітычна матывавана. Асобных законаў, якія забяспечваюць абарону прадстаўнікоў расавых ці этнічных меншасцяў ад гвалту і дыскрымінацыі, не існуе. Захоўвалася дыскрымінацыя з боку дзяржавы і грамадства ў дачыненні да народнасці рома і палякаў. Па словах лідараў цыганскіх абшчын, асобы цыганскай нацыянальнасці працягваюць падвяргацца адвольным затрыманням, пераследу, міліцэйскаму прафіляванню, іншым формам ціску з боку праваахоўных органаў, уключна з прымусовай дактыласкапіяй, жорсткім абыходжаннем у месцах прымусовага ўтрымання, абразамі па этнічнай прыкмеце.

Цыганская абшчына працягвала сутыкацца з маргіналізацыяй, разнастайнымі формамі дыскрымінацыі, высокім беспрацоўем, нізкім узроўнем адукацыі, адсутнасцю доступу да сацыяльных паслуг. Асобы цыганскай нацыянальнасці, як правіла, маюць беларускае грамадзянства, але многія не маюць пасведчанняў асобы і не атрымлівалі іх.

Улады пераследавалі і абмяжоўвалі свабоду прадстаўнікоў незалежнага і незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі. Напрыклад, 14 лістапада прайшлі ператрусы ў кватэрах старшыні Рады Саюза палякаў Ірэны Валюсь і віцэ-прэзідэнта Рэнаты Дземянчук. У той жа дзень Генеральная пракуратура паведаміла, што падала пазоў аб закрыцці ТАА “Клерыгата”, якое абвінавачваецца ў дзейнасці ад імя незарэгістраванага Саюза палякаў. “Клерыгата” таксама была зарэгістраваная як агенцтва перакладаў і падарожжаў.

У заходняй частцы краіны пераследу ўладаў падвяргалася польская меншасць, што, сярод іншага, выяўлялася ў закрыцці польскіх школ і знішчэнні месцаў пахаванняў салдат польскай Арміі Краёвай, якую прапаганда малявала нацысцкай і калабарацыянісцкай. На працягу года мясцовыя ўлады ў Гродзенскай вобласці таксама спрычыніліся да знішчэння масавых пахаванняў польскіх жаўнераў. Раней пра помнікі, большасць з якіх былі ўсталяваныя на пачатку 1990-х гадоў, клапаціліся мясцовыя польскія актывісты. 13 верасня Вярхоўны суд разгледзеў пазоў мясцовых уладаў і закрыў цэнтр польскай мовы і культуры “Polska Macierz Szkolna”, які прапрацаваў у Гродна 30 гадоў, што стала праявай больш шырокай тэндэнцыі пераследу польскай меншасці. Да адклікання рэгістрацыі цэнтр быў адной з найстарэйшых польскіх арганізацый у краіне і адной з найбуйнейшых дзяржаўных польскіх школ у свеце. На працягу года цэнтру “Polska Macierz Szkolna” былі прысуджаныя штрафы і дадатковыя падаткі на суму больш за 300 000 даляраў.

Правы дзяцей

Рэгістрацыя нараджэнняў: Грамадзянства Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца на падставе факта нараджэння на тэрыторыі рэспублікі або беларускага грамадзянства хаця б аднаго з бацькоў. Дзіця, народжанае за межамі Рэспублікі Беларусь, лічыцца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, нават калі адзін з яго бацькоў не з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Рэгістрацыя нараджэнняў, як правіла, адбываецца непасрэдна пасля нараджэння.

Адукацыя: Адукацыя на ўзроўні сярэдняй школы да дзевятага класа ўключна або прыкладна да дасягнення 16-гадовага ўзросту з’яўляецца бясплатнай, абавязковай і ўсеагульнай. Істотных адрозненняў паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў залічэнні, наведванні або завяршэнні школы не існавала, а таксама не было сур’ёзных спрэчак, звязаных з непрапарцыйным доступам да адукацыі прадстаўнікоў расавых і этнічных меншасцяў. Адукацыя на беларускай мове, адной з дзвюх нацыянальных моў у краіне побач з дамінуючай рускай, давалася толькі ў невялікай колькасці школ.

Улады стваралі перашкоды ў рабоце шэрагу школ з навучаннем на мовах меншасцяў. Напрыклад, з 12 жніўня нібыта з меркаванняў пажарнай бяспекі была зачыненая школа з літоўскай мовай навучання ў сяле Пялеса Гродзенскай вобласці. Паведамляецца, што пажарная служба запатрабавала ад школы ўсталявання дадатковых сродкаў пажарнай бяспекі, для чаго была неабходная перапланіроўка будынка. Яшчэ адна літоўская школа ў рэгіёне была вымушаная перайсці на мясцовыя мовы на падставе зменаў у адукацыйным кодэксе, якія прадугледжваюць такое навучанне ва ўсіх школах з 1 верасня.

Жорсткае абыходжанне з дзецьмі: Згодна з законам, няпоўнагадовыя асобы маюць права на адукацыю, ахову здароўя, асабістую недатыкальнасць і абарону ад эксплуатацыі і гвалту. Закон гарантуе недатыкальнасць асобы дзіцяці і абараняе дзіця ад усіх форм эксплуатацыі, уключна з сексуальным, фізічным і псіхалагічным гвалтам; жорсткім або абразлівым абыходжаннем, прыніжэннем і сексуальнымі дамаганнямі (у тым ліку з боку бацькоў, апекуноў і сваякоў); удзелам у злачыннай дзейнасці; спажываннем алкаголю; ужываннем наркотыкаў, атрутных або іншых адурманьвальных рэчываў, тытунёвых вырабаў; прымусам да прастытуцыі, жабравання, бадзяжніцтва, азартных гульняў, дзіцячай парнаграфіі і працы, якая можа нанесці шкоду фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю.

Згвалтаванне і сексуальныя дзеянні ў дачыненні да заведама няпоўнагадовай асобы караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 15 гадоў. Уступленне асобы, старэйшай за 18 гадоў, у палавую сувязь з асобай, заведама маладзейшай за 16 гадоў, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 10 гадоў.

Па сведчаннях беларускіх праваабарончых арганізацый, гвалт у сям’і і жорсткае абыходжанне з дзецьмі дастаткова распаўсюджаныя з’явы. Па непацверджаных звестках, многія бацькі прызнаваліся ў збіванні сваіх дзяцей. У цэлым улады аказваюць абарону няпоўнагадовых ад сексуальнага гвалту, ажыццяўляючы ўмяшанне ў сям’ю ў сітуацыях хатняга гвалту, выяўляюць сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, забіраючы дзяцей і перадаючы іх у прыёмныя сям’і на час прафілактычнай працы з бацькамі. Вінаватыя асобы працягваюць прыцягвацца да адказнасці за жорсткае абыходжанне з дзецьмі, але ў цэлым намаганні ўладаў па ліквідацыі прычын гвалту заставаліся недастатковымі з прычыны адсутнасці эфектыўных механізмаў своечасовага выяўлення і аказання дапамогі пацярпелым.

