Павераная ў справах ЗША прыняла ўдзел у жалобным мітынгу з нагоды 75-ай гадавіны знішчэння Мінскага гета

Charge d’affaires Jenifer Moore participated in a commemoration, related to the 75th anniversary of the destruction of the Minsk ghetto

Павераная ў справах ЗША Джэніфер Мур прыняла ўдзел у жалобным мітынгу, які адбыўся сёння каля мемарыяла “Яма” ў Мінску з нагоды 75-ай гадавіны знішчэння Мінскага гета. 21 23 кастрычніка 1943 года сталі апошнімі з 825 жахлівых дзён існавання гета, колькасць ахвяр якога дасягнула 100 тысяч чалавек. Вязні гета – беларускія і еўрапейскія яўрэі – прайшлі праз жудасныя выпрабаванні і праявілі неверагодны гераізм. Толькі адзінкам з іх удалося выжыць. Кіраўніца Амбасады аддала ім даніну памяці і ўсклала кветкі да мемарыяла “Яма”, які застаецца наймацнейшым сімвалам Халакосту і Мінскага гета – аднаго з самых буйных у Еўропе. На сённяшней цырымоніі спадарыня Мур далучылася да высокіх прадстаўнікоў урадаў Беларусі, Ізраіля і еўрапейскіх краін, яе калег па дыпламатычным корпусе, былых вязняў гета і канцлагераў, сябраў яўрэйскіх арганізацый і супольнасцей з усёй Беларусі.