ЗАЯВА ДЗЯРЖСАКРАТАРА ЭНТАНІ Дж. БЛІНКЕНА
У другую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мы аддаём належнае беларусам, якія 9 жніўня 2020 года ў рэкорднай колькасці прыйшлі галасаваць, каб рэалізаваць правы чалавека і вызначыць уласную будучыню. Калі стала ясна, што выбары былі скрадзеныя рэжымам Лукашэнкі, беларускі народ смела выйшаў на вуліцы. Паведамлялася, што сотні тысяч людзей сабраліся, каб мірна запатрабаваць свабодных і сумленных выбараў і дэмакратычнага пераходу. Цаной вялікіх асабістых ахвяр беларускі народ прадэманстраваў надзвычайную стойкасць у падтрыманні дэмакратычнага руху на працягу двух гадоў. Заклікі да дэмакратыі гучаць ад беларусаў, вымушаных выехаць за мяжу, ад больш за 1200 несправядліва затрыманых палітычных вязняў, і незлічонага мноства простых беларускіх грамадзян.
Іх мірныя заклікі да дэмакратыі сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай грубай сілай і кансалідаванымі рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа, прыгнётам незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. За апошнія два гады ў адказ на злоўжыванні рэжыму і ў падтрымку беларускага народа ўрад ЗША зрабіў шматлікія крокі, у тым ліку пашырыў санкцыйныя паўнамоцтвы праз выданне Выканаўчага загада 14038 у першую гадавіну выбараў, прыняў значныя санкцыйныя захады супраць беларускага рэжыму, сярод іншага, за яго недэмакратычныя і дэстабілізуючыя паводзіны і парушэнні правоў чалавека.
Сёння мы аб’яўляем аб далейшых кроках па ўвядзенні візавых абмежаванняў у дачыненні да 100 службовых асоб рэжыму і афіляваных асоб за ўдзел у падрыве або нанясенні шкоды дэмакратычным інстытутам, за перашкоду пераходу да дэмакратыі ў Беларусі ў адпаведнасці з Прэзідэнцкай Пракламацыяй 8015 (PP8015). У гэты спіс уваходзяць асобы, якія займаюць высокапастаўленыя пасады ў Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрстве ўнутраных спраў, Камітэце дзяржаўнай бяспекі, Цэнтральнай выбарчай камісіі, Генеральнай пракуратуры, цэнтральным апараце Следчага камітэта, Міністэрстве транспарту і камунікацый, Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Другім нацыянальным тэлеканале, а таксама ў Ваенна-паветраных сілах і войсках супрацьпаветранай абароны. У лік гэтых асоб таксама ўваходзяць члены парламента, раённыя суддзі, супрацоўнікі службаў бяспекі, члены выканаўчых камітэтаў і адміністратары дзяржаўных універсітэтаў. Асобы, якіх закранае пракламацыя, паводле звестак былі датычныя да катаванняў, гвалтоўных арыштаў мірных дэманстрантаў, рэйдаў у дамах і офісах журналістаў, прадстаўнікоў апазіцыі і актывістаў, атрымання прызнанняў пад ціскам, фальсіфікацыі выбараў, вынясення палітычна матываваных прысудаў палітвязням, адлічэння студэнтаў за ўдзел у мірных пратэстах, прыняцця заканадаўства, якое ўплывае на карыстанне асноўнымі свабодамі, і да актаў транснацыянальных рэпрэсій.
Пасля фальсіфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 года Дзяржаўны дэпартамент распачаў крокі па ўвядзенні візавых абмежаванняў за падрыў дэмакратыі ў Беларусі ў адпаведнасці з PP8015 у агульнай колькасці для 297 асоб.Акрамя таго, Дзяржаўны дэпартамент аб’яўляе аб увядзенні санкцый супраць Мікалая Карпянкова, намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі, і Дзмітрыя Балабы, камандзіра атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) ГУУС Мінгарвыканкама. Санкцыі супраць гэтых асоб уводзяцца ў адпаведнасці з раздзелам 7031(c) Закона аб фінансаванні Дзяржаўнага дэпартамента, замежных аперацый і сумежных праграм на 2022 год. Карпянкоў і Балаба вызначаныя за дачыненне да грубых парушэнняў правоў чалавека, а менавіта да адвольнага затрымання мірных дэманстрантаў. Балаба і Карпянкоў адыгралі істотную ролю ў рэпрэсіях, звязаных з фальсіфікаванымі прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня 2020 года, калі тысячы людзей былі жорстка затрыманыя і пацярпелі за ажыццяўленне правоў чалавека і асноўных свабод, у тым ліку шляхам мірных пратэстаў. Сёння існуючыя абмежаванні ў дачыненні да Карпянкова і Балабы пашыраюцца і будуць уключаць візавыя абмежаванні ў дачыненні да іх сем’яў, у тым ліку да жонкі Карпянкова Ірыны і дарослага сына Ігара, а таксама жонкі Балабы Таццяны і дарослых сыноў Арцёма і Максіма, пазбаўляючы іх права на ўезд у Злучаныя Штаты.
Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненні да дэмакратычнай, суверэннай і квітнеючай будучыні. Мы будзем працягваць дамагацца забеспячэння падсправаздачнасці за парушэнні правоў чалавека рэжыма Лукашэнкі і падтрымліваць міжнародныя намаганні па дакументаванні парушэнняў і прыцягненню вінаватых да адказнасці.