Выступ Амбасадара Джэймс С. Гілмара III
на пасяджэнні Пастаяннага савета ў Вене,
5 лістапада 2020 года
Дзякуй, спадар старшыня.
Спадар старшыня, ЗША дзякуюць дакладчыку па Маскоўскім механізме АБСЕ прафесару Вольфгангу Бенедэку за яго пераканаўчы, грунтоўны і выключна добра дакументаваны даклад. Маскоўскі механізм – гэта спосаб зацвярджэння стандартаў цывілізаваных і належных паводзін у абшары АБСЕ, і як такі ён мае жыццёва важнае значэнне. З гэтага даклада відавочна вынікае, што прэзідэнцкія выбары 9 жніўня ў Беларусі не былі “ні свабоднымі, ні сумленнымі”, і што беларускія ўлады ўчынялі паслядоўныя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод беларускага народа.
Моц даклада палягае ў шырокіх і вартых даверу паказаннях ахвяр і відавочцаў, асабліва ў раздзеле даклада, прысвечаным катаванням, дзе расказваецца пра жорсткія злоўжыванні ў адносінах да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту, у тым ліку пра жорсткае збіццё, жудасныя прыніжэнні, катаванне нязручнай позай, прымус да праглынання паперы ці іншыя неядомых прадметаў да ванітавання, складання людзей адзін на аднаго як дроваў, прымусовае знаходжанне гадзінамі голымі на вуліцы ў холадзе, ужыванне электрычнага току, выкарыстанне слезацечнага газу ў закрытых памяшканнях, згвалтаванні і пагрозы згвалтавання, асабліва ў адрас жанчын, якія намагаюцца адстойваць свае правы ў Беларусі, марэнне голадам, пагрозы расправы над членамі сям’і, пагрозы дзецям пратэстуючых і членам іх сем’яў, а таксама адмова ў медыцынскай дапамозе ў сувязі з сур’ёзнымі траўмамі . Усё гэта адбываецца ў абшары АБСЕ? На кантыненце, які, паводле стандартаў Хельсінкскіх пагадненняў і Заключнага акта, лічыць сябе цывілізаваным рэгіёнам?
Гэтыя жудасныя злоўжыванні адбываюцца ў цэнтры Еўропы ў 2020 годзе. Шакуе тое, што беларускія сілавыя органы ставяцца да сваіх суграмадзян такім непрымальным спосабам, і яшчэ больш узрушае тое, што такое беззаконне і жорсткасць адбываецца беспакарана. Кожны чалавек, які мае дачыненне да гэтых злоўжыванняў, павінен быць прыцягнуты да адказнасці.
Хто гэтыя людзі, якія здзяйсняюць гэтыя злоўжыванні? Ці вераць яны ўсур’ёз у тое, што яны свабодныя ад адказнасці і могуць дзейнічаць беспакарана пад кіраўніцтвам улады? Яны сапраўды вераць у гэта? Хто гэтыя людзі?
Тыдзень за тыднем свет са страхам назірае за тым, як беларускія сілавыя органы прымяняюць жорсткія метады ў дачыненні да пенсіянераў, жанчын, бастуючых рабочых, студэнтаў і іншых людзей, якія мірна пратэстуюць за дэмакратычную будучыню. Уявіце сабе, якая смеласць патрэбна, каб сёння выйсці і патрабаваць сваіх правоў у Беларусі, ведаючы, якая жорсткасць чакае вас на вуліцы і што можа з вамі здарыцца, калі вас затрымаюць. Гэта, вядома, і ёсць мэта гвалту, злоўжыванняў і супрацьпраўных дзеянняў. Мы натхнёныя сілай і годнасцю беларускага народа і глыбока занепакоеныя тым, што беларускія ўлады пачалі прыраўноўваць гэтых адважных дэманстрантаў да тэрарыстаў у відавочнай спробе апраўдаць далейшы гвалт супраць іх.
Рэкамендацыі ў гэтым дакладзе прадастаўляюць беларускім уладам дарожную карту выхаду з крызісу. Злучаныя Штаты паўтараюць свае папярэднія заявы аб тым, што беларускія ўлады павінны дазволіць жыхарам Беларусі выбіраць уласных лідэраў шляхам сапраўды свабодных і сумленных выбараў пад незалежным назіраннем, у тым ліку з боку місіі БДІПЧ АБСЕ. Як заявіў наш калега з Вялікабрытаніі, легітымнасць у сучасным свеце надаецца толькі шляхам свабодных і сумленных выбараў. Гэта прынцып Хельсінкскіх пагадненняў, які адлюстроўвае прынцып цывілізаванага прагрэсу ў 21-м стагоддзі. Беларускія ўлады павінны пакласці канец гвалту супраць уласнага народа і забяспечыць прыцягненне да адказнасці тых, хто прызнаны вінаватым у мінулых злоўжываннях; вызваліць усіх несправядліва затрыманых; і весці сапраўдны, змястоўны дыялог з прадстаўнікамі беларускага грамадства.
Напрыканцы, спадар старшыня, і я звяртаю на гэта вашу ўвагу, Злучаныя Штаты па-ранейшаму глыбока занепакоеныя ўтрыманнем пад вартай члена Каардынацыйнага савета Марыі Калеснікавай за яе намаганні па садзейнічанні нацыянальнаму дыялогу. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць яе.
Дзякую, спадар старшыня.