
30 ліпеня Часовы павераны Скот Роланд сустрэўся з маладымі беларусамі, якія атрымалі стыпендыі па праграме сенатара Фулбрайта для замежных студэнтаў і накіроўваюцца ў ЗША на вучобу ў магістратуры амерыканскіх універсітэтаў. Часовы павераны адзначыў, што праграма сенатара Фулбрайта – гэта адна з найэфектыўнейшых праграм абмену, якая спрыяе ўзаемаразуменню паміж народам Злучаных Штатаў і іншымі краінамі. Ён выказаў надзею сустрэцца зноў, каб пачуць асабісты досвед ад маладых людзей пасля iх вяртання з Амерыкі. Падчас жывой і нефармальнай размовы студэнты распавялі пра свае планы на вучобу і ўласныя інтарэсы. Скот Роланд прыгадаў свае студэнцкія гады і адзначыў магчымасці, што атрымалі навукоўцы з надыходам лічбавага веку. Ён таксама падкрэсліў ролю сацыяльных сетак у падтрыманні сувязі з сям’ёй, сябрамі і калегамі па ўсім свеце.