Місія ЗША пры АБСЕ: Апошнія падзеі ў Беларусі

Protesters hold a banner reading "You know what to do" , and old Belarusian national flags during a protest demanding freedom for political prisoners in Belarus near Medininkai, Lithuanian-Belarusian border crossing east of Vilnius, Lithuania, Tuesday, June 8, 2021. Belarusian President Alexander Lu

Падрыхтавана для выступу Часовага Паверанага ў справах Кортні Острыян
на Пастаянным савеце ў Вене
10 чэрвеня 2021 года

Дзякую Вам, спадарыня Старшыня.

Сiтуацыя ў Беларусі пагаршаeцца з кожным днём. Працягваюць узмацняцца рэпрэсіі і жорсткія злоўжыванні ўладай у дачыненні да прадэмакратычных актывістаў, незалежных СМІ, прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці на падставе палітычна матываваных абвінавачванняў. Замест таго, каб адстойваць правы чалавека, рэжым падаўляе ажыццяўленне правоў на свабоду слова і сходаў, прымаючы ўсё больш суровыя меры. Гэтыя жорсткія меры ўключаюць шматлікія новыя законы, якія даюць уладам дадатковыя магчымасці для закрыцця і цэнзуры СМІ і падаўлення іншадумства ў цэлым. Мы асуджаем скаардынаваныя рэйды сілавых структур на офіс незалежнага рэсурса Tut.by 18 мая і блакаванне яго сайта па надуманых палітычных матывах. За апошні месяц колькасць палітычных вязняў рэзка павялічылася і дасягнула амаль 500 чалавек, уключаючы не менш за тры дзясяткі журналістаў.

Падчас свайго выступу ў судзе 1 чэрвеня апазіцыйны актывіст Сцяпан Латыпаў распавёў пра тое, як улады змясцілі яго ў карцар і пагражалі яго сям’і, спрабуючы прымусіць яго прызнаць вiну па палітычна матываваных абвінавачваннях. У судзе Латыпаў здзейснiў спробу самагубства, каб не паступiцца сваiмi каштоўнасцямі i пазбегнуць пагрозы сваёй сям’і.

2 мая палітвязень Вітольд Ашурак памёр пры спрэчных абставінах пад час знаходжання пад міліцэйскай вартай. Беларускія дзяржаўныя СМІ 3 чэрвеня трансліравалі жахлівае відэа з закладнікам Раманам Пратасевічам — журналістам, якога рэжым арыштаваў пасля таго, як прымусіў адхіліцца ад курсу рэйс 4978 авіякампаніі RyanAir — з вымушаным “прызнаннем” пад ціскам. Праваабарончыя арганізацыі і актывісты адзначылі сляды на руцэ і лбе Пратасевіча, якія сведчаць пра жорсткае абыходжанне з ім з боку беларускіх уладаў. Ёсць вартыя даверу сведчанні пра тое, што беларускія ўлады прымушаюць палітвязняў насіць жоўтыя знакі, каб такiм чынам пазначаць асобаў для больш суровага абыходжання. Мы таксама глыбока занепакоеныя цынічнымі спробамі ўладаў прадставіць мірную, прадэмакратычную апазіцыю як прыхiльнiкаў экстрэмісцкай або нацысцкай ідэалогіі, што бачна з апошніх змяненняў, унесеных у Крымінальны кодэкс 8 чэрвеня.

У дадатак да гэтых ганебных дзеянняў, рашэнне Беларусі абмежаваць выезд сваіх грамадзян з краіны сведчыць аб відавочнай спробе беларускіх уладаў адрэзаць іх ад знешняга свету.

На мінулым тыдні Беларусь паведаміла нам, што з 13 чэрвеня ўводзіць новыя абмежаванні на дыпламатычны і тэхнічны персанал амбасады ЗША ў Мінску.

На жаль, беларускія ўлады давялі нашы адносіны да гэтага стану бязлітасным узмацненнем рэпрэсій супраць сваіх уласных грамадзян. Гэтыя дзеянні не адпавядаюць заяўленым беларускімі ўладамі мэтам дыялогу і пазбягання эскалацыі.

Злучаныя Штаты сумесна з міжнароднымі партнёрамі працягваюць і будуць працягваць аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб той спыніў пераслед актывістаў, журналістаў і іншых асоб, вызваліў усіх палітычных зняволеных і прыцягнуў да адказнасці вінаватых у парушэнні правоў чалавека. Мы заклікаем беларускія ўлады прыняць прапанову Дзеючага старшыні АБСЕ аб садзейнічанні дыялогу з удзелам апазіцыі, а менавіта Каардынацыйнага савета і грамадзянскай супольнасці. Гэты дыялог прывядзе да правядзення пад наглядам АБСЕ, а таксама пад кантролем мясцовых незалежных назіральнікаў, свабодных і справядлівых выбараў, якія б адпавядалi стандартам АБСЕ.

Суверэнная, незалежная Беларусь, якая паважае дэмакратычнае волевыяўленне сваіх грамадзян, іх правы чалавека, а таксама міжнародныя абавязкі і абавязацельствы краіны, адпавядае інтарэсам народаў Беларусі, Злучаных Штатаў і рэгіёну АБСЕ. Мы расчараваныя бягучым станам нашых адносін з Беларуссю, але мы поўныя рашучасці працаваць з іншымі дзяржавамі-удзельніцамі дзеля выканання прынцыпаў і абавязацельстваў АБСЕ.

Дзякуй, спадарыня Старшыня.

 

https://osce.usmission.gov/on-recent-developments-in-belarus-3/