Глеб Шымановіч, эканаміст Даследчага цэнтра ІПМ, прыняў удзел у Праграме IVLP – праграме міжнародных абменаў Дзяржаўнага дэпартамента ЗША на тэму сучасных выклікаў эканамічнай палітыкі Злучаных Штатаў. У праграме, якая праводзілася ў сакавіку 2017 года, узялі ўдзел прадстаўнікі даследчых інстытутаў, бізнес-саюзаў, СМІ і органаў дзяржаўнага кіравання з 20 краін Еўропы.
У межах праграмы ўдзельнікі наведалі чатыры гарады ЗША: Вашынгтон, Нью-Ёрк, Дэтройт і Сан-Францыска, дзе мелі магчымасць сустрэцца з афіцыйнымі асобамі, адказнымі за развіццё фінансавых інстытутаў і знешнюю эканамічную палітыку ЗША, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і бізнесу, якія вызначаюць кірунак эканамічнага развіцця асобных штатаў і гарадоў краіны.
Асноўнымі тэмамі сустрэч у Вашынгтоне былі прынцыпы рэгулявання фінансавага рынку, змены ў знешнегандлёвай палітыцы ЗША, а таксама сучасныя выклікі ў галіне эканамічнай палітыкі. Праграма мерапрыемстваў у Нью-Ёрку была накіравана на асвятленне прынцыпаў працы фінансавага сектара штата, а таксама палітыкі штата па прыцягненню замежных інвестыцый і падтрымцы экспарту. Сустрэчы ў Дэтройце былі прысвечаны развіццю малога прадпрымальніцтва як інструмента, які дазволіў гораду пачаць выхад са структурнага крызісу. У Сан-Францыска ўдзельнікі праграмы мелі магчымасць абмеркаваць развіццё новых форм прадпрымальніцтва з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі бізнесу.
Глеб Шымановіч дзеліцца сваімі ўражаннямі ад праграмы:
«Самыя яскравыя ўражанні пакінула наведванне Дэтройта. З аднаго боку, у горадзе шмат што кажа пра заняпад, звязаны са шматгадовай стагнацыяй аўтамабільнай галіны. З іншага боку, у горадзе выразна бачныя парасткі новай эканомікі, заснаванай на малым бізнесе, развіцці сектара паслуг і тэхналогій. Я з непадробнай цікавасцю буду сачыць за далейшым развіццём Дэтройта і шчыра хвалявацца за яго поспех. Мне б хацелася, каб у людзей, якія ўзялі на сябе адказнасць за фарміраванне новага вобразу горада, усё атрымалася.
У цэлым, праграма аказалася вельмі разнастайнай і насычанай. Яна дала ўдзельнікам практычна неабсяжны аб’ём інфармацыі аб тым, як эканамічная палітыка ЗША рэагуе на сучасныя выклікі і ў якім напрамку ідзе развіццё яе эканомікі. Акрамя прамога эфекту ў выглядзе лепшага разумення эканомікі ЗША і бягучых тэндэнцый яе развіцця, удзел у праграме таксама істотна пашырыў межы разумення таго, якой можа быць эканамічная палітыка ў прынцыпе.
Праграма IVLP дае ўнікальную магчымасць абмену думкамі і ведамі паміж яе ўдзельнікамі. Наступствам такіх зносін робіцца лепшае разуменне прадстаўнікоў іншых краін. Спадзяюся, тры тыдні зносін далі магчымасць сфарміраваць у ўдзельнікаў праекта карэктнае ўяўленне пра Беларусь.
На мой погляд, толькі глыбокая ўцягнутасць прадстаўнікоў Бюро адукацыйных і культурных праграм Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША і сеткі некамерцыйных арганізацый Global Ties у рэалізацыю праграмы забяспечыла яе несумнеўную паспяховасць і велізарную карысць для ўдзельнікаў».