Амбасада ЗША ў Мінску абвяшчае конкурс на ўдзел у Праграме імя сенатара Фулбрайта для маладых (без ступені кандыдата навук) выкладчыкаў беларускіх ВНУ на 2022-20223 навучальны год. Праграма Фулбрайта для выкладчыкаў не прадугледжвае атрыманне вучонай ступені, а дае магчымасць прайсці прафесійную стажыроўку ў навучальнай установе ЗША з мэтай:
- распрацоўкі новых курсаў і навучальных праграм у сваіх установах
- павышэння прафесійнага майстэрства і авалодання новымі методыкамі выкладання
- пашырэння інфармацыйнай базы ў сваёй галіне вывучэння
- усталявання доўгатэрміновых прафесійных сувязяў і трывалых кантактаў паміж сваёй навучальнай установай і прымаючым універсітэтам
Зацікаўленыя кандыдаты мусяць адпавядаць наступным крытэрыям:
- быць грамадзянамі Беларусі і пастаянна пражываць у краіне
- мець дыплом аб вышэйшай адукацыі
- з’яўляцца выкладчыкамі адной з навучальных устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь на момант падачы заяўкі
- мець вопыт выкладання ў адной з устаноў вышэйшай адукацыі не менш за два гады на момант падачы заяўкі
- добра валодаць англійскай мовай (адабраныя фіналісты павінны будуць прайсці тэст TOEFL)
Прафесійная стажыроўка ў ЗША на працягу аднаго семестра дае магчымасць удзельнікам пазнаёміцца з праграмамі навучання ў амерыканскіх універсітэтах, узяць удзел у распрацоўцы курсаў, сабраць неабходныя матэрыялы для сваіх даследаванняў, а таксама усталяваць кантакты з амерыканскімі калегамі. Нягледзячы на тое, што гэтая праграма не прадугледжвае атрымання вучонай ступені, яна стварае добрыя магчымасці для прафесійнага росту ў любой галіне.
Фінансаванне праграмы
Праграма Фулбрайта для выкладчыкаў беларускіх ВНУ спансуецца Дзярждэпартаментам ЗША і прадугледжвае аплату міжнароднага і мясцовых пералётаў, медыцынскага страхавання, а таксама штомесячнай стыпендыі на працягу ўсяго перыяду стажыроўкі.
Працэс падачы заявак
Зацікаўленыя кандыдаты павінны запоўніць анлайн-заяўку па спасылцы https://apply.iie.org/ffsp2022/ да 1 кастрычніка 2021 года.
*Заяўкі на ўдзел у праграме Фулбрайта для выкладчыкаў размяшчаюцца ў раздзеле заявак на праграму Фулбрайта для замежных студэнтаў (Fulbright Foreign Student Program), але адбор вядзецца па асобным конкурсе.
Адбор кандыдатаў на ўдзел у Праграме Фулбрайта для беларускіх выкладчыкаў ВНУ праводзіцца ў Аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША ў Мінску. Паспяховыя кандыдаты будуць запрошаны на інтэрв’ю.
Праграма дае роўныя магчымасці ўсім удзельнікам і не дыскрымінуе іх па расавых, палавых, рэлігійных, нацыянальных і этнічных прыкметах, сэксуальнай арыентацыі, мове або інваліднасці.
Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, звяртайцеся ў Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША па электроннай пошце: belarusprogram@state.gov