Незалежныя эксперты працягвалі выказваць занепакоенасць у сувязі з неэфектыўнасцю дзяржавы ў ажыццяўленні пэўных ахоўных мер без дапамогі міжнародных арганізацый і НДА. Напрыклад, у траўні дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ўлады Мінскай вобласці распачалі крымінальную справу супраць апекуна, які фізічна і сексуальна здзекаваўся з двух сваіх няпоўнагадовых усыноўленых дзяцей у перыяд з 2012 па 2021 год. Яму былі прад’яўленыя абвінавачанні ў згвалтаванні, разбэшчванні малалетніх, катаваннях і замаху на забойства. Жонцы апекуна было прад’яўлена асобнае абвінавачанне ва ўтойванні злачынстваў. Згодна са справаздачай ЮНІСЕФ за 2020 год “Становішча ўразлівых дзяцей і падлеткаў у Беларусі”, кожны шосты няпоўнагадовы ва ўзросце ад 11 да 13 гадоў і кожны чацвёрты няпоўнагадовы ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў у краіне паведамляў пра тое, што падвяргаўся дома фізічнаму або псіхалагічнаму гвалту. Больш за палову дзяцей, якія ўтрымліваюцца ў спецыяльных выхаваўчых установах закрытага тыпу (ізалятарах-інтэрнатах для няпоўнагадовых, у якіх таксама вядзецца навучанне) і шэсць з дзесяці хлопчыкаў з пенітэнцыярных устаноў паведамілі пра тое, што да паступлення ў гэтыя ўстановы падвяргаліся хатняму гвалту.

Раннія шлюбы, шлюбы ў дзіцячым узросце, прымус да ўступлення ў шлюб: Мінімальны ўзрост уступлення ў шлюб устаноўлены законам і складае 18 гадоў як для юнакоў, так і для дзяўчат. Тым не менш, са згоды бацькоў дапускаецца ўступленне ў шлюб дзяўчат, пачынаючы з 14 гадоў.

Сексуальная эксплуатацыя дзяцей: Мінімальны ўзрост сексуальнай згоды складае 16 год. Уцягванне дзяцей у прастытуцыю застаецца актуальнай праблемай, і ўладамі прадпрымаецца шэраг захадаў у адказ. У адпаведнасці з законам, выраб і распаўсюд парнаграфіі з удзелам няпоўнагадовых караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 13 гадоў. Уладамі ў цэлым забяспечваецца выкананне ўказаных палажэнняў на практыцы. Прадстаўнікі ўрада запэўнівалі, што факт прымянення гвалту, пагрозы гвалту, падману ці прымусу не ўплывае на кваліфікацыю дзеяння як злачынства ў сферы гандлю людзьмі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі. Паводле афіцыйных ацэнак, сур’ёзную праблему прадстаўляе абарот дзіцячай парнаграфіі, а таксама  выкарыстанне злачынцамі магчымасцяў інфармацыйных тэхналогій для разбэшчвання дзяцей (абмен паведамленнямі сексуальнага характару, сексуальнае заляцанне, сексуальнае вымагальніцтва).

Дзеці, змешчаныя ў інтэрнатныя ўстановы: У дзіцячых дамах і іншых установах інтэрнатнага тыпу адсутнічала сістэма кантролю і выяўлення выпадкаў гвалту ў адносінах да няпоўнагадовых. Афіцыйных паведамленняў пра выпадкі гвалту ў адносінах да няпоўнагадовых у інтэрнатных установах не паступала. Паведамлялася пра факты гвалту ў дачыненні да дзяцей у прыёмных сем’ях, у шэрагу такіх выпадкаў узбуджаныя і праводзяцца расследаванні.

Паводле даследавання ЮНІСЕФ, праведзенага ў 2018 годзе, у інтэрнатных установах фізічнаму або псіхалагічнаму гвалту падвяргаліся больш за два з пяці дзяцей. З фізічным гвалтам сутыкаўся амаль кожны чацвёрты няпоўнагадовы выхаванец інтэрнатных устаноў, які прыняў удзел у даследаванні. Дадзеныя сведчаць пра значна больш высокую верагоднасць сутыкнуцца з гвалтам для выхаванцаў інтэрнатных устаноў у параўнанні з дзецьмі, якія выхоўваюцца ў сем’ях. У інтэрнатах доля рэспандэнтаў, якія сутыкнуліся з гвалтам, аказалася ў 2 – 3 разы вышэйшай, чым сярод рэспандэнтаў – навучэнцаў сярэдніх школ. Самая высокая доля рэспандэнтаў, якія сутыкнуліся з гвалтам у сям’і і ва ўстановах, адзначалася сярод няпоўнагадовых, якія знаходзіліся ў спецыяльных навучальных установах закрытага тыпу і папраўчых калоніях. Даследаванне ЮНІСЕФ 2020 года таксама паказала, што прыкладна 31 адсотак хлопчыкаў у пенітэнцыярных установах падвяргаліся адной або некалькім формам фізічнага гвалту, а больш за 33 адсоткі паведамілі пра тое, што зазналі псіхалагічны гвалт.

Па стане на студзень 2021 года ў краіне дзейнічала дзевяць устаноў для дзяцей з інваліднасцю, у якіх знаходзілася не менш як 1 300 няпоўнагадовых. Установы аказвалі сваім выхаванцам базавую медычную і сацыяльную дапамогу. Хаця эксперты і ацэньвалі гэтыя паслугі як больш высокія па ўзроўні, чым ва ўстановах для поўнагадовых, ва ўстановах для дзяцей назіраліся праблемы з належным узроўнем дыягностыкі, адукацыі і сацыяльнай рэінтэграцыі, а таксама з пытаннямі сацыяльнай адказнасці і празрыстасці.

Антысемітызм

Па ацэнках габрэйскай абшчыны, у краіне пражывае прыблізна 30 тысяч асоб габрэйскай нацыянальнасці.

Не было вядома пра гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да габрэяў і іх пераслед, а таксама пра пагрозы і нападкі на габрэйскія арганізацыі. Паступалі асобныя паведамленні пра акты вандалізму ў адносінах да габрэйскай абшчыны. 3 траўня, як паведаміла габрэйская абшчына ў Бабруйску, невядомыя асобы апаганілі руіны сінагогі, нанёсшы на іх фарбай сімвал “Z”, які сімвалізуе падтрымку вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны. Па звестках, праваахоўныя органы не знайшлі вінаватых.

