Пачаўся прыём заявак на праграму Х’юберта Хамфры!

Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі аб’яўляе конкурс на ўдзел у праграме Х’юберта Хамфры ў 2021-2022 навучальным годзе. Стыпендыі праграмы Хамфры прапануюцца спецыялістам, якія маюць адпаведны прафесійны вопыт і здольнасць у поўнай меры скарыстацца самастойнай праграмай незалежнага навучання ў адным з вядучых універсітэтаў ЗША. Удзельнікі праграмы атрымліваюць сертыфікат ад урада ЗША, але праграма не прадугледжвае магчымасці атрымання вучонай ступені.

Праграма Х’юберта Хамфры прадстаўляе магчымасць дасведчаным спецыялістам з Беларусі і іншых краін свету прайсці гадавую стажыроўку ў ЗША для правядзення навуковай працы і павышэння прафесійнага майстэрства. Праграма была распачата ў 1978 годзе і атрымала сваю назву ў гонар былога амерыканскага сенатара і віцэ-прэзідэнта Х’юберта Харэйша Хамфры.

Праграма дае падставу для стварэння працяглых сувязей паміж грамадзянамі Злучаных Штатаў Амерыкі і іх калегамі ў іншых краінах, спрыяе абмену ведамі, а таксама садзейнічае дасягненню ўзаемаразумення ў свеце.

Стыпендыі прадастаўляюцца на конкурснай аснове кваліфікаваным кандыдатам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія плануюць надалей працаваць у дзяржаўным ці прыватным сектары.

Конкурсныя дысцыпліны на 2020-2021 навучальный год:

Устойлівае развіццё
• Развіццё сельскай мясцовасці і сельскай гаспадаркі;
• Эканамічнае развіццё/фінансы і банкаўская справа;
• Прыродныя рэсурсы, экалагічная палітыка і змяненне клімата;
• Гарадское і рэгіянальнае планаванне.

Будаўніцтва дэмакратычных інстытутаў
• Камунікацыя і журналістыка;
• Заканадаўства і правы чалавека;
• Міжнародная свабода рэлігіі;
• Аналіз дзяржаўнай палітыкі і дзяржаўнае кіраванне;
• Прафілактыка і палітыка ў адносінах гандлю людзьмі;
• Кіраванне і выпрацоўка палітыкі ў галіне тэхналогій;
• Кіраванне чалавечымі рэсурсамі.

Адукацыя
• Кіраванне, планаванне і палітыка ў галіне адукацыі;
• Кіраванне вышэйшай адукацыяй;
• Выкладанне англійскай мовы як замежнай.

Ахова здароўя
• Кіраванне і выпрацоўка палітыкі ў галіне аховы здароўя;
• Прафілактыка ВІЧ/СНІД;
• Адукацыя, прафілактыка і лячэнне злоўжывання наркатычнымі рэчывамі;
• Заразныя і інфекцыйныя хваробы.

Удзел у конкурсе:

Зацікаўленыя кандыдаты павінны падаць заяўку анлайн і прыкласці ўсе неабходныя дакументы. Заяўкі павінны быць пададзеныя не пазней за 23.59 (па Мінскім часе) 1 верасня 2020 года.

Інструкцыі і форма заяўкі даступны па спасылцы: https://apply.iie.org/huberthhumphrey

Пасля нацыянальнага адбору кандыдатуры прэтэндэнтаў на ўдзел у праграме будуць разгледжаныя незалежнымі адборачнымі камітэтамі і Саветам па замежным стыпендыям Дж. Уільяма Фулбрайта ў ЗША.

Фіналісты праграмы будуць аб’яўлены ў лютым-сакавіку 2021 года.

Кандыдаты на ўдзел у Праграме Х’юберта Хамфры павінны адпавядаць наступным патрабаванням:

• Быць грамадзянамі Беларусі;
• Мець дыплом аб вышэйшай адукацыі (ступень бакалаўра і вышэй);
• Мець не менш за пяць гадоў прафесійнага стажу;
• Дэманстраваць лідэрскія здольнасці і імкненне прыносіць карысць грамадству;
• Добра ведаць англійскую мову (неабходна будзе здаць экзамен TOEFL).

Умовы ўдзелу:

Праграма Х’юберта Хамфры аплачвае міжнародны пералёт, кошт навучання ва ўніверсітэце, медыцынскую страхоўку, а таксама прадастаўляе штомесячную стыпендыю і сродкі для набыцця падручнікаў і ўдзелу ў прафесійных мерапрыемствах. Праграма не пакрывае выдаткі на знаходжанне ў ЗША суправаджаючых асоб.

Каб даведацца больш аб Праграме Х’юберта Хамфры, калі ласка, наведайце афіцыйны англамоўны сайт праграмы па адрасе https://humphreyfellowship.org/

Вы таксама можаце наведаць старонкі праграмы ў сацсетках: Facebook (http://www.facebook.com/HumphreyFellowship), Instagram (https://www.instagram.com/humphreyfellowship/), Twitter (https://twitter.com/humphreyprogram), YouTube (http://www.youtube.com/user/HumphreyFellowship) і LinkedIn (http://www.linkedin.com/groups/Hubert-H-Humphrey-Fellowship-Program-4060066?trk=myg_ugrp_ovr).

За дадатковай інфармацыяй, калі ласка, звяртайцеся ў Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША па імэйле belarusprogram@gmail.com