5-7 красавiка 2018 года Павераны ў справах ЗША Роберт Райлі наведаў Брэсцкую вобласць разам з прадстаўніком ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэдам Сарварам. На працягу вiзiту Павераны ўшанаваў памяць ахвяраў Першай сусветнай вайны, усклаўшы кветкі да помніка на месцы пахавання германскіх, расійскіх і польскіх салдат ля вёскі Кісялі, што ў Баранавіцкім раёне. На цырымоніі, што адбылася напярэдадні 6 красавіка – дня, калі ЗША ўступілі ў вайну 101 год таму – спадар Райлі адзначыў, што ”мы аддаем даніну павагі ўсім загінуўшым і іх сем’ям.”
Павераны таксама прайшоў з экскурсiяй па Брэсцкай крэпасцi, сустрэўся з прадстаўнiкамi мясцовых уладаў i наведаў дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр “Тонус” i Брэсцкую абласную бібліятэку, з якой амбасада шмат гадоў супрацоўнічае ў рамках праграмы “Усё пра ЗША”. Напрыканцы вiзiту спадар Райлi ўзяў удзел у трэнiроўцы бейсбольна-сафтбольнага клубу “Брэсцкiя зубры”.