Даклад Маскоўскага механізму АБСЕ падрабязна распавядае пра распаўсюджаныя парушэнні правоў у Беларусі

ЗАЯВА ДЛЯ ПРЭСЫ
МАЙКЛ Р. ПАМПЕА, ДЗЯРЖАЎНЫ САКРАТАР
5 ЛІСТАПАДА 2020

У дакладзе Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па Беларусі, апублікаваным 5 лістапада, апісваюцца парушэнні правоў чалавека, учыненыя ў вялікім маштабе і беспакарана беларускімі ўладамі падчас фальсіфікаваных выбараў 9 жніўня і пасля іх. Парушэнні ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, апазіцыйных актывістаў і журналістаў ўключаюць катаванні, адвольныя затрыманні і абмежаванне свабоды слова, асацыяцый і мірных сходаў.

Мы застаемся натхнёнымі стойкасцю і годнасцю беларускага народа. Злучаныя Штаты працягваюць заклікаць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і прыслухацца да патрабаванняў беларускага народа аб свабодных і сумленных выбарах пры незалежным назіранні.

Рэкамендацыі ў гэтым дакладзе даюць беларускім уладам дарожную карту для выхаду з гэтага крызісу. Яны ўключаюць: стварэнне місіі па назіранні БДІПЧ АБСЕ (Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека); спыненне гвалту над уласным народам і прыцягненне да адказнасці тых, хто прызнаны вінаватым у здзейсненых злоўжываннях; вызваленне ўсіх, хто быў несправядліва затрыманы; і ўдзел у змястоўным нацыянальным дыялогу з сапраўднымі прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.