Многія помнікі ахвярам Халакосту, пабудаваныя ў савецкі час, а таксама ў пазнейшыя гады, не аддзяляюць лёсаў ахвяр габрэйскай нацыянальнасці ад лёсаў пацярпелых ад нацызму асоб іншых нацыянальнасцяў. Габрэйская абшчына працягвала працу з замежнымі донарамі і мясцовымі ўладамі па ўсталяванні помнікаў, якія ўвекавечваюць памяць ахвяр габрэйскай нацыянальнасці.

Адбылося скажэнне ідэі Халакосту. Так, напрыклад, у фокусе рэжыму апынулася хутчэй ідэя так званага генацыду «беларускага народа», а не ахвяраў Халакосту ў цэлым альбо ахвяраў габрэйскага народа ў прыватнасці, з мэтай пасоўвання антыеўрапейскага наратыву ў палітычных мэтах.

Гандаль людзьмі

Даклад Дзяржаўнага дэпартамента ЗША аб гандлі людзьмі даступны па адрасе: https://www.state.gov/trafficking-in-persons-report/.

Гвалт, крыміналізацыя і іншыя віды жорсткага абыходжання ў сувязі з сексуальнай арыентацыяй і гендарнай ідэнтычнасцю

Крыміналізацыя: Не існуе законаў, якія непасрэдным чынам крыміналізуюць аднаполыя сексуальныя стасункі па ўзаемнай згодзе. Аднак заканадаўства, накіраванае супраць прастытуцыі, звычайна выкарыстоўвалася супраць супольнасці лесбіянак, геяў, бісексуалаў, трансгендараў, гомасексуалістаў і інтэрсексуалаў (ЛГБТКІ+), асабліва ў рамках распаўсюджанай практыкі заваблівання мужчын у пастку ў мясцовых прыкладаннях, якія мужчыны выкарыстоўвалі для пошуку секс-партнёраў сярод іншых  мужчын, пасля чаго іх затрымлівалі за меркаваныя секс-паслугі. Паводле паведамленняў, праваахоўнікі таксама, хоць і ў больш рэдкіх выпадках, абвінавачвалі некаторых грамадзян у хуліганстве за тое, што іх адзенне не адпавядала традыцыйнай канцэпцыі гендарных норм.

Гвалт у дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТКІ+: Па шматлікіх паведамленнях праваабаронцаў, прадстаўнікі суполкі ЛГБТКІ+ падвяргаліся пераследам, пагрозам і абразам з боку ўладаў. Актывісты ЛГБТКІ+ былі сярод тых, хто вымушана пакінуў краіну, сутыкнуўшыся на працягу года з ростам пераследу і рызыкай арыштаў з боку праваахоўных органаў.

Былі выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі, ідэнтыфікаваўшы затрыманых як прадстаўнікоў ЛГБТКІ+, прымушалі іх прызнавацца ў сваіх злачынствах і заяўляць пра сваю сексуальную арыентацыю на камеру, а затым размяшчалі гэтыя відэа ў інтэрнэце. Напрыклад, на відэа, апублікаваным 19 кастрычніка на адным з Telegram-каналаў спецслужб, мужчына трымае ў руках секс-цацкі і кажа, што займаецца экстрэмісцкай дзейнасцю. У каментары ніжэй паведамляецца, што ён «належаў да суполкі ЛГБТКІ+ у Магілёве». Незалежныя назіральнікі ставілі пад сумнеў законнасць такіх відэа і адзначалі, што падобныя заявы маглі рабіцца пад прымусам. Паведамленняў пра тое, што рабіліся якія-небудзь захады для вызначэння асоб, якія маюць дачыненне да гвалту і жорсткага абыходжання з прадстаўнікамі ЛГБТКІ+, не паступала. Праваабаронцы, якія працуюць з супольнасцю ЛГБТКІ+, паведамлялі пра выпадкі, калі школа і мясцовыя ўлады пагражалі забраць дзяцей з сем’яў бацькоў ЛГБТКІ+, сцвярджаючы, што дзеці знаходзяцца ва «ўразлівым становішчы».

Дыскрымінацыя: Закон не забяспечвае абарону ад дыскрымінацыі з боку дзяржаўных ці недзяржаўных органаў па прыкмеце сексуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці і самавыражэння ці палавых характарыстык, а таксама не прызнае аднаполыя шлюбы і іншыя формы аднаполага партнёрства. У лютым на нацыянальным рэферэндуме была прынята папраўка ў Канстытуцыю, якая вызначае шлюб як “саюз паміж жанчынай і мужчынам”.

Сацыяльная дыскрымінацыя актывістаў ЛГБТКІ+ працягвала мець месца пры маўклівай падтрымцы ўладаў, якія адмаўляліся расследаваць злачынствы супраць прадстаўнікоў ЛГБТКІ+ альбо прызнаваць іх як злачынствы, учыненыя на глебе нянавісці, што не зафіксавана законам. Адна з груп ЛГБТКІ+-актывістаў (цяпер яна знаходзіцца ў выгнанні), якая абслугоўвала гарачую лінію і электронную скрыню для суполкі ЛГБТКІ+, паведамляла, што атрымлівае ад дзвюх да трох скаргаў штомесячна. Прадстаўнікі групы адзначалі, што часцей за ўсё паступалі скаргі на мэтанакіраваныя анлайн-дзеянні, а менавіта дамаганні, вымагальніцтва, прымус да адкрытага прызнання сваёй арыентацыі, зліў асабістых дадзеных і распальванне нянавісці. Праваабарончыя групы адзначалі, што колькасць выпадкаў сацыяльнага гвалту ў дачыненні да асоб ЛГБТКІ+ скарацілася, паколькі былі прынятыя жорсткія меры ў дачыненні да груп, што традыцыйна пераследвалі іх, такіх як ультраправыя фашысцкія фармаванні і футбольныя фанаты.

Наяўнасць юрыдычнага прызнання полу: Трансгендарным асобам дазваляецца змяняць імя і гендарны маркер у нацыянальных дакументах, якія ідэнтыфікуюць асобу. Пры гэтым у іх захоўваюцца старыя ідэнтыфікацыйныя нумары, што ўключаюць лічбавы маркер прыналежнасці да полу, пазначаны пры нараджэнні. Афіцыйна працэс змены полу патрабуе рэгістрацыі ў мясцовым дзяржаўным псіханеўралагічным дыспансеры, шырокіх медычных аглядаў і аналізаў, ацэнкі камісіяй з 15 чалавек, у якую ўваходзяць псіхолагі і іншыя адмыслоўцы нараўне з супрацоўнікамі Дэпартамента па справах грамадзянства і міграцыі МУС, Мінюста, Мінабароны, а таксама ўстаноў аховы здароўя і адукацыі. Існы шлюб быў распаўсюджанай перашкодай для ўхвалення афіцыйнай змены полу просьбіта, а просьбітам, якія маюць дзяцей, практычна заўсёды адмаўлялі. Паведамлялася пра выпадкі адмовы трансгендарным асобам пры прыёме на працу з прычыны выяўленых наймальнікамі «разыходжанняў» паміж ідэнтыфікацыйным нумарам і гендарным маркерам кандыдата. У 2018 годзе ўрад пачаў выдаваць гендарна нейтральныя ідэнтыфікацыйныя нумары; аднак нумары, выдадзеныя да гэтай даты, захоўвалі гендарныя маркеры. Трансгендарным мужчынам выдаваліся ваенныя білеты, у якіх указвалася на наяўнасць у іх «цяжкага псіхічнага расстройства».

