Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі аб’яўляе конкурс на атрыманне стыпендый праграмы Фулбрайта і Нацыянальнага ўпраўлення архіваў у галіне захавання спадчыны на 2022-2023 акадэмічны год.
Гэтая праграма, якая з’яўляецца часткай праграмы Фулбрайта для навукоўцаў, прапануе беларускім навукоўцам і даследчыкам магчымасць наладзіць кантакты з экспертамі Нацыянальнага архіва ЗША падчас правядзення даследаванняў у яго найноўшай лабараторыі па навуковых даследаваннях і выпрабаваннях у галіне захавання спадчыны ў г. Каледж-Парк, штат Мэрылэнд. Праграма з’яўляецца вынікам супрацоўніцтва Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША і Нацыянальнага ўпраўлення архіваў і дакументацыі ЗША. Яна была заснаваная для падтрымкі адукацыі і даследаванняў у галіне архіўнай справы.
Зацікаўленыя кандыдаты могуць падаць заяўку анлайн па спасылцы: https://apply.iie.org/fvsp2022 (пасля таго, як вы пачнеце запаўненне заяўкі, калі ласка, пераканайцеся, што вы абралі “Fulbright-National Archive” у выпадальным меню “Award” на старонцы “Country Information”). Дадатковую інфармацыю аб праграме можна знайсці тут: https://cies.org/fulbrightnationalarchives.
Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 кастрычніка 2021 года.
Праца ў рамках праграмы
Пераможца конкурснага адбору будзе працаваць у Лабараторыі навуковых даследаванняў і выпрабаванняў у галіне спадчыны Нацыянальнага архіва ЗША – сучаснай установе, якая займаецца навуковымі даследаваннямі для аказання дапамогі ў захаванні, кансервацыі і забеспячэнні пастаяннай даступнасці для грамадскасці культурных і гістарычных артэфактаў, запісаў і дакументаў.
Стыпендыят будзе працаваць з групай экспертаў у галіне захавання спадчыны і атрымае практычны досвед працы ў лабараторыі. Спецыялісты лабараторыі сумесна з рознымі падраздзяленнямі архіва, а таксама з іншымі універсітэтамі, размешчанымі побач з г. Вашынгтон, акруга Калумбія, і партнёрамі з дзяржаўных устаноў працуюць над разнастайнымі праектамі, у якіх выкарыстоўваюць свае веды ў галіне аналітычнай хіміі, фізікі, вылічальнага мадэлявання і матэрыялазнаўства. Калекцыя Нацыянальнага архіва ЗША ўключае разнастайныя матэрыялы – ад папер i пэргамэнтаў да фатаграфій, сучасных кінастужак, магнітных аўдыё/візуальных носьбітаў і лічбавых файлаў. Пашырэнне ведаў аб калекцыях і пра тое, як знізіць рызыку іх пашкоджання і страты, з’яўляецца крыніцай натхнення для даследчых праектаў.
Месцазнаходжанне
Лабараторыя навуковых даследаванняў і выпрабаванняў у галіне спадчыны Нацыянальнага архіва ЗША размешчана недалёка ад г. Вашынгтон, акруга Калумбія, у г. Каледж-Парк, штат Мэрылэнд. Лабараторыя забяспечыць стыпендыята (-ку) неабходнай офіснай і працоўнай прасторай, а таксама доступам да расходных матэрыялаў і сродкаў абароны для працы ў эксперыментальнай лабараторыі, а таксама спецыяльным абсталяваннем, уключаючы настольны кампутар. У лабараторыі таксама маецца некалькі аналітычных прыбораў, уключаючы рэнтгенафлуарысцэнтныя спектрометры, Фур’е-спектрометры інфрачырвонага дыяпазону і храмата-мас-спектрометры. У лабараторыі таксама ёсць некалькі печаў з кантролем тэмпературы і вільготнасці, а таксама мікрафадометр, які часта выкарыстоўваецца для эксперыментаў па старэнні матэрыялаў.
Нацыянальнае ўпраўленне архіваў і дакументацыі (National Archives and Records Administration, NARA) – гэта незалежнае агенцтва ўрада Злучаных Штатаў, якое адказвае за захаванне і дакументаванне дзяржаўных і гістарычных дакументаў ЗША. У той час як асноўныя офісы NARA знаходзяцца ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, агенцтва ўяўляе сабой сетку з больш чым 40 офісамі па ўсёй краіне, уключаючы прэзідэнцкія бібліятэкі.
Патрабаванні да кандыдатаў
Кандыдатамі могуць быць даследчыкі або спецыялісты ў галіне навукі аб спадчыне або сумежных тэхнічных абласцях. Патрабуецца ступень магістра, але больш пажадана мець ступень PhD (кандыдата навук) або эквівалентны прафесійны вопыт. Суіскальнікі доктарскай ступені, якія працуюць над дысертацыйнымі праектамі, звязанымі з навукай аб спадчыне, таксама могуць прэтэндаваць на ўдзел у праграме.
Дысцыпліны
Спадчына / Навука аб захаванні спадчыны;
Прафілактычная кансервацыя;
Хімія;
Фізіка;
Матэрыялазнаўства і інжынерыя;
Мікрабіялогія;
Статыстыка.
Вобласці інтарэсаў
Захаванне і кансервацыя культурнай спадчыны;
Прымяненне тэхналогій для вырашэння складаных пытанняў у галіне захавання спадчыны і кіравання рызыкамі;
Аналіз і візуалізацыя дадзеных.
Праграма прапануе
Удзельнік(-ца) праграмы зможа атрымаць візу J-1. Яму/ёй таксама будзе прадастаўлена адпаведная медыцынская страхоўка і аплочаны міжнародны пералёт у ЗША і назад. Акрамя таго, будзе прадастаўлена стыпендыя для пакрыцця выдаткаў на пражыванне, добраўпарадкаванне і прафесійнае развіццё, а таксама, пры неабходнасці, невялікая стыпендыя на членаў сям’і, якія будуць суправаджаць удзельніка(-цу). Адказнасць за медыцынскае страхаванне і выдаткі на праезд членаў сям’і нясе сам(-а) удзельнік(-ца). Акрамя таго, стыпендыяты праграмы змогуць прыняць удзел у дадатковых мерапрыемствах праграмы Фулбрайт, а таксама прэтэндаваць на стыпендыі, якія дазваляюць наведваць універсітэты і іншыя арганізацыі ў ЗША. Стыпендыяты праграмы стануць часткай разнастайнай і актыўнай сусветнай сеткі выпускнікоў, якія адчуваюць ўплыў свайго вопыту ўдзелу ў пограмме Фулбрайта на працягу доўгага часу пасля заканчэння самой праграмы.
Працягласць і тэрміны праграмы
Мінімум 5 месяцаў, максімум 12 месяцаў
Пачатак – верасень 2022 года
Апошні тэрмін падачы заяўкі
15 кастрычніка 2021 года
Як падаць заяўку
Падаць заяўку можна анлайн тут: https://apply.iie.org/fvsp2022.
Важныя заўвагі:
Пасля таго, як вы пачнеце запаўненне сваёй заяўкі, калі ласка, пераканайцеся, што вы абралі “Fulbright-National Archive” у выпадальным меню “Award” на старонцы “Country Information”.
Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, звяртайцеся ў Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША па імэйле belarusprogram@state.gov ці па тэлефоне +375 17 210-1283 (дадатковы нумар 5612).