Сумесная заява: Запуск Маскоўскага механізму для вывучэння парушэнняў і злоўжыванняў правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь

Прадстаўлена на паседжанні пастаяннай рады Амбасадарам Джоселін Кінір, пастаянны прадстаўнік Канады пры АБСЕ

Вена

23 сакавіка 2023 года

 

Я выступаю з гэтай заявай ад імя наступных дэлегацый: Албаніі, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Канады, Харватыі, Рэспублікі Кіпр, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Германіі, Грэцыі, Ісландыі, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Ліхтэнштэйна, Літвы, Люксембурга, Мальты, Малдовы, Чарнагорыі, Нідэрландаў, ПаўночнайМакедоніі, Нарвегіі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Іспаніі, Швецыі, Швейцарыі, Украіны, Вялікабрытаніі і ЗША.

Мы з вялікай заклапочанасцю прачыталі справаздачу Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, прадстаўленую 22 сакавіка 2023 года, у якой яшчэ раз задакументавана жахлівае і пастаяннае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Хельсінкскі заключны акт 1975 г. прызнае павагу да правоў чалавека і асноўных свабод адным з дзесяці кіруючых прынцыпаў, інтэгруючы правы чалавека ў рамкі рэгіянальнай бяспекі і ставячы іх абарону ў адзін шэраг з ваенна-палітычнымі і эканамічнымі пытаннямі. Такім чынам, абарона і заахвочванне правоў чалавека ў Беларусі па-ранейшаму ўваходзіць у нашу непасрэдную і законную заклапочанасць як жыццёва важная аснова для агульнай бяспекі ў рэгіёне АБСЕ.

У справаздачы місіі Маскоўскага механізму, апублікаванай 5 лістапада 2020 года, зроблена выснова аб сістэматычных парушэннях правоў чалавека і злоўжываннях, якія здзяйсняліся беспакарана і ў масавых маштабах беларускімі ўладамі да, падчас і пасля фальшывых прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. У дакладзе Маскоўскага механізму дадзены шэраг рэкамендацый, у тым ліку прызначэнне новых, празрыстых прэзідэнцкіх выбараў на аснове міжнародных стандартаў, спыненне гвалту ў дачыненні да народа Беларусі, забеспячэнне адказнасці ахвяр злоўжыванняў, вызваленне несправядліва затрыманых, узаемадзеянне і дыялог з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама стварэнне назіральнай місіі БДІПЧ/АБСЕ.

За два гады, якія прайшлі з моманту публікацыі гэтай справаздачы, беларускія ўлады не змаглі вырашыць выяўленыя ў ёй сур’ёзныя абвінавачванні ў парушэннях і злоўжываннях і цалкам праігнаравалі яе рэкамендацыі. Больш за тое, беларускія ўлады распачалі далейшыя дзеянні, якія як паглыбляюць, так і пашыраюць нашу заклапочанасць адносна выканання Беларуссю абавязацельстваў АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння, у тым ліку праз працяг спрыяння агрэсіўнай вайне Расійскай Федэрацыі супраць Украіны.

Мы неаднаразова выказвалі нашу заклапочанасць у Пастаяннай радзе і на іншых форумах АБСЕ, у тым ліку ў рамках Венскага механізму АБСЕ, але ў адказах беларускай дэлегацыі пастаянна ігнаруюцца нашы законныя заклапочанасці. Яны ўключаюць, але не абмяжоўваюцца згаданымі ніжэй:

