- Амерыканская дапамога Беларусі
- Падтрымка дэмакратызацыi
- Амерыканцы беларускага паходжання
Амерыканская дапамога Беларусі
“Акт у падтрымку свабоды для Расіі і новых еўразійскіх дэмакратый і адкрытых рынкаў” (FREEDOM Support Act), прыняты ў 1992 годзе, з’яўляецца асновай партнёрства ЗША з Беларуссю і іншымі краінамі СНД. Пачатковае і наступнае фінансаванне накіраванае на беларускія палітычныя і эканамічныя пераўтварэнні праз дапамогу дэмакратычным ініцыятывам, грамадзянскім абменам, гуманітарную дапамогу і тэхнічную дапамогу ў сферы энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя.
Падтрымка дэмакратызацыі
На працягу існавання двухбаковых адносінаў з Беларуссю Урад ЗША паслядоўна падтрымлівае развіццё дэмакратычных інстытутаў і больш адкрытага грамадства, а таксама вельмі сур’ёзна ставіцца да абавязацельстваў, узятых на сябе урадам Беларусі ў сферы правоў чалавека, у тым ліку свабоды слова і свабоды прэсы. Узрастаючае ігнараванне беларускімі ўладамі міжнародна прызнаных нормаў у гэтых абласцях прывяло да крытыкі Беларусі ў Справаздачы Дзярждэпартамента аб правах чалавека і, у рэшце рэшт, да перагляду палітыкі ЗША ў адносінах да Беларусі.
З мэтаю садзейнічання дэмакратычным рэформам на Беларусі, Амбасада заснавала Камісію па дэмакратыі, якая дапамагае маладым незалежным сродкам масавай інфармацыі і няўрадавым арганізацыям і зацвярджае верхавенства закона. Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры адміністрыруе грамадскія абмены, запрашае на Беларусь амерыканскіх экспертаў, якія даюць парады па дэмакратычных ініцыятывах і рэформах, дапамагае адміністрыраваць Праграму падрыхтоўкі і доступу ў інтэрнэт (IATP). Шмат дэмакратычных ініцыятываў на Беларусі арганізаваныя пры ўдзеле ўрадавых агенцтваў ЗША і прыватных арганізацый.
Міжнародная супольнасць вельмі сур’езна ставіцца да сітуацыі з правамі чалавека на Беларусі. У лютым 1998 года Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) заснавала на Беларусі Кансультатыўна-назіральную групу. У яе мандат уваходзіць дапамога беларускім уладам у развіцці дэмакратычных інстытутаў, нагляд і падрыхтоўка справаздач аб гэтым працэсе.
Падтрымка эканамічнай рэформы
Двухбаковае гандлёвае пагадненне паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю, якое гарантуе узаемны статус найбольшага спрыяння, уступіла ў сілу ў лютым 1993 года. Двухбаковае пагадненне аб інвестыцыях было ўзгоднена, але не ратыфікавана Сенатам ЗША. Беларусь мае права прымаць удзел у шэрагу праграмаў дапамогі, якія падтрымліваюцца Урадам ЗША, такіх як Заходні фонд прадпрымальніцтва СНД (аб стварэнні якога было заяўлена пад час візіту Прэзідэнта Клінтана ў Мінск у 1994 годзе), SABIT, BISNIS (Бізнес інфармацыя). Злучаныя Штаты выступалі за тое, каб Беларусь заключыла і прытрымлівалася пагадненняў з Міжнародным валютным фондам у межах праграмы макраэканамічнай стабілізацыі і адпаведных мер па правядзенні рэформы, а таксама правяла больш актыўную прыватызацыю і стварыла спрыяльныя ўмовы для бізнесу і інвестыцый. Нягледзячы на наяўнасць некаторых прамых амерыканскіх прыватных інвестыцый на Беларусі, іх развіццё ідзе адносна марудна з-за няпэўнага характару рэформ.
Удзел у Беларуска-амерыканскім камітэце па развіцці бізнесу дазваляе амерыканскаму боку абмяркоўваць магчымасці і перашкоды для амерыканскіх інвестыцый на Беларусі. Інтарэсы амерыканскага бізнесу на Беларусі прасоўвае таксама Амерыканская гандлёвая Палата.
Падтрымка дэмілітарызацыі і абароннай канверсіі
Злучаныя Штаты падтрымалі рашэнне Беларусі стаць бяз’ядзернай дзяржавай і вельмі высока ацэньваюць адданасць Беларусі Дагавору аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў і Дагавору аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. У межах праграмы Нана-Лугара ЗША падпісалі дамовы з Беларуссю па дэмантажу ядзернай зброі і па прадастаўленні дапамогі для абароннай канверсіі, экспартнага кантролю, жылля для звольненага ваеннага персаналу і аднаўлення навакольнага асяроддзя. У дадатак ЗША прадаставілі Беларусі абсталяванне для хуткага рэагавання на наступствы ядзернай катастрофы і бесперапынны канал сувязі, які дазваляе перадаваць даныя ў межах дагавароў па Ядзерных узбраеннях сярэдняй далёкасці і АСВ. Злучаныя Штаты таксама віталі падпісанне Беларуссю Дагавора аб звычайных узбраеннях у Еўропе ў 1992 годзе, які прадугледжвае скарачэнне і колькаснае абмежаванне асноўных катэгорый узбраенняў. У дадатак да дзейнасці, што звязана са скарачэнням узбраенняў, Злучаныя Штаты і Беларусь усталявалі сувязі паміж вайскоўцамі, якія ўключаюць у сябе магчымасці для адукацыі і падрыхтоўкі беларускага вайсковага персаналу і абмену візітамі вайсковых дэлегацый. Беларусь, разам з 23-ма іншымі краінамі Еўропы, далучылася да праграмы НАТО “Партнёрства дзеля міру”.
Падтрымка ў праваахоўнай сферы і заканадаўчай рэформе
Дапамога ў гэтай сферы засноўваецца на разуменні абодвума бакамі важнасці падтрымання законнасці і стварэння моцнай заканадаўчай інфраструктуры на Беларусі. Пад час перамоваў прадстаўнікоў Дзярждэпартамента ЗША, Міністэрства юстыцыі, Федэральнага боюро расследаванняў, Сакрэтнай службы, мытнай службы, Дэпартамента дзяржаўных збораў і Агенцтва па міжнародным развіцці з іх беларускімі калегамі вывучаўся маштаб крымінальных праблем, і была адзначана ўзрастаючая пагроза, якую гэтыя праблемы ўяўляюць для грамадства ў ЗША і Беларусі і для міжнароднай супольнасці ўвогуле. Спецыяльныя праграмы ў гэтай сферы ўключаюць у сябе падрыхтоўчыя курсы і семінары для прадстаўнікоў праваахоўных органаў Беларусі. Правядзенне заканадаўчых рэформаў на Беларусі ажыццяўляецца пры дапамозе Амерыканскай юрыдычнай асацыяцыі.
Гуманітарная дапамога і падтрымка сацыяльнага сектару
Амерыканская гуманітарная дапамога Беларусі прадастаўляецца Урадам ЗША і праз прыватныя ахвяраванні, у тым ліку ад рэлігійных арганізацый і асобных амерыканскіх грамадзян, каб аблегчыць цяжкасці, што існуюць у гэты перыяд у эканамічнай і сацыяльнай сферах.