Прымусовыя або гвалтоўныя медычныя і псіхалагічныя метады, спецыяльна прызначаныя для асоб ЛГБТКІ+: Паступіў шэраг паведамленняў пра прымусовыя або гвалтоўныя медычныя і псіхалагічныя метады, спецыяльна прызначаныя для асоб ЛГБТКІ+. Аднак таксама паступала інфармацыя пра тое, што псіхолагі і псіхіятры імкнуліся праводзіць з імі “рэпаратыўную тэрапію” ў прыватным парадку.

Абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў, асацыяцый і мірных сходаў: У дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТКІ+ улады наўмысна не абмяжоўвалі свабоду выказвання меркаванняў, асацыяцый або мірных сходаў; аднак суполка ЛГБТКІ+ сутыкалася з тымі ж абмежаваннямі свабоды сходаў, што і астатняя частка грамадства.

Людзі з інваліднасцю

Людзі з інваліднасцю, як правіла, могуць карыстацца сацыяльнымі паслугамі, паслугамі аховы здароўя, грамадскімі будынкамі і транспартнай інфраструктурай нароўні з іншымі. Аднак дзяржава не змагла забяспечыць эфектыўны доступ да гэтых паслуг і ў сапраўды даступным фармаце аказваць інфармацыйную падтрымку і весці камунікацыю. Аднак былі зробленыя некаторыя нязначныя крокі па паляпшэнні доступу да грамадскай інфраструктуры. Напрыклад, 1 верасня ўлады паведамілі пра ўвядзенне новых комплексных стандартаў безбар’ернага асяроддзя, пашырэнне доступу да паслуг для асоб з рознымі абмежаванымі магчымасцямі, пачынаючы ад банкаўскіх і паштовых паслуг і заканчваючы даступнасцю прадуктовай упакоўкі і раскладу грамадскага транспарту.

Закон дыскрымінуе дзяцей і поўнагадовых грамадзян з інваліднасцю, абмяжоўваючы іх магчымасць атрымання пачатковай, сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў залежнасці ад ступені інваліднасці. Ступень інваліднасці вызначаецца групай спецыялістаў, чые ацэнкі не з’яўляюцца абавязковымі і на практыцы выкарыстоўваюцца адвольна. Праваабаронцы прыводзяць у прыклад выпадкі, што тычацца дзяцей з сіндромам Дауна, якія павінны былі прайсці ацэнку сваіх “разумовых здольнасцяў” у загадзя вызначаным узросце, і пасля такой ацэнкі ў шэрагу выпадкаў не дапускаліся да працягу навучання ў “інтэграваных” класах. Дзеці з інваліднасцю наведвалі школу, але пасля яе заканчэння мелі значна ніжэйшы ўзровень сярэдняй адукацыі, чым іх аднагодкі, бо звычайна хадзілі ў спецыялізаваныя школы, прызначаныя выключна для інвалідаў. Магчымасці працаўладкавання і прафесійнага развіцця для людзей з інваліднасцю заставаліся абмежаванымі. У той час як некаторыя дзяржаўныя прадпрыемствы наймалі на працу людзей з пэўнымі абмежаваннямі, такімі як парушэнні слыху ці зроку, многія людзі з інваліднасцю аддавалі перавагу існаванню на сацыяльную дапамогу, паколькі заработная плата на даступных ім працоўных месцах была нізкай і для таго, каб атрымаць дазвол на працу, яны павінны былі прайсці дадатковыя абследаванні. Паводле даследавання ЮНІСЕФ 2020 года, 40 адсоткаў сем’яў з дзецьмі-інвалідамі знаходзіліся за рысай беднасці, а 60 адсоткаў маці і 15 адсоткаў бацькаў дзяцей-інвалідаў былі вымушаныя абмежаваць сваю працоўную дзейнасць праз неабходнасць клапаціцца пра сваіх дзецей. Акрамя таго, уключэнне маладых людзей з інваліднасцю, у тым ліку з ВІЧ ці праблемамі псіхічнага здароўя, у адукацыйны працэс і працу з насельніцтвам грамадствам не падтрымлівалася.

Закон патрабуе стварэнне безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, слыху і зроку на транспарце, у жылых будынках і на прадпрыемствах, аднак толькі нямногія грамадскія месцы былі даступныя для такіх асоб. Большасць асоб з парушэннямі апорна-рухальнага апарата па-ранейшаму не мелі магчымасці пакінуць свае месцы жыхарства без старонняй дапамогі і ўказвалі на непрыстасаванасць іх жытла да патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Незалежныя назіральнікі паведамлялі, што ўлады рабілі нязначныя крокі для паляпшэння даступнасці грамадскай інфраструктуры. Напрыклад, нядаўна пабудаваныя станцыі метрапалітэна ў Мінску былі абсталяваныя ліфтамі, даступнымі для інвалідаў-вазочнікаў.

Людзі з інваліднасцю карыстаюцца правам бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце, аднак у Мінску большасць станцый метрапалітэна, а таксама большая частка сродкаў наземнага транспарту былі недаступныя для інвалідаў-вазочнікаў. Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, толькі 18 адсоткаў інфраструктуры ў краіне былі поўнасцю даступнымі.

Асобы з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку з парушэннямі зроку і слыху, часта маюць цяжкасці ў доступе да правасуддзя і забеспячэнні судовымі перакладчыкамі.

Часта сутыкаюцца з дыскрымінацыяй жанчыны-інваліды. Найбольш распаўсюджанымі яе праявамі служаць цяжкасці ў працаўладкаванні, сцвярджэнні пра іх неплацежаздольнасць як бацькоў, больш нізкая якасць медычнай дапамогі і догляду, чым для насельніцтва ў цэлым, асабліва ў медычных установах у рэгіёнах. Цяжарныя жанчыны з інваліднасцю сутыкаюцца з праблемамі фізічнай недасяжнасці памяшканняў радзільных дамоў і аддзяленняў. Не паступала ніякіх публічных паведамленняў пра гвалт, пераслед, запалохванні або злоўжыванні ў дачыненні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Заканадаўства не ўтрымлівае адмысловай забароны на дыскрымінацыю ў дачыненні да асоб з фізічнымі, сенсарнымі, інтэлектуальнымі або псіхічнымі асаблівасцямі. Дыскрымінацыя ў дачыненні да такіх асоб заставалася распаўсюджанай з’явай.