  • утрыманне пад вартай амаль 1.500 палітычных зняволеных, і іх колькасць працягвае расці;
  • запалохванне, пераслед, адвольныя або незаконныя арышты, затрыманні і зняволенне праваабаронцаў, прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, журналістаў і іншых суб’ектаў СМІ, адвакатаў, працоўных актывістаў, асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцяў і груп грамадзянскай супольнасці;
  • прызнанне экстрэмістамі тысяч грамадзян і арганізацый і ліквідацыя практычна ўсіх незалежных няўрадавых арганізацый;
  • недастатковы доступ да юрыдычнай і медыцынскай дапамогі для арыштаваных і/або затрыманых;
  • адсутнасць належнай судовай працэдуры і павагі да права на справядлівы суд, як гэта прадугледжана Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта і прымяненне зваротнай сілы да законаў, і ўзбуджэнне спецыяльных крымінальных спраў (завочна) у дачыненні да асоб, якія знаходзяцца за межамі Беларусі;
  • катаванні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага або прыніжаючага годнасць абыходжання і пакарання ў дачыненні да асоб, якія знаходзяцца пад вартай, уключаючы сексуальны і гендэрны гвалт;
  • празмернае прымяненне сілы супраць мірных пратэстоўцаў, у тым ліку тых, хто выступае супраць падтрымкі Беларуссю агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны;
  • ліквідацыя незалежных прафсаюзаў;
  • намаганні прымусіць замаўчаць незалежныя СМІ і ўвесці жорсткія абмежаванні на доступ да інфармацыі, у тым ліку праз інтэрнэт-сачэнне і цэнзуру;
  • сістэматычнае ўзмацненне жорсткасці заканадаўства, якое абмяжоўвае палітычныя свабоды і вынясенне прысудаў, якія супярэчаць стандартам вяршэнства права і накіраваны на стрымліванне і пакаранне іншадумства;
  • распаўсюджванне смяротнага пакарання на расплывіста акрэсленыя «спробы здзяйснення тэрарыстычных актаў і забойства дзяржаўных чыноўнікаў або грамадскіх дзеячаў»; і
  • беспакаранасць за парушэнні правоў чалавека і злоўжыванні, апісаныя вышэй.

Вышэйзгаданая палітыка і дзеянні беларускіх уладаў працягваюць ствараць асабліва сур’ёзную пагрозу для выканання абавязацельстваў АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння, у тым ліку адносна выканання дзяржавамі-ўдзельніцамі сваіх абавязацельстваў у адпаведнасці з міжнародным правам. Каб падкрэсліць нашу заклапочанасць з нагоды далейшага пагаршэння ўнутраннай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і каб вывучыць развіцце сітуацыі з нядаўнімі сур’ёзнымі парушэннямі, зьвязанымі з агрэсіўнай вайной Расіі ва Ўкраіне, мы запускаем параграф 12 Дакумэнту Маскоўскай сустрэчы Канферэнцыі па чалавечым вымярэнні 1991 году (тады) КБСЕ з мэтай стварэння місіі экспертаў па ўстанаўленні фактаў для вывучэння пытанняў чалавечага вымярэння, вызначаных вышэй, з асаблівым акцэнтам на падзеі пасля завяршэння справаздачы Маскоўскага механізму 5 лістапада 2020 года, асабліва на абставіны, звязаныя з ростам колькасці затрыманых па палітычна матываваных прычынах, а таксама нядаўнія заканадаўчыя папраўкі, у тым ліку ў Крымінальны кодэкс і Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму.

З мэтай унесці свой уклад у бягучыя і любыя будучыя намаганні па прыцягненню да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку з боку грамадзянскай супольнасці і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, мы заклікаем місію экспертаў устанавіць факты і паведаміць пра іх, а таксама пракансультаваць Рэспубліку Беларусь, АБСЕ і міжнародную супольнасць аб магчымых шляхах вырашэння пастаўленых пытанняў.

Нагадваем беларускім уладам, што ў адпаведнасці з параграфам 10 Маскоўскага дакумента экспертная місія, адзін член якой можа быць абраны Рэспублікай Беларусь, павінна мець магчымасць даць аб’ектыўную і непрадузятую справаздачу і рэкамендацыі па гэтых пытаннях.

Мы заклікаем беларускія ўлады ў поўнай меры супрацоўнічаць і садзейнічаць працы місіі экспертаў у адпаведнасці з параграфам 6 Маскоўскага дакумента АБСЕ.

Дзякуй, спадар старшыня.