Заява Дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена
2 снежня 2021 г.
Сёння ў каардынацыі з міжнароднымі саюзнікамі і партнёрамі мы прымаем дадатковыя меры, каб падняць кошт для Аляксандра Лукашэнкі і яго рэжыму за іх пастаянныя наступы на дэмакратыю, правы чалавека і міжнародныя нормы, а таксама за жорсткія рэпрэсіі супраць беларусаў як унутры краіны, так і за яе межамі. Гэтыя крокі ўяўляюць сабой наша трэцяе ў гэтым годзе скаардынаванае дзеянне разам з саюзнікамі і з’яўляюцца яшчэ адным наступствам абуральнага iгнаравання беларускімi ўладaмi правoў чалавека і невыканання Беларуссю сваіх абавязацельстваў у адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам у гэтай галіне.
У адпаведнасці з распараджэннямі 13405 і 14038, Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) вызначыла тры самалёты як заблакіраваную ўласнасць і вызначыла 32 фізічныя і юрыдычныя асобы, у тым ліку беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы, дзяржаўных службоўцаў і іншых асоб, якія падтрымліваюць рэжым і спрыяюць яго рэпрэсіям. Акрамя таго, OFAC выпусціла дырэктыву, якая забараняе некаторыя віды дзейнасці, звязаныя з новымi фiнансавымi абавязацельствамi тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён, выдадзенымi Міністэрствам фінансаў Беларусі або Банкам Развіцця Рэспублікі Беларусь.
Сённяшнія дзеянні дэманструюць нашу непахісную рашучасць дзейнічаць супраць жорсткага рэжыму, які ўсё больш рэпрэсіруе беларусаў, падрывае мір і бяспеку ў Еўропе і працягвае тварыць злоўжываннi ў адносiнах да людзей, імкненнем якіх з’яўляецца толькі жыццё ў свабодзе. Гэтыя санкцыі таксама з’яўляюцца адказам на бяздушнае выкарыстанне рэжымам Лукашэнкі ўразлівых мігрантаў з іншых краін з мэтаю арганізаваць незаконны перавоз мігрантаў праз мяжу з краінамі ЕС.
Злучаныя Штаты вітаюць крокі, зробленыя сёньня супраць рэжыму Лукашэнкі нашымі саюзнікамі і партнёрамі, у тым ліку Еўрапейскім саюзам, Вялікабрытаніяй і Канадай. Мы таксама дзякуем Польшчы, Літве і Латвіі за рэакцыю на крызіс з мігрантамі, які рэжым Лукашэнкі стварыў на іх межах.
Крызіс з мігрантамі – гэта толькі апошні прыклад рэпрэсіўнай жорсткасці рэжыму Лукашэнкі і яго відавочнага ігнаравання міжнародных нормаў. Рэжым несправядліва ўтрымлівае амаль 900 палітвязняў, некаторыяр з якiх пакутуюць у турме па сфабрыкаваных абвінавачваннях больш за год, а іншыя адбываюць працяглыя тэрміны турэмнага зняволення за рэалізацыю сваіх асноўных свабод. Амаль усе незалежныя СМІ зачыненыя, а беларускія ўлады спрабуюць прымусіць замаўчаць няўрадавыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасць праз сфабрыкаваныя абвінавачваннi ў «экстрэмізме». Гэтыя рэпрэсіі выходзяць за межы Беларусі, і беларусы сутыкаюцца з запалохваннем за мяжой, напрыклад, калі рэжым вымусiў рэйс 4978 Ryanair перанакiравацца ў Мінск з відавочнай мэтай арышту беларускага журналіста Рамана Пратасевіча.
Наша пазіцыя зразумелая: Злучаныя Штаты заклікаюць рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, палітычнай апазіцыі, спартсменаў, студэнтаў, юрыстаў і іншых беларусаў; неадкладна вызваліць усіх палітвязняў; весці шчыры дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю; выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека; спыніць цiск на ўразлівых людзей; і правесці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраннем. Мы будзем i далей працаваць з міжнароднай супольнасцю, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях і парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.
Стоячы разам з народам Беларусі ў падтрымку яго правоў і асноўных свабод, мы адкажам на зацятасцьБеларусі прамым павышэннем кошту вядзення бізнесу з рэжымам Лукашэнкі i ў яго iнтарэсах.
Каб даведацца больш пра сённяшнія дзеянні, наведайце старонку https://home.treasury.gov/news/press-releases/jy0512