Праз абмежаваныя магчымасці самастойнага пражывання многія асобы з інваліднасцю былі вымушаныя пражываць у дзяржаўных установах інтэрнатнага тыпу, у якіх якасць медычнай дапамогі ў цэлым была нізкай. Паступалі паведамленні пра факты агрэсіі і жорсткага абыходжання, фізічнага і псіхалагічнага гвалту, недаступнасці лячэння ад захворванняў, не звязаных з прычынай інваліднасці, а таксама пра недастатковае фінансаванне ўстаноў і інфраструктуры. На працягу года захоўвалася практыка змяшчэння асоб з фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі ў адны і тыя ж установы без прадастаўлення якой-небудзь з груп спецыялізаванай дапамогі. Каля 10 тысяч інвалідаў, якія пражываюць у псіханеўралагічных установах, былі пазбаўленыя законных правоў, а суды прызначылі дырэктараў гэтых устаноў іх законнымі апекунамі.

Іншыя віды гвалту і дыскрымінацыі ў грамадстве

Сацыяльная дыскрымінацыя ў дачыненні да людзей з ВІЧ/СНІД заставалася сур’ёзнай праблемай, і гэты дыягназ па-ранейшаму быў спалучаны з высокай рызыкай сацыяльнай стыгматызацыі. Як паведамляюць беларускія НДА, якія працуюць з ВІЧ-інфікаванымі і іншымі групамі рызыкі, ВІЧ-інфікаваныя, і асабліва спажыўцы наркотыкаў, якія знаходзяцца на лячэнні або завяршылі яго, па-ранейшаму сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, у першую чаргу на працоўным месцы і падчас сумоўяў пры прыёме на працу.

Раздзел 7. Правы працоўных

  1. a. Свабода аб’яднанняў і права на вядзенне перамоваў пра заключэнне калектыўных дагавораў

Законам прадугледжваецца права работнікаў, за выключэннем супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі і вайскоўцаў, на стварэнне незалежных прафсаюзаў і ўступленне ў іх, а таксама на правядзенне страйкаў. Разам з тым накладаюцца сур’ёзныя абмежаванні на ажыццяўленне гэтага права. Законам прадугледжана права на арганізацыю і вядзенне калектыўных перамоваў, але не ўтрымліваецца палажэнняў, якія абараняюць прафесійныя саюзы ад дыскрымінацыі. Па словах прафсаюзных актывістаў, у законе адсутнічаюць дакладныя гарантыі права работніка, звольненага ў сувязі з прафсаюзнай дзейнасцю, патрабаваць свайго аднаўлення на працы і аспрэчваць звальненне ў судзе.

Палажэнні закона не выконваліся збольшага таму, што ўрад і дзяржаўныя прадпрыемствы не паважалі законнае права працоўных на свабоду аб’яднанняў. Законам прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць працадаўцы ў выглядзе штрафу за парушэнне права на свабоду аб’яднанняў і на вядзенне калектыўных перамоваў. Штрафы ў дачыненні да працадаўцаў не былі сувымерныя з санкцыямі за іншыя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадзянскіх правоў, і прымяняліся рэдка, асабліва ў дачыненні да дзяржаўных прадпрыемстваў, якія з’яўляліся асноўнымі парушальнікамі.

Разам з незалежнымі НДА былі ліквідаваныя ўсе дзейныя ў краіне незалежныя прафсаюзы. 18 ліпеня Вярхоўны суд пастанавіў закрыць незалежны “парасонавы” Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), што аб’ядноўваў прыкладна 10 тысяч сябраў, пасля прынятых 12-14 ліпеня аналагічных пастаноў аб ліквідацыі чатырох прафсаюзаў, якія ўваходзяць у яго склад, па абвінавачванні ў нібыта дэструктыўнай дзейнасці, удзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі. Да сваёй ліквідацыі БКДП не прадстаўляў інтарэсы большасці працаўнікоў ні на адным з буйных дзяржаўных прадпрыемстваў краіны. Падкантрольная дзяржаве Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі заставалася найбуйнейшай прафсаюзнай арганізацыяй і налічвала больш за чатыры мільёны сябраў.

Жорсткі дзяржаўны кантроль за рэгістрацыйнымі патрабаваннямі і публічнымі дэманстрацыямі не даваў магчымасці БКДП арганізоўваць ці праводзіць страйкі.

Улады ігнаравалі права працоўных на вядзенне калектыўных перамоваў. Сур’ёзнай перашкодай для фармавання незалежных прафсаюзаў заставаліся жорсткія рэгістрацыйныя патрабаванні, якія мелі забаронны характар, высокія патрабаванні да сяброўства і неабходнасць лаяльнага стаўлення з боку наймальнікаў у асобе дзяржаўных прадпрыемстваў. Дапускаецца выключэнне прафсаюза з дзяржаўнага рэестра па рашэнні рэгіструючага органа без звароту ў суд. Рэгіструючы орган мае права выключыць прафсаюз з рэестра пры вынясенні яму пісьмовага папярэджання аб парушэннях заканадаўства або статута і невыпраўленне гэтых парушэнняў на працягу аднаго месяца. Да закрыцця незалежных прафсаюзаў улады працягвалі перашкаджаць выхаду работнікаў з афіцыйных прафсаюзаў і ўступленню ў незалежныя. Абмежаванні, якія накладаюцца дзяржавай на ажыццяўленне свабоды аб’яднанняў, абцяжарвалі ўдзел незалежных прафсаюзаў у калектыўных перамовах. Па патрабаванні ўладаў, прафсаюзы былі абавязаныя сфармаваць адзіную пазіцыю да пачатку перамоў, што было немагчыма без узаемадзеяння БДКП і дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пры вядзенні калектыўных перамоў на дзяржпрадпрыемствах.

Захоўваюцца высокія патрабаванні да правядзення дазволенага законам страйку. Напрыклад, страйк можа быць абвешчаны толькі праз тры і больш месяцаў пасля беспаспяховай спробы прафсаюза і працадаўцы ўрэгуляваць калектыўную працоўную спрэчку. У апавяшчэнні наймальніку мусіць быць загадзя ўказаная працягласць страйку. Акрамя таго, падчас страйку павінен быць забяспечаны мінімум неабходных работ і паслуг. Аднак гэтыя патрабаванні не мелі асаблівага значэння, паколькі прафсаюзы, што прадстаўлялі інтарэсы амаль усіх працоўных, заставаліся падкантрольнымі ўладам. Дзяржаўныя органы і кіраўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў сістэматычна ўмешваліся ў дзейнасць прафсаюзаў і перашкаджалі намаганням па выпрацоўцы ўмоў калектыўных дагавораў. У некаторых выпадках дзеянне ўжо заключаных дагавораў адвольна прыпынялася. Кіраўніцтва прадпрыемстваў і мясцовыя ўлады неаднаразова блакавалі спробы працоўных арганізаваць страйкі, абвяшчаючы іх незаконнымі.

