10 лiпеня 2019
Прыём, прысвечаны Дню незалежнасцi ЗША
Паважаныя намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, намеснік дзяржаўнага сакратара Польшчы Марцін Пжыдач, паважаны намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Джордж Кент, калегі, сябры, госці.
Дзякуй, што далучыліся да нас для святкавання 243-га дня нараджэння ЗША.
Таксама я хацела б шчыра падзякаваць нашым шматлікім спонсарам, дзякуючы якім гэты прыём (і наш чырвона-бела-сіні дыван) сталі магчымымі!
Дзякуй цудоўным музыкам з Джазавага квартэту Ары Роланда!
І, вядома, дзякуй усёй камандзе Амбасады ЗША, і асабліва Элісан Макой, за іх працавітасць і адданасць падчас падрыхтоўкі нашага мерапрыемства, якое заслугоўвае Оскара.
Для амерыканцаў 4 ліпеня з’яўляецца днём асэнсавання вялікай каштоўнасці свабоды і незалежнасці, а таксама неабходнасці заўсёды заставацца пільнымі, каб іх абараніць.
Злучаныя Штаты – не адзіная краіна, якая шануе свабоду і незалежнасць. На працягу ўжо 28 гадоў Беларусь з’яўляецца незалежнай краінай, і я бачу, як пашыраецца беларускі нацыянальны гонар і інтарэс да грамадзянскіх правоў і абавязкаў.
Для мяне вялікі гонар прадстаўляць сваю краіну ў Беларусі, і я ўдзячная за магчымасць быць тут у гэты важны момант у нашых двухбаковых адносінах і ў гісторыі Беларусі.
Адным з ключавых падмуркаў нашых двухбаковых адносін з’яўляецца супольнасць амерыканскіх кампаній у Беларусі. Гэта найбольш заўважныя амбасадары Амерыкі і, як я часту кажу, амерыканскія кампаніі з’яўляюцца добрымі суседзямі!
Яны не толькі ствараюць новыя працоўныя месцы і прасоўваюць эканамічнае развіццё, але і з’яўляюцца адказнымі членамі грамадства.
Як і ў Злучаных Штатах, амерыканскія кампанія ў Беларусі дапамагаюць фармаванню новага пакалення прадпрымальнікаў, лідэраў і інаватараў!
Маладыя беларусы, якія працуюць у амерыканскіх кампаніях, атрымліваюць каштоўныя прафесіянальныя навыкі, і як шматлікія амерыканцы, напрыклад, заснавальнік Amazon Джэф Безас, які працаваў у McDonalds, ці Прэзідэнт Абама, які прадаваў марожанае ў Baskin Robbins, прыносяць гэтыя навыкі на наступнае месца працы, засноўваюць стартапы ці прыходзяць на дзяржаўную службу.
Амерыканскія кампаніі займаюць вядучыя ролі ў беларускім ІТ-сектары. Ад EPAM, які быў адным з піянераў індустрыі, да тэхналагічнай кампаніі Mapbox, якая нядаўна прыехала ў Беларусь – усе гэтыя кампаніі не толькі прапануюць найбольш прасунутыя паслугі, але яшчэ і актыўна працуюць над паляпшэннем экасістэмы IT у Беларусі, выховаючы новае пакаленне прафесіяналаў.
Амерыканскія кампаніі таксама разбіваюць стэрэатыпы і дапамагаюць неабароненым групам беларускага грамадства. Гатэль Renaissance Minsk, дзякуючы супрацоўніцтву з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям і маладым людзям з інваліднасцю – партнёрам Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці, прыняў у свой штат асоб з сіндромам Даўна, і сёння гэтыя два маладыя чалавекі – Васіль Паўлікаў і Мгер Мінасян – у нас у гасцях.
У гэтым годзе кампанія Coca-Cola працягнула свой экалагічны праект у Ельні па абароне і аднаўленні цудоўных беларускіх балот.
Як я сказала, амерыканскія кампаніі з’яўляюцца добрымі суседзямі!
Злучаныя Штаты ўпэўнены, што павага да правоў і свабодаў чалавека маюць ключавое значэнне для пабудовы квітнеючых, устойлівых і мірных дзяржаў. Я ўпэўнена, што спадар Краўчанка пагадзіцца са мной, што нашыя ўрады не заўсёды прытрымліваюцца аднолькавага пункту гледжання. Але я таксама рада, што нягледзячы на нашы адрозненні, мы знаходзім сферы для супрацоўніцтва, якое ўмацоўвае бяспеку ў рэгіёне, незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.
У апошнія паўгады Федэральнае бюро раследванняў і Упраўленне па барацьбе з наркотыкамі ЗША падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні з урадам Беларусі, каб разам палепшыць узровень бяспекі на мяжы.
Таксама мы супрацоўнічаем па лініі Міністэрства энергетыкі ЗША і ў рамках праграмы экспартнага кантроля і бяспекі на мяжы з мэтай паляпшэння магчымасцяў Беларусі па выяўленні выклікаў для бяспекі краіны і яе суседзяў.
Наша супрацоўніцтва не зводзіцца да сувязяў паміж урадамі. Я ганаруся тым, што дзякуючы амерыканскім кампаніям, рэлігійным групам, іншым недзяржаўным арганізацыям і прыватным асобам, Злучаныя Штаты сталі найбуйнейшым донарам гуманітарнай дапамогі для Беларусі.
Але я рада быць у Беларусі і па іншых прычынах. Для мяне ёсць гонарам бачыць, як новае пакаленне беларусаў, якія нарадзіліся і выраслі ў незалежнай Беларусі, займае ўсё больш заўважныя ролі.
Сустракаючыся з маладымі прадпрымальнікамі ў IMAGURU, выпускнікамі праграмаў абмену Community Connections і IVLP па ўсёй краіне, я застаюся вельмі ўражаная беларусамі і ганаруся тым, што мы дапамагаем ім раскрыць іх поўны патэнцыял.
Словамі Янкі Купалы: «Занімай, Беларусь маладая мая, cвой пачэсны пасад між народамі».