Заява на вэбінары па чалавечым вымярэнні адносна доступу да інфармацыі і свабоды СМІ

Місія ЗША пры АБСЕ

Злучаныя Штаты ўдзячныя за магчымасць звярнуцца на сённяшнім вэбінары да пытанняў доступу да інфармацыі і свабоды СМІ. Свабода інфармацыі мае вельмі важнае значэнне для рэалізацыі прынцыпу VII Хельсінкскага заключнага акта, які прызнае права асоб ведаць і карыстацца сваімі правамі чалавека і асноўнымі свабодамі. Гэта таксама мае крытычнае значэнне для прасоўвання належнага дзяржаўнага кіравання.

Журналісты ў рэгіёне АБСЕ падвяргаюцца пераследу, фізічным нападам і нават забойствам за сваю працу, і занадта часта вінаватыя ў гэтых злачынствах не нясуць адказнасці. Дафна Каруана Галізія з Мальты і Вадзім Камароў з Украіны – гэта толькі два журналісты-расследавальнікі, якія былі забітыя ў апошнія некалькі гадоў з-за сваёй працы па выкрыцці карупцыі. У Расіі тыя, хто замовіў забойствы такіх смелых журналістаў, як Наталля Эстэмірава, Ганна Паліткоўская і Павел Хлебнікаў, застаюцца на волі.

У Расіі працягваецца гвалтоўнае запалохванне журналістаў. Як паведамляецца, 15 кастрычніка незалежны журналіст Сяргей Плотнікаў быў выкрадзены невядомымі пасля асвятлення бягучых акцый пратэсту ў Хабараўску. Згодна з паведамленнямі, выкрадальнікі Плотнікава надзелі на яго кайданкі і вывезі ў лес за горадам, дзе яму пагражалі, стрэліўшы боепрыпасамі ў зямлю каля яго ног.

Мы заклікаем усе дзяржавы-ўдзельніцы ў поўнай меры выканаць Рашэнне аб бяспецы журналістаў, прынятае Саветам міністраў замежных спраў у Мілане ў 2018 годзе, каб абараніць незалежную журналістыку і пакласці канец беспакаранасці злачынстваў супраць журналістаў.

Некаторыя дзяржавы-ўдзельніцы ўвялі крымінальную адказнасць, якая можа перашкаджаць грамадскаму доступу да неабходнай інфармацыі і празрыстасці ў час пандэміі COVID-19. Такія меры разбураюць упэўненассць насельніцтва ва ўрадзе ў той час, калі давер мае вырашальнае значэнне для эфектыўнага рэагавання на вірус. У шэрагу дзяржаў-удзельніц незалежным журналістам і сродкам масавай інфармацыі прад’яўляюцца палітычна матываваныя абвінавачванні за распаўсюд нібыта ілжывай альбо неафіцыйнай інфармацыі. Ва ўмовах пандэміі як ніколі важная магчымасць журналістаў і спецыялістаў у сферы СМІ працаваць у Інтэрнэце і афлайн свабодна і без пагрозы адплаты.

Некаторыя дзяржавы-ўдзельніцы працягваюць пазбаўляць журналістаў волі за рэалізацыю асноўных свабод альбо за асвятленне рэалізацыі такіх свабод іншымі. Напрыклад, у Беларусі пасля фальсіфікаваных выбараў 9 жніўня ўлады ў Мінску правялі кампанію затрыманняў і здзекаў супраць мірных пратэстоўцаў, а таксама журналістаў, якія асвятлялі дэманстрацыі. Беларускія ўлады пазбавілі акрэдытацыі журналістаў і заблакавалі незалежныя СМІ, апазіцыйныя сайты і доступ да Інтэрнэту. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць гэтыя рэпрэсіі і вызваліць затрыманых журналістаў.

Злучаныя Штаты з нецярпеннем чакаюць на сустрэчу ў бліжэйшыя месяцы з новапрызначаным Прадстаўніком па пытаннях свабоды СМІ. У той жа час мы ўпэўненыя, што Бюро Прадстаўніка па пытаннях свабоды СМІ будзе працягваць сваю важную працу па абароне свабоды выказвання меркаванняў у Інтэрнэце і афлайн, у тым ліку для прадстаўнікоў СМІ, і падтрыманні адказнасці дзяржаў-удзельніц за іх абавязацельствы па абыходжанні з журналістамі і іх бяспецы.