Некаторыя сябры прафсаюзаў, што ўдзельнічалі ў палітычных пратэстах, якія ўлады звычайна разглядалі як несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, былі затрыманыя, а частка палітычна актыўных работнікаў страціла працу або апынулася ў выгнанні за межамі краіны.

Улады працягвалі аказваць ціск на працоўных і прафсаюзных лідараў, змяшчаючы іх у турму, падвяргаючы фізічнаму гвалту, звальняючы, затрымліваючы або штрафуючы працоўных, якія абмяркоўвалі правядзенне страйкаў, адмаўляючыся падаўжаць працоўныя дагаворы з работнікамі, якія ўдзельнічалі ў забастоўках, выкарыстоўваючы псіхалагічны ціск праз пагрозу забраць дзяцей з іх сем’яў, а таксама акцэнтуючы ўвагу на наступствах страты заробку для іх дзяцей і сем’яў.

Рабочыя сутыкаліся з палітычным ціскам, у тым ліку за спробу скарыстацца сваім правам на свабоду слова, сходаў і аб’яднанняў ці выказаць свае палітычныя погляды.

19 красавіка былі затрыманыя не менш за 18 незалежных прафсаюзных лідараў і актывістаў, у тым ліку старшыня БКДП Аляксандр Ярашук і ягоны намеснік Сяргей Антусевіч. У той самы час прынамсі трое актывістаў пасля допыту былі адпушчаныя, іх кампутарнае абсталяванне канфіскаванае, а адзін актывіст шпіталізаваны пасля сардэчнага прыступу падчас затрымання. Улады адмовіліся прадставіць нейкую інфармацыю пра статус або абвінавачванні супраць затрыманых як іх сем’ям, так і адвакатам абароны. 26 снежня Мінскі гарадскі суд прызнаў Ярашука, Антусевіча і бухгалтарку БКДП Ірыну Бут-Гусаім вінаватымі ў дзейнасці, якая груба парушае грамадскі парадак, і прыгаварыў кожнага з іх да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Ярашуку быў вынесены дадатковы прысуд па абвінавачанні ў закліках да санкцый і іншых дзеянняў, якія наносяць шкоду краіне.

У кастрычніку старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў Мінскага аўтазавода Арцём Жарнак, упершыню затрыманы ў лістападзе 2021 года, быў прызнаны вінаватым у “навучанні або падрыхтоўцы асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванні такой дзейнасці” і “закліках да дзеянняў, накіраваных на падрыў нацыянальнай бяспекі”. Яго прыгаварылі да чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Абмежавальныя палажэнні закона аб масавых мерапрыемствах, якія перашкаджалі правядзенню дэманстрацый, шэсцяў і іншых масавых мерапрыемстваў, таксама ўшчамлялі правы прафсаюзаў на арганізацыю калектыўных дзеянняў. Прафесійным саюзам забаранялася атрыманне любой замежнай дапамогі для правядзення семінараў, мітынгаў, страйкаў, пікетаў, а таксама для вядзення агітацыйнай дзейнасці сярод сваіх сябраў, калі тое не ўхвалілі ўлады. Работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў звальнялі, арыштоўвалі, а ў некаторых выпадках прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за ўдзел у страйках. Улады спрабавалі аказаць ціск ці звольніць тых працоўных, якія лічыліся лідарамі пратэстаў ці страйкаў або былі ўцягнутыя ў апазіцыйную палітычную дзейнасць, што не дазваляла прафсаюзам праводзіць рэгулярную прафсаюзную дзейнасць і парушала права працоўных на правядзенне страйкаў і свабоднае выказванне сваіх палітычных поглядаў.

З мэтай спрасціць працэдуру звальнення работнікаў, якія бралі ўдзел у страйках, або затрыманых, напрыклад, за ўдзел у акцыях пратэсту, у чэрвені 2021 года ў працоўнае заканадаўства былі ўнесеныя змены, якія дазваляюць таксама пераследаваць прафсаюзы за ўдзел іх сябраў у публічных акцыях пратэсту без атрымання ад дзяржаўных органаў папярэдняга дазволу.

Тэрмін кантрактаў для работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый (якія складаюць 70% усіх занятых) складае пяць гадоў, але большая частка кантрактаў заключаецца на 1 год. Як сцвярджаюць прадстаўнікі БКДП і НДА, падобная практыка дае ўладам магчымасць пазбаўляцца ад непажаданых работнікаў рукамі дзяржаўных працадаўцаў, якія адмаўляюцца працягваць з імі кантракты. Некаторыя работнікі бюджэтнай сферы (напрыклад, медычныя работнікі і настаўнікі), якія выказалі нязгоду з захадамі ўрада па супрацьдзеянні пандэміі COVID-19 або прынялі ўдзел у 2020 і 2021 годзе ў пратэстах супраць парушэнняў на выбарах, атрымалі апавяшчэнні пра непрацягненне кантрактаў. Заканчэнне тэрміну дзеяння гадавых кантрактаў стала падставай для звальнення сябраў незалежных прафсаюзаў, актывістаў палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці. Указам урада наймальнікам дадзеная магчымасць заключэння бестэрміновых працоўных дагавораў з работнікамі, якія прапрацавалі ў арганізацыі не менш як пяць гадоў і не дапусцілі парушэнняў працоўнай і выканаўчай дысцыпліны. У той жа час паведамляецца, што больш працяглыя кантракты абмяжоўваюць магчымасць для працаўніка змяніць месца працы. У перыяд дзеяння кантрактаў, як правіла, працаўнікі карыстаюцца гарантыямі захавання за сабой працоўнага месца.

У шэрагу выпадкаў сябры апазіцыйных палітычных партый і актывісты дэмакратычных рухаў сутыкаліся з цяжкасцямі ва ўладкаванні на працу ў бюджэтныя арганізацыі праз ціск уладаў на наймальнікаў.

б. Забарона на выкарыстанне прымусовай ці абавязковай працы

Закон уводзіць забарону на ўсе формы прымусовай або абавязковай працы, акрамя працы або службы, прызначанай судом, кшталту папраўчых работ.

Непрацуючыя або беспрацоўныя бацькі, а таксама працуючыя бацькі, якія не атрымліваюць дастатковы прыбытак для кампенсацыі выдаткаў дзяржаўных устаноў на ўтрыманне сваіх дзяцей, могуць падлягаць абавязковаму працаўладкаванню па рашэнні суда. Асобы, якія адмаўляюцца ад абавязковага працаўладкавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці і прыгавораныя да грамадскіх або папраўчых работ тэрмінам да двух гадоў, пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў або абмежавання волі з абавязковым прыцягненнем да працы і ўтрыманнем 70 адсоткаў заробку для кампенсацыі выдаткаў, панесеных дзяржавай.

