11 лістапада, 2019
Добры дзень, шаноўнае спадарства. Спадар міністр, дзякуй за натхняльныя словы. Для мяне вялікі гонар удзельнічаць у адкрыцці другога дня Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва (GEW). Перш чым пачаць, я хацела б падзякаваць камандзе Bel.biz за арганізацыю такога ўражальнага форуму і іншых цікавых мерапрыемстваў Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі. Я вельмі ганаруся, што ўстойлівая падтрымка GEW Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці (USAID) ў апошнія дзевяць гадоў, з моманту яго запуску ў Беларусі ў 2011 годзе, дапамагла Беларусі далучыцца да сусветнай супольнасці прадпрымальнікаў.
Свет бачыць гісторыі поспеху беларускіх стартапаў і ІТ-індустрыі па меры таго, як Беларусь зарабляе рэпутацыю новага цэнтра дасканаласці тэхналогій. Значную ролю ў гэтым зруху адыгралі спрошчаныя і разумныя правілы рэгулявання для ІТ-сектара Беларусі ў адпаведнасці з дэкрэтам аб лічбавай эканоміцы. Дэкрэт стымуляваў рост прыватнага сектара ў ІТ-сферы, павялічыў экспарт ІТ-паслуг і спрыяў умацаванню незалежнасці і ўстойлівасці беларускай эканомікі. Разумныя рэформы ў ІТ-сектары аказалі адметны эфект распаўсюджвання – ствараючы попыт на інавацыйныя тавары і паслугі, пашыраючы магчымасці працаўладкавання і паляпшэння ўзроўню жыцця беларусаў па ўсёй краіне – не толькі ў Мінску. Што яшчэ больш важна, лідары беларускага сектара высокіх тэхналогій зараз адыгрываюць больш актыўную ролю ў вызначэнні будучага развіцця краіны ў ІТ-сектары і за яго межамі. Больш устойлівыя кампаніі рэінвестуюць свае рэсурсы ў мясцовыя супольнасці і экасістэму стартапаў, ствараючы «дабрадзейны цыкл», які дапамагае стартапам выжываць і дамагацца поспеху на сённяшнім канкурэнтным сусветным рынку.
USAID разам з Амбасадай ЗША знаходзяцца ў авангардзе намаганняў па развіцці інавацыйнай эканомікі Беларусі. Праз школу TechMinsk агенцтва USAID з 2013 года прафінансавала навучанне больш чым 250 маладых прадпрымальнікаў. У мінулым месяцы TechMinsk прапанаваў прадпрымальнікам падтрымку і навыкі для рэалізацыі сваіх бізнес-ідэй і ператварэння стартапаў у будучых лідараў у Беларусі. Я з радасцю абвяшчаю, што новы праект партнёрства з праграмай Google Launchpad “запусціць” мясцовыя стартапы на новы ўзровень і звяжа іх з сусветным вопытам і фінансаваннем. Гэта толькі адзін прыклад таго, як амерыканскі ўрад і амерыканскія кампаніі дапамагаюць падтрымліваць наступнае пакаленне беларускіх прадпрымальнікаў, лідараў і інаватараў!
Акрамя таго, USAID дапамагло Беларусі ў развіцці рынку венчурнага фінансавання для падтрымкі бізнесу будучыні шляхам стварэння беларускай сеткі бізнес-ангелаў “AngelsBand”. Гэты праект падрыхтаваў больш за 80 патэнцыйных інвестараў і накіраваў іх у навучальныя туры ў ЗША і Еўропу. Цягам апошняга году я таксама мела магчымасць наведаць некалькі з 17 стартап-школ, якія былі створаны ва ўсіх рэгіёнах Беларусі партнёрам USAID – Таварыствам падтрымкі інавацыйнага бізнесу. Амаль 8 500 удзельнікаў ужо прайшлі навучанне ў стартап-школах. Больш за 550 стартап-каманд прадставілі свае праекты інвестарам і бізнес-экспертам у «Дні эксперта і інвестара».
Аддзел інфармацыі, культуры і адукацыі амбасады таксама некалькімі спосабамі падтрымлівае развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі. Па-першае, мы даем малыя гранты прадпрымальнікам. У апошнія два гады Амбасада прафінансавала дзесяць грантаў на агульную суму звыш 170 000 долараў ЗША для падтрымкі праектаў, накіраваных на сельскае прадпрымальніцтва, жаночае прадпрымальніцтва і стварэнне працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. Па-другое, мы падтрымліваем праграмы прафесійнага абмену, якія накіроўваюць беларусаў у ЗША, каб яны маглі развіваць прадпрымальніцкія навыкі. За апошні год аддзел інфармацыі, культуры і адукацыі накіраваў 10 спецыялістаў – у тым ліку дзяржаўных служачых, прыватных прадпрымальнікаў і выкладчыкаў дзяржаўных універсітэтаў – па праграмах, якія садзейнічаюць развіццю прадпрымальніцтва і МСП. Па-трэцяе, аддзел інфармацыі, культуры і адукацыі падтрымлівае прадпрымальнікаў заўтрашняга дня, навучаючы маладых людзей фінансавай пісменнасці. Працуючы з бібліятэкай-партнёрам у Магілёве, мы праводзілі курсы для вучняў сярэдняй школы па тым, як зарабляць, інвеставаць і расходваць грошы, распрацоўваць бізнес-план і выкарыстоўваць розныя сродкі для прасоўвання сваіх праектаў.
Наведванне Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва заўсёды натхняе мяне і напаўняе аптымізмам у дачыненні да будучыні Беларусі. Па меры развіцця нашых двухбаковых адносін – не толькі на палітычным узроўні, але і на ўзроўні экспертных абменаў, навучання студэнтаў у ЗША, і амерыканскіх інвестыцый у эканаміку Беларусі – будуць расці магчымасці для гэтых беларускіх інаватараў дзяліцца сваімі ідэямі і дапамагаць трансфармаваць мясцовую, рэгіянальную, а таксама сусветную эканоміку. Падарожнічаючы па Беларусі, я захапляюся выключнай прадпрымальнасцю і знаходлівасцю беларусаў, асабліва моладзі. Амбасада ЗША ў Мінску і агенцтва USAID спадзяюцца на партнёрства з беларусамі ў прыватным сектары эканоміцы, а таксама з кіраўнікі ўрада, такімі як міністр Крутой, каб гарантаваць, што наступнае пакаленне – будучыня Беларусі – дасягне рэалізацыі свайго поўнага патэнцыялу. Я жадаю вам усім плённай і натхняльнай дыскусіі сёння і на працягу ўсяго Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва. Дзякуй.