Дзіяна Галубіцкая, удзельніца Летняга трансатлантычнага інстытута імя Бенджаміна Франкліна 2017 года, вярнулася з ЗША, дзе разам з 54 такімі ж яркімі і таленавітымі маладымі людзьмі з 46 краін свету правяла насычаны месяц, вывучаючы амерыканскае грамадства і культуру, а таксама прадстаўляючы Беларусь амерыканцам і іншым удзельнікам.
Дзяіана распавядае пра свой вопыт удзелу ў праграме абменаў:
“Чатыры фантастычныя тыдні з разумнай, таленавітай і жыццярадаснай моладдзю з ЗША і 44 еўрапейскіх краін, людзьмі з рознага асяроддзя – вось што такое Летні інстытут імя Бэнджаміна Франкліна. З незнаёмцаў мы сталі сябрамі, з сяброў мы пераўтварыліся ў адну моцна звязаную сям’ю. Час, праведзены ў далечыні ад сваіх блізкіх, дзесьці за Атлантычным акіянам, змяніў мяне і даў вялікую колькасць карысных жыццёвых ведаў, дапамог пазнаць сябе, пашырыць свой далягляд, палепшыць свае здольнасці і навыкі, паспрабаваць вялікую колькасць новых відаў дзейнасці і атрымаць адказы на многія пытанні.
Адным з самых яскравых момантаў праграмы для мяне стаў “Міжнародны кірмаш” – мерапрыемства, падчас якога ў цябе ёсць магчымасць прэзентаваць сваю краіну гасцям (у нашым выпадку гэта былі мясцовыя бежанцы, працаўнікі Універсітэта Уэйк Форэст і амерыканскія сем’і , у хатах якіх мы пазней жылі на працягу 10 дзён). Я была вельмі рада пазнаёміць іншаземцаў з нашай сінявокай краінай, адказаць на іх пытанні і прапанаваць ім паспрабаваць нашыя пачастункі: зефір, мармелад, ірыс, цукеркі і чыпсы з беларускай бульбы, якія карысталіся асаблівай папулярнасцю.
Вялікую колькасць беларусаў цікавіць, ці ведаюць увогуле амерыканцы пра існаванне нашай краіны. Так, большасць з іх чулі пра яе існаванне і некаторыя нават могуць адказаць, дзе яна знайходзіцца. Яшчэ адна рэч, якая вельмі мяне ўразіла – вы можаце пайсці ў любую краму і, калі яны заўважаць, што вы іншаземец, то заўсёды запытаюць, адкуль вы прыехалі, па якой справе і як адбываецца ваш візіт . Амерыканцы заўсёды гатовыя пачуць штосьці аб вас і вашай Радзіме, яны заўсёды пажадаюць вам прыемнага знаходжання ў ЗША і параяць, што паспрабаваць падчас вашага падарожжа.
На працягу другога тыдня, які складаўся з адукацыйнай паездкі ў Філадэльфію і Вашынгтон, акруга Калумбія, мы наведалі велізарную колькасць розных музеяў. Я ніколі ў жыцці не ўяўляла, што аднойчы змагу пабачыць Белы дом, Капітолій і нават назіраць феерверк 4 ліпеня. Наведванне Дзярждэпартамента ЗША было адной з самых запамінальных частак паездкі. Мы мелі магчымасць сустрэцца з такімі спецыялістамі як каардынатар рэгіянальных выпускнікоў, намеснік памочніка сакратара Бюро па справах Еўропы, выканаўца абавязкаў памочніка дзяржаўнага сакратара па пытаннях адукацыі і культуры, а таксама спецыялістамі, якія займаюцца нашымі краінамі ў ЗША. Мы маглі задаць ім шмат пытанняў, якія тычацца праграм абмену і адносін паміж рознымі краінамі і ЗША. У нас таксама была гульня-сімуляцыя на тэму міжнароднага крызісу бежанцаў. Падчас сімуляцыі нас разбілі на групы і далі спецыяльны сцэнарый. Кожная група прадстаўляла пэўную краіну ці арганізацыю. Усе з нас з дапамогай дыпламатычных перамоў павінны былі вырашыць адну агульную праблему. Такім чынам, мы адчулі сябе дыпламатамі і грамадскімі дзеячамі, паспрабавалі іх нялёгкую працу.
Трэці тыдзень праграмы з’яўляецца маім любімым. Пасля вяртання са сталіцы мяне сутрэла мая амерыканская сям’я. У іх хаце я павінна была пражыць наступныя 10 дзён. Падчас майго гасцявання яны пазнаёмілі мяне з традыцыямі і звычаямі амерыканскіх сем’яў, з паходамі па гарах і парусным спортам, паспрабавалі нашыя дранікі, сырнікі і традыцыйныя бліны, дазволілі мне хадзіць па хаце нават не здымаючы абутак, і сталі вельмі блізкія майму сэрцу.
Я атрымала бясцэнны вопыт і сустрэла неверагодных людзей. Я ніколі не думала, што дом выпадковай незнаёмай сям’і можа стаць месцам, дзе я буду адчуваць сябе як у роднай хаце. Я ніколі не уяўляла, што разнастайнасць паміж людзьмі такая прыгожая. Сёння на зайздрасць іншым я магу сказаць, што ў 45 краінах свету у мяне заўсёды ёсць бясплатны гід, гатовы паказаць мне маляўнічыя мясціны сваёй радзімы і разам са мной прыгадаць шчаслівыя моманты Летняга інстытута імя Бэнджаміна Франкліна 2017.
Я вельмі ганаруся тым, што менавіта мне давялося прадстаўляць Беларусь падчас гэтай праграмы. Вялікі дзякуй амбасадзе ЗША ў Менску за такую выдатную магчымасць! Вельмі прыемна, што сёння маладыя беларусы могуць атрымаць такі бясцэнны вопыт, які атрымала я. Вельмі спадзяюся, што ў будучыні у нас будзе больш праграм такога тыпу, паколькі яны робяць вялікі ўнёсак у далейшае развіццё трансатлантычных адносін паміж нашай рэспублікай і іншымі краінамі, аб’ядноўваючы абсалютна розных людзей і даючы ім магчымасць абменьвацца ідэямі і думкамі аб тым, як зрабіць гэты свет лепшым. Я зрабіла ўсё магчымае, каб пакінуць толькі добрыя ўражанні аб Беларусі за мяжой.”
Дзіяна Галубіцкая
Выпускніца праграмы “Летні трансатлантычны інстытут імя Бенджаміна Франкліна”