Ад афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, якія добраахвотна звольніліся з апошняга месца працы або звольненых за дысцыплінарныя спагнанні, невыкананне службовых абавязкаў ці знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення, патрабавалася браць удзел у аплатных грамадскіх работах не менш як 22 дні на год. Асобы з інваліднасцю, бацькі-адзіночкі і бацькі трох і болей дзяцей, а таксама бацькі дзяцей-інвалідаў і дзяцей, малодшых за 18 гадоў, карысталіся льготамі і маглі атрымліваць больш высокую дапамогу па беспрацоўі.

Урад не забяспечваў эфектыўнага выканання закона. Палажэнні аб прымусовай працы прымяняліся ў рэдкіх выпадках, а аб’ём кантрольных мерапрыемстваў і рэсурсаў, што накіроўваюцца на гэтыя мэты, заставаўся мінімальным.

Беларусь заставалася пераважна краінай паходжання мігрантаў – ахвяр гандлю людзьмі з мэтай працоўнай эксплуатацыі. За выключэннем перыяду дзеяння абмежаванняў на перасячэнне мяжы на час эпідэміі COVID-19, грамадзяне Беларусі мелі магчымасць свабоднага наведвання і працы ў Расійскай Федэрацыі, якая, як паведамляецца, была самай буйной краінай прызначэння. У адрозненне ад НДА, улады рэдка выяўлялі ахвяр працоўнай эксплуатацыі, а прыцягненне да адказнасці асоб, адказных за прымусовую працу, заставалася мінімальным. У 2020 годзе недзяржаўнымі арганізацыямі былі выяўлены 26 ахвяр гандлю людзьмі, а дзяржаўнымі органамі – толькі дзве ахвяры. Паведамляецца, што ўлады пакідалі без увагі заявы грамадзян Беларусі, што вярнуліся з Расіі, аб іх працоўнай эксплуатацыі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. На працягу года не адзначаўся рост намаганняў, якія робяцца ўладамі ў галіне выкаранення і прадухілення гандлю людзьмі з мэтай прымусовай працы.

За мінулы год не паведамлялася пра выпадкі пераследу асоб, якія ўстрымаліся ад удзелу ў грамадска-карыснай працы (т.зв. суботніках).

Па заявах былых зняволеных, іх штомесячная заработная плата складала ад 1 да 2-х рублёў (ад 0,5 да 1 даляра ЗША). Як заяўлялі ў 2015 годзе высокапастаўленыя кіраўнікі Генеральнай пракуратуры і МУС, у адпаведнасці з патрабаваннямі закона ў месцах зняволення працуюць не менш як 97 адсоткаў усіх працаздольных асуджаных, за выключэннем пенсіянераў і інвалідаў, і праца зняволеных з’яўляецца важным і карысным сродкам іх рэабілітацыі і рэінтэграцыі ў грамадства.

Гл. таксама Справаздачу Дзяржаўнага дэпартамента ЗША аб гандлі людзьмі па адрасе: https://www.state.gov/trafficking-in-persons-report/.

в. Забарона на выкарыстанне дзіцячай працы і мінімальны ўзрост прыёму на працу

Найгоршыя формы дзіцячай працы забароненыя законам. Мінімальны ўзрост працаўладкавання складае 16 гадоў. Заключэнне працоўных дагавораў з дзецьмі ад 14 гадоў магчымае з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў або апекуна. Нагляд за выкананнем закона ўскладзены на Генеральную пракуратуру. Асобы, маладзейшыя за 18 гадоў, могуць быць занятыя на работах без шкодных умоў працы, але не могуць прыцягвацца да звышурочных работ, а таксама да работы ў выходныя і святочныя дні. Праца не павінна наносіць шкоду здароўю няпоўнагадовых або перашкаджаць іх навучанню.

Як правіла, названыя нормы закона выконваюцца, а пакаранні за іх парушэнні сувымерныя з пакараннямі за іншыя цяжкія злачынствы. Афіцыйных звестак пра парушэнні закона аб дзіцячай працы на працягу года не было.

Пацверджанай інфармацыі пра найгоршыя формы дзіцячай працы на працягу года не паступала.

г. Дыскрымінацыя ў сферы працы і занятасці

Мер адказнасці за дыскрымінацыю як такую не прадугледжана. Працоўным кодэксам забароненая дыскрымінацыя, якая выяўляецца ў адмове працадаўцы прымаць на працу асоб, накіраваных дзяржаўнымі службамі па працы, занятасці і сацыяльным забеспячэнні ў рамках сістэмы квот. Калі мае месца дыскрымінацыя, заснаваная на расе, узросце, палавой прыналежнасці, мове, палітычных ці рэлігійных перакананнях, сяброўстве ў прафсаюзе, сацыяльным статусе або месцы жыхарства, працадаўца можа быць падвергнуты адміністрацыйнаму пакаранню. Не існуе забароны на працоўную дыскрымінацыю па прыкмеце сексуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці, ВІЧ-статусу, статусу ўцекача ці асобы без грамадзянства. Урад не забяспечваў эфектыўнага выканання дадзенага закона, а пакаранне было несувымерным з пакараннем за іншыя парушэнні грамадзянскіх правоў. Пакаранні да парушальнікаў прымяняліся рэдка.

За справаздачны перыяд мелі месца выпадкі дыскрымінацыі ў сферы працы і занятасці па прыкмеце палітычных перакананняў, нацыянальнай і палавой прыналежнасці, інваліднасці, мовы, сексуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці і яе выражэння, а таксама людзей з ВІЧ-станоўчым статусам (гл. раздзел 6, “Жанчыны” і “Іншыя віды гвалту і дыскрымінацыі ў грамадстве”). Акрамя таго, на частыя выпадкі дыскрымінацыі ў дачыненні да іх звярталі ўвагу некаторыя чальцы цыганскай абшчыны. Яны паведамлялі, што пры звароце па пытаннях працаўладкавання наймальнікі альбо адмаўляліся браць іх на працу, альбо прапаноўвалі ім працаўладкаванне на няпоўны працоўны дзень. Цягам года ўрад не рабіў ніякіх захадаў для прадухілення ці выкаранення дыскрымінацыі ў сферы занятасці. Дыскрымінацыя пры прыёме на працу мела месца ў большасці сектараў эканомікі як на прыватных, гэтак і на дзяржаўных прадпрыемствах.

Сістэматычнае выкананне патрабаванняў закона аб роўнай аплаце за роўную працу не забяспечвалася. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, апублікаваных у 2020 годзе, сярэдняя заработная плата жанчын была на 26,7% ніжэйшая за заробак мужчын.

6 чэрвеня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выключыла 93 пазіцыі са спісу 181 наймення “фізічна цяжкай” працы “ў шкодных або небяспечных умовах”, якімі жанчынам не дазваляецца займацца, напрыклад, у сферы лесанарыхтовак, плаўкі, ліцця, пракаткі і штампоўкі свінцовых вырабаў, мантажу і абслугоўвання ліній электраперадач. Акрамя таго, у многіх сферах і галінах жанчыны не маюць магчымасці працаваць нароўні з мужчынамі. Жанчыны займаюць вельмі невялікую долю вышэйшых кіроўных пасад ва ўрадзе, але складаюць большасць на пасадах дзяржаўнага сектара з ніжэйшым узроўнем аплаты працы. Не існавала законаў, якія б забаранялі сексуальныя дамаганні на працоўным месцы. Пры адсутнасці крымінальных або грамадзянскіх сродкаў прававой абароны, сексуальныя дамаганні на працоўным месцы заставаліся сур’ёзнай праблемай. Заканадаўчай забароны на дыскрымінацыю па прыкмеце полу пры доступе да крэдытаў не існуе. Законам устаноўлена права жанчын на дэкрэтны адпачынак працягласцю ў тры гады з захаваннем працоўнага месца. Тым не менш, працадаўцы часта абыходзілі гарантыі працоўнага месца, складаючы з працаўніцамі кароткатэрміновыя кантракты і адмаўляючыся падаўжаць яго, калі жанчына зацяжарвала.

Паведамляецца, што ўстаноўлены для інвалідаў сямігадзінны працоўны дзень прывёў да зніжэння гатоўнасці кампаній прымаць на працу асоб з інваліднасцю. Па незалежных ацэнках, больш за 85% людзей з інваліднасцю не маюць працы і атрымліваюць мінімальную сацыяльную дапамогу. У адпаведнасці з законам, наяўнасць інваліднасці павінна ўлічвацца пры разліку пенсій, але ўлады не заўсёды былі гатовыя выплочваць больш высокія сумы пенсій у сувязі з інваліднасцю. Прадстаўнікі паралімпійскіх каманд краіны атрымлівалі ўдвая меншы заробак і прызавыя ў параўнанні са спартоўцамі без інваліднасці.

д. Прымальныя ўмовы працы

Па стане на 1 кастрычніка вызначаны памер мінімальнай заработнай платы перавышаў мяжу беднасці.

У адпаведнасці з законам, стандартны працоўны тыдзень складае 40 гадзін, пры гэтым працягласць бесперапыннага адпачынку павінна быць не меншай за 24 гадзіны на тыдзень. Закон прадугледжвае абавязковую аплату звышурочнай работы і гарантуе права на аплатны адпачынак працягласцю не менш як 9 дзён. Пры гэтым працягласць звышурочных работ можа складаць не больш за 10 гадзін у тыдзень і не больш за 180 гадзін у год.

Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны адказваў за выкананне законаў аб заработнай плаце і звышурочных работах.

Ахова працы і здароўя: Мінімальныя стандарты бяспекі ўмоў працы і здароўя работнікаў вызначаюцца законам, але наймальнікі выконваюць іх не ва ўсіх выпадках і не заўсёды патрабуюць ад работнікаў выкарыстоўваць неабходныя сродкі аховы.

Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны адказвае за выкананне тэхнікі бяспекі на працоўным месцы і за здароўе працаўнікоў. Дзяржаўныя інспекцыі працы не валодалі дастатковымі паўнамоцтвамі для забеспячэння выканання працадаўцам устаноўленых патрабаванняў і часта ігнаравалі парушэнні. Хоць інспектары і валодаюць правам правядзення выязных праверак без папярэджання і ўвядзення санкцый, тым не менш колькасць інспектараў была недастатковай для кантролю за выкананнем заканадаўства.

Закон надзяляе работніка правам спыніць выкананне работ у выпадку ўзнікнення непасрэднай небяспекі яго жыццю і здароўю, не асцерагаючыся санкцый з боку наймальніка. Паводле дадзеных Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, работнікі маюць права адмовіцца ад выканання работ, калі яны не забяспечаныя сродкамі індывідуальнай абароны, ад якіх залежыць бяспека працы. Пералік неабходных сродкаў індывідуальнай абароны зацверджаны міністэрствам. Каб адмовіцца ад выканання даручанай працы па прычыне адсутнасці сродкаў індывідуальнай абароны, работнік павінен пісьмова паведаміць працадаўцу або ўпаўнаважанай службовай асобе пра прычыны адмовы.

Згодна з дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, у перыяд са студзеня па жнівень было афіцыйна зарэгістравана 1 089 выпадкаў вытворчага траўматызму і 101 смяротны выпадак супраць 1 251 і 86 выпадкаў за адпаведны перыяд 2021 года. За першыя шэсць месяцаў года працадаўцы былі прыцягнутыя да адказнасці за 195 інцыдэнтаў на працоўным месцы ў параўнанні з 239 за той жа перыяд у 2021 годзе. Найбольш праблемнымі галінамі з’яўляюцца сельская гаспадарка, прамысловасць і будаўніцтва. Інспектары, якія кантралююць выкананне заканадаўства ў галіне заработнай платы і працоўнага часу, таксама нясуць адказнасць за выкананне законаў аб ахове працы і тэхніцы бяспекі. Дэпартаментам дзяржаўнай інспекцыі працы створаныя гарачыя лініі па пытаннях працы ў кожнай вобласці, а таксама прадастаўляюцца асобныя кантактныя дадзеныя па пытаннях дзейнасці інспекцый працы, аховы працы і парушэнняў працоўнага заканадаўства. У ведамстве таксама дзейнічала гарачая лінія па пытаннях, звязаных з незаконным звальненнем работнікаў.

Забеспячэнне захавання патрабаванняў у дачыненні да заработнай платы, працоўнага часу і аховы працы: Улады эфектыўна прымянялі законы аб мінімальнай заработнай плаце і звышурочнай працы, а пакаранні за іх парушэнні былі сувымерныя з пакараннямі за іншыя падобныя злачынствы. Урад не забяспечваў эфектыўнага прымянення законаў аб ахове працы і тэхніцы бяспекі. Пакаранні за парушэнні былі несувымерныя з пакараннямі за іншыя падобныя злачынствы. Пакаранні да парушальнікаў прымяняліся толькі ў некаторых выпадках. Шырока лічылася, што колькасць інспектараў па ахове працы была дастатковай для забеспячэння выканання заканадаўства, аднак іх лічба не разгалошвалася.

Ценявы сектар: Паводле ацэнак незалежных экспертаў, доля ценявога сектара ў эканоміцы складае 30%, а колькасць занятых у ім – 4, 3 мільёны чалавек. Асобы, занятыя ў ценявым сектары, часта працавалі ў сельскай гаспадарцы, на транспарце, у дробным раздробным гандлі і сферы кароткатэрміновай здачы жытла ў арэнду. Нормы працоўнага заканадаўства не распаўсюджваюцца на работнікаў ценявога сектара